Вы тут

У «Вясёлкі» — новы галоўны рэдактар


Некалькі дзесяцігоддзяў рэдакцыю папулярнейшага літаратурна-мастацкага выдання для малодшых школьнікаў — часопіса «Вясёлка» узначальваў галоўны рэдактар лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ліпскі.


З шостага, чэрвеньскага, нумара за сёлетні год часопіс падпісвае новы галоўны рэдактар — публіцыст Анастасія Радзікевіч. Чэрвеньская «Вясёлка» адкрываецца яе зваротам да юных чытачоў — «Давайце вучыцца ганарыцца!»: «...У часопісе, як і ў прыроднай вясёлцы, — розныя колеры, іх шмат, значна болей за сем. Таму і часопіс з яго шматкаляровасцю запатрабаваны. У творах, што змяшчаюцца на старонках выдання, з’яўляюцца новыя сучасныя тэмы, а таксама ёсць і будуць вечныя матывы: Радзіма, бацькі, прырода, святы, сябры, дабро, прыгажосць... Мы будзем і надалей найперш тлумачыць гэтыя простыя ісціны, як тлумачылі нам. 

Давайце разам развівацца творча, захоўваць традыцыі, паважаць адзін аднаго, ніколі не засмучацца па дробязях і вучыцца ганарыцца дасягненнямі!»

У чэрвеньскім нумары — сустрэчы з Анатолем Грачанікавым, пра якога расказвае Ірына Буторына, песня «Ластаўка» (музыка Ніны Сакаловай, словы Міхася Пазнякова), верш пра ластаўку Уладзіміра Цануніна, чарговы раздзел з кнігі Уладзіміра Ліпскага пра нашу Айчыну — «Камянец», казка Уладзіміра Ягоўдзіка «Заяц і тыгр», цудоўны верш пра тыгра Змітрака Марозава «Верце ці не верце», казка Генадзя Аўласенкі «Чаму ў лесе нельга з Агеньчыкам сябраваць», кароткі расповяд пра нядаўна выдадзеную аповесць класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага «Насцечка» (кніга выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда»). У нумары — шмат розных рэбусаў, загадак, ёсць прымаўкі і прыказкі. А на чацвёртай вокладцы часопіса — верш Анатоля Грачанікава ( у 1976 — 1978 гг. ён быў галоўным рэдактарам «Вясёлкі») «Развітанне»: «Бывай, бывай, дзіцячы сад! / Ужо нас кліча школа./ З нас сёння кожны вельмі рад/ І трошкі невясёлы...» Словам, захапляльнае чытанне! 

Нагадаем, што ў рэдакцыйную калегію часопіса «Вясёлка» уваходзяць дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, пісьменніца Раіса Баравікова, перакладчык і дзіцячы пісьменнік Анатоль Бутэвіч, мастак Сяргей Волкаў, пісьменнік Анатоль Зэкаў, перакладчык і паэт Казімір Камейша, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, пісьменніца Алена Масла, артыст Леанід Улашчанка, пісьменніца і педагог Кацярына Хадасевіч-Лісавая, пісьменніца і педагог Ірына Буторына, дырэктар Цэнтральнай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска Таццяна Швед. 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.