На мінулым тыдні ў Чавускім раёне перапахавалі астанкі 12 салдат Вялікай Айчыннай вайны. Яны былі знойдзены падчас пошукавай экспедыцыі «Проня 2022» на тэрыторыі Антонаўскага сельсавета каля вёсак Вужжар і Дужаўка пошукавікамі Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» і 52 асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны. На жаль, даведацца іх імёны немагчыма. Колькі іх, невядомых, яшчэ ляжыць у чавускай зямлі? Пошукавікі кажуць — сотні тысяч.
На жалобны мітынг у вёску Дужаўка ехалі разам з пошукавікамі клуба «Віккру» Віталем Дракіным і яго жонкай Таццянай. Тут жа ў салоне аўто была і іх памочнік аўчарка Кася, у мінулым армейскі сабака. Віталь у пошукавым руху 14 гадоў, нядаўна далучылася і Таццяна. Яе бабуля ўраджэнка Чавускага раёна. І хаця нарадзілася за некалькі гадоў да вайны, добра запомніла яе жах. Расказвала сваім дзецям і ўнукам пра жыццё ў зямлянцы, пра голад.
Па дарозе Віталь паказваў месцы, дзе вяліся пошукі байцоў. Прасцей сказаць, што ў Чавускім раёне няма нават кавалачка зямлі, не кранутага вайной. Вунь там знайшлі аднаго байца, крыху далей — семярых, яшчэ адзін ляжаў проста каля дарогі. Мясцовыя жыхары падказалі.
Пошукавікам становіцца цяжэй працаваць, бо людзі, якія яшчэ нешта маглі падказаць, сыходзяць з жыцця. Застаецца надзея на разведку і работу ў архівах.
Наогул, падчас пошукавай экспедыцыі «Проня 2022» у Чавускім раёне ўстаноўлена толькі адно імя — Іван Міхневіч. Гэта сапраўдны цуд, бо яго прозвішча атрымалася прачытаць па чырвонаармейскай кніжцы. У 1943-м замест медальёнаў чырвонаармейцам выдавалі кніжкі. А папера, якая амаль восем дзесяцігоддзяў праляжала ў зямлі, на жаль, не вельмі надзейная крыніца. Але тут пашчасціла. Баец, лічы, тутэйшы, ураджэнец вёскі Касцюшкава Крычаўскага раёна. У пачатку кастрычніка 1943-га савецкія войскі вызвалілі ўсходнія раёны вобласці, і палявыя ваенкаматы прызвалі жыхароў, якія за тры гады акупацыі дасягнулі прызыўнога ўзросту. Міхневіч трапіў на фронт у кастрычніку, а ўжо 28 снежня загінуў у суседнім Чавускім раёне. Пошукавікі знайшлі яго астанкі каля вёскі Прылепаўка.
— Наш зямляк праваяваў усяго два месяцы, — кажа кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба Мікалай Барысенка. — Ніхто не ведае, была ў яго падрыхтоўка або не. На вучобу не хапала часу. У бой ішлі не толькі неабстраляныя, а нават у тым адзенні, у якім прыйшлі з дому.
Міхневіча перапахаваюць пазней, на мемарыяльным комплексе Бынава. Ёсць спадзяванні, што атрымаецца знайсці родных салдата, каб і яны прынялі ўдзел у жалобным мітынгу.
На перапахаванне невядомых байцоў акрамя прадстаўнікоў улады і грамадскіх арганізацый прыйшло шмат простых людзей: жыхары вёскі з дзецьмі, з Магілёва і Чэрыкава прыехала вялікая група байкераў, прысутнічалі прадстаўнікі бізнесу. І шмат хто прынёс кветкі, якія потым цалкам пакрылі свежы зямельны пагорак.
— Адразу відаць, што людзі прыйшлі сюды не па прымусе, а па поклічы сэрца, — адзначыў старшыня Чавускага райвыканкама Эдуард Герасіменка. — Памяць не памірае. 25 чэрвеня — наогул асаблівая дата ў гісторыі Чавускага раёна. У гэты дзень у 1944 годзе савецкія войскі вызвалілі горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тры гады акупанты гаспадарылі на чавускай зямлі, не шкадуючы старых, жанчын, дзяцей, рабавалі іх і забівалі. Шлях выгнання ворагаў быў доўгі, цяжкі і кровапралітны. Вызваленне раёна прыйшло з другім беларускім фронтам. Рэгулярныя войскі разам з партызанамі пасля ўпартых баёў вызвалілі Чавусы. Болей чым 18 тысяч воінаў палі ў баях на тэрыторыі раёна і былі тут пахаваныя. І мы, на жаль, не ведаем прозвішчы большасці з іх.
Перапахаванне стала чарговым на сціплым сельскім мемарыяле. Кіраўнік пошукавай групы «Рэха вайны» Сяргей Тагаяў паказаў пліту, дзе ляжаць невядомыя воіны. Гэта вынікі пошукавай экспедыцыі 2013 года. З трыццаці байцоў тады атрымалася даведацца імя аднаго — П. Баравікова.
Чавускі раён быў акупаваны ворагам 16 ліпеня 1941 года. Немцы пераўтварылі гэты рубеж у непрыступную крэпасць. Абарончыя збудаванні былі настолькі моцнымі, што ў 1943 годзе фронт прыпыніўся тут на 9 месяцаў.
— У наступальных аперацыях, асабліва цяжкіх з кастрычніка 1943 да красавіка 1944 гадоў, Заходні фронт страціў забітымі і параненымі ў Чавускім і суседніх раёнах болей чым 330 тысяч чалавек, — кажа Мікалай Барысенка. — У журнале баявых дзеянняў 371-й стралковай дывізіі захаваўся запіс, дзе ўдзельнікі Сталінградскай бітвы сведчылі, што нават там не было такіх цяжкіх баёў, як тут восенню 1943 года. У дакладзе аднаго з камандзіраў батальёна 371-й стралковай дывізіі 10-й арміі напісана: «...далей наперад ісці немагчыма — пад агнём нямецкіх кулямётаў гіне ўсё жывое!»
Пачынаючы з 1994 года актывісты клуба «Віккру» пастаянна праводзіць пошукавыя экспедыцыі ў Чавускім раёне і рэгулярна знаходзіць на палях баёў непахаваныя астанкі байцоў і камандзіраў.
На тэрыторыі раёна пра жахі вайны нагадваюць болей чым 100 помнікаў і абеліскаў. Чатыры з іх устаноўлена па ініцыятыве клуба «Віккру» і фінансаванні Чавускага райвыканкама.
— Тут ваяваў штрафны батальён, які двойчы гінуў цалкам і зноў папаўняўся, — расказвае Сяргей Тагаяў. — Штрафнікі прарывалі абарону разам са стралковай дывізіяй. Тутэйшая зямля ўся палітая крывёю.
На мяжы Чавускага і Магілёўскага раёнаў, непадалёк ад вёсак Драчкава і Халмы, ёсць яшчэ адзін знак: тут у 1944 годзе загінуў генерал-маёр Іван Лазарэнка. Падпарадкаваныя яму часці ў чэрвені 1944 года прарвалі ўмацаваную абарону саперніка, фарсіравалі Проню і Басю і з баямі прасунуліся на 25 кіламетраў. За гэты подзвіг ён пасмяротна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.
— У нас да якога памятнага знака не падыдзі, ёсць пра што расказаць, — канстатуе дырэктар Чавускага гісторыка-краязнаўчага музея Іна Казакова. — Баі за Чавускі раён адыгралі не апошнюю ролю ў магілёўскай наступальнай аперацыі і ў цэлым аперацыі «Баграціён». З ходу фарсіраваць Проню не атрымалася. Спробы прарваць абарону заканчваліся вялікай колькасцю ахвяр савецкіх байцоў. Тая ж вёска Прылепаўка за суткі некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. За адну атаку тут гінула да 1500 байцоў.Таксама было і на Кузьмініцкім плацдарме, які ўтрымліваўся да 1944 года. Гэтыя два плацдармы рыхтаваліся для наступлення з восені 1943-га. Калі стала зразумела, што фронт прарваць не атрымаецца, сталі рыхтаваць наступальную аперацыю. У сувязі з гэтым у красавіку і быў сфарміраваны 2-і Беларускі фронт, які вызваляў Чавусы. У нас часта цікавяцца, чаму ў Чавусах няма гістарычных будынкаў. Горад быў практычна разбураны. І сёння расказваць пра гісторыю раёна, нават даваенную, не закранаючы Вялікую Айчынную вайну, немагчыма. За гады акупацыі ў Чавускім раёне палова з 174 населеных пунктаў была спалена цалкам або часткова, загінула на франтах, была спалена, закатавана, расстраляна амаль палова насельніцтва. Да вайны тут пражывала каля 60 тысяч чалавек.
Нэлі ЗІГУЛЯ
г. Чавусы
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.