Вы тут

Нейрахірург пра прыроду жаночага стрэсу


Жанчыны з Вянеры, мужчыны з Марса. Закранаючы тэму жаночага стрэсу, так і хочацца ўзгадаць вядомую кнігу. Жанчыны і мужчыны розныя! Каб зразумець адзін аднаго і жыць у шчасці, трэба абавязкова ведаць фізіялагічныя і псіхалагічныя асаблівасці абодвух палоў. Менавіта ў асаблівасцях, на якія мы часта не звяртаем ўвагу, і заключаецца большая колькасць непаразуменняў. 


Як пазбегнуць шматлікіх праблем у сям’і і па-за межамі дома? Як захаваць маладосць і прыгажосць на доўгія гады? Нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гумен Гурбаніджад расказвае пра прыроду жаночага стрэса і трывожнасці, а таксама тлумачыць, як іх мінімізаваць. 

— Даволі часта мы сутыкаемся з меркаваннем, што наяўнасць ці адсутнасць стрэса і трывожнасці залежаць ад месца жыхарства ці сацыяльнага статуса. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці?

— Насамрэч, быць часткай сучаснай цывілізацы і не нервавацца, немагчыма. Стрэс і трывожнасць сёння сустракаюцца часта і абсалютна не залежаць ад нацыянальнасці, колеру скуры, месца жыхарства, статуса і ўзроўню жыцця. Можна сказаць, што перад стрэсам усё роўныя. Ён існуе паўсюль і даволі часта прыводзіць да пэўных праблем. Напрыклад, можа справакаваць узнікненне захворванняў, можа прывесці да сямейных канфліктаў і, нават, стаць прычынай развода. А можа выйсці па-за межы дома і выклікаць непаразуменне з асяроддзем. 

— Чаму сёння мы з вамі акцэнтуем увагу на жаночым стрэсе? Чым ён асаблівы? 

— Да стрэсу схільныя і мужчыны, і жанчыны. Але ж так склалася, што жанчыны па сваёй прыродзе больш эмацыянальныя. У аснове эмоцый — гарманальны фон, які мае нестабільную прыроду і часта пад уздзеяннем розных прычын парушаецца, што і прыводзіць да такіх становішчаў, як трывога і стрэс. Акрамя таго, мужчыны пасля стрэсавых сітуацый хутка прыходзяць у норму. У жанчын працэс стабілізацыі гармонаў стрэсу запаволены і можа доўжыцца да некалькіх дзён. Гэта яшчэ адна асаблівасць, якую важна ведаць. 

— Што такое стрэс і навошта ён чалавеку, калі так моцна ўздзейнічае на арганізм?

— Стрэс — гэта стан псіхалагічнага і фізічнага напружання ў адказ на знешняе ўздзеянне. Ён застаўся нам у спадчыну ад нашых старажытных продкаў. Ён неабходны, каб актывізаваць унутраныя рэсурсы арганізма ў выпадку небяспекі. Бі, бяжы альбо замры! Рэакцыя на стрэс у сучаснага чалавека не адрозніваецца ад яго старажытных продкаў. 

Фота pixabay.com

— У чым асаблівасці трывожнасці?

— Трывожны стан — гэта ЧАКАННЕ нейкай небяспекі. Гэты стан дапамагае чалавеку пралічыць патэнцыяльную рызыку ад дзеянняў, каб лішні раз не трапіць у бяду. У жанчын пачуццё трывожнасці, як правіла, больш моцнае ў параўнанні з мужчынамі. Напрыклад, згодна са статыстыкай, у сучасным жыцці жанчына менш трапляе ў аварыі, і не таму, што яна лепш ці горш водзіць машыну, а таму, што яна — самка, і яе прызначэнне ахоўваць сябе і сваіх дзяцей ад патэнцыяльнай небяспекі. Гэта абумоўлена генетычна. 

— Як праяўляецца жаночы стрэс, і ці лічыцца ён паталогіяй? 

— На жаль, гэта паталогія. Асаблівасці жаночай фізіялогіі моцна ўплываюць на ўзнікненне стрэса і трывогі. Праблема ў тым, што павышаная эмацыянальнасць і псіхічная актыўнасць падаўляюць лагічнае мысленне жанчыны. І што мы бачым у выніку? Неабдуманыя ўчынкі, нехарактэрныя паводзіны. Прычына — жаночыя гармоны. Дарэчы, у мужчынскам арганізме яны таксама прысутнічаюць, але у мізэрнай колькасці. Для жанчыны гармоны — гэта ўсё! Без іх яна проста не можа быць жанчынай. Але адначасова гэтыя гармоны казычуць нервовую сістэму. Адсюль і такія жаночыя мукі. Вельмі яскрава гэта праўляецца падчас прадменструальнага сіндрома, пасля родаў і ў час клімакса. 

Ёсць яшчэ і псіхалагічны фактар. Напрыклад, кожная жанчына лічыць, што яна заслугоўвае шчасця. Але, калі мы спытаем яе: «А што такое жаночае шчасце?» Мала хто канкрэтна можа даць азначэнне гэтаму слову. Калі чалавек не ўпэўнены ў сваёй мэце, яна размытая і да канца не можа быць сфармулявана, гэта прыводзіць да хранічнай незадаволеннасці ад свайго жыцця і ад падзей вакол. Жанчына лічыць, што ў яе жыцці ўсё не так, як трэба, а ЯК трэба, яна не ведае. Калі гэтае бачанне жыцця інтэграваць у вядомыя жаночыя цыклы, то атрымліваецца выбухованебяспечная сумесь. 

— Жанчыны, якія паводзяць сябе не вельмі адэкватна, як правіла, упэўнены, што маюць на гэта права. «Хачу крычаць — буду крычаць, хачу плакаць — буду плакаць...»

— Насамрэч, такія жанчыны не маюць права так сябе паводзіць. Іх блізкім і родным хочацца таксама жыць камфорта. І кантраляваць свае рэакцыі і паводзіны проста неабходна, каб усім было добра. Дзе гэтаму вучаць? Канешне, у сям’і. Вялікая роля належыць выхаванню. Асноўны прыклад для дзяўчынкі ў дзяцінстве, гэта паводзіны матулі. Акрамя таго, менавіта мама павінна тлумачыць сваёй дачцы асабліва падчас пераходнага ўзросту, што яна становіцца больш сталай. Фізіялагічныя змяненні, якія адбываюцца ў яе арганізме, маюць гарманальную прыроду. І гэтая прырода будзе з ёй на працягу ўсяго жыцця. І не заўсёды варта паказваць свае эмоцыі. Капрызы, псіхі не даюць шчасця. Дарэчы, у сталым узросце вельмі цяжка перабудаваць псіхіку і змяніць свае паводзіны. Гэта накладвае адбітак не толькі на рэпутацыю жанчыны, але і моцна ўздзейнічае на яе здароўе. 

— Якім чынам стрэс уздзейнічае на здароўе? 

— Стрэсавы стан — гэта заўсёды масла ў агонь для любога хранічнага захворвання. Дзе тонка, там і парвецца. Пад ударам, перш за ўсё, жанчыны з захворваннямі на шчытападобную залозу і аўтаімунныя хваробы. Вялікую ролю адыгрывае генетычны фактар. Адзін з іх пасляродавая дыпрэсія. Менавіта пасля першых родаў актывізуецца ген, які прыводзіць да ўзнікнення ў жаночым арганізме стрэсавага стану. Калі жанчына не бачыць мэты ў жыцці, вакол усё ў чорных колерах, нягледзячы на радасць мацярынства... У гэтай сітуацыі нельга здзіўляцца ці выказваць думку: «Яна перамянілася і стала не такой, як раней!» Тут неабходна дапамога спецыялістаў, каб не давесці да больш сур’ёзных паталогій. А іх вельмі многа! 

— Давайце канкрэтызуем... 

— На фоне стрэса і павышанай трывожнасці могуць узнікнуць: парушэнне сардэчнага рытма, зніжэнне імунітэта, збоі менструальнага цыкла, малочніца, анкалагічныя захворванні, хранічныя запаленні, якія могуць прывесці да ранняга старэння жаночага арганізму. Акрамя таго, можа назірацца пагаршэнне стану скуры, выпадзенне валасоў, спазм сасудаў, асабліва мікрацыркуляцыя, у выніку парушаюцца трофікі ў розных органах і тканях. Фрыгіднасць, у выніку чаго мужчына бяжыць шукаць любоўніцу. Парушаецца работа страўнікава-кішэчнага тракта. Вельмі часта жанчына пачынае заядаць стрэс, што прыводзіць да павелічэння вагі.Акрамя гэтага, пад уздзеяннем стрэса памяншаюцца інтэлектуальныя здольнасці жанчыны і памяншаецца канцэнтрацыя ўвагі, што можа прывесці да ўзнікнення ДТЗ і вытворчых траўм. Атрымліваецца сапраўдная цэпная рэакцыя! 

— Як знайсці выйсце з такой сітуацыі і да каго звяртацца, калі нельга справіцца самастойна?

— Перш за ўсё, трэба асэнсаваць праблему і канкрэтызаваць сваю жыццёвую мэту. Калі жанчына па прычыне нізкіх інтэлектуальных здольнасцей не можа гэтага зрабіць, праблема павялічваецца. І тут ўжо трэба звяртацца да псіхатэрапеўта, які дапаможа разабрацца ў сітуацыі. Калі і такой дапамогі недастаткова, варта звярнуцца да комплекснай тэрапіі з прыцягненнем некалькіх спецыялістаў адначасова: псіхолага, эндакрынолага, гінеколага. Вельмі важна ў гэтай сувязі адмовіцца ад стэрэатыпнага мыслення і зразумець, што мы жывём не ў 19-м і, нават, не ў 20-м стагоддзі! Сучасная жанчына павінна шырока карыстацца магчымасцямі сучаснай медыцыны, якія дапамогуць ёй палегчыць свой псіха-эмацыянальны стан. Тады яна будзе камфортнай і для сябе, і для свайго асяроддзя. Галоўнае, жаданне і настойлівасць!

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».