Вы тут

Лукашэнка: Незалежнасць — найвялікшы здабытак любога народа


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым прастаўнікам розных галін дзейнасці. Сярод узнагароджаных — прадстаўнікі Узброеных сіл, дзеячы культуры, спорту, адукацыі, працаўнікі аграрна-прамысловага комплексу. Гэта ўжо стала добрай традыцыяй святкавання галоўнага свята краіны — Дня Незалежнасці. 


«У далёкім 1944 годзе вызваленне Чырвонай арміяй нашай сталіцы — Мінска — было не проста гістарычнай падзеяй, як гэта бачыцца зараз. Але і яскравым сведчаннем таго, што Савецкі Саюз і беларуская рэспубліка коштам вялізных намаганняў і чалавечых страт змаглі застацца няскоранымі. Тым, хто нарадзіўся і вырас у мірны час, напэўна, складана ўсвядоміць значэнне такіх простых слоў, як „мы перамаглі, мы будзем жыць“... Таму кожны год 3 ліпеня мы падкрэсліваем: незалежнасць — найвялікшы здабытак любога народа, у тым ліку і беларускага. І мы будзем яе берагчы, будзем за яе змагацца так, як гэта рабілі нашыя гераічныя продкі. Іншага нам не дадзена», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Паводле яго слоў, менавіта на таленавітых, працавітых людзях, якія валодаюць вялізнай працаздольнасцю, і трымаецца Беларусь — моцная, прыгожая, незалежная. Уклад кожнага ў яе росквіт важны і важкі. Прэзідэнт падкрэсліў, што на цырымоніі ўзнагароджання заўсёды складана кагосьці вылучыць. Усе вартыя самых цёплых віншаванняў. Аднак аднаго з іх кіраўнік дзяржавы вылучыў — Мікалая Чаргінца — чалавека ваеннага пакалення, які прайшоў Афганістан і якому прысвоена ганаровае званне «Народны пісьменнік Беларусі». Яго захапляльныя творы, многія з якіх перакладзены на паўтара дзясятка моў свету, сталі асновай для мастацкіх фільмаў і спектакляў. «Мы можам толькі пажадаць яму моцнага здароўя і даўгалецця за актыўную грамадзянскую пазіцыю, дзяржаўную, навуковую дзейнасць, дапамогу маладым талентам, асабліва калі гэты чалавек быў кіраўніком Саюза пісьменнікаў. Мікалай Іванавіч, вам ад усіх нас самага вялікага даўгалецця. Здароўя. І мы хацелі б у бліжэйшы час убачыць і пачуць вашых герояў. Яны вакол вас, выбірайце», — заўважыў беларускі лідар. 

Без жалезабетоннага падмурка не бывае суверэнітэту

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, найперш героі для новых кніг — гэта тыя, хто ахоўвае Дзяржаўную граніцу. «Вы зараз у прамым сэнсе слова на перадавой. На варце міру і спакою», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не менш важную функцыю выконваюць прадстаўнікі іншых родаў войскаў: тыя, хто беражэ наша неба, забяспечвае сувязь, адказвае за тэхніку, і многія іншыя. Ва Узброеных Сілах важны кожны салдат, сяржант, прапаршчык, афіцэр і генерал. «На поўдзень ад Беларусі неспакойна. На захадзе і поўначы нарошчваецца групоўка войскаў НАТА. Нам што б там ні было неабходна абараніць сваю краіну і свой народ», — канстатаваў ён.

Прэзідэнт таксама падзякаваў супрацоўнікам органаў унутраных справаў, пракурорскім работнікам і суддзям: «Ад вас залежыць выкананне законнасці і парадку. Без гэтага жалезабетоннага падмурка не бывае суверэнітэту»

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што яму прыемна бачыць двух кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў Гродзенскага раёна Сяргея Крэмко і Васіля Густыра, якія з году ў год даказваюць, што яны ў ліку найлепшых у краіне. «Я ўжо нагадваў, у цяперашніх рэаліях збожжа — гэта новае золата ці нафта. Попыт на прадукты харчавання ў свеце сёння каласальны. Я перакананы, нашы аграрыі не падвядуць», — падкрэсліў ён.

У зале шмат атлетаў і трэнераў, якія прадстаўляюць розныя віды спорту. Прэзідэнт падзякаваў ім не толькі за дасягненні, але і за грамадзянскую пазіцыю. А маладым спартсменам нагадаў, што час паказваць вынік і прытрымлівацца прыкладу старэйшых. 

«Выдатна, што прафесіяналы з цвёрдымі маральнымі прынцыпамі таксама працуюць у будаўніцтве, медыцыне, адукацыі, мастацтве. Дзякуй творцам, якіх натхняе Беларусь і яе цудоўныя людзі. Усе мы розныя. Але толькі разам, толькі плячом да пляча нам па сілах напісаць новыя яркія старонкі сучаснай гісторыі нашай аддана любімай краіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

У тэму. Ганарова і прыемна, але і адказна

Пасля цырымоніі ўзнагароджання героі дня падзяліліся з журналістамі сваімі зражаннямі і прафесійнымі сакрэтамі. 

«Для мяне дзень Незалежнасці, як і для кожнага грамадзяніна нашай краіны — адно з самых галоўных святаў. Гэтае вызваленне нашай любімай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта свабода і незалежнасць нашай Радзімы. Гэта мірнае неба, якое мы сёння абараняем і ахоўваем, каб нашыя людзі маглі спакойна выконваць сваю працу і развіваць нашу краіну. І прыём у кіраўніка дзяржавы, уручэнне ўзнагарод напярэдадні Дня Незалежнасці — гэта, вядома, ганарова і прыемна, але гэта і вялікая адказнасць», — адзначыў Ігар Голуб, камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл. Генерал-маёр атрымаў ганаровае званне «Заслужаны спецыяліст Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь». Ён падкрэсліў, што беларуская армія заўсёды гатова абараніць незалежнасць краіны, і яна будзе рабіць усё, каб мірнае неба заўсёды было сонечным.

Старшы трэнер нацыянальнай каманды па інваспорце Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфалімпійскіх відах спорту Генадзь Вішнякоў узнагароджаны Ордэнам Пашаны. «Прыемна, што па заслугах ацэнена мая праца, праца маіх памочнікаў, праца гэтай нашай каманды. Для мяне гэта ўжо другі ордэн, (першы Ордэн Айчыны быў пяць гадоў таму) і, спадзяюся, не апошні. Гэта пацвярджае ўзровень паралімпійскага плавання, які мы задалі ў краіне. Лідар гэтай каманды — Ігар Бокій, да рэгулярных трэніровак вярнуся Аляксей Талай, не адстае ад іх і моладзь», — расказаў ён. Трэнер таксама адзначыў, што з 6 па 9 ліпеня ў Брэсце адбудзецца адкрыты Кубак Беларусі, ў ім прымуць удзел найлепшыя плыўцы Расіі, сярод якіх 16 параалімпійскіх чэмпіёнаў.

Для Сяргея Крэмко, старшыні вытворчага кааператыва імя В.І.Крэмко Гродзенскага раёна праца на сяле — справа сямейная. Таму, па яго словах, выбіраючы прафесію, ні аб чым іншым нават і не задумваўся. «Я прысвяціў сваё жыццё працы на сяле. Я настройваю свой калектыў, што можна і раней пайсці, але неабходна пасля сябе пакінуць парадак. Калі жывёлу трэба далячыць — значыць яе трэба далячыць. Калі нешта зламалася — трэба гэта зрабіць. У нас жа ўсё ўзаемазвязана, не накорміш жывёлу — не будзе малака. Умовы надвор’я часта ўплываюць на працу. Людзі разумеюць гэта. Хто не разумее — вучым». — расказаў Сяргей Крэмко. Ён узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені.

«Гэта не толькі мая ўзнагарода. Але і ўсяго нашага калектыва. Гэта вельмі важна для ўсіх нас, мы вельмі натхнёныя і накіраваныя на здзяйсненне новых поспехаў», — падзяліўся Сяргей Крэмко.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».