Вы тут

Выступленне старшыні Палаты прадстаўнікоў на закрыцці восьмай сесіі


Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У. П. на закрыцці восьмай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання


Фота: БелТА

Паважаныя дэпутаты, запрошаныя!

Завяршае сваю работу восьмая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Яшчэ паўгода таму на дыялогавых пляцоўках мы дыскутавалі, ці зможа абноўленая Канстытуцыя забяспечыць суверэнітэт і ўладкаваць Беларусь на новым этапе яе развіцця.

Час паказаў, што рашэнне, прынятае народам, было абсалютна правільнае. На фоне таго вар’яцтва, якое ахапіла сучасны свет, выпрацаваная мадэль узаемадзеяння галін улады, палітычнай сістэмы, удзелу грамадзян у справах дзяржавы пераканаўча даказвае сваю эфектыўнасць.

Нягледзячы на знешні ціск і санкцыі, прадпрыемствы працуюць, цэны пад кантролем, дзяржава ў поўнай меры выконвае свае сацыяльныя абавязацельствы. І, самае галоўнае, людзі адчуваюць сябе ў бяспецы, не баяцца за жыцці родных і блізкіх.

Беларусь чарговы раз дэманструе прыклад таго, як адзінства народа, упартая работа і вернасць ідэалам міру дазваляюць ёй дастойна адстойваць нацыянальныя інтарэсы, застаючыся астраўком спакою ў Еўрапейскім рэгіёне.

Але спыняцца нельга. Грамадская значнасць і колькасць задач, якія стаяць перад дзяржаўнымі органамі, у тым ліку перад парламентам, увесь час узрастаюць. Больш за тое, сёння складана вылучыць прыярытэты. Усе пытанні маюць неадкладны характар. Задачы канстытуцыйнага будаўніцтва варта вырашаць у цеснай увязцы з забеспячэннем бяспекі ва ўсіх яе сэнсах — абаронным, эканамічным, сацыяльным, ідэалагічным. Менавіта такім чынам і была пабудавана наша работа. Усяго падчас сесіі прынята каля 60 законапраектаў.

У мэтах рэалізацыі даручэння кіраўніка дзяржавы намі разгорнута работа па прывядзенні заканадаўства ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй. Зацверджаны планы, вызначаны тэрміны і пастаянныя камісіі, якія адказваюць за іх рэалізацыю.

Як вынік, ужо ў ходзе цяперашняй сесіі прыняты ў першым чытанні змяненні ў законы «Аб Нацыянальным сходзе», «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі». Да пачатку чарговай сесіі гэтыя дакументы павінны быць поўнасцю адпрацаваны і вынесены на разгляд у Авальнай зале.

Паралельна пастаянным камісіям трэба пачаць работу над новым Рэгламентам Палаты прадстаўнікоў. Тут трэба сур’ёзна падумаць над канкрэтнымі прапановамі, асабліва ў частцы павышэння аператыўнасці прыняцця заканадаўчых рашэнняў.

На гэты час у Палаце прадстаўнікоў завяршаецца распрацоўка праекта Закона «Аб Усебеларускім народным сходзе». Гэта асноўны дакумент для рэалізацыі беларускай традыцыі народаўладдзя. Трэба паскорыць яго ўзгадненне з зацікаўленымі і выходзіць на яго прыняцце ў найкарацейшыя тэрміны.

Дэпутацкі корпус прымае ўдзел у падрыхтоўцы законапраектаў аб грамадзянскай супольнасці, аб Савеце Міністраў, аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, аб канстытуцыйным судаводстве. Працягваецца работа над Выбарчым кодэксам, іншымі не менш важнымі дакументамі.

Такі аб’ёмны пласт дзейнасці патрабуе надзвыяайнай сабранасці, адказнасці і пастаяннай зваротнай сувязі з грамадствам. Вытрымаць устаноўленыя тэрміны і захаваць традыцыю народнай заканатворчасці, якая склалася ў краіне — найважнейшая задача дэпутацкага корпуса.

Самая сур’ёзная ўвага ў ходзе сесіі ўдзелена эканамічнаму блоку законапраектаў. Менавіта ад работы эканомікі, убудавання яе ў прынцыпова новую сістэму светагаспадарчых сувязяў сёння залежыць дабрабыт краіны і яе грамадзян.

Намі аператыўна прыняты праекты законаў па пытаннях рынку каштоўных папер, іпатэкі, дзяржаўна-прыватнага партнёрства, плацежных сістэм і плацежных паслуг. Усе яны даюць магчымасць змякчыць ступень уздзеяння знешніх санкцый, выбудоўваць новыя механізмы кіравання эканомікай, паглыбляць інтэграцыйныя працэсы ў рамках ЕАЭС і Саюзнай дзяржавы.

Работа ў гэтым напрамку павінна быць прадоўжана. У міжсесійны перыяд асаблівы акцэнт трэба зрабіць на законапраектах, прадугледжаных Комплексным планам Савета Міністраў па падтрымцы эканомікі. Трэба спланаваць нашу дзейнасць так, каб у пачатку наступнай сесіі ўсе запатрабаваныя законапраекты былі прыняты.

Асаблівасць цяперашняй сесіі таксама ў тым, што многія законапраекты, якія разглядаюцца, знаходзяцца на стыку эканомікі і сацыяльнай палітыкі. І жыццёва важна знайсці правільны баланс, каб не парушыць прынцып сацыяльнай справядлівасці. Гэта наглядна прадэманстраваў наш семінар-нарада па ўдасканаленні зямельных адносін, праведзены ў Бялынічах. Прыняцце на сесіі новай рэдакцыі Кодэкса аб зямлі спрашчае вырашэнне многіх жыццёвых праблем, надае імпульс развіццю прадпрымальніцтва ў вёсцы, дае мясцовым уладам дадатковыя інструменты ў рабоце з насельніцтвам.

У цэлым у заканадаўчай дзейнасці трэба больш рашуча рэагаваць на рэзанансныя праблемы, якія неаднаразова ўздымаюцца грамадзянамі. Менавіта з пазіцый уважлівага стаўлення да надзённых клопатаў выбаршчыкаў трэба падысці да падрыхтоўкі праекта Кодэкса аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, комплекснай карэкціроўцы гаспадарчага заканадаўства, праектам законаў «Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці», «Аб аб’яднаннях наймальнікаў», «Аб ліцэнзаванні».

Пытанні вельмі няпростыя, але значныя для эканомікі і грамадзян, якія дазваляюць умацаваць грамадскую стабільнасць перад знешнімі пагрозамі і выклікамі. Таму ўсе гэтыя дакументы да пачатку сесіі павінны быць дэталёва прапрацаваны з урадам, прадстаўнікамі бізнесу, экспертнай супольнасцю.

Удасканаленню дзейнасці дзяржаўнага механізму паслужаць прынятыя законапраекты аб дзяржаўнай службе, аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Грамадства прад’яўляе новыя патрабаванні да адкрытасці органаў улады, службовых асоб і да ступені ўцягнутасці насельніцтва ў прыняцце рашэнняў. Рэалізацыя гэтых законаў павінна знаходзіцца на пастаянным кантролі дэпутацкага корпуса.

У сферы нацыянальнай бяспекі знакавым рашэннем стала прыняцце змен у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы. Усе, хто пераступіў закон, павінны ведаць, што за свае ўчынкі ім давядзецца адказваць перад беларускім народам.

Што да міжнароднай дзейнасці, то падчас сесіі мы паслядоўна тлумачылі сваім заходнім калегам нацэленасць Беларусі на развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, каштоўнасць інструментаў парламенцкай дыпламатыі, тупіковасць і згубнасць санкцый для сусветнай эканомікі.

На жаль, калектыўны Захад пакуль не гатовы ўспрымаць довады здаровага сэнсу. Мы бачым яго імкненне ізаляваць нас, перакрыць каналы зносін. Аднак канфрантацыя — гэта не наш шлях. Беларусь заўсёды гатова да супрацоўніцтва на прынцыпах канструктыўнага, раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу. Таму мы працягнем размаўляць з усімі, настойліва прасоўваючы міралюбівыя знешнепалітычныя ініцыятывы кіраўніка беларускай дзяржавы.

Гэтую дакладную пазіцыю дэпутаты павінны трансляваць на ўсіх міжнародных пляцоўках. У нас шмат сяброў, якія рэальна ацэньваюць стан спраў у свеце і гатовы развіваць супрацоўніцтва з нашай краінай. Прыклад таму — парламенцкае супрацоўніцтва ў МПС.

Перспектыўным уяўляецца таксама ўзаемадзеянне па лініі Парламенцкай сеткі Руху недалучэння. Сёння беларускія парламентарыі бяруць удзел у рабоце гэтага прадстаўнічага форуму ў сталіцы Азербайджана.

Такія кантакты трэба выкарыстоўваць таксама для пашырэння супрацоўніцтва з МПА АСЕАН, ПАРЛАЦІНА і Панафрыканскім парламентам. У поўнай меры неабходна задзейнічаць патэнцыял парламенцкай дыпламатыі ва ўзаемаадносінах з Кітаем, дзяржавамі Паўднёваўсходняй Азіі, Блізкага Усходу.

Сур’ёзны задзел супрацоўніцтва ў нас ёсць з Індыяй. Трэба рухацца далей і развіваць супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.

У нашых найбліжэйшых планах — правядзенне анлайн-сустрэч з парламентарыямі з В’етнама, Тайланда і Кубы. У ліпені адбудзецца візіт у Тэгеран рабочай групы па супрацоўніцтве з парламентам Ірана. Ёсць добрыя магчымасці для далейшага пашырэння міжпарламенцкіх кантактаў па лініі нядаўна сфарміраваных рабочых груп у парламентах Балгарыі, Венесуэлы, Мексікі.

Нарастанне знешняга ціску яшчэ раз пацвярджае правільнасць курса на ўмацаванне інтэграцыйных сувязяў у рамках МПА СНД, ПА АДКБ, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Пасяджэнне Савета ПА АДКБ, якое адбылося ў маі, пацвердзіла нашу агульную прыхільнасць дыялогу, прынцыпам непадзельнасці бяспекі і калектыўнага рэагавання на нарастаючыя пагрозы.

Пытанні беларуска-расійскай інтэграцыі, парламенцкага кантролю за выкананнем 28 саюзных праграм былі ў цэнтры ўвагі шэсцьдзесят другой сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Асаблівы акцэнт быў зроблены таксама на неабходнасці перагляду падыходаў да адбору і рэалізацыі праграм, якія фінансуюцца з саюзнага бюджэту. Агульная думка — прыярытэт павінен аддавацца перадавым, навукаёмістым распрацоўкам, здольным замясціць імпарт і забяспечыць эканамічны рост. Канкрэтныя прапановы наконт гэтага мы дамовіліся абмеркаваць у верасні на пасяджэнні Савета Парламенцкага сходу. І дэпутаты павінны быць гатовы да прадметнай, прынцыповай размовы.

Неад’емнай часткай нашай работы на ўсіх міжнародных пляцоўках з’яўляецца барацьба з фальсіфікацыяй гісторыі. Ініцыяваная намі міжнародная парламенцкая канферэнцыя «Гістарычная памяць: Вялікая Перамога, здабытая адзінствам» атрымала пазітыўны водгук і падтрымку нашых калег-парламентарыяў з Арменіі, Казахстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што мы салідарныя ў сваім імкненні захаваць гістарычную праўду, супрацьстаяць спробам гераізацыі нацыстаў і іх сучасных паслядоўнікаў.

Работу ў гэтым напрамку трэба прадоўжыць, у тым ліку і ў выбарчых акругах. І не толькі ў рамках Года гістарычнай памяці. Ідэалагічная вайна ахоплівае ўсе сферы грамадскага жыцця. Любая недапрацоўка ўлад імгненна выкарыстоўваецца для расколу грамадства, дыскрэдытацыі дзяржавы. Таму мы павінны вельмі крытычна ацэньваць вынікі сваёй работы і адчуваць персанальную адказнасць за ўсё, што адбываецца ў краіне. Гэта патрабаванне кіраўніка дзяржавы павінна стаць непахісным правілам у дзейнасці дэпутацкага корпуса, кожнага дэпутата.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.