Вы тут

На Петрыкаўшчыне — новы акушэрска-гінекалагічны корпус


У Петрыкаўскай цэнтральнай райбальніцы на месцы старога радзільнага дома, зачыненага больш за дзесяць гадоў таму, з’явіўся сучасны корпус акушэрска-гінекалагічнай дапамогі. Цяпер у мінулым час, калі парадзіх з раёна даводзілася накіроўваць у Мазыр ці Гомель, а ў гінекалагічным аддзяленні райбальніцы прымаць толькі экстраныя роды. Новы акушэрска-гінекалагічны корпус, адкрыты пасля маштабнай рэканструкцыі і капрамонту, цяпер гатовы зноў прымаць будучых матуль і іх немаўлят.


Толькі на абсталяванне сучаснага корпуса пайшло амаль 800 тысяч рублёў. Больш 9 мільёнаў рублёў спонсарскай дапамогі выдаткавала ААТ «Беларуськалій» на правядзенне будаўніча-мантажных работ. Пры капрамонце ў будынку цалкам замянілі дах, зрабілі перапланіроўку памяшканняў, аднавілі камунікацыі. Цяпер у корпусе размясціліся 40 ложкаў: 20 — у гінекалагічным аддзяленні і 20 — у радзільным доме. Устаноўленыя новая сістэма вентыляцыі, дзве кіслародныя станцыі, аперацыйныя сталы на пульце кіравання, зручны ложак для родадапамогі, кувез для выходжвання нованароджаных. Забяспечана безбар’ернае асяроддзе. Медыцынскае абсталяванне і мэбля для корпуса былі набыты за кошт бюджэтных сродкаў, пры дапамозе Міністэрства аховы здароўя, а таксама пры фінансавай падтрымцы прадпрыемстваў і арганізацый. 

Для далейшага ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы медыкам акушэрска-гінекалагічнага корпуса старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко перадаў сертыфікат на 785 тысяч рублёў. Як адзначыў губернатар, адкрыццё знакавага медыцынскага аб’екта напярэдадні Дня Незалежнасці стала цудоўным падарункам для амаль 15 тысяч жанчын. 

— Адкрыццё радзільнага дома гаворыць аб добрых перспектывах раёна. Ён актыўна прырастае новымі жылымі мікрараёнамі, дзіцячымі ўстановамі, насельніцтвам. Пакуль насельніцтва расце за кошт супрацоўнікаў уведзенага ў строй горна-абагачальнага камбіната. А гэта ў большасці сваёй маладыя сем’і, у якіх будуць з’яўляцца дзеці. І з’яўляцца яны будуць у гэтым цудоўным радзільным доме, які якасна адноўлены і напоўнены самым сучасным спецыялізаваным абсталяваннем. У многім дзякуючы спонсару — «Беларуськалію», які праявіў клопат і дапамог стварыць максімальна зручныя ўмовы для будучых матуль і нованароджаных, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.

Іван Крупко звярнуў увагу, што цяпер рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя па правядзенні работ для ўстаноўкі камп’ютарнага тамографа ў Петрыкаўскай цэнтральнай райбальніцы. Увогуле, як падкрэсліў старшыня аблвыканкама, на Гомельшчыне бесперапынна вядзецца работа па паляпшэнні даступнасці і якасці медабслугоўвання. Да 9 верасня завершыцца рэканструкцыя Гомельскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Працягваецца мадэрнізацыя трэцяй гарбальніцы ў Гомелі, дзе будуць уведзены пяць аперацыйных залаў. Запланаваны будаўніча-мантажныя работы для ўстаноўкі новых ангіяграфічных апаратаў у абласным кардыялагічным цэнтры і Жлобінскай ЦРБ. 

— Любая бальніца — гэта засяроджванне міласэрнасці. А радзільня адрозніваецца тым, што ў ёй заўсёды шмат радасці, — павіншаваў з адкрыццём сучаснага аб’екта медыкаў Петрыкаўшчыны і жыхароў раёна міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што служба аховы мацярынства і дзяцінства была, ёсць і застаецца прыярытэтам развіцця сістэмы аховы здароўя. Новыя радзільныя дамы, іх рэканструкцыя, перааснашчэнне, як правіла, праводзяцца ў невялікіх населеных пунктах, якія маюць свой патэнцыял. Працаваць у мадэрнізаваных аб’ектах, прыходзяць маладыя спецыялісты, якіх у раёнах імкнуцца забяспечваць жыллём. Дзмітрый Піневіч распавёў, што па рашэнні Кіраўніка дзяржавы з 1 ліпеня будуць зробленыя дастаткова значныя надбаўкі да заработнай платы ў сістэме аховы здароўя, якія закрануць усіх медыцынскіх работнікаў. 

Пасля цырымоніі адкрыцця акушэрска-гінекалагічны корпуса Іван Крупко і Дзмітрый Піневіч павіншавалі шчаслівую пацыентку — маладую маці Вольгу і яе дачушку Мілану. Яна першае дзіця, народжанае ў доўгачаканым абноўленым радзільным доме ў Петрыкаве. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.