Вы тут

Віктар Шніп: Дзённікі — праўдзівая гісторыя...


У Мемарыяльнай зале ў Доме літаратараў Саюз пісьменнікаў Беларусі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва правялі «круглы стол» «Вайна ў лёсах і творчасці пісьменнікаў».


Адкрыццю «круглага стала» папярэднічала выстаўка «Мы жылі ў буднях барацьбы...», на якой праз матэрыялы Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва прадстаўлены старонкі Вялікай Айчыннай вайны ў лёсах беларускіх паэтаў і празаікаў. 

Дырэктар БДАМЛІМ Ганна Запартыка распавяла пра зборы ўстановы, якія нагадваюць пра Вялікую Айчынную вайну. Сярод 525 асабістых фондаў, якія захоўваюцца ў архіве, 250 збораў складаюць прыватныя архівы пісьменнікаў. І сярод іх істотнае месца займаюць фонды пісьменнікаў. Некаторы час назад архівісты сумесна з выдавецтвам «Мастацкая літаратура» выдалі зборнік ваенных дзённікаў, куды ўвайшлі тэксты Вісарыёна Гарбука, Антона Алешкі, Пятра Валкадаева, Міколы Лобана. У кожнага з іх была свая вайна, але напісанае літаратарамі чытаецца аднолькава цікава, з’яўляецца сапраўдным дакументам часу.

Галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя» паэт Віктар Шніп заўважыў, што «вядзенне дзённікаў — інтымная справа. І пішучы іх — пішаш праўду. І па гэтай прычыне дзённікі — каштоўныя дакументы часу». Пісьменнік заўважыў, што часопіс «Полымя» гатовы і часцей звяртацца да сумесных з архівістамі публікацый. Галоўнае — данесці чытачу, данесці грамадству праўду. І Ганна Запартыка звярнула ўвагу на тыя абсягі архіўных матэрыялаў, якія яшчэ патрабуюць шырокага раскрыцця. У фондах БДАМЛІМ асобнымі зборамі захоўваюцца дакументы, запісы Змітрака Астапенкі, Хвядоса Шынклера, Андрэя Ўшакова, Івана Дзенісевіча, Міколы Сурначова, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Пра існаванне гэтых фондаў, здавалася б, і ведаюць даследчыкі гісторыі беларускай літаратуры. У розныя гады да чытача прыходзілі розныя выданні мастацкай спадчыны гэтых паэтаў, празаікаў. А лёс жа кожнага з іх варты асобнай кнігі. Важна распавесці чытачу, найперш моладзі, якія патрыёты, якія самаахвярныя асобы былі сярод нашых папярэднікаў.

Не выпадковым падаецца правядзенне «круглага стала» «Вайна ў лёсах і творчасці пісьменнікаў» у мемарыяльнай зале Дома літаратараў. Важна, каб была пляцоўка і для жывой размовы пра памяць, каб была пляцоўка, куды маглі б завітаць маладыя людзі і паслухаць, што яднае нас з ваеннай памяццю. Маладая пісьменніца Таццяна Купрыянец расказала прысутным пра многія творчыя, грамадскія маладзёжныя ініцыятывы, якія яна рэалізоўвае разам з сябрамі дзеля выхавання ў маладых людзей патрыятычных пачуццяў. 

Цікавым было выступленне і дырэктара кніжнага выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяны Анцух. Яна расказала і пра тое, што ўжо рэалізавана па выданню кніг героіка-патрыятычнай тэматыкі. І таксама распавяла пра тое, што неўзабаве ў выдавецтве пабачыць свет кніга татарскага пісьменніка Набі Даўлі (1910 — 1989) «Паміж жыццём і смерцю». Цікавы лёс аўтара кнігі. 24 чэрвеня 1941 года ён ідзе на фронт добраахвотнікам. Служыць разведчыкам у складзе 5-й стралковай дывізіі. У жніўні 1941 г. у баях пад Оршай літаратар патрапіў у фашысцкі палон. Знаходзіўся ў фашысцкім канцлагеры ў Барысаве. Пасля яго перанакіравалі ў Вільню, затым — у лагер N 9 Б у Франкфурт-на-Майне. Адтуль за парушэнні лагернага рэжыма быў пераведзены ў Дармштацкі астрог, працаваў на распрацоўцы леса, займаўся вывазам камення на рацэ Майн...10 красавіка 1945 года разам з сябрамі змог уцячы з палона з Магдэбургскага астрога. У лістападзе 1945 года вярнуўся ў Казань. У 1957 Набі Даўлі выдаў раман пра жыццё ваеннапалонных «Паміж жыццём і смерцю». Ліліяна Анцух распавяла і пра супрацоўніцтва з расійскім пісьменнікам-мараністам Мікалаем Чаркашыным, які нарадзіўся ў Ваўкавыску, на Гродзеншчыне. Выдавецтва «Чатыры чвэрці» рыхтуе да выдання яго новую кнігу. Мікалай Андрэевіч Чаркашын часта наведваецца ў Беларусь, удзельнічае ў пошукавай працы па ўсталяванню месцаў пахавання савецкіх салдат у часіны Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, расійскі літаратар з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. 

Сваімі развагамі пра супольную працу па героіка-патрыятычнаму выхаванню моладзі з выкарыстаннем дакументальных крыніц падзяліліся лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы Беларуіс і Расіі паэт Іван Юркін, публіцыст, празаік Валерый Чудаў, публіцыст Віктар Ермаловіч. Цікавай была згадка В. Ермаловіча пра вартасці збору, вывучэння тых друкаваных выданняў, якія ствараліся на тэрыторыі акупіраванай фашыстамі Беларусі. 

Усе ўдзельнікі «круглага стала» прыйшлі да высновы, што архіўныя крыніцы, як і тыя матэрыялы, якія трэба збіраць для архіваў, перадаваць з сямейнага захоўвання ў дзяржаўныя ўстановы, здольны служыць асновай для мастацкіх твораў, для пісьменніцкага творчага пошуку. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».