Беспрэцэдэнтны крок у беларуска-польскіх адносінах: грамадзянам яшчэ адной суседняй краіны з 1 ліпеня дазволены бязвізавы ўезд у Беларусь. Адпаведнае рашэнне было прынята кіраўніком дзяржавы для падтрымання добрасуседскіх адносін. Прадугледжана, што магчымасць палякам прыехаць у Беларусь без афармлення візы прадоўжыцца на паўгода — да 31 снежня ўключна.
Як расказалі ў Дзяржаўным пагранкамітэце, для названай катэгорыі грамадзян перасякаць граніцу без візы будзе магчыма ў пунктах пропуску на беларуска-польскім участку граніцы. «Таксама грамадзянам Польшчы будзе дазволена наведванне пагранічнай зоны без пропуску. Пры ўездзе ў Беларусь у пункце пропуску дастаткова вусна паведаміць супрацоўніку органаў пагранічнай службы аб намеры наведаць пагранічную зону з называннем населеных пунктаў і мэты іх наведвання», — расказалі ў ДПК. Каб уехаць у Беларусь, неабходна будзе прад'явіць дзейны дакумент для выезду за граніцу, таксама важна мець пры сабе медыцынскую страхоўку, пры перасячэнні граніцы на аўтамабілі неабходна зялёная картка. ПЛР-тэст і сертыфікат аб вакцынацыі для перасячэння граніцы не патрэбны.
Апроч турызму і набыцця неабходных тавараў, палякам даступныя ў тым ліку і высакаякасныя медыцынскія паслугі. Увядзенне бязвізу ў пасляковідны перыяд павялічыла экспарт медпаслуг у разы, паведаміла ў сваім тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя са спасылкай на намесніка міністра аховы здароўя Барыса Андрасюка. «Нягледзячы на вялікія сродкі, выдаткаваныя Беларуссю на пераадоленне наступстваў пандэміі, у нас актыўна праходзіць мадэрнізацыя і будаўніцтва новых аб'ектаў аховы здароўя», — адзначыў Барыс Андрасюк.
У прыватнасці, толькі за мінулы год было пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 27 аб'ектаў. Закуплена дзевяць новых КТ, два МРТ, шэсць ангіяграфічных комплексаў. На гэты год запланавана набыццё яшчэ 22 КТ, пяці лінейных паскаральнікаў. «Дзякуючы ўвазе Прэзідэнта і ўрада да сістэмы аховы здароўя на ўдасканаленне матэрыяльнай базы бальніц і паліклінік выдзяляюцца вялізныя сродкі. З паляпшэннем матэрыяльнай базы нашы спецыялісты асвойваюць новыя метады. Напрыклад, спецыялісты РНПЦ «Кардыялогія» не так даўно авалодалі новым метадам лячэння сардэчных захворванняў. Калі раней для замены клапана даводзілася спыняць сэрца, то зараз гэта робіцца праз сасуд. Гэта прагрэсіўны і перспектыўны метад. І такія прыклады можна прыводзіць па анкалогіі, гематалогіі, траўматалогіі. Вядома ж, сучасная матэрыяльная база, новыя метады лячэння і спецыялісты, якія валодаюць высокатэхналагічнымі метадамі лячэння, — усё гэта адбіваецца, у тым ліку і на паказчыках па росце экспарту медпаслуг», — адзначыў Барыс Андрасюк.
Намеснік міністра падкрэсліў, што ў постковідны перыяд увядзенне рэжыму бязвізавага ўезду ў Беларусь для грамадзян суседніх дзяржаў дало вынік. Экспарт медпаслуг вырас у разы: замежнікі, асабліва з блізкіх краін Еўрасаюза, актыўна едуць па меддапамогу. «Паток пацыентаў-іншаземцаў вырас у 2-3 разы — у залежнасці ад краіны пражывання пацыента. Мяркуючы па водгуках і падзяках, паслугі аказваюцца на высокім узроўні. А цэны ў нас ніжэйшыя, чым у Еўрасаюзе. Пры гэтым нашы спецыялісты выкарыстоўваюць самыя сучасныя матэрыялы. Гэта адбіваецца на попыце. Мы заўсёды адкрытыя і рады гасцям», — сказаў ён, дадаўшы, што ў Беларусь едуць людзі з больш як 130 краін. Толькі за мінулы год у краіне пралячыліся 160 тысяч замежнікаў. Дарэчы, за мінулую пяцігодку на мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя было патрачана Br1,5 млрд. А на 2021—2026 гады запланавана выдзеліць Br4,5 млрд.
Дзякуючы бязвізаваму рэжыму грамадзяне Польшчы могуць прыехаць у Беларусь і ўбачыць, як насамрэч ідуць справы ў нашай краіне. Такой думкай з БелТА падзяліўся палітолаг Вадзім Баравік. «Гэта пацвярджае нашу адкрытую палітыку ў адносінах да суседзяў і краін усяго свету. Мы бачым, што адкрытыя для грамадзян Прыбалтыйскіх рэспублік граніцы выклікалі ажыятаж. Тысячы літоўцаў і латышоў прыехалі ў Беларусь. Для іх гэта выгадна, таму што яны могуць купляць якасную прадукцыю па выгадных цэнах, карыстацца нашымі турыстычнымі паслугамі. Не заўсёды трэба на нездаровую і агрэсіўную палітыку з боку нашых знешніх партнёраў адказваць тым жа. Няхай палякі прыедуць і самі ўсё ўбачаць. Убачаць, што Беларусь — гэта краіна ў цэнтры Еўропы, якая на найвышэйшым узроўні забяспечвае бяспеку сваіх грамадзян, прапануе высакаякасную прадукцыю, выдатны турызм. У нас сочаць за вадаёмамі, чысцяць лясы, санаторыі гатовы прыняць наведвальнікаў. Таму няхай едуць — мы прымем усіх і нікога не пакрыўдзім», — сказаў Вадзім Баравік.
Па меркаванні палітолага, гэты крок з боку Беларусі дэманструе высокія прынцыпы, прынятыя ў Еўропе, якімі там ганарацца, але самі ж парушаюць. «Вы бачылі, як яны іх парушалі, калі негуманна абыходзіліся з бежанцамі. Або калі яны далучаліся да санкцый і ініцыявалі іх. Мы паводзім сябе па-іншаму. Там, дзе трэба, адстойваем свае інтарэсы, выказваем ноты пратэсту. Але мы дэманструем так званую мяккую сілу. Да нас едуць турысты, яны запаўняюць нерухомасць у прыватным сектары, загружаюць гасцінічны фонд. І, што самае галоўнае, турысты вязуць да сябе дадому пазітыўную інфармацыю аб нашай краіне», — лічыць Вадзім Баравік.
Тым часам стала вядома, што завершана будаўніцтва 187-кіламетровай сцяны на граніцы з Беларуссю — аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, перадаў тэлеканал Polsat News. Кіраўнік урада адзначыў, што плот зараз аснашчаецца рознымі электроннымі прыборамі: датчыкамі руху, дзённымі і цеплавізійнымі камерамі. Загараджальная пабудова з бетону і сталі і з прымяненнем калючага дроту (сумна вядомай канцэрціны) — між іншым, прамое парушэнне палажэнняў Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны — ужо стала прычынай гібелі жывёл.
Пётр ДУНЬКО
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».