Вы тут

Лукашэнка: Стваральная культура дае натхненне для развіцця асобы і краіны


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды работнікам культуры. Урачыстая цырымонія адбылася ў Дзень Незалежнасці ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, перадае БелТА.


Кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў ордэнам Францыска Скарыны прафесара кафедры музычнай педагогікі, гісторыі і тэорыі выканальніцкага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вадзіма Яканюка, медалём Францыска Скарыны — дырэктара Магілёўскага абласнога тэатра лялек Уладзіміра Андрэенкі.

Прэзідэнт уручыў нагрудныя знакі да ганаровых званняў «Заслужаны дзеяч культуры» — мастаку-скульптару прафесару кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандру Фінскаму, «Заслужаны артыст» — артысту балета Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Аляксандра Глазко, мастацкага кіраўніка Музычнага прадзюсарскага цэнтра «Залатыя галасы» Валерыю Шмату і вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Руслану Чарнецкаму. Нагрудны знак да ганаровага звання народнага артыста Беларусі ўручаны артысту балета (салісту) — вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Антону Краўчанку і артысту драмы, вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Тамары Міронавай.

Стваральная культура дае натхненне для развіцця асобы і краіны

Прэзідэнт звярнуў увагу, што цырымонія праходзіць у Дзень Незалежнасці і такім чынам у краіне зараджаецца новая традыцыя — у гэтае важнае свята ўручаць высокія дзяржаўныя ўзнагароды дзеячам мастацтваў.

«Напярэдадні свята і сёння мы шмат гаварылі аб Вялікай Айчыннай вайне, нашым маральным абавязку перад пакаленнем пераможцаў, якое падарыла нам жыццё, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Дзень незалежнасці не толькі погляд у мінулае, але і арыенцір у будучыню краіны. І гэту будучыню вы ствараеце сваёй творчасцю».

Дзейнасць работнікаў культуры патрэбная дзяржаве і людзям як паветра, упэўнены Прэзідэнт: «Таму што без вас, яркіх, паспяховых і таленавітых, жыццё бясколернае і, самае страшнае, бездухоўнае. А там, дзе няма стваральнай культуры, у людзей ніколі не будзе натхнення на развіццё. Не толькі асабістае, але і глабальнае — развіццё ўсёй краіны».

«Беларусы адчулі гэта на ўласным вопыце, калі ў 1990-е кіраўнікі крычалі аб „нацыянальна-культурным адраджэнні“, а помнікі архітэктуры, тэатры і музеі развальваліся, будзем шчырыя, на вачах у некаторых цяперашніх творчых работнікаў, — працягнуў кіраўнік дзяржавы. — У кінатэатрах адкрываліся аўтасалоны і казіно. Творчыя людзі сталі нікому не патрэбныя. Краіна проста кацілася ў прорву».

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсё, чым сёння па праве ганарацца беларусы, — тэатры і амфітэатры, замкі і сядзібы, музеі і мемарыяльныя комплексы, творчыя майстэрні і выставачныя цэнтры — створана за чвэрць стагоддзя. «Я больш скажу: за такі кароткі час мы фактычна адрадзілі тое, што страчвалі вякамі, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта стала магчыма дзякуючы вам, людзям культуры — крэатыўным, адданым сваёй прафесіі, дзяржаўна думаючым. Тое, што вы зрабілі, і тое, што ствараеце сёння, застанецца ў гісторыі. І шмат у чым ад вас залежыць, якой яна будзе гэтая гісторыя нашай маладой незалежнай Рэспублікі. Ад вас залежыць, ці працягнуць у будучыні беларусы гэтак жа ганарыцца сваёй краінай, сваім мінулым. Ці застанецца Беларусь самабытнай і вядомай у свеце, дзе на нашых вачах сціраюцца грані паміж нацыянальнымі культурамі. А галоўнае, што сёння асабліва актуальна, ці захаваем мы нашу ўнікальную нацыянальную асаблівасць — маральную чысціню».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсё гэта — базавыя каштоўнасці, на якіх будуецца незалежная дзяржава.

«Я хачу падзякаваць тых, хто ўсведамляе сваю адказнасць. Менавіта вашыя поспехі і дасягненні далі нагоду для гэтай сустрэчы. Я з велізарным задавальненнем віншую вас з дзяржаўным святам — Днём незалежнасці Беларусі і заслужанымі ўзнагародамі. Хацеў бы пажадаць вам моцнага здароўя, творчага натхнення і новых аўтарскіх праектаў. Вельмі хацеў бы, каб наша традыцыя працягнулася. Будуць творчыя поспехі — будзе каго ўзнагароджваць, а значыць, будзе падстава і прычына для сустрэчы. Са святам вас. Дзякуй усім, хто ў гэтыя бурныя паслярэвалюцыйныя 2020-га года часы застаўся ў Беларусі і дорыць свайму народу радасць і шчасце», — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэны, медалі і нагрудныя знакі да ганаровых званняў работнікам культуры. Пасля цырымоніі святочны вечар працягнуўся гала-канцэртам «Музыка, мастацтва i культура Беларусі ў вобразах, пачуццях i натхненнях Вялікага тэатра!» Традыцыя праводзіць у Дзень незалежнасці такія маштабныя паказы з удзелам лепшых артыстаў оперы, балета і аркестра зарадзілася ў Вялікім тэатры Беларусі летась. Са сцэны гучалі лепшыя твор сусветнага опернага мастацтва, сярод якіх фрагменты з опер «Яўген Анегін», «Травіята», «Рамэа і Джульета», а таксама былі паказаны тэматычныя харэаграфічныя кампазіцыі.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.