Вы тут

Новыя праекты Нацыянальнага гістарычнага


Музеі захоўваюць памяць гісторыі, культуры і адносін краіны са знешнім светам, таму павелічэнне іх бачнасці стала адной з прыярытэтных задач нашай дзяржавы. Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь прадстаўнікі музеяў і Міністэрства культуры на сустрэчы з журналістамі акрэслілі палітру таго, што робіцца сёння дзеля захавання нацыянальных культурных каштоўнасцяў, устанаўлення гістарычнай праўды і павышэння ўцягнутасці маладога пакалення ў кантэкст культуры і гісторыі Беларусі.


— Цяпер мы працуем па некалькіх напрамках. У нас праходзіць выставачны праект, прысвечаны 210-годдзю з дня пачатку вайны 1812 года. Унікальнасць дадзенай выстаўкі ў тым, што з дапамогай прадстаўленых на ёй матэрыялаў мы можам убачыць падзеі той ужо далёкай вайны вачамі непасрэдна яе ўдзельнікаў, — распавядае дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр ХРАМЫ. — Мы бачым два бакі, якія змагаюцца. Што датычыцца расійскага боку, то ён прадстаўлены гравюрамі Верашчагіна. А супрацьстаіць яму Фабэр дзю Фор. Абодва яны бачылі падзеі той вайны на ўласныя вочы і адлюстравалі яе так, як запомнілі. І такога кшталту праекты для нас вельмі важныя, паколькі дазваляюць лепш зразумець падзеі пэўнага перыяду.

Сярод дзеючых выставачных праектаў вылучаецца і «Рэха вайны», дзе прадстаўлены фотаздымкі ваенных часоў. Яны ў Гістарычным з'явіліся дзякуючы супрацоўніцтву музейнай установы і Музея-запаведніка А. С. Пушкіна «Міхайлаўскае». Выстава дазваляе ўбачыць, наколькі разбуранымі былі ў выніку ваенных дзеянняў мясціны, што ўсхваляў вялікі класік. Пазней тут з'явіцца праект, дзе можна будзе адсачыць, як музей-запаведнік аднавіўся і выглядае ў нашы дні, пасля таго як там на працягу дзесяцігоддзяў вяліся рэстаўрацыйныя работы. Фактычна ён адноўлены да таго выгляду, які быў пры Пушкіне.

На трэцім паверсе Нацыянальнага гістарычнага музея можна наведаць выставу, прысвечаную генацыду беларускага народа. Тут сабраны артэфакты, якія мае Нацыянальны гістарычны музей, каб дапоўніць мазаіку, што складваецца сёння па ўсёй краіне. Акрамя таго, музей бярэ актыўны ўдзел ва ўсіх рэспубліканскіх мерапрыемствах, звязаных з дадзенай тэмай. У прыватнасці, да Дня Незалежнасці быў адкрыты выставачны праект «Беларусь шматнацыянальная» ў Міністэрстве замежных спраў, дзе паказваецца, наколькі шматнацыянальнай і шматканфесіянальнай была і ёсць наша краіна. Музей таксама падрыхтаваў каталог (у тым ліку і электронную версію) з адлюстраваннем праекта, каб матэрыял можна было пашыраць сярод дыпламатычных прадстаўніцтваў, іншых музеяў, бо гэта і ёсць адно з дакладных сведчанняў міралюбівасці Беларусі. Як той казаў, фотаздымкі не падмануць.

На працягу года Нацыянальны гістарычны музей плануе здзейсніць чарговы праект да Дня народнага адзінства. Таксама будзе прадстаўлены праект, прысвечаны 100-годдзю СССР. Чакаецца і правядзенне вялікай канферэнцыі, звязанай з гісторыяй музея. А вось у сакавіку наступнага года тут не пакінуць па-за ўвагай 100-гадовы юбілей стварэння музея І з'езда РСДРП, і падзея будзе рэпрэзентавана ў выглядзе вялікага выставачнага праекта.

Не засталіся за бортам і філіялы гістарычнага музея. Там увесь час вядзецца пошукавая і выставачная работа. У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці заўсёды можна наведаць праекты, прымеркаваныя да значных дзяржаўных свят. Музей гісторыі беларускага кіно падбірае сваю хроніку да юбілейных мерапрыемстваў. Адным словам, работа вельмі насычаная, і нават адну і тую ж тэму тут кожны ўмее падаць наведвальнікам адметна.

— У гэтай зале ў нас недзе праз месяц ці, можа, крыху больш адкрыецца вялікі інклюзіўны праект, рэалізаваны па гранту Прэзідэнта Беларусі, і ён будзе дэманстраваць абрады і традыцыі нашай краіны. Такім чынам мы не толькі хочам паказаць больш шырока тое, наколькі наша Беларусь шматнацыянальная, але і зрабіць наш музей, які пакуль не прыстасаваны для інклюзіўных праектаў, дасяжным і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — дадае Аляксандр Васілевіч. — Выстаўка дазволіць такой катэгорыі наведвальнікаў адкрыць для сябе новую інфармацыю з дапамогай аўдыягідаў, тактыльных экспанатаў, тлумачэнняў, зробленых шрыфтам Брайля. І гэты праект стане першым крокам для таго, каб абсталяваць нашу культурную ўстанову інклюзіўнай тэхнікай.

У сваю чаргу, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына КАРПОВІЧ больш падрабязна спынілася на тэме музейнай дзейнасці, якая сёння з'яўляецца актуальнай і займае высокія пазіцыі па колькасці праектаў і мерапрыемстваў у кантэксце Года гістарычнай памяці, якія накіраваны на патрыятычнае выхаванне маладога пакалення.

— Менавіта музеі аказаліся тым флаганам і інструментам, які дапамагае нам сёння даносіць гістарычную праўду праз прызму таго, як гэта належыць рабіць. Фактычна ні адно мерапрыемства з тых, што праходзяць у краіне, не абыходзіцца без музейнага суправаджэння, — адзначае Ірына Карповіч. — І ў гэтым напрамку працуюць усе музеі нашай краіны. У прыватнасці, сёлета ярка гучыць Музей Вялікай Айчыннай вайны, які на працягу года рэалізоўвае маштабны праект па ўсёй краіне са сваім перасоўным мабільным комплексам. На летне-асенні перыяд графік іх распісаны і праект «гастралюе» па розных рэгіёнах нашай краіны.

Яшчэ прадстаўнік Міністэрства культуры адзначыла, што вядзецца цеснае супрацоўніцтва (у першую чаргу з Расійскай Федэрацыяй) па вяртанні страчаных музейных прадметаў, якія былі вывезены з Беларусі ў розныя часы. Устанаўліваюцца аб'екты, іх месцазнаходжанне і робяцца ўсе магчымыя спробы для дасягнення дамоўленасцяў па іх перадачы (альбо перадачы іх электронных копій) нашай краіне. Каб у перспектыве не толькі папоўніць за кошт гэтага музейныя фонды, але і прадставіць вернутыя аб'екты шырокаму колу наведвальнікаў.

Так, сёння Міністэрствам культуры вядуцца перагаворы па вяртанні, прынамсі, электронных копій сямі карцін, вывезеных у часы Першай сусветнай вайны, якія знаходзяцца ў Арлоўскім краязнаўчым мастацкім музеі. А ў Эрмітажы вядзецца работа над стварэннем копіі «Кубка Ядвігі», які пасля будзе перададзены ў Беларусь. На жаль, пакуль што спынены перагаворы па вяртанні каля 150 ікон з Германіі, на што паўплывалі пандэмія і ў пэўнай ступені геапалітычная абстаноўка. Ёсць і добрыя навіны, як тая, што ў жніўні Нацыянальны гістарычны музей плануе выставіць 1000 рарытэтаў Беларусі, якія былі вернуты ў нашу краіну Пятром Краўчанкам. Падобная дзейнасць музейшчыкаў і Міністэрства культуры ў гэтым і шэрагу іншых напрамкаў дае надзею на вынікі ў перспектыве. І самае галоўнае, што людзі, задзейнічаныя ў такіх працэсах, зацікаўленыя ў тым, каб узбагачаць нашу культуру і рабіць яе даступнай для кожнага незалежна ад яго месцазнаходжання і магчымасцяў.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?