Вы тут

Канцэртныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы, кірмаш


Слоган сёлетняга фестывалю, які пройдзе з 13 па 18 ліпеня, гучыць так «З0 — добра, а 31 яшчэ лепш». Падрыхтоўка да яго працягваецца і зараз на ўзроўні горада, рэгіёна і ўсёй рэспублікі. Канцэртныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы, кірмаш і многае іншае чакаюць гасцей, каб здзіўляць, дарыць добры настрой і незабыўныя ўспаміны. 


— Да фестывалю засталося ўсяго дзевяць дзён, і калі ты глядзіш на такія лічбы, то гэта ўражвае, таму што зусім хутка пачнецца тое, да чаго мы рыхтаваліся цэлы год. І сёння назад дарогі няма. Ёсць толькі рух уперад. Да ў чымсьці новага, а ў нечым класічнага фестывалю. Трыццаць адзін год на пляцоўцы Віцебска, на пляцоўцы Летняга амфітэатра пры садзейнічанні рэспубліканскага аргкамітэта і асабістым удзеле Прэзідэнта Беларусі рэалізоўваецца такі праект, — адзначыў генеральны дырэктар ДУ «Цэнтр культуры «Віцебск», дырэктар Міжнароднага фестываля мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску 2022» Глеб ЛАПІЦКІ. — Гэта культурны праект, але ён стаў таксама турыстычным. І сёлета, дзякуючы адкрытым граніцам мы чакаем вялікую колькасць расійскіх турыстаў, таксама вялікія комплексныя заяўкі прыходзяць з Літвы, Латвіі, Эстоніі. Дзейнічае бязвізавы рэжым для тых, хто набыў білеты на фестываль, і ўвогуле наведаць «Славянскі базар у Віцебску» без візы маюць магчымасць грамадзяне з 73 краін свету. Фестываль — гэта яшчэ і вялікая інтэграцыйная пляцоўка. І сёлета ўпершыню ў знак таго, што мы маем моцнае сяброўства паміж Беларуссю і Расіяй, нас чакаюць Дні Саюзнай дзяржавы, дзе будзе вельмі насычаная праграма. Акрамя ўсіх забаўляльных жанраў мы маем магчымасць развіваць высокае мастацтва (опернае, інструментальнае, тэатральнае). І вось калі акцэнтавацца на тэатральным мастацтве, то наш фестываль стане яшчэ і адукацыйнай пляцоўкай, бо ў гэтым годзе ўпершыню з Расійскім інстытутам тэатральнага мастацтва мы арганізоўваем сумесную тэатральную лабараторыю. І выкладчыкі гэтай установы прыедуць да нас, каб на базе тэатра імя Якуба Коласа правесці творчую лабараторыю для дзесяці найлепшых студэнтаў нашых навучальных устаноў акцёрскага майстэрства і для акцёраў коласаўскага тэатра.Таксама мы ўпершыню за пандэмічныя гады змаглі вярнуцца да рэпертуарных спектакляў. На сцэне нашага тэатра будуць праходзіць паказы пастановак розных тэатраў. 

Насычаную праграму рыхтуюць і арганізатары Лялечнага квартала, дзе значацца сустрэчы з шэрагам цікавых калектываў і пастановак. Прыедуць тэатры з Ноўгарада, Іванава, Пярмі. Упершыню ў межах квартала адбудзецца пастаноўка Дагестанскага дзяржаўнага тэатра лялек са спектаклем «Дзюймовачка». На агульным фоне вылучаецца спектакль «Гаворыць Ленінград», пастаўлены па п’есе віцебскага аўтара Вольгі Прусак беларускім тэатрам «Лялька». 

А паколькі фестываль акрамя арыентаванасці на тых людзей, што прыйшлі на яго ў 1992 годзе і застаюцца з ім усе гады, таксама скіраваны і на моладзь, то ў гэтым годзе арганізавана новая пляцоўка — фестывальны ореn-air. Зараз, па словах арганізатараў, там яшчэ вядуцца работы па падрыхтоўцы, але ўжо праз дзесяць дзён наведвальнікі ўбачаць новую лакацыю, на якой плануецца правядзенне двух маладзёжных праектаў «Рытмы лета» і начной дыскатэкі з удзелам топавых ды-джэяў. 

— «Славянскі базар у Віцебску» — не толькі ўнікальная культурная падзея на ўсёй постсавецкай прасторы, але і візітная картка Віцебскага рэгіёна і ўсёй рэспублікі. Нязменным застаецца яго дэвіз «Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення», які зараз надзвычай актуальны. Таму што гэты фестываль сапраўды садзейнічае ўзмацненню сяброўства і служыць высакародным мэтам міру і добрасуседства, сапраўдным ідэалам духоўнасці і дабра, — кажа начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іна АДАМОВІЧ. — Знакавымі для сёлетняга фестывалю стануць цырымонія адкрыцця і гала-канцэрт, мерапрыемствы ў межах дзён Саюзнай дзяржавы, міжнародныя конкурсы, якія заўсёды складаюць інтрыгу культурнага форуму. Акрамя гэтага адным з самых значных мерапрыемстваў у рамках фестывалю будуць мерапрыемствы Дня моладзі. І адным з яркіх праектаў стане канцэрт майстроў нашай краіны «Беларусь — крыніца натхнення». У гэтым шэрагу і закрыццё фестывалю. Цэнтральнымі тэмамі сёлетняга свята, якія знойдуць сваё адлюстраванне ў мерапрыемствах, сталі Год гістарычнай памяці, юбілей ХХ Дзіцячага міжнароднага конкурсу «Віцебск», 140-годдзе Якуба Коласа і Янкі Купалы і іншыя. 

Як адзначыла Яна КАЛАЧЫНСКАЯ, рэжысёр-пастаноўшчык урачыстага адкрыцця ХХХІ Міжнароднага фестываля мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску 2022» і гала-канцэрта майстроў мастацтваў «Славянскі базар. 30-першы», сёлета стваральнікі святочнай атмасферы на свяце натхняліся ўнікальнай гісторыяй культурнага форуму і рабілі ўсё, каб падкрэсліць, што яна захоўваецца, але фестываль не стаць на месцы: «Мы прыдумвалі новыя фішкі, падыходы ў пастаноўцы канцэртных нумароў. Не стану адкрываць усіх сакрэтаў, але скажу, што тэхналагічнасць у нас на першым месцы. Выкарыстоўваецца шмат кінетычных канструкцый, якія дазволяць нам „лунаць“ на сцэне Летняга амфітэатру. Будзе прысутнічаць у праграме цыркавое мастацтва. І акцэнт на гісторыю „Славянскага базару“, на тыя факты, якія мала каму вядомыя, як, напрыклад, тое, што фестываль мае сваё сузор’е. Будзе яркае відовішча. І спадзяёмся, што атмасфера ў нашым амфітэатры падарыць гледачам адчуванне свята».

Падчас цырымоніі адкрыцця і гала-канцэрта традыцыйна адбудзецца ўручэнне ўзнагарод Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення». І ў рамках гэтага мерапрыемства будуць уручаны прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за апошнія два гады. Зноў вяртаецца ў рамкі цырымоніі адкрыцця ўзнагароджанне пераможцы Дзіцячага міжнароднага конкурса. Плануецца ўдзел парадку 30 краін у сёлетнім фестывалі. Узначаляць журы абодвух песенных спаборнітваў вядомыя артысты: дзіцячы — народны артыст Беларусі Васіль Раінчык (ён быў старшынёй журы і 20 гадоў таму), а дарослы — народная артыстка Расіі Ларыса Доліна. Упершыню на дзіцячым конкурсе будзе ўручана прэмія Ігара Лучанка. У канцэрце майстроў мастацтваў Беларусі (17 ліпеня), які пройдзе пад дэвізам «Натхненне жыцця», знойдзе адбітак тэма Года гістарычнай памяці, будуць паказаны дасягненні беларускай культуры і прэзентацыя агульначалавечых каштоўнасцяў. Закрыццё «Славянскага базару» супадае і сумяшчаецца з другім днём Конкурсу эстраднай песні, дзе прымуць удзел вядомыя артысты, вядучыя калектывы Расіі і Беларусі.

А на тэрыторыі «Задвінскага кірмашу», які будзе працаваць ўсё дні фестывалю, будуць прадстаўлены рамеснікі, індывідуальныя прадпрымальнік і брэндавыя прадпрыемствы Віцебска і Беларусі, колькасць якіх складзе парадку 400 экспанентаў. Там жыхары і госці горада змогуць набыць у тым ліку і сувеніры. А майстры культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна» ўпершыню зладзяць майстар-клас праект «Васільковае лета», дзе наведвальнікі кірмашу змогуць паспрабаваць навучыцца тэхніцы выцінанкі, вырабу прадметаў з гліны, з элементамі ткацтва зрабіць сваю фестывальную валошку. У другі раз пройдзе асветніцкі праект «Культурны код», які сёлета будзе прысвечаны ткацтву, у рамках якога адбудуцца майстар-класы, выстаўкі. Як бачым, кожны фестывальны дзень абавязкова стане адкрыццём для ўсіх, хто завітае ў сярэдзіне ліпеня ў горад над Дзвіной.

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.