Вы тут

Што чакае гасцей «Славянскага базару» на прылаўках рынкаў?


Хутка Віцебск расчыніць свае дзверы насустрач «Славянскаму базару». Да фестывалю рыхтуюцца не толькі арганізатары, але і руплівыя гандляры на мясцовых рынках. Карэспандэнт газеты «Звязда» выправілася на адзін з іх, каб азнаёміцца з прадстаўленым таварам і разведаць, што ў пачатку ліпеня асабліва хадавое.


Брэсцкія клубніцы ўжо зведалі масавы продаж, цана на іх у канцы чэрвеня вагалася ад 4.90 да 8.50 рубля за кілаграм. На змену фермерскім ягадам прыйшлі садовыя, сартоў і калібраў якіх у прадпрымальных гандляроў прадукцыяй сельскагаспадарчай вытворчасці шмат. «Кімберлі», «азія», «вікторыя» — з кожнага самаробнага прылаўка на пакупнікоў з вядзерцаў паглядаюць пунсовыя і цёмна-барвовыя красуні, якія на розныя лады расхвальваюць прадаўцы. Літровае вядзерца буйных, адна к адной клубніц каштуе 10 рублёў. Хтосьці аддае і па 8 — не вытрымліваюць вялікай канкурэнцыі.

З'явіліся на рынку культурнай сталіцы і лясныя суніцы. Той, хто разумее складанасць і цяжкасць іх збору, не таргуючыся купляе паўлітровы стаканчык за 10 рублёў. Дарагавата, але ў лясных суніцах, у адрозненне ад садовых, захоўваецца больш вітамінаў. Пад канец дня, калі гандаль ідзе на спад, прадаўцы аддаюць такі стаканчык за 4 рублі.

Некалькі дзён таму на мясцовых рынках з'явіліся і чарніцы, якія ў пакупнікоў карыстаюцца найбольшым попытам. Пакуль на першыя ягады ў гэтым сезоне трымаецца высокая цана — 10-12 рублёў за літр. Магчыма, калі гэтым летам ягад будзе багата, цана спусціцца ніжэй. Калі не — будзе трымацца, як і летась, 10 рублёў за літр. Ахвотна бяруць чарніцы людзі пажылога ўзросту — кажуць, што паляпшае зрок.

Стартаваў продаж грыбоў. Тыдзень таму аматары «ціхага палявання» прывезлі на віцебскі рынак лісічкі. Пакуль яны толькі з'явіліся ў навакольных лясах, але першыя маленькія грыбочкі, як паказвае практыка, самыя смачныя. Хрусткія і яркія — добра падыходзяць для марынавання і проста смажання з маладой бульбай. Літр лісічак каштуе 10 рублёў, некаторыя гандляры аддаюць за 6 і 7. Крыху пазней, калі пачнецца масавы збор гэтага ляснога багацця, цана будзе ніжэйшая.

Ахвотна купляюць кветкі — рамонкі лугавыя і садовыя ад 5 да 10 рублёў за букет, лілеі, куставыя ружы. Пачынаецца сезон блакітна-сініх валошак: пакуль букецік каштуе 5 рублёў. Хутка яны з'явяцца на кожнай цэнтральнай вуліцы горада над Дзвіной, бо ўжо даўно сталі неад'емным сімвалам міжнароднага фестывалю мастацтваў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.