Вы тут

Ісачанка прыняў грамадзян па асабістых пытаннях


Прэтэнзіі да якасці ў адным выпадку будаўніцтва, а ў другім капрамонту сталі прычынай адразу двух калектыўных зваротаў магіляўчан да старшыні Магілёўскага аблвыканкама.


 

Амаль гадзіну пералічвалі тры шматдзетныя маці, аб’яднаныя агульнымі праблемамі, будаўнічыя недаробкі ў жылым доме па вуліцы Грышына, наступствы няспраўнай ліўневай каналізацыі, якая падтапляе падвалы жылога дома па вуліцы Бярозаўскай, не зробленага да канца добраўпарадкавання каля яшчэ адной новабудоўлі па вуліцы Бярозаўскай. Усе гэтыя шматпавярховікі на гарантыі, пабудаваныя ў новым мікрараёне вуліц Калужская-Стасава. Адна з заяўніц паведаміла, што ў яе кватэры выпраўлена толькі 20 недахопаў з 96 зафіксаваных у акце. І гэта пры тым, што дом быў здадзены два гады таму. Усе тры жанчыны скардзіліся на адсутнасць парадку на тэрыторыі: трава не скошваецца, шмат адкрытых люкаў, металічных труб, якія тырчаць з-пад зямлі, закінутых пляцовак, якія першапачаткова прызначаліся для выгулу сабак, заняткаў спортам, гульні дзяцей — там дагэтуль няма неабходнага абсталявання. Маладая маці паскардзілася на адсутнасць на бетонным пакрыцці дзіцячай пляцоўкі гумавых дыванкоў. Яе дзіця атрымала траўму, калі ўпала з арэляў. Абурэнне выклікала, што вокны ў месцах агульнага карыстання да нядаўняга часу не мелі замкоў. Іх паставілі літаральна перад іх прыёмам у аблвыканкаме. «І гэта ў доме, дзе жывуць шматдзетныя сем’і», — абураліся жанчыны. Не дадае камфорту чыгуначная дарога, якая праходзіць непадалёк. Заяўніцы прасілі ўстанавіць шумапаглынальныя шчыты. Небяспеку прадстаўляе невядома каму належны цеплапункт. Жанчыны лічаць, што ён уяўляе сабой пагрозу, бо ў заняпадзе, а побач знаходзіцца дзіцячая пляцоўка. Яны звярталіся са сваімі праблемамі і ў будаўнічую арганізацыю, і ў абслугоўваючую, і ў кантакт-цэнтр 115, але іх не чуюць. У адказ на пісьмовыя запыты, скардзіліся заяўніцы, прыходзяць пустыя адпіскі.

Анатоль Ісачанка ўважліва выслухаў кожную і спытаўся ў адказных асоб, якія таксама былі запрошаныя на прыём, аб прычынах такой неахайнасці. Ён даручыў на працягу месяца правесці рэвізію таго, што планавалася на гэтых аб’ектах зрабіць першапачаткова па плане, вызначыцца з новымі тэрмінамі выканання работ, узгадніць іх з жыхарамі, каб узяць потым на кантроль. «Нічога звыш рабіць не трэба, — падкрэсліў ён. — Толькі тое, што паабяцалі. А калі абяцанае выканана не будзе, паўстанне пытанне аб адпаведнасці тых, хто даваў гэтыя абяцанні, займаемай пасадзе. Праблемы з’яўляюцца там, дзе або сістэма дае збой, або людзі не працуюць.» Губернатар абурыўся і тым, што фірма, абслугоўваючая дамы, самаўхілілася ад неабходнасці адстойваць інтарэсы жыхароў перад забудоўшчыкам. І гэта пры тым, што атрымлівае грошы за свае паслугі. «Так быць не павінна», — зрабіў выснову губернатар.

Жыхары дома № 1 па вуліцы Кісялёва наогул не могуць усяліцца ў дом пасля капрамонту. У выніку яго пагоршылася работа каналізацыі. Вада, нягледзячы на адсутнасць у доме жыльцоў, пастаянна прыбывае. Жанчына, кватэра якой на першым паверсе, паведаміла, што з моманту заканчэння рамонту ў 2014-м годзе яе жыллё залівала 150 разоў. Прычым знізу, пад напругай стокаў, якія невядома адкуль назапашваюцца і льюцца на паверхню. Людзі ж пакуль жывуць у падменным фондзе і калі вернуцца ў свае кватэры, невядома. «Нашы заяўкі нават у 115 не прымаюць, — скардзяцца жыхары. — Парадокс атрымліваецца: мы не жывем ў доме, а вада прыбывае».
Анатоль Ісачанка даручыў стварыць камісію, уключыць у яе ўсе зацікаўленыя службы, у тым ліку Дзяржбуднагляд, каб прааналізаваць праект, зрабіць экспертызу і ў адпаведнасці з ёй выправіць праблемы.

85-гадовая магіляўчанка прыйшла на прыём да губернатара з прэтэнзіяй да гаспадара крамы, якая знаходзіцца пад яе кватэрай. З першых хвілін яны была настроена па баявому, казала пра тое, што яе сям’я мела шмат заслуг перад дзяржавай і таму патрабуе павагі. У пацвярджэнне сваіх слоў яна ўвесь час даставала з сумкі фота, узнагароды маці, розныя дакументы. Яны паведаміла, што неаднаразова звярталася са сваім пытаннем у гарвыканкам і аблвыканкам, але незадаволеная рэакцыяй адказных асоб. Яна сабрала подпісы жыльцоў, каб забароніць фірме разгружаць тавар каля дома і наогул ставіць там машыны. Губернатар даў даручэнне разабрацца ў праблеме.

Адпаведныя даручэнні дадзены і па ўсіх астатніх зваротах. Усе яны будуць дэталёва вывучаны і вырашаны ў рамках існуючага заканадаўства. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Галіны ГАЎРЫЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.