Вы тут

Лукашэнка прыняў з дакладам Андрэйчанку


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам Старшыню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіміра Андрэйчанку. Спікер ніжняй палаты парламента далажыў аб выніках работы восьмай сесіі сёмага склікання, якая на днях завяршыла сваю работу, расказаў аб перспектывах заканадаўчай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў.


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён у курсе работы парламента, вынікаў гэтай сесіі, і папрасіў расказаць аб праблемах, калі яны ёсць. «Я рады, што мы ўсё-такі робім упор на працу цяперашняга парламента: дэпутаты ўжо вопытныя, уцягнуліся ў работу, — падкрэсліў беларускі лідар. — Цяпер вялікі масіў нарматыўна-прававой работы, нам патрэбна прыняць мора законаў у развіцці палажэнняў новай Канстытуцыі». 

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што роля парламента ў новай Канстытуцыі значна павялічылася. Гэта, па яго словах, нядрэнна, але да такой акалічнасці павінны быць гатовы дэпутаты. 

У сувязі з абноўленай Канстытуцыяй задач перад парламентарыямі пастаўлена нямала. «Гэта і новыя законы, у тым ліку “Аб Усебеларускім народным сходзе”, і па эканоміцы прыйдзецца карэкціравацца, па пераразмеркаванні паўнамоцтваў, што мы ў прынцыпе робім ужо даўно, — заўважыў Прэзідэнт. — Я думаю, мы справімся з гэтымі пытаннямі. Устаноўка няпростая, але людзі шмат што зразумелі, у тым ліку асобныя нашы дэпутаты, крыўдзіцца няма за што». 

Таксама Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што цяпер мы вельмі актывізаваліся ў рабоце на расійскім кірунку: «Захоўваючы суверэнітэт і незалежнасць, мы павінны зрабіць максімум па кааперацыі па эканоміцы, па нашым адзінстве, яднанні — усё зрабіць для таго, каб ніхто не мог кінуць камень у нас, што мы не вырашылі пэўныя пытанні ва ўзаемаадносінах з Расіяй. Таму расійскі кірунак часткова абазначаны ў тых дарожных картах або саюзных праграмах, як мы іх называем. Усё гэта патрэбна ўвасабляць у законы, пры гэтым бачачы нашу дзяржаву ў перспектыве як суверэнную і незалежную». 

Падчас восьмай сесіі дэпутацкім корпусам было разгледжана 60 законапраектаў. 15 з іх — у першым чытанні, столькі ж — у другім. У двух чытаннях дэпутаты адобрылі 13 законапраектаў, а таксама 17 пагадненняў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў. Бягучая заканадаўчая дзейнасць Палаты прадстаўнікоў накіравана на рэалізацыю даручэнняў Прэзідэнта, прывядзенне законаў у адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй — з 90 законаў, якія неабходна прыняць да сакавіка 2024 года, патрэбныя змяненні ўжо ўнесены ў восем законаў (першае чытанне) і 17 законаў (другое чытанне). Шэраг прынятых парламентарыямі законапраектаў звязана з падтрымкай эканомікі і пераразмеркаваннем паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады. Ажыццяўляецца заканадаўчае забеспячэнне і рэалізацыі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, у тым ліку 28 саюзных праграм. 

Сем законапраектаў, чатыры з якіх ужо прыняты на восьмай сесіі, былі ўнесены ў Палату прадстаўнікоў па асабістай ініцыятыве дэпутатаў.

У прыватнасці, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Ліліяй Ананіч быў распрацаваны Закон «Аб генацыдзе беларускага народа». Упершыню на заканадаўчым узроўні прызнаецца факт генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, за адмаўленне генацыду беларускага народа прадугледжана крымінальная адказнасць. Старшынёй Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Людмілай Макарынай-Кібак і намеснікам старшыні камісіі Валянцінай Курсевіч ініцыяваны праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях донарства крыві і яе кампанентаў», прыняты ў першым чытанні. Дакумент падрыхтаваны з мэтай стварэння найбольш спрыяльных умоў для развіцця донарства крыві і забеспячэння даступнасці для насельнітцтва жыццёва важных лекавых сродкаў з крыві і яе кампанентаў. 

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў заўсёды знаходзяцца ў прамым кантакце з людзьмі: чуюць іх праблемы, дапамагаюць іх вырашаць. Толькі за першыя шэсць месяцаў гэтага года парламентарыі правялі 5102 сустрэчы ў працоўных калектывах, арганізавалі 1065 асабістых прыёмаў, прынялі 3420 грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, разгледзелі 4430 пісьмовых і вусных зваротаў, правялі 1704 прамыя тэлефонныя лініі, інтэрнэт-канферэнцый і інш. 

Вельмі часта дэпутацкі корпус можна ўбачыць у працоўных калектывах. Неабходнасць такіх сустрэч абумоўлена сучаснымі выклікамі, на якія апошнім часам усё часцей вымушана рэагаваць наша краіна. Пачуць даставерную інфармацыю аб шматлікіх пытаннях, якія атрымалі грамадскі рэзананс, а таксама тлумачэнне дзяржаўнай палітыкі, якая праводзіцца, грамадзяне маюць магчымасць з вуснаў парламентарыяў, якія з’яўляюцца нярэдкімі гасцямі на прадыпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах. 

У тэму 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА:

— За мінулую сесію намі разгледжана 60 пытанняў. Не менш напружаная работа чакаецца на наступнай, дзявятай, сесіі. Вельмі шырокі спектр пытанняў: прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, вырашэнне шэрагу эканамічных пытанняў, пытанні размеркавання паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі органамі. Прэзідэнтам пастаўлена задача — захаваць набраны тэмп работы. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена распрацоўцы новых законапраектаў. Гэта такія праекты, як Законы «Аб Усебеларускім народным сходзе», «Аб грамадзянскім грамадстве», змяненні і дапаўненні ў Выбарчы кодэкс. Гэта работа ўжо вядзецца. Падрыхтаваны варыянт Закону «Аб Усебеларускім народным сходзе», ён праходзіць узгадненне і, думаю, што пасля разгляду ў Прэзідэнта гэты законапраект у верасні будзе прыняты ў першым чытанні. Прэзідэнтам была звернута ўвага на ўсебаковае абмеркаванне законапраектаў, каб Палата прадстаўнікоў выкарыстоўвала гэтую добрую традыцыю народнай законатворчасці, якая была ў нас падчас абмеркавання праекта новай Канстытуцыі.

Таксама пастаўлена задача, каб мы на працягу 2022 — 2023 гадоў поўнасцю прывялі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй усе законапраекты — іх каля 90, з якіх 25 ужо прынялі. Увесь гэты масіў мы павінны разгледзець да 1 студзеня 2024 года з такім разлікам, каб 25 лютага 2024 года быў праведзены адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых саветаў і на працягу 60 дзён пасля гэтага адбыўся Усебеларускі народны сход.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».