Вы тут

«Славянскі базар» — у прамым эфіры


Лічаныя дні засталіся да пачатку аднаго з самых яркіх і чаканых летніх свят, якое аб'ядноўвае ўсіх, хто любіць музыку, тэатр, прыкладное мастацтва, і дорыць непаўторныя ўспаміны — ХХХІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску — 2022». А тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 3» па нязменнай традыцыі рыхтуюцца паказаць сваёй аўдыторыі шмат цікавага з таго, што будзе адбывацца на культурным форуме.


На працягу ўсіх фестывальных дзён зменіцца лакацыя ў праекта «Добрай раніцы, Беларусь!» — ранішняе шоу часова «прапішацца» ў Віцебску. Акрамя таго, традыцыйна на «Беларусь 1» будуць выходзіць «Дзённікі фестывалю» пасля праграмы «Панарама». Яшчэ ў прамой трансляцыі тэлегледачы ўбачаць знакавыя канцэртныя праграмы «Славянскага базару — 2022», дзе і ўрачыстае адкрыццё (14 ліпеня), «Саюзная дзяржава запрашае...» (15 ліпеня), трансляцыі ХХХІ Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2022» (адпаведна 16 і 17 ліпеня), у нядзелю таксама пакажуць гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі «Натхненне жыцця» і ўрачыстае закрыццё фестывалю з выступленнем такіх вядомых артыстаў, як Алена Ваенга, Наталля Падольская, Уладзімір Праснякоў, Ларыса Доліна і іншых.

А вось у эфіры сацыякультурнага «Беларусь 3» 13 і 14 ліпеня ў дзённым эфіры гледачоў чакаюць прамыя трансляцыі ХХ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск». Два дні вакальных спаборніцтваў можна будзе назіраць пры жаданні з любога пункта краіны. Нагадаем, Беларусь сёлета на конкурсе прадстаўляе Елісей Касіч, а на конкурсе маладых выканаўцаў змагацца за званне найлепшай даручана Ганне Трубяцкой. Як абяцаюць арганізатары, паколькі сёлетні дзіцячы конкурс юбілейны, то ў кожным нумары будуць задзейнічаны танцавальныя і тэатральныя калектывы. І ў першы дзень прадстаўнікі краін прадставяць на суд аўтарытэтнага журы песні кампазітара сваёй краіны на роднай мове. На наступны дзень пачуем ад кожнага ўдзельніка выступленне з песняй на выбар. А 15 ліпеня падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання даведаемся імя пераможцы. У другім аддзяленні нас чакае гала-канцэрт з удзелам выканаўцаў і членаў міжнароднага журы.

Урачыстае адкрыццё самога фестывалю, якое адбудзецца 14 ліпеня, у тэлеэфіры будзем мець магчымасць убачыць у нядзелю 17 ліпеня. Але калі меркаваць па імёнах, якія значацца ў афішы гэтага мерапрыемства, то глядзець яго і чакаць адназначна варта. Сярод артыстаў, што выступяць у гэты вечар, — Грыгорый Лепс, Сяргей Бязрукаў, Анатоль Ярмоленка, арт-група «Хор Турэцкага», Зара, Аляксандр Саладуха, Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча, Тэа, Дзідзюля і многія іншыя. Трэба адзначыць, што сёлета пры стварэнні святочнай праграмы яе арганізатары імкнуліся спалучыць мінулае, традыцыі фестывалю і сучаснасць з яе дасягненнямі, каб паказаць у адзінай палітры, што хоць час і не стаіць на месцы, але душа і гісторыя «Славянскага базару» зберагаюцца кожным наступным пакаленнем. Таму сачыце за тэлепраграмай і плануйце прагляды тых мерапрыемстваў, дзе зможаце адпачыць з асалодай і пад любімыя мелодыі ды адчуць атмасферу культурнага свята міжнароднага маштабу.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?