Вы тут

Неварагодны перфоманс. Адбылася прэм’ера фільма Ірыны Брэль «Абноўка»


У сталічным кінатэатры VOKA CINEMA адбылася прэм’ера другога поўнаметражнага фільма рэжысёркі Ірыны Брэль пад назвай «Абноўка». Душашчыпальная карціна, знятая на ўласныя сродкі, без спонсарскай падтрымкі, па-за межамі Нацыянальнай кінастудыі, заснавана на рэальнай гісторыі, што мела месца ў адным з беларускіх гарадоў 12 гадоў таму.


Самотны хлопчык Лёша (ролю выконвае Міхаіл Бурло) дні напралёт бадзяецца па двары, не маючы занятку. Ён гушкае на арэлях плюшавага мішку, свайго заўсёднага спадарожніка, ды зрэдку наведваецца да адзінага сябра — дабрадушнага Дзеда (героя Генадзя Траццякова гэтак толькі і называюць), які корпаецца ў сваёй «Ластаўцы» на суседніх гаражах. Тым часам маці хлопчыка Люда (Паліна Кацяшава), якая толькі-толькі выйшла з ЛПП, спрабуе наладзіць сваё жыццё, адчайна, але беспаспяхова змагаючыся са згубнымі прывычкамі…

Злавесныя прывіды мінулага (пераважна ў асобах былых сабутэльнікаў) пастаянна нагадваюць аб сабе і ў выніку наганяюць-такі гарапашную жанчыну з яе маленькім сынам. Гэта абарочваецца для абаіх страшэннай трагедыяй — малы на 12 дзён застаецца ў замкнёнай кватэры сам-насам з няпоўнай каструляй грэчкі ды адной толькі крабавай палачкай. Можна ўявіць, якія наступствы абяцае падобнае галавацяпства бацькоў у сапраўдным жыцці, але ў кіно ў фінале хлопчык усё-ткі расплюшчвае вочы і на яго вуснах павісае запаветнае «Мама!»

Гледачы на прэм’ерным паказе ў кінатэатры VOKA CINEMA.

Простая, здавалася б, гісторыя поўніцца непрыемнымі сюрпрызамі. Так, галаўным болем адгукаецца завельмі адвольная храналогія. Гледачу давядзецца прадзірацца праз мангры зманціраваных у незразумелым парадку эпізодаў, што без усякай меры накладваюцца адзін на аднаго. У аснове аўтарскага сінтаксісу відавочна ляжыць не падпарадкавальная, як можна было чакаць ад такой стужкі, а злучальная сувязь. Гэта прымушае сюжэт увесь час таптацца на месцы: за пералічэннямі складана дачакацца нават першага з’яўлення ў кадры маці.

Дадзеная акалічнасць ператварае фільм у падборку сацыяльных ролікаў (на гэтай ніве рэжысёрка, дарэчы, зубы з’ела). Утвараючы высачэзны стос, «аднародныя» эпізоды пагражаюць у любы момант са страшным грукатам паваліцца. Магчыма, не апошнюю ролю сыгралі тут зацягнутасць здымачнага працэсу. Альбо рабочы мантаж падаўся стваральнікам «недаціснутым»: давялося здымаць новыя сцэны, штучна ўклейваючы іх у фільм. Ці наадварот — многае, як часта здараецца, проста не дайшло да гледача.

Горш за ўсё — калі гэтак задумвалася ад пачатку. У такім разе віною тут — сцэнарый Сяргея Анцэлевіча (яго самога можна ўбачыць у фільме ў ролі ўчастковага). Мала, што паміж суседнімі сцэнамі скрозь злучнікі ды коскі, якім канца-краю не відаць, дык яшчэ і флэшбэкі тут без дай прычыны змяняюць візуальна падобныя флэшфорварды. Сачыце за рукамі: вось маці «адкідваецца» з ЛПП з намерам больш не браць у рот нікроплі вось у яе дома змрочная п’янка, іхутка павінны з’явіцца органы апекі (значыць, гэта да ЛПП?), а вось яна зноў на вачах сына шукае па шафках спіртное.

Кадр з фільма.

Уласна кажучы, нармальнаму прагляду фільма «Абноўка» замінае шалёнае «Калі?», якое не выходзіць з галавы ўсе паўтары гадзіны (амаль столькі доўжыцца стужка). Але гэта толькі частка айсберга… Куды, напрыклад, вядуць гледачоў сцэны з участковым і яго жонкай? Яна не можа нарадзіць, таму шукае спосаб усынавіць аднаго з выхаванцаў школы-інтэрната. Закрадваецца думка: «Маці Лёшы відавочна з залежнасцю не спраўляецца, так мо гэтая сям’я ў выніку і дасць прытулак хлопчыку?» Але ж не! Ва ўсякім разе, у кадры мы гэтага не ўбачым. Навошта было так ускладняць гісторыю? Адказаць цяжкавата.

Што ў стваральнікаў атрымалася дакладна (прычым на ўсе сто адсоткаў), дык гэта падрабязна раскрыць у творы заяўленую тэму. Па-першае, бацькоўскі алкагалізм і дзіцячая сузалежнасць, пагадзіцеся, не так часта фігуруюць у якасці сюжэтных рухавікоў у беларускім кіно. А праблема такая перад нашым грамадствам відавочна стаіць — і вельмі востра! І ўсё ж, каб зайсці на гэтае поле, ад кінематаграфістаў патрабуецца сапраўды вялікая смеласць, бо заўсёды ёсць рызыка сфальшывіць, некага пакрыўдзіць альбо, наадварот, дзесьці і «недаціснуць».

Падчас здымак цізера да фільма ў 2016 г.

У «Абноўцы» ж усе акцэнты стаяць роўна на тых месцах, дзе яны павінны стаяць. Пачуцці дзіцяці, якое выглядвае з шафы, пакуль у доме адбываецца перагарнае чорці што, перададзены з такой праўдападобнасцю, што міжволі сам пачынаеш перажываць. Страшна ў халодным пад’ездзе пачуць далёкія крокі, што гулкім рэхам адбіваюцца ад сцен… Страшна зноў прачнуцца ў адзіноце, але бачыць гэтыя твары зноў таксама страшна… Страшна, калі звоняць у дзверы, страшна ісці па скрыпучых масніцах, глядзець у вочка… Пад электрычнае гудзенне кухоннай лямпачкі у кінатэатр пранікае нават пах гэтай кватэры!

Асобнай увагі заслугоўвае праца акцёраў… І тут, безумоўна, усе лаўры забірае сабе сяброўка маці Тамара. Актрыса Юліана Міхневіч, якая ўвасобіла гэты вобраз на экране, учыніла проста неварагодны перфоманс. Перфоманс, які захапляе да дрыжыкаў і пакідае без слоў!.. Як, урэшце, і сам фільм. Ён, з аднаго боку, зачароўвае сваёй дэталёвасцю, а з іншага — для рэжысёра з такім багатым партфоліа Ірына Брэль занадта захапляецца коскамі, не могучы нарэшце паставіць упэўненую кропку — валявы знак прыпынку.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.