Вы тут

Давайце дамовімся!


Дзіцячая служба медыяцыі як спосаб мірнага вырашэння канфліктаў у навучальных установах Беларусі пачала стварацца яшчэ ў 2016-м. За гэты час яна вырасла са школьнай формы і распаўсюдзілася ўжо на ўсю сферу адукацыі. А яшчэ займела тэматычны фестываль «Медыяцыя будучыні для школьнікаў і студэнтаў», які сёлета прайшоў ужо пяты раз. Як падрастае медыяцыя разам з падлеткамі і якія інструменты з'явіліся на дапамогу юным і дарослым медыятарам, расказала Ірына АРЛОЎСКАЯ, намеснік дырэктара цэнтра «Медыяцыя і права».


Калі не можаш сказаць...

Штогод арганізатары стараюцца напоўніць фестываль мерапрыемствамі, неабходнымі дзецям, што займаюцца медыяцыяй, педагогам, што курыруюць службы медыяцыі ў школах, медыятарам-прафесіяналам.

Сёлета склаліся тры асноўныя кірункі, якія спецыялісты стараюцца развіваць: аднаўленчая медыяцыя, медыяцыя для бізнесу і выпрацоўка новых медыяцыйных інструментаў, якія б дапамагалі спраўляцца з вузкімі пытаннямі.

— Яшчэ на мінулым фестывалі быў заяўлены такі інструмент, як арт у медыяцыі. На працягу года дарослыя медыятары апрабоўвалі яго на практыцы, асабліва ў канфліктах з удзелам дзяцей, — падзялілася Ірына Арлоўская. — Асноўная ідэя яго прымянення: не можаш сказаць — намалюй. Медыятарам малюнак дзіцяці дапамагае задаваць пытанні, каб атрымаць інфармацыю і зразумець сітуацыю, якая склалася. Аднак гэта не арт-тэрапія, а інструмент, які дазваляе даведацца, што адбылося.

Праўда, не ўсе ўмеюць маляваць, таму юрысты звярнуліся ў мастацкі каледж, дзе ім дапамаглі стварыць методыку хуткага малявання. Гэта трафарэты, з дапамогай якіх можна намаляваць эмоцыі ці дзеянне, якое адбывалася. І ўжо на сёлетнім фестывалі такую методыку прапанавалі дзецям-медыятарам (якіх у краіне ўжо 120 чалавек), каб яны прымянялі хуткае маляванне ў вырашэнні школьных канфліктаў. Такая методыка, дарэчы, больш не прымяняецца ў медыяцыі нідзе ў свеце, падкрэсліла спецыяліст.

Новы погляд на бізнес-спрэчкі

Падчас фестывалю прайшла навукова-практычная канферэнцыя па пытаннях медыяцыі, на якую адгукнулася шмат суб'ектаў — у асноўным, універсітэтаў з Расіі.

— Аднак у межах канферэнцыі ўзнімаліся пытанні, карысныя менавіта для бізнесу. На канферэнцыі з дапамогай працэдуры медыяцыі разбіраліся кейсы з бізнес-праблемамі, узятыя з ужо разгледжаных судовых спрэчак. У асноўным канфлікты датычыліся дагавораў куплі-продажу, паставак, выканаўчага вядзення адносна ўзніклых даўгоў.

Прайграванне гэтых сітуацый дазволіла ўбачыць магчымасці медыяцыі, існаванне іншых (несудовых) рашэнняў і наступствы для партнёраў. А для непрактыкуючых медыятараў — стала шанцам набыць пэўныя навыкі, — падсумавала Ірына Арлоўская.

— Цяпер на базе матэрыялу, разабранага на канферэнцыі, плануем зладзіць трэнінг, каб распаўсюдзіць практычныя навыкі, здольныя дапамагчы бізнесу ў існуючых умовах убачыць новыя магчымасці ўзаемадзеяння з партнёрамі, у тым ліку замежнымі.

Цела таксама «размаўляе»

Летась у крымінальнае заканадаўства Беларусі сярод іншых змяненняў было ўнесена паняцце медыяцыі. Цяпер спецыялісты спадзяюцца, што будзе створана рабочая група для рэалізацыі пілотнага праекта, які дапаможа напрацаваць пэўныя практыкі. Яны, у сваю чаргу, лягуць у аснову метадалогіі магчымасцяў прымянення медыяцыі ў крымінальным працэсе. Асабліва важна развіваць гэта ў дачыненні да непаўналетніх, лічыць Ірына Арлоўская.

— Названы фестываль праводзіцца як дзіцяча-студэнцкі, каб моладзь атрымлівала дадатковыя навыкі, якімі можна карыстацца, вырашаючы канфлікты ў школе. І мы заўважылі, што менавіта падлеткі ўхапілі сутнасць аднаўленчай медыяцыі, сутнасць работы «па кругах» — то-бок, з групавым канфліктам. Іх эмоцыі, развагі, прапановы па рабоце з пачуццямі, па мінімізацыі шкоды, якая можа быць нанесена, прывялі мяне да думкі аб неабходнасці стварыць нейкае мерапрыемства, дзе галоўнымі дзеючымі асобамі па аднаўленчай медыяцыі стануць дзеці. Менавіта яны накідваюць табе дадатковыя інструменты, як прасцей, як лепш размаўляць, так што мы, дарослыя, фактычна вучымся разам з імі.

Падчас фестывалю для дзяцей зладзілі нават майстар-клас па акцёрскім майстэрстве, каб яны зразумелі, як эмоцыі і пачуцці чалавека адбіваюцца на яго жэстах, рухах, паводзінах, інакш кажучы, пазнаёміліся з мовай цела.

— Пасля заняткаў дзеці падышлі да мяне і расказалі пра мае эмоцыі, паназіраўшы за маімі рухамі на фестывалі. Яны проста «счыталі» мяне, настолькі хутка яны схопліваюць новыя веды, — парадавалася спецыяліст.

Гарэць — дык разам!

У сферы адукацыі, здавалася б, ужо шмат зроблена для развіцця інстытута медыяцыі, аднак не хапае сістэмнасці, не выпрацавана цэльная метадалогія, лічыць спецыяліст:

— Рыхтуючыся да фестывалю, я прасіла педагогаў падзяліцца, чаго не хапае службам школьнай медыяцыі. І педагогі-медыятары адгукнуліся — запусцілі ў інтэрнэце «міравое кафэ», у якім дзяліліся сваім вопытам.

Вынікам стала ідэя стварыць адмысловы педагагічны чат для педагогаў і прафесійных медыятараў, каб падчас канікулаў яны маглі павышаць сваю кваліфікацыю, гаварыць, чаго б ім хацелася, ладзіць нейкія мерапрыемствы для дзяцей, то-бок запусціць гэткае ўсеагульнае навучанне па медыяцыі. Мы хочам узгадніць усё гэта з Міністэрствам адукацыі, каб распаўсюджваць у школах пэўныя матэрыялы для папулярызацыі медыяцыі і абмену вопытам.

Менавіта педагогі-энтузіясты, якія займаюцца медыяцыяй у школах, прапанавалі кансалідаваць намаганні, каб распаўсюдзіць свае веды і ўменні па іншых школах краіны, а не толькі ў сталічных. За гэтыя некалькі гадоў работы дзіцячых службаў медыяцыі яны набылі вопыт, і гэта вельмі добра, кажа медыятар:

— Было, што дзеці прыязджалі на фестываль, загараліся ідэяй медыяцыі, аднак ні адміністрацыя школы, ні педагогі не былі гатовыя ўзяць на сябе такую нагрузку. Каб медыяцыйныя службы ствараліся ў навучальных установах, трэба, каб і дзеці, і настаўнікі «гарэлі» разам. Цяпер ідуць новыя запыты наконт стварэння службаў медыяцыі ў школах, і настаўнікі кажуць, што даведаліся пра працэдуру ад дзяцей.

Майстэрства медыятара — у мастацтве ставіць пытанні, не раз паўтараюць спецыялісты. І дзецям на фестывалі далі магчымасць папрактыкавацца ў гэтым уменні, на працягу гадзіны задаючы пытанні прадстаўнікам розных прафесій. У выніку, спецыялісты з 30-гадовым стажам прызнаваліся: дзеці настолькі адмыслова ставілі ім пытанні, што прыходзілася паглыбляцца ў сябе, каб зразумець, што адказаць.

— Гэта ўжо сведчанне высокага прафесіяналізму дзяцей-медыятараў у школах. І калі ў будучым яны пойдуць у сваю прафесію, то будуць валодаць навыкамі пазітыўнай камунікацыі, уменнем ставіць пытанні, весці перагаворы, што карысна ў любой спецыяльнасці, — мяркуе медыятар.

А яшчэ па выніках фестывалю дзеці знялі дзесяць ролікаў для «Цік-Току». Яны, здаецца, простыя, але вельмі дасціпна расказваюць, што такое медыяцыя і, думаецца, паспрыяюць яе распаўсюджванню. А спецыялісты думаюць запусціць яшчэ і асобныя праекты па медыяцыі ў розных сферах жыцця.

Як стварыць службу медыяцыі ў сваёй школе

Вырашаць праблемы з дапамогай медыяцыі могуць усе ахвотныя. Можна звярнуцца ў цэнтр «Медыяцыя і права», дзе раскажуць, што такое медыяцыя, і параяць, да якога праекта можна далучыцца, каб школьнікі пэўнай установы маглі навучыцца быць медыятарамі. Дапамогуць і педагогі-энтузіясты, якія якраз цяпер, у вольны летні час, гатовыя падзяліцца ведамі і падказаць, што рабіць найперш.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.