Вы тут

Як дзецям бацькоў-п'яніц выбірацца з алкагольнай варонкі?


Дзяцінства — самы бесклапотны і шчаслівы перыяд жыцця. Але, на жаль, не ва ўсіх. Хлопчыкам і дзяўчынкам, бацькі якіх злоўжываюць алкаголем, пашанцавала значна менш. «Маё дзяцінства было сапраўдным пеклам», — прызнаўся знаёмы, у якога і мама, і тата пілі. Яму ўдалося выбрацца з багны і стварыць нармальную сям'ю. Але, на жаль, большасць дзяцей алкаголікаў усё ж такі паўтарае памылкі сваіх бацькоў...

Як выкараскацца з алкагольнай варонкі і пазбавіцца ад глыбокай псіхалагічнай траўмы? Чаму дзеці, калі вырастаюць, часта шкадуюць бацьку-алкаголіка і трымаюць крыўду на маці, хоць тая не піла? Пра гэта і не толькі раскажа дзіцячы і сямейны псіхолаг Таццяна ШАРАНДА.


Пра страх, які параджае агрэсію, і апору ўнутры сябе

— Што адчуваюць дзеці алкаголікаў? Спачатку, вядома, страх. Бо яны жывуць у атмасферы бясконцых скандалаў, крыкаў, мацюкоў, сварак, боек. Па меры сталення ў геаметрычнай прагрэсіі расце пачуццё сораму за паводзіны бацькоў. У школе такія дзеці глядзяць на сваіх аднакласнікаў і не разумеюць: чаму ў іх ёсць мама і тата, а ў мяне як быццам няма? Чаму замест мяне яны выбралі гарэлку? Як вынік — ва ўсіх дзяцей алкаголікаў самаацэнка ніжэйшая за плінтус. Не сакрэт: як любоў параджае любоў, так страх — агрэсію. Яна можа быць накіравана як на навакольны свет (праяўляецца ў бойках, разбіванні шкла, асацыяльных паводзінах), так і на самога сябе. У апошнім выпадку дзіця ціха ненавідзіць бацькоў і, як вынік, пачынае хварэць, каб хоць неяк звярнуць на сябе ўвагу. Ужо потым у такіх хлопчыкаў і дзяўчынак, як ні парадаксальна, можа развіцца пачуццё віны: «Гэта я ва ўсім вінаваты», «Мама з-за мяне не разводзілася». У іх пачынаецца моцная дэфармацыя асабістых якасцяў.

Як такія дзеці пойдуць па жыцці? Звычайна гэта дзве крайнасці. Адны пераймаюць мадэль паводзінаў сваіх бацькоў і сыходзяць у асацыяльны лад жыцця з усімі наступствамі (На жаль, у такіх сем'ях вельмі ранняя сексуальная «асвета» і, як вынік, ранняе сексуальнае жыццё. Акрамя таго, дзеці, бацькі якіх злоўжываюць алкаголем, схільныя да суіцыдальнага мыслення). Іншыя ж выбіраюць дыяметральна супрацьлеглае: жорстка прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця, дэманструюць сваю агіду да спіртнога.

Бацькі, якія злоўжываюць алкаголем, — адна з самых цяжкіх і глыбокіх дзіцячых псіхалагічных траўмаў. І каб ад яе пазбавіцца, недастаткова катэгарычна для сябе не прымаць паводзіны мамы і таты. Траўму абавязкова трэба прапрацаваць. Многія ж замест гэтага падсвядома ўцякаюць ад сваёй праблемы. Да мяне на кансультацыю прыходзіла сямейная пара. Муж і жонка катэгарычна не ўжываюць алкаголь. Яны зацыкліліся на здаровым спосабе жыцця і скардзіліся, што дзеці не падтрымліваюць іх, не хочуць займацца спортам. Калі пачалі разбірацца, аказалася, што і ў мужа, і ў жонкі бацькі — алкаголікі. Менавіта пратэст супраць іх паводзінаў выліўся ў тое, што яны сышлі з галавой у спорт, здаровае харчаванне — што набыло фанатычную форму. Пры дапамозе спорту дарослыя дзеці алкаголікаў скідваюць сваю агрэсію. Але колькі ты ні скідвай, калі гэтую траўму не прапрацаваць, праблема нікуды не дзенецца. Вельмі важна пазбавіцца ад пачуцця нянавісці, якое разбурае знутры. Прыняць той факт, што бацькоў не выбіраюць.

Усе, напэўна, чулі пра групы для ананімных алкаголікаў, але мала хто ведае, што ёсць яшчэ і групы для членаў іх сем'яў. Пра апошнія асабіста я даведалася ад кліенткі, якая прыйшла да мяне падкарэкціраваць адносіны са сваім сынам-падлеткам. Яна і сёння працягвае хадзіць на групавую тэрапію, кажа, знайшла там неверагодную падтрымку ад людзей з такімі ж праблемамі. На гэтых сустрэчах жанчына не толькі засвоіла тэхнікі ўзаемадзеяння з алкаголікам, але, што самае галоўнае, пачала рухацца ў бок да ўнутранага спакою і гармоніі. «Я перастала змагацца за тое, каб муж змяніўся дзеля мяне і дзяцей. Знайшла самую вялікую апору, стала фарміраваць яе ўнутры самой сябе». — «А як ваш муж?» — пацікавілася я. Яна ўсміхнулася: «Не паверыце, але і ў яго таксама пайшлі змены».

Нават калі залежны ад алкаголю толькі адзін з бацькоў, у так званую алкагольную варонку ўцягваюцца ўсе яго блізкія. У такіх сем'ях, дзе жонкі і дзеці — сузалежныя, як толькі мама перастае баяцца і трансліраваць свой страх — усё пачынае мяняцца. Памятаеце, раней былі прыёмнікі, дзе круціш ручку і настройваеш хвалю. Дык вось, дзіця заўсёды на адной хвалі з мамай. І калі мама баіцца, яно абавязкова «здыме» інфармацыю страху. Але як толькі жанчына перастае прысвячаць сваё жыццё толькі выпраўленню мужа і прымае сітуацыю — яна выходзіць на новы ўзровень. Гэта адзін з самых цяжкіх момантаў работы над сабой — прыняць чалавека з дэструктыўнай мадэллю паводзінаў. Яна ўжо ведае, што мужа нападпітку не трэба правакаваць. Размаўляць можна толькі пасля таго, як ён праспіцца. І наогул найлепшая тактыка ў гэтым выпадку — не словы, а дзеянні. На жаль, не ўсе сузалежныя жанчыны гэта разумеюць, таму вельмі часта памылковая мадэль паводзінаў жонкі можа толькі ўзмацніць залежнасць мужа, уцягнуць яго ў алкагольную варонку яшчэ глыбей.

Пра трохвугольнік Карпмана і таксічнае разуменне кахання

— Ад мужа-алкаголіка, які яшчэ і падымае руку, трэба адназначна ўцякаць. Але многія жанчыны да апошняга спадзяюцца: «а можа, ён выправіцца», «куды я пайду з двума дзецьмі», «ён прападзе без мяне». Рэдкія выпадкі, калі мужчына пагаджаецца кадзіравацца. Як правіла, алкагалізм прагрэсіруе і часта канфлікты заканчваюцца пабоямі. Нямала выпадкаў, калі тата кідаўся на маму з нажом на вачах дзяцей. Я асабіста ведаю некалькі такіх жанчын. Цяпер яны жывуць за мяжой. Яны ўцяклі туды ад мужоў, якія мелі вялікія грошы, пілі і пасля папоек рабіліся звышагрэсіўнымі. У цвярозым жа стане былі добрымі татамі, таму жанчыны да апошняга адцягвалі разрыў адносінаў, спадзеючыся, што тыя выправяцца.

Справа ў тым, што ва ўзаемаадносінах, якія атручвае алкаголь, не ўсё так проста, як здаецца. Звычайна прынята ўяўляць жонку п'яніцы ахвярай, бо яе муж п'е, а яна пакутуе. Насамрэч жа такая пара пастаянна мяняецца ролямі. Гэтых роляў, згодна з трохвугольнікам Карпмана, тры: роля прыгнятальніка, роля ахвяры і роля выратавальніка. П'яны муж вярнуўся дахаты і ўчыніў скандал. Адпаведна, ён знаходзіцца ў ролі прыгнятальніка, а яго жонка — ахвяра, бо вымушаная трываць увесь гэты жах. На раніцу мужу дрэнна і ён просіць пахмяліцца. У гэты момант сужэнцы мяняюцца ролямі: муж з прыгнятальніка ператвараецца ў ахвяру, бо жонка крычыць на яго, дакарае. Праз некаторы час жанчына, як правіла, пачынае ратаваць мужа: тэлефануе на работу і хлусіць, што ён захварэў, і, урэшце, шкадуе і дае пахмяліцца. Разбурыць заганную схему ўзаемаадносін вельмі проста: варта толькі дазволіць алкаголіку несці асабістую адказнасць за наступствы свайго п'янства. Не трэба яго кантраляваць, чытаць натацыі і, ледзь што, бегчы яму на дапамогу. Усю ўвагу жонцы алкаголіка варта пераключыць на сябе і сваіх дзяцей. Апошнія ў гэтым трохвугольніку знаходзяцца ў ролі ахвяр, але пры гэтым міжволі засвойваюць, гледзячы на бацькоў, і іншыя ролі. І ў выніку нясуць з сабой у дарослае жыццё дэструктыўную схему ўзаемаадносін.

Дарэчы, вельмі многія саракагадовыя мужчыны і жанчыны, якія прыходзілі да мяне на прыём, казалі пра вялізную крыўду на маці. «Яна не развялася, і мы жылі ў пекле. А цяпер апраўдвае сваё бяздзеянне тым, што цярпела дзеля нас, дзяцей. Лепш жыць надгаладзь, чым з такім татам. Мы цяпер згадваем сваё дзяцінства і бачым, што мама магла прамаўчаць, не ўставіць свае дзве капейкі. Але яна замест таго, каб даць бацьку адаспацца, пачынала крычаць, чытаць натацыі, правакуючы скандал. Калі ж ён разгараўся, усе хаваліся па кутках. І за маму было страшна. Баяліся, што тата ў парыве злосці яе заб'е».

І яшчэ, як гэта ні парадаксальна, некалькі кліентак мне казала, што ў іх з узростам поруч з крыўдай на маму раптам з'явілася шкадаванне да таты. Кажуць: «А я ўсё ж люблю яго». Калі пачынаеш разбірацца, аказваецца, за паняццем любові стаіць таксічны стан шкадавання. Яны кажуць: «Ён нават можа мяне абражаць, гадасці казаць, але ж я разумею, што ён хворы». Тут зноў-ткі ўключаецца ахвярнасць. Больш за тое, дарослая дачка, якая прывыкла быць ахвярай, сама таго не разумеючы, уцягвае ў гэтую гульню ўласных дзяцей: «Аднясі дзядулю паесці», «Пайшлі да дзядулі, ён жа адзін, няшчасны, напалову паралізаваны». Унукі прыходзяць туды, а там — перагар, бясконцыя мацюкі. Нядзіўна, што дочкі
алкаголікаў з таксічным разуменнем кахання часта выбіраюць сабе мужа, падобнага да бацькі, і ўсё жыццё знаходзяцца ў звыклай пазіцыі ахвяры.

Пра дзяцей «другога сорту» і свядомага тату

— Самая хваравітая рэакцыя на бацькоў-алкаголікаў — у падлеткавым узросце. Для падлетка вельмі важна быць прынятым сярод сваіх адканагодкаў. Але дзецям алкаголікаў складана знайсці кантакт з дзецьмі з нармальных сем'яў. Яны міжволі пачынаюць адчуваць сябе непаўнацэннымі, людзьмі «другога сорту». Таму вельмі часта падлеткі з праблемных сем'яў стараюцца трымацца разам. На жаль, вельмі часта яны падвяргаюцца булінгу (цкаванню) у класе.

Хацелася б, каб большасць дзяцей бацькоў-п'яніц выбіралася з алкагольнай варонкі. Але, на жаль, на практыцы часцей за ўсё я бачу, што яны ідуць па нахіленай, выбіраючы дэструктыўны шлях. У якасці прыкладу магу прывесці сям'ю, дзе тата п'е, а мама — не. Жанчына два разы замужам, у яе трое дзяцей ад аднаго алкаголіка, трое — ад другога. Пяцёра з іх пайшлі па асацыяльным шляху — прастытуцыя, крадзеж, дармаедства, у аднаго з іх ужо алкагалізм, пакуль не ў цяжкай форме, але тым не менш. Хочацца верыць, што хоць апошняя дзяўчынка (ёй яшчэ толькі 12 гадоў) здолее выкараскацца з гэтай багны. Справа ў тым, што дзеці, гэтак закладзена прыродай, з нараджэння капіруюць мадэль паводзінаў сваіх бацькоў. Сацыяльныя ж навыкі фарміруюцца дзесьці да 6-7 гадоў. А што можа сфарміравацца, калі тата ўвесь гэты час прыходзіў дадому п'яны, лаяўся, біў...

Алкагалізм — вялікая бяда, галоўны вораг сям'і. Але алкаголік-мама на парадак страшней за алкаголіка-тату. Ведаю адну такую маці. Яна з вельмі інтэлігентнай сям'і. Мае дзве вышэйшыя адукацыі, займала дастаткова высокі пост. Што з ёй адбылося, невядома. Мяркую, што дзяўчынка была пад моцным кантролем бацькоў, а калі яны з'ехалі працаваць за мяжу, пакінуўшы 20-гадовай дачцэ кватэру, тая разышлася. Жанчыне толькі 30, але ў яе ўжо пачалося разбурэнне на ўзроўні асобы. Пакуль яна адзяваецца прыгожа, бо бацькі дасылаюць грошы. Але гэта ўжо твар абсалютна спітай асобы. Яна разведзеная, мае маленькую дачушку. Апошняй, калі так можна сказаць, пашанцавала, бо ў яе ёсць прабабуля, якая забірае праўнучку да сябе.

Вельмі цяжка, калі ў кабінет прыходзіць мужчына, які адзін выхоўвае дзвюх дзяўчынак. Бо мама п'е, гуляе, надоўга сыходзіць з дому. Дапамога дзецям можа быць толькі праз гэтага свядомага тату з моцнай бацькоўскай пазіцыяй. Ён шукае шляхі, спрабуе... Па такім бацьку можна зразумець, што ўначы ён не прывядзе новую жанчыну, бо вельмі хвалюецца за сваіх дачок.

Страшней за маму, якая злоўжывае, могуць быць толькі двое бацькоў з залежнасцю. І нават у гэтым выпадку, калі побач знаходзіцца хтосьці разумны з найбліжэйшага асяроддзя — бабулі, дзядулі, цёткі, дзядзькі, якім неабыякавы лёс дзіцяці, ёсць шанц, што ўсё складзецца добра і малечу выцягнуць з алкагольнай багны. Калі ж нікога няма, то адзінае спадзяванне — на сацыяльныя службы, на выхавацеляў садка, школьных настаўнікаў, якія звернуць увагу на вонкавы выгляд дзіцяці, яго псіхаэмацыянальны стан, празмерную худзізну. Бо, на жаль, самі дзеці не ў стане сябе абараніць...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.