Вы тут

Новаспечаныя студэнты пачынаюць уплываць на цэны здымных кватэр у жніўні


Для іншагародніх студэнтаў першая цяжкасць пры паступленні ў інстытут — зусім не сесія, а пошук кватэры. Гэта калі не далі інтэрнат, а такое здараецца нярэдка.

Новаспечаныя студэнты сталічных ВНУ пачынаюць уплываць на рынак арэнды жылля ў сярэдзіне жніўня. Але «прасунутыя» студэнты і маладыя спецыялісты займаюцца пошукам жылля ўжо ў ліпені. У другім месяцы лета, як правіла, яшчэ не назіраецца сезоннага ажыятажу і выбар кватэр яшчэ досыць вялікі. Але...


Фота: pixabay.com

У параўнанні з першым месяцам лета колькасць запытаў па пошуку здымнага жылля павялічылася амаль на трэць, і гэтая тэндэнцыя мае ўсе шанцы на працяг.

Толькі лічбы: прапанова расце і зніжаюцца цэны

Згодна з інфармацыяй аддзела аналітыкі партала Realt, у параўнанні з маем, попыт на арэнду кватэр у чэрвені і ліпені ў Мінску вырас на трэць, але прапанова ўсё роўна працягвае расці і ўстанавіла новы рэкорд. Цяпер на рынку доўгатэрміновай арэнды жылля ў сталіцы аб'ём прапановы кватэр дасягае 17 тысяч аб'ектаў. Больш за 8 тысяч такіх здымных кватэр трапіла ў доўгатэрміновую арэнду менавіта сёлета, калі стала вядома, што кватэрамі на суткі ў летнім сезоне будзе карыстацца мінімальная колькасць кліентаў.

Эксперты рынку нерухомасці адзначаюць: нягледзячы на тое, што пачатак лета ў сталіцы звычайна характарызуецца высокім попытам на кватэры ў арэнду, сёлета пошукавая актыўнасць патэнцыяльных арандатараў была пасрэднай. За апошні месяц колькасць пошукавых запытаў «зняць кватэру ў Мінску» павялічылася, аднак у параўнанні з мінулымі гадамі іх колькасць для чэрвеня і ліпеня ў сярэднім ніжэй на 5—10 %.

Тым не менш, нягледзячы на нізкі попыт, колькасць арэндных кватэр у базе працягвае расці. У параўнанні з маем іх стала больш яшчэ на 3,5 %. У большасці сваёй прапанова вырасла за кошт адна- і двухпакаёвых кватэр (плюс 4 % за месяц у абодвух выпадках), ледзь меншы рост, на 3 %, адзначаўся ў трохпакаёвых кватэр. А бягучы ўзровень прапановы на 70 % вышэйшы, чым у пачатку лета 2021 года.

Сярэднія значэнні арэндных ставак у большасці сваёй працягвалі зніжацца. Найбольш адчувальна «аселі» аднапакаёвыя кватэры (мінус 1,2 %), якія цяпер арандуюцца ў сярэднім за 256 долараў. Двухпакаёвыя кватэры знізілі цэны не так значна (мінус 0,6 %) — 318 долараў, а трохпакаёвыя наогул застылі на месцы — 402 долары.

Варта адзначыць, што цяперашнія цэны арэнды кватэр у межах сталіцы ў сярэднім на 4—5 % ніжэйшыя, чым год таму.

У свой час людзі, у якіх былі грошы, укладвалі свае фінансы ў набыццё жылой нерухомасці, што прыносіла значны і стабільны даход у выглядзе арэндных ставак. На працягу чатырох апошніх гадоў гэтая даходнасць была значна вышэй ад разлічанай даходнасці па валютных дэпазітах. На фоне зніжэння цэн на кватэры, інвестыцыйная прывабнасць арэнды працягвае зніжацца. У той жа час максімальная даходнасць валютных дэпазітаў у лютым—маі паказала значны скачок, а цяпер — невялікае зніжэнне. Аднак і цяпер даходнасць па валютных дэпазітах (7,5 %) амаль на тры пункты вышэй ад інвестыцыйнай прывабнасці здачы ў арэнду кватэр (5,8 %).

У пошуку бюджэтных кватэр

Спецыяльны сталічны сайт нерухомасці hata.by падлічыў, што пры самастойным пошуку здымнай кватэры сярэдняя цана арэнды аднапакаёвай кватэры складае 210 долараў, двухпакаёвай — 262 долары, трохпакаёвай — 298 долараў.

Калі звузіць рамкі пошуку выключна недарагімі кватэрамі, то рэальная карціна для небагатых студэнтаў і маладых спецыялістаў будзе выглядаць вось так. У бюджэтным варыянце аднапакаёвая кватэра будзе каштаваць у арэнду 160—200 долараў, двухпакаёвыя апартаменты — 200—250 долараў, а трохпакаёвыя — да 280 долараў. Тут варта заўважыць, што такое жыллё будзе далёка ад цэнтра горада. Да таго ж самыя танныя кватэры размешчаны на крайніх паверхах шматпавярховых дамоў, а мэбля — у неідэальным стане.

Сёлета яркага дэфіцыту патрэбнага кватарантам жылля пакуль не назіраецца, а актыўна «вымываюцца» толькі самыя бюджэтныя аб'екты. Колькасць свабодных кватэр за месяц нават трохі павялічылася. Але бюджэтных кватэр становіцца ўсё менш.

З «наваротамі»

Хай дэфіцыт не зашкальвае, але кватэру студэнтам пашукаць прыйдзецца. Мы падрыхтавалі для іх некалькі парад.

Першае — спытаць у будучых аднагрупнікаў, ці не шукае хтосьці сабе суседа. Інфармацыйных варыянтаў дапамогі маса: тэматычныя рэсурсы і форумы, паблік у сацыяльных сетках, тэлеграм-каналы, дзе збіраюць свежыя прапановы з розных сайтаў і яшчэ шмат чаго.

Дарэчы, у некаторых універсітэтах вешаюць дошкі аб'яў, дзе жыхары навакольных дамоў размяшчаюць прапановы. Варта прыгледзецца: можа быць, і ў вас такая ёсць. Падчас ажыятажу з агенцтвамі звязвацца цяжка. Яны ж прапануюць адну кватэру на некалькі дзясяткаў чалавек, таму атрымліваецца гульня навыперадкі «хто першы дабег — той і зняў». А яшчэ інфармацыя аб кватэрах часта не адпавядае рэчаіснасці. Кліентаў звычайна завабліваюць заніжанай арэнднай цаной, а ў рэальнасці яна вышэйшая.

Упэўнена заяўляю: здымаць жыллё ў аддаленых раёнах сталіцы нават добра. Маладым іншагароднім так спачатку прасцей вывучыць горад. Да таго ж пакоі і кватэры не ў цэнтры могуць каштаваць адчувальна танней. Акрамя таго, цэны на кватэры змяняюцца ў залежнасці ад сезона. Напрыклад, у канцы ліпеня і ў жніўні попыт на жыллё расце. Пік спадае дзесьці да канца лістапада. Да наступнага лета ўсё застывае на адным узроўні. Таму або пажыві пару месяцаў у кагосьці і шукай варыянт потым, або задумвайся над пошукам кватэры загадзя.

Не варта баяцца доўгай дарогі на вучобу і дадому. На самай справе ў студэнцтва шмат вольнага часу, плюс у дарозе можна нешта вучыць.

Студэнт жа таксама чалавек

Большасць уладальнікаў кватэр першапачаткова з асцярогай ставіцца да студэнтаў і наогул да адзінокіх. Усе хочуць бачыць сваімі арандатарамі маладую сямейную пару.

Як жа знайсці паразуменне з гаспадаром такога патрэбнага жылля? Тут галоўнае не вонкавы выгляд, а ўменне пераконваць. Калі ты малады і адзінокі, без вечарынак не абысціся: на вуліцы збірацца холадна, а ў кафэ — дорага. Варта сумленна папярэдзіць гаспадароў, што госці будуць. Але ты гарантуеш чысціню і парадак. Увогуле, прыйдзецца пагаварыць па-даросламу. І паводзіць сябе гэтак жа. Не варта заводзіць коцікаў і сабачак употай ад гаспадароў. Усё роўна заўважаць.

Такім чынам, ты знайшоў жыллё, якое выглядае прыстойна на фотаздымках і падыходзіць па цане. Далей трэба стэлефанавацца з гаспадарамі, каб паглядзець кватэру. Калі пры знаёмстве арэндадаўца здаецца вам хоць бы трохі дзіўным — бяжыце. У будучыні гэтыя дзівацтвы могуць праявіцца ў дзвесце разоў мацней.

Бывае, класная кватэра засланяе вочы, і зусім не ўнікаеш, які гаспадар чалавек, а гэта вельмі важна. Трэба адразу дамаўляцца аб распісцы і пераводзе грошай — лепш на картку, абмеркаваць умовы магчымых рамонтаў-паляпшэнняў і гэтак далей. А то вось мой знаёмы зняў утульную кватэру, зрабіў там касметычны, але дарагі рамонт, а яго адразу папрасілі вызваліць памяшканне — у выніку ён прагарэў на досыць вялікую суму.

І яшчэ, калі на праглядзе падлашчваюцца і проста гатовыя «зніжачку зрабіць» — нешта нячыста. Чалавек, які здае кватэру, ведае, колькі каштуе яго жыллё, і не стане без прычыны апускаць цану. Гэта дакладна.

Лепш заключыць дагавор, нават калі падатак будзеш плаціць ты

Аформіць «сяброўства» з гаспадаром лепш на паперы. Гэта гарантыя і для цябе (што жыллё будзе пэўны перыяд і плаціць трэба фіксаваную суму), і для арэндадаўцы (што ты не з'едзеш, будзеш прыносіць грошы, а да яго не завітае падатковая). Так спакайней усім. Але...

Афіцыйная рэгістрацыя паміж кватарантам і ўласнікам мае на ўвазе, што гаспадар кватэры павінен плаціць падатак за свой прыбытак. Падатак залежыць ад колькасці пакояў у кватэры. Як правіла, гаспадары дамаўляюцца пра «кампенсацыю» гэтага падатку. Звычайна падатак дзеляць з разліку 50 на 50, але доўг выплаты падатку застаецца за ўласнікам.

У дамове трэба абавязкова зафіксаваць усе важныя моманты. Яны датычацца ўмоў вяртання закладу (калі ён ёсць), стану кватэры (мэблі, тэхнікі, рамонту) да твайго выезду. Варта дамовіцца загадзя і пра тое, хто аплачвае камуналку. Калі гэта робіць гаспадар, прасі паказаць «плацёжкі»: былі выпадкі, калі яны штучна завышаліся. Ты аддаеш 100 рублёў, а рэальна гаспадар плаціць толькі 80.

Правяраць лепш за ўсё пры засяленні

У аб'яве пішуць, якая кватэра добрая, але на практыцы — ідэальных практычна не бывае. Лепш загадзя падрыхтаваць спіс рэчаў, якія абавязкова трэба праверыць. Першае — гэта вокны. Ці дзьме там з усіх шчылін, ці адкрываюцца рамы. Лепш, каб стаялі шклопакеты.

Другі па значнасці пункт — сантэхніка, асабліва бачок у прыбіральні. Не саромейцеся націскаць на ўсё і круціць краны, бо гэтым трэба будзе карыстацца. Потым ідзе бытавая тэхніка. Яе трэба старанна праверыць, у якім яна стане: калі нешта зламанае, удакладніць, ці ў курсе гаспадар, што так ужо было. Гэта важна зафіксаваць, каб потым не расплачвацца за чужую шкоду. І яшчэ, асобна трэба праверыць уваходныя дзверы. Пераканацца, ці не захрасаюць ключы, ці ўсе замкі надзейныя і працуюць. Калі ў цябе ёсць нейкія асаблівыя патрабаванні (напрыклад, алергія на спецыфічныя пахі), лепш адразу спытаць, ці былі да гэтага часу ў кватэры кошкі або іншая жыўнасць.

Касметычны рамонт вітаецца

Не трэба думаць, што савецкая шафа ў пакоі прыкручана да падлогі. Яе можна і трэба перасоўваць. Калі хочаш прывезці сваю мэблю ці, наадварот, пазбавіцца ад часткі гаспадарскай — не саромейся пра гэта спытаць. Як правіла, уласнік будзе толькі «за», таму што хтосці прывядзе іх жыллё ў парадак.

Зусім не абавязкова перафарбоўваць падлогу і сцены: тыя ж плямы на шпалерах можна замаскіраваць дэкаратыўнымі налепкамі або плакатамі. А працёрты ламінат або лінолеум выдатна маскіруецца недарагім дываном.

І апошняе. Студэнты, асабліва першакурснікі, павінны быць гатовыя з'ехаць у любы момант. Аднойчы сын маіх знаёмых адзначаў здадзеную сесію, ды так, што суседзі паскардзіліся гаспадарам. Апошнія прыехалі на наступны ж дзень і папрасілі яго хуценька з'ехаць, нягледзячы на заключаны дагавор. Потым яны дамовіліся на падаўжэнне тэрміну высялення на тыдзень, але кватэра была страчана. А калі б студэнты былі знаёмыя з суседзямі і папярэдзілі іх аб запланаванай пагулянцы, то экстраннага высялення можна было б пазбегнуць.

Арэнда пакоя ратуе, калі не ўдалося знайсці суседзяў для кватэры. Але гэта яшчэ больш ненадзейны варыянт. Гаспадары не трымаюцца за цябе гэтак жа, як пры зняцці жылля цалкам, таму могуць папрасіць з'ехаць у самы нечаканы момант.

У Віцебску — прыватнае, у Гродне — ёсць і дзяржаўнае, а ў Брэсце яно дарагое

За колькі можна зняць кватэру ў Віцебску? У горадзе рэальна нядорага арандаваць нерухомасць на працяглы тэрмін, але для гэтага прыйдзецца праглядзець мноства варыянтаў. Да таго ж прапановы без пасрэднікаў абыходзяцца танней. Для эканоміі можна скарыстацца прапановай па падсяленні. Такія варыянты стартуюць са 130 рублёў у месяц.

Каб зняць менавіта кватэру, прыйдзецца выдаткаваць больш. Цэны на аднапакаёвыя кватэры стартуюць з 80—100 долараў у месяц. Па такой цане будзе жыллё не вельмі добрай якасці. Як правіла, без мэблі і першы паверх. Сярэдні цэннік аднапакаёвай кватэры ў гэтым абласным цэнтры знаходзіцца ў дыяпазоне 130—150 долараў.

А ў Гродне вызваліліся 13 дзяржаўных кватэр, якія можна ўзяць у арэнду. Усяго ў спісе 4 — аднапакаёвыя, дзве — трохпакаёвыя, астатнія — двухпакаёвыя. Шэсць жылых памяшканняў прызначаныя для першачаргавікоў, уключаючы адну — для суддзяў і пракурорскіх работнікаў. Амаль усе кватэры добраўпарадкаваны, у дзвюх з іх — частковыя выгоды. Напрыклад, на Савецкай, 15 няма ваннай, газавая калонка, а на Пралетарскай, 8 адсутнічаюць цэнтральнае ацяпленне, каналізацыя, гарачая вада, газ — у балонах. У гэтых кватэрах месяц арэнды жылля абыдзецца ад 72,95 да 246,53 рубля ў залежнасці ад плошчы кватэры і наяўнасці камунікацый.

Першачаргавікі заплацяць менш: для іх да арэндай платы ўжываецца паніжальны каэфіцыент — 0,1 з улікам складу сям'і. Заявы на прадастаўленне арэнднага жылля прымаюць службы «Адно акно» адміністрацый Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў да 21 ліпеня ўключна. Ад першачаргавікоў — служба «Адно акно» Гродзенскага гарвыканкама.

У Брэсце ёсць прапановы па здачы асобнага жылля або на падсяленне. Апошні варыянт бюджэтны, часцей за ўсё яго выбіраюць студэнты і працоўная моладзь. Зняць пакой у Брэсце каштуе ад 140 рублёў у месяц. Арандаваць аднапакаёвую кватэру («маласямейкі») або пакой у прыватным сектары з асобным уваходам, але без выгод, атрымаецца прыкладна за 280 рублёў. Паўнавартасная аднапакаёвая жылплошча з «бабулінай» мэбляй абыдзецца даражэй — ад 110 долараў. Сярэдні цэннік невялікай, але дагледжанай кватэры складае ад 130 да 150 «зялёных». Двухпакаёвыя кватэры прапануюцца за 150—180 долараў. А самая высокая арэндная стаўка ў Брэсце на трохпакаёвую нерухомасць — 180—210 долараў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».