Вы тут

«Літаратуразнаўства дае зразумець, што краіна з гісторыяй — моцная»


Пра каштоўнасць слова здаўна складзена шмат прыказак і прымавак. Нездарма — дастаткова далучыцца да беларускага слова праз кнігі. Але беларуская літаратура — гэта больш чым проста прыгожае пісьменства, хоць і яно само па сабе прыцягальнае. У нашай літаратуры не вельмі шмат аўтараў, якія пісалі дзеля чыстай красы, лічыць Ганна Кісліцына, доктар філалагічных навук, загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Зусім не проста так літаратуру даследуюць на высокім навуковым узроўні: яна фіксуе рэчаіснасць, адпаведна, фіксавала працэсы і этапы станаўлення нашай дзяржаўнасці. У розныя часы даследчыкі звярталі ўвагу: каб лепш разумець сваю краіну, трэба чытаць яе кнігі. Пра задачы літаратуразнаўцаў і рысы дзяржаватворчасці ў літаратурным працэсе была наша размова:


1. Высокія мэты

— Калі паглыбіцца ў гісторыю беларускай літаратуры, то будзе відавочна, што пісьменнікі ў нас ніколі не кіраваліся жаданнем толькі развесяліць ці выхаваць. Кожны раз, калі яны браліся за пяро, то мелі больш значныя мэты. Ужо ў першых палемічных творах — рэлігійных і свецкіх — паўставалі пытанні дзяржаўнасці. Чаму? Таму што пісалі іх людзі высокаадукаваныя, яны працавалі пры тых, хто трымаў уладу. Адпаведна, жылі іх зацікаўленасцямі, былі ў сферы дзяржаўных інтарэсаў. Летапісы і сказанні адлюстроўвалі, сярод іншага, узаемаадносіны паміж краінамі. Думанне на дзяржаўным узроўні ў прынцыпе характэрнае для літаратуры, і не толькі апошніх стагоддзяў. Наадварот — нашы пісьменнікі разняволіліся хіба ў ХХ стагоддзі: сталі думаць пра сябе як аб прыватным чалавеку, пачалі пісаць лірычныя вершы і г. д. Гэта добра прасочваецца ў кнізе Івана Саверчанкі «Міжнароднае супрацоўніцтва Беларусі», дзе ёсць глава пра знешнюю палітыку Беларусі з ІХ—ХХ ст., у якой выкарыстоўваюцца літаратурныя матэрыялы. Прынята лічыць, што беларуская мастацкая літаратура вырасла з фальклору толькі ў ХІХ стагоддзі, хоць і да гэтага мы мелі вялікі пласт перакладных твораў. Працэс вывучэння, збірання і пераасэнсавання спадчыны звязаны з дзейнасцю філаматаў і філарэтаў, якія ў свой час выбудоўвалі нацыянальны светагляд і марылі пра самастойную дзяржаву. Тыя з іх, хто прыязджаў з Вільні дадому, збіралі фальклор, запісвалі паданні. Можна казаць, што рамантызм як стыль вырас у нас з фальклору. Містычная балада Адама Міцкевіча «Рамантычнасць», створаная паводле народнага падання, стала праграмным творам для нацыянальнага рамантызму. Адзін з кіраўнікоў тайнага студэнцкага таварыства філарэтаў Ян Чачот, які працаваў у бібліятэцы Храптовічаў на Навагрудчыне, адстойваў інтарэсы самага бяспраўнага класа тагачаснага беларускага грамадства — сялянства, выказваўся за адмену прыгоннага права. Пачынальнік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч па адукацыі быў юрыст, яго творчасць і грамадская дзейнасць будзілі самасвядомасць беларусаў, а ідэі леглі ў падмурак беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX ст. Вінцэсь Дунін-Марцінкевіч, які быў служачым у Мінскай крымінальнай палаце, таксама марыў пра справядлівасць у грамадстве. Кожны з нас ведае «Пінскую шляхту», дзе ёсць сцэна суда, — па сутнасці, гэта пра ўзаемаадносіны чалавека і дзяржавы. Нездарма імёны нашых класікаў згадваюцца сёння ў лекцыях па праве. Яны займаліся не толькі вершамі ці апрацоўкай фальклору, але і пісалі публіцыстычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы. Ідэі дзяржаўнага будаўніцтва ў ХХ ст. знаходзім мы і ў творчай спадчыне Янкі Купалы, Якуба Коласа, Луцкевічаў, Я. Лёсіка, В. Ластоўскага, Луцкевічаў.

2. Моўная прастора

— Беларускія літаратуразнаўцы заўсёды былі заангажаваныя ў літаратурны працэс, у тым ліку ў якасці пісьменнікаў, крытыкаў і публіцыстаў. Але перадусім яны былі дзейнымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, якія фарміравалі грамадскую думку і фармулявалі нацыянальныя інтарэсы. Айчынная навука пра літаратуру ніколі не замыкалася сама на сабе. Гэта добра відаць з кнігі «Нарысы па гісторыі беларускага літаратуразнаўства», якую мы зараз падрыхтавалі. Адной з мэт дадзенай кнігі з’яўляецца пашырэнне абсягу літаратуразнаўчага поля, увядзенне ў навуковы ўжытак новых, а часам і вядомых постацей, чый літаратуразнаўчы плён раней быў альбо недаацэнены, альбо праігнараваны з розных прычын. Адной з іх з’яўляецца тое, што гісторыя літаратуразнаўства Беларусі раней абапіралася выключна на тэксты, створаныя на беларускай мове. Між тым сёння ў нас ёсць усе падставы гаварыць, што і літаратурная крытыка, і літаратуразнаўства, як і прыгожае пісьменства Беларусі, заўсёды былі шматгалоснымі, бо ствараліся ў краіне, дзе на працягу не аднаго стагоддзя гаварылі на розных мовах. Ігнараванне гэтага факта вяло да таго, што з поля навуковага зроку выпадалі не толькі шматлікія тэксты, але і асобныя жанры, бо беларуская мова да пэўнага часу не была мовай навукі. Асэнсаванне літаратурных працэсаў раней было ўключана ў сферу філасофіі, эстэтыкі, гістарычных штудыяў, таму, напрыклад, структура тэксту, выразныя сродкі мовы разглядаліся ў межах такіх пераважна прыкладных дысцыплін, як, напрыклад, рыторыка. Калі мы звернемся да прац 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя, то зразумеем, што выбар на карысць адной мовы быў свядомы і выкліканы жаданнем стварыць нацыянальную дзяржаву. Таму не толькі польскамоўная, нават лацінскамоўная літаратура пацярпела — ёю ніхто не займаўся. Максім Гарэцкі ў «Гісторыі Беларускае літаратуры» дзяліў літаратуру на беларускую, якая вырасла з фальклору, польскую, якую ён лічыў рамантычнай, і расійска-беларускую (аўтары, якія гадаваліся на расійскай культуры). Але нават у яго была тэндэнцыя лічыць гэта ўсё маргінальным, а беларускую літаратуру — сапраўднай. Той жа думкі былі і Усевалад Ігнатоўскі, і Адам Бабарэка.

Сёння мы павінны вярнуць тых аўтараў, якія ў нас нарадзіліся, гадаваліся, працавалі. Тым больш што суседнія дзяржавы ад нас увесь час нешта адшчыкваюць, а мы аддаём, бо напісана не па-беларуску. Але калі мы адмаўляемся ад нейкіх імёнаў, то аказваецца, што мы адмаўляемся ад нейкіх стыляў. Напрыклад, Адам Бабарэка казаў, што, калі пайсці за некаторымі навукоўцамі, якія гатовыя да нас усё цягнуць, высветліцца, што ў нас ёсць і сентыменталізм — у Дуніна-Марцінкевіча, і рамантызм — у Міцкевіча, Рыпінскага і Баршчэўскага. А калі так, то знойдзецца яшчэ і «мастацтва дзеля мастацтва» — у Купалы і Багдановіча. Сёння мы разумеем, што гэтая разнастайнасць вельмі важная, бо фарміруе погляд на нацыянальную культуру, якая насамрэч была развітой. Таму неабходна дадаваць у падручнікі імёны тых, хто пісаў на іншых мовах, пры гэтым паважаючы і ставячы сваю на першае месца.

3. Урокі гісторыі

— На лаціне былі напісаны паэмы Яна Вісліцкага і Міколы Гусоўскага. У гісторыі літаратуры 1977 года было ўсяго пару абзацаў пра гэтыя творы. Нават «Песня пра зубра» да апошняга доўгі час не лічылася часткай беларускай культуры. Надрукавалі яе ў перакладзе Язэпа Семяжона толькі ў 1968 годзе. Між тым у іх увасабляецца ідэя моцнай самастойнай дзяржавы. І вось менавіта таму такім важным з’яўляецца літаратуразнаўства: яно дае ўсведамленне пра тое, што краіна са сваёй адметнай гісторыяй — моцная краіна.

Цікавасць да літаратуры ідзе хвалямі. Увага да філалогіі ўзнікае кожны раз, калі паўстае пытанне незалежнасці дзяржавы. Так, у 20-я гады ХХ стагоддзя паўстаў Інбелкульт, першая беларуская навуковая арганізацыя, якая была рэарганізаваная ў Беларускую акадэмію навук. З нагоды 100-годдзя гэтай арганізацыі сёлета праводзілася шмат канферэнцый у межах Года гістарычнай памяці. З іх вынікае, што Інбелкульт сёння — гэта ўзор таго, як могуць мабілізавацца творчыя, культурныя і навуковыя асяродкі, калі перад імі стаіць задача нацыянальнага адраджэння і калі ім даецца рэальная магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял. Рэалізаваць даўнюю мару беларусаў пра стварэнне сваёй уласнай гуманітарыстыкі. Інбелкульт — гэта сімвал таго, што ўздым свядомасці можа ствараць цуды, якім, уласна кажучы, і было з’яднанне супольнасці аднадумцаў у арганізацыю, якая стала і даследчым інстытутам, і асветніцкай установай, і прыстанішчам для творчай арганізацыі «Маладняк». Але перш за ўсё пляцоўкай, якая фарміравала вобраз самой Беларусі. Інбелкульт для навукоўцаў — гэта да ўсяго і ўзор дэмакратычнай арганізацыі працы, бо, як мы ведаем, у арганізацыі існавалі пастаянныя камісіі, якія праводзілі навуковыя даследаванні, і секцыі, якія ўяўлялі сабою навуковыя таварыствы. Яны супольна вызначалі навуковыя прыярытэты, абмяркоўваючы іх і вынікі працы праз сустрэчы з шырокай грамадскасцю, напрыклад, на адкрытых навуковых пасяджэннях. Уласна кажучы, сто гадоў таму было рэалізавана тое, што ставіцца ў сучаснай навуцы адной з надзённых задач, а менавіта сувязь навукі з практыкай. За гэтым стаіць не толькі пытанне арганізацыі навуковага працэсу. Як вядома, Інбелкульт быў параджэннем уздыму нацыяльнага духу, але ў сваю чаргу ён і сам выклікаў цэнтрабежныя сілы, якія праз гэтую ўвагу да думкі і меркаванняў шырокіх мас спарадзілі веру людзей, далёкіх ад акадэмічнай навукі, ва ўласныя сілы, важнасць іх мясцовых мікрадаследаванняў і тым самым спрыялі ўздыму незвычайнай цікавасці да гісторыі, мовы і культуры краіны.

4. Веданне кантэксту

— Нешта падобнае было ў 90-я гады мінулага стагоддзя з набыццём незалежнасці. Зноў узнікла цікавасць да ўласнай культуры, да мовы. Калі нацыянальная літаратура актуалізавалася, з’явілася цікавасць да яе як да прадмета даследавання. А калі ўзнікае новы прадмет даследавання, адпаведна, узнікаюць і новыя метады даследавання. Напрыклад, беларускую літаратуру сталі больш глыбока вывучаць у кантэксце еўрапейскай. Праўда, узнікла адна праблема: вельмі хацелася знайсці паралелі з еўрепейскай літаратурай, але не заўсёды ўлічваўся кантэкст. Сёння літаратуразнаўцы працуюць у метадзе, які ўмоўна можна назваць гісторыка-кантэксным. Гэта значыць, што мы ўлічваем не проста агульнасць сюжэта ці часу, але асаблівасці культурнай эпохі, атмасферу, асяродак, у якім пісаўся твор. Існуюць універсальныя, больш важкія рысы, чым проста падабенства.

Наш інстытут выдае шмат кніг, дзе сабраны даўнія тэксты. Зараз змяніўся фармат друкавання старых тэкстаў і падыход да іх разгляду. Мы можам паказваць тэксты на мове арыгінала ў перакладзе на беларускую і ў параўнанні з такім ж тэкстамі на замежнай мове. Да гэтых тэкстаў літаратуразнаўцы-медыявісты робяць разгорнутыя каментарыі. Змяніўся і тып бібліяграфічных выданняў. Мы сталі вывучаць не проста тэкст, а прасочваць паралелі: чаму можам адносіць яго да беларускай культуры. Літаратуразнаўца сёння — і гісторык, і культуролаг, бо павінен улічваць кантэкст.

Узнікаюць новыя метады, але ранейшыя трансфармуюцца. Напрыклад, біяграфічны метад — адзін з найстарэйшых. Сёння, калі мы пішам пра нейкага пісьменніка, можам узнаўляць не толькі яго гісторыю ў пераказе блізкіх і родных, як было раней, але дадаём фотаздымкі, сканы дакументаў, знойдзеных у архіве. Гэта вельмі добра ўздзейнічае на чытачоў, таму што яны разам з навукоўцамі знаходзяцца ў інтэрактыўнай працы: разумеюць, як ішла думка даследчыка, калі ён рабіў тыя ці іншыя высновы. Матэматызацыя навукі дае добрыя мажлівасці пры даследаванні паэзіі. Напрыклад, можна прасачыць частотнасць ужывання пэўных гукаў, што дае ўяўленне пра меладычнасць і гукавы лад у сувязі са зместам твора.

5. Папулярызацыя каштоўнага

Навука ўвесь час у пошуку, ёй вельмі дапамагаюць звароты да гісторыі ўласнага літаратуразнаўства. Часта сутыкаюся з тым, што прыходзіць новае пакаленне даследчыкаў, якім здаецца, што ніхто да гэтага не пісаў пра тое, што іх зацікавіла. Тым не менш сёння шмат цікавых маладых даследчыкаў, асабліва спецыялістаў ў гісторыі літаратуры, якія з піетэтам адносяцца да папярэднікаў. Гэта паказала і нядаўняя канферэнцыя, прысвечаная Генадзю Кісялёву, які займаўся гісторыяй літаратуры, Скарынам, ХІХ стагоддзем. Удзельнічалі людзі, якія сядзяць у архівах, тыя, хто можа расказаць пра мінулае ў дэталях. Распавесці, напрыклад, якой была дачка слыннага беларускага драматурга Каміла Марцінкевіч. У яе неверагодны лёс, пра які трэба пісаць кніжку ці здымаць фільм, бо гэта гісторыя пра палымяную душу, якая шукала сябе, пра вялікае каханне, пра яе адносіны з бацькам, якія былі вельмі няпростыя. І сам Дунін-Марцінкевіч — чалавек, які прадстаўляе Мінск ХІХ стагоддзя. Яго тут усе ведалі, многія не любілі, таму што ён быў авантурыстам. Было шмат цікавых выступленняў, напрыклад, пра запісы Мараўскага, які апісваў Вільню ХІХ стагоддзя, асяродак філаматаў і філарэтаў, раскрываў прычыны канфлікту паміж імі і тагачаснымі ўладамі. Успаміны Мараўскага перакладаюцца, іх, канешне, трэба выдаць, бо гэта найярчэйшая старонка беларускай гісторыі, пададзеная яе відавочцам.

Але цяжка знайсці выдаўцоў на падобныя кнігі. Каб кніжкі раскупалі, трэба рэклама. А каб яна была, трэба, каб гэтыя імёны ведалі. Атрымліваецца замкнёнае кола. Магчыма, патрэбная серыя з невялікім тыражом, у якой бы друкаваліся важныя для нашай гісторыі дакументы, інакш потым мы зноў будзем, як і нашы папярэднікі, кожныя паўстагоддзя адкрываць адных і тых жа аўтараў. Тым больш што ёсць ахвотнікі, якія ўсё гэта перакладаюць на валанцёрскіх пачатках. Пашыраць уяўленне пра сваю літаратуру і культуру — гэта і ёсць наш абавязак перад гісторыяй, перад папярэднікамі. Мне здаецца, літаратуразнаўцам гэта ўдаецца, таму што яны, акрамя ведаў, добра валодаюць словам. Іншая справа, што да літаратуразнаўцаў рэдка звяртаюцца па каментары, ніхто не пытаецца пра нашы адкрыцці. А пра іх важна гаварыць — падаграваць цікавасць для таго, каб выдаўцы самі выходзілі на даследчыкаў. Бо з любога гістарычнага тэксту можна зрабіць цукерку.

Калі гаворыш пра нешта новае, то вельмі рэдка знаходзіш водгук. Мне здаецца, што казка пра курку Рабу і разбірае яечка — гэта гісторыя пра навуку. Калі людзі не ведаюць, што такое золата, то ім лепш звычайнае яйка, бо невядома, што рабіць з залатым. Тое ж самае з новымі навуковымі ведамі: не адразу зразумелая іх каштоўнасць. Патрэбна папулярызацыя. У выдавецтве «Беларуская навука» няма рэкламшчыкаў, адпаведна, усё кладзецца на плечы саміх навукоўцаў. Але праблема ў тым, што не так многа пляцовак, дзе можна расказваць пра літаратуру. Трэба, каб гэты механізм быў больш адладжаны. Так, інтэрнэт — як варыянт, але ў ім усё хутка мяняецца, шмат што можа згубіцца. Таму паперу нішто не заменіць.

6. Сувязь з жыццём

— Жыццё хуткаплыннае. Мяняюцца ацэнкі, прыярытэты ў даследаваннях. Некаторыя імёны літаратараў і даследчыкаў літаратуры практычна зніклі — цягам часу зацерушыліся пылам гісторыі. Напрыклад, мала матэрыялаў пра літаратуразнаўства 50–60-х гадоў ХХ ст., хоць, як паказваюць тыя ж «Нарысы па гісторыі беларускага літаратуразнаўства», гэты перыяд вельмі цікавы для гісторыі айчыннай навукі. Здавалася б: што ў той час магло быць у літаратуразнаўстве, якое даводзілася падымаць ці не з нуля? Але гэтае абнуленне дало імпэт для развіцця, напрыклад, тэорыі літаратуры.

Сёння літаратуразнаўства трошкі іншага тыпу. Нарэшце яно стала займацца ў тым ліку пытаннямі эстэтычнымі. Напрыклад, Яўген Гарадніцкі вывучае, як зроблены твор, яго эстэтыку. Ён даследуе, напрыклад: чаму мы любім Караткевіча? Падрабязна разбірае сістэму вобразаў, матывы, колеры. Згодна з яго высновамі, любоў да пісьменніка складаецца з таго, што менавіта такі тып вобразнасці падабаецца чытачам, такія фарбы актуальныя для тых, хто жыве на гэтай зямлі, такія гукі і наогул мелодыка тэксту. У літаратуразнаўцаў нарэшце з’явілася мажлівасць маруднага чытання — вядомы метад, каб паглыбіцца ў канкрэтны твор, а не ахопліваць літаратуру пэўнага перыяду. Так, Валер Назараў, лаўрэат Нацыянальнай прэміі па літаратуразнаўстве, напісаў кніжку пра Андрэя Мрыя. Павольнае чытанне дае магчымасць даследаваць кожнае слоўка, прасачыць, як творчасць перасякаецца з лёсам, з месцам працы, з абставінамі сям’і. Архіўныя дакументы, прыватная перапіска, інбелкультаўскія паперы дазваляюць даследчыку адкрыць не толькі новае ў змесце, але і пераасэнсаваць значэнне пісьменніцкага псеўданіма.

Біяграфічны метад наогул адпавядае выклікам часу. Напрыклад, у гламурных часопісах мы бачым запыт на гісторыю лёсаў не толькі зорак, але і на прыватныя гісторыі пісьменнікаў. Хто з кім жанаты, дзе працаваў, як адпачываў, які меў дом. Як звалі сабачку Маякоўскага, які быў агульны з Ліляй Брык. Калі нехта пра гэта піша, значыць, некаму гэта цікава. І нашы літаратуразнаўцы могуць адказаць на падобныя пытанні. Сёння мы ведаем, у якія шахматы гулялі Якуб Колас з Янкам Купалам, на якім аўтамабілях іх вазілі. Некаторыя дэталі робяць постаці пісьменнікаў бліжэйшымі. Напрыклад, тое, што Колас страшэнна любіў збіраць грыбы. Гэта вельмі па-беларуску, бо збіраць грыбы — наша нацыянальнае хобі. Стварэнне чалавечых, зразумелых жыццяпісаў класікаў — гэта таксама важная місія літаратуразнаўства, якая звязвае яго з рэальным жыццём.

7. Прызнаныя аўтарытэты

— Літаратуразнаўцы не карыстаюцца шырока паняццямі «таленавіта» ці «не таленавіта». Для нас усё — літаратурны працэс, у ім усе роўныя, бо займаюць сваё месца ў гісторыі. Любы твор можа даць штуршок для нечага новага. Іншым разам у нашых шматлікіх пісьменнікаў, у тым ліку «маладнякоўцаў», якія набылі вядомасць праз сацыяльную актыўнасць, не было мажлівасці вырасці. Многія з іх сыходзілі з жыцця маладымі, іх талент не паспяваў разгарнуцца. Умовы, у якіх яны пісалі, былі вельмі неспрыяльныя. Часта пісьменнікі, якія жылі ў 20-я — 30-я гады былі вымушаны пісаць тое, на чым можна было проста зарабіць. Крытыка, пераклады — іншым разам яны былі не ад добрага жыцця. У многім творчасць была адказам на запыт, які давала тагачасная дзяржава, і ці маем мы права іх асуджаць за тое, што яны хацелі есці? Таму мы сёння не імкнёмся абвяргаць аўтарытэты, а робім большы акцэнт на тых, хто з нейкіх прычын не атрымаў увагі ў свой час.

На жаль, бывае так, што вельмі таленавітыя людзі знікаюць з поля зроку. Іншым разам перачытваеш твор і не разумееш: а што не так? Чаму ніхто не гаворыць пра гэты выбітны тэкст? Усё ж зроблена ідэальна. Колькі гісторый пра тое, што рукапісы згарэлі ці на гарышчы мышы пагрызлі! Часам узнікае божая рука, якая прыводзіць да невядомага ці малавядомага тэксту нейкага даследчыка альбо папулярызатара. Так, вельмі таленавіты Анатоль Сербантовіч, практычна невядомы звычайнаму чытачу. Хоць згадваў яго ў сваім «Паэтычным слоўніку» Вячаслаў Рагойша, займаўся выданнем яго твораў Сяргей Кавалёў. Шыкоўная вобразнасць, чароўны гукапіс, зразумелыя любому беларусу тэмы. Але ўсё роўна няма народнай вядомасці, нягледзячы на тое, што былі цудоўныя апекуны ў яго творчасці. Ёсць лёс — і ўсё, што б ты ні рабіў, шырокай вядомасці не будзе. І гэта не залежыць ад якасці. Таму пісьменнікам не варта спадзявацца, што літаратуразнаўцы іх высунуць на паверхню. У гісторыі літаратуры свае законы, не ўсё залежыць ад нас. Хоць, канешне, шмат што залежыць...

Запісала Ларыса ЦІМОШЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».