Вы тут

«Вы будзеце бабулямі, але застаняцеся алімпійскімі чэмпіёнкамі»


У гісторыі беларускага жаночага баскетбола шмат цікавых старонак. Але самая яркая з іх датуецца 1992-м годам. Тады на Алімпійскіх гульнях у Барселоне чэмпіёнам стала Аб'яднаная каманда, вядучымі гульцамі якой былі беларускія баскетбалісткі Ірына Сумнікава і Алена Швайбовіч. За 30 апошніх гадоў іх поспех не паўтарыла ні расійская, ні беларуская каманда. Сваіх дзяўчат да алімпійскага поспеху прывёў заслужаны трэнер СССР Яўген Гомельскі. Юбілей алімпійскай перамогі ён сустрэў у Мінску, якраз адпачываў з жонкай у адным з беларускіх санаторыяў.


Яўген Гомельскі і Ірына Сумнікава.

Успаміны аб Беларусі

Як прызнаўся сам Яўген Якаўлевіч, з Беларуссю ў яго звязаны самыя цёплыя ўспаміны. У савецкі час са сваімі камандамі ён часта прыязджаў сюды на турніры. «У нас не было і года, каб мы не працавалі ў Беларусі. У мінскім Палацы спорту гулялі чэмпіянат СССР у класе А. Добра памятаю, як мы змагаліся з мінскай камандай «Спартак». Лідарам той каманды быў Уладзімір Крысевіч, выдатны баскетбаліст. Мы часта сустракаліся з вашым знакамітым РТІ. У мяне былі цудоўныя адносіны з Сямёнам Халіпскім. Вялікая падзяка яму і ўсім дзіцячым трэнерам, хто выхаваў такіх дзяўчат, як Іра Сумнікава і Лена Швайбовіч», — падзяліўся ўспамінамі Яўген Якаўлевіч.

Пра асаблівыя адносіны Яўгена Гомельскага і Беларусі намякае і прозвішча — Гомельскі. Аднак у Гомелі трэнер быў толькі адзін раз. «Мяне запрасілі правесці ў Гомелі збор. Я пагадзіўся, мне было цікава. Прыязджаем, а ўсюды надпісы — «гомельскі абкам, гомельскі аўтапарк». Хлопцы жартавалі, што ў мяне тут усё схоплена. Прыходзім у гасцініцу. Мяне пытаюць прозвішча. Ну, я кажу, што Гомельскі. Жанчына на рэгістрацыі на мяне сур'ёзна паглядзела і сказала: «Так, не жартуйце!». Потым разам пасмяяліся. А мой добры таварыш Валерый Міласердаў падарыў мне паштоўку — «Гомельскі іпадром, конь па мянушцы Баскетбол». І па сёння яе захоўваю».

Алімпійскія гульні

У Барселону жаночая баскетбольная каманда ехала, канешне, па «золата». Трэба было ўзяць рэванш пасля алімпійскай «бронзы» 1988 года. Стартавы матч дзяўчаты прайгралі Кубе, але змаглі сабрацца ў паўфінале, абыгралі каманду ЗША. У фінале нас чакала каманда Кітая. Каб зборная спачатку расслабілася, а затым настроілася на барацьбу, Яўген Гомельскі зрабіў тое, што потым назавуць выдатным псіхалагічным ходам.

«Жаночы трэнер — і псіхолаг, і гінеколаг, і хто заўгодна. Трэнер, які працуе з жаночай камандай, павінен быць вельмі рознабаковым. І, працуючы з гульцамі высокага класа, трэба не забываць пра гумар. Ён ратуе. І вось атрымалася так, што пасля паўфіналу мой брат Аляксандр параіў купіць іспанскага віна і расслабіць дзяўчат. Фінальная гульня была праз два дні. Я так і зрабіў. Прыязджаю ў алімпійскую вёску, збіраю дзяўчат і ў маленькія шкляначкі наліваю віно. У дзяўчат вялізныя вочы. Яшчэ б!

Трэнер выпіць прапануе... Яны прыгубілі, адразу расслабіліся, заўсміхаліся. Старэйшы брат ведаў, калі трэба наліваць. Ёсць жа такі выраз «калектыў трэба спайваць», згуртоўваць. Я спрабаваў нейкую спайку калектыву зрабіць. Ніколькі аб гэтым не шкадую. Мне здаецца, мы той камандай і мужыкоў бы парвалі. Такога калектыву, які быў у нас у Барселоне, ні ў кога не было. Не хачу крыўдзіць ні вашу каманду, ні каманду сваёй краіны, але для таго, каб упэўнена сказаць, калі будзе наступнае алімпійскае «золата», трэба быць вельмі вялікім аптымістам», — расказвае Яўген Якаўлевіч.

Трэнер адзначае, што дзяўчаты заўсёды вельмі адказна і сур'ёзна ставяцца да справы. Таму ім можна даручыць любое заданне. На Алімпійскіх гульнях у Барселоне гэта выдатна прадэманстравалі беларускі Ірына Сумнікава і Алена Швайбовіч.

«Шчасце таго трэнера, у каго ёсць людзі, якія мала таго, што добра гуляюць у баскетбол, дык яшчэ маюць пры гэтым вельмі светлую галаву. Так атрымалася, што дзве беларускія спартсменкі Іра Сумнікава і Лена Швайбовіч былі асноўнымі дзейнымі асобамі на пляцоўцы. Іра — вопытны гулец, вельмі валявы. Ніколі нікому не хацела прайграваць — якасць вельмі важная. Лена — светлы чалавек па жыцці і вялізная разумніца. У іх спалучаецца спартыўны характар і ўменне працаваць. І яны камандныя людзі. Яны ніколі не цягнулі коўдру на сябе, а заўсёды глядзелі за партнёрамі. У камандных відах спорту асабістыя займеннікі павінны вымаўляцца мінімальную колькасць разоў — не «я», а «мы», не «мае», а «наша», не «мне», а «нам». І толькі тады будзе нармальная каманда, калі ніхто не скажа: «Я перамог, я выйграў». Мне пашанцавала, што я працаваў з такімі дзяўчатамі. Я ім неяк сказаў: «Дзяўчаты, вы будзеце бабулямі, але ўсё роўна застаняцеся алімпійскімі чэмпіёнкамі, і вамі будуць ганарыцца вашы ўнукі, таму што вы зрабілі каласальную справу». Яны прайшлі вельмі добрую школу, нарадзіліся ў добрай краіне і выраслі выдатнымі людзьмі. Шчаслівы той трэнер, які мае такіх гульцоў, і брыдка, калі трэнер пачынае лічыць, што гэта ён перамог. Нічога б без іх не было. Я не быў бы трэнерам алімпійскіх чэмпіёнак, калі б не гэтыя дзве дзяўчынкі», — дзеліцца Яўген Якаўлевіч Гомельскі.

Ірына Сумнікава сёння займае пасаду камісара ФІБА, займаецца арганізацыяй буйных міжнародных спаборніцтваў па баскетболе. Алена Швайбовіч узначальвае баскетбольны клуб «Перасвет-ЮФУ», што ў Растоўскай вобласці. Але і пра Беларусь алімпійскія чэмпіёнкі не забываюць. Бо менавіта тут усё пачалося.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Беларускай федэрацыі баскетбола

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?