Вы тут

Мэта змовы — захоп улады


Абвінавачаны па крымінальнай справе аб змове з мэтай захопу ўлады Юрый Зянковіч перадаваў распрацаваны для забойства Прэзідэнта план Мікалаю Аўтуховічу, паведамляе БелТА.


Фота: БелТА

Пасяджэнне па дадзенай справе распачалося 29 ліпеня. Справу разглядае Мінскі абласны суд. Спачатку яна слухалася ў закрытым рэжыме, пасля яе працягнулі ў адкрытым. Па крымінальнай справе ў якасці абвінавачаных прыцягнуты пяць чалавек: Юрый Зянковіч, Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук. Юрый Зянковіч абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 357 (змова, учыненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва такім фарміраваннем), ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, распаўсюджванне матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі, зробленых з выкарыстаннем глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненае групай асоб) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 357 (змова, здзейсненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) КК. Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Падчас судовага пасяджэння Юрый Зянковіч прызнаў, што з'яўляецца праціўнікам дзеючай у Беларусі ўлады. Ён не стаў аспрэчваць карыслівыя матывы, якія заахвоцілі яго да ўдзелу ў змове з мэтай захопу ўлады. Акрамя таго, абвінавачанаму інкрымінавалі ўчыненне злачынства з мэтай аблегчыць учыненне іншага злачынства — змовы з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Для гэтага Юрый Зянковіч стварыў экстрэмісцкае фарміраванне, заклікаў да захопу ўлады і распальваў варожасць. Яму задалі пытанне, ці дапускаў ён ахвяры сярод цывільнага насельніцтва дзеля рэалізацыі сваіх дзеянняў. Па словах Зянковіча, гэта самая апошняя мера, але верагоднасць ахвяр сярод грамадзянскіх асоб ён дапускаў. Паводле яго слоў, план пад назвай «Цішыня», мэтай якога было забойства Прэзідэнта Беларусі, быў распрацаваны Дзянісам «Дысам» Хофманам. План быў перададзены Юрыю Зянковічу, а выканаўцам павінен быў стаць Мікалай Аўтуховіч.

Тым часам у Гродне працягваецца судовы працэс па справе групы Мікалая Аўтуховіча. У крымінальнай справе больш за 65 тамоў матэрыялаў. На лаве падсудных знаходзяцца 12 чалавек. Мікалай Аўтуховіч абвінавачваецца па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, 6 з іх — за асабліва цяжкія злачынствы, адзін з саставаў прадугледжвае вышэйшую меру пакарання (расстрэл або пажыццёвае пазбаўленне волі). Судовы працэс вядзе Гродзенскі абласны суд.

Падчас зум-канферэнцый Аляксандр Фядута ўдзельнічаў у абмеркаванні рэалізацыі планаў змовы, гэта значыць сілавой змены ўлады ў Рэспубліцы Беларусь. У якасці магчымых сцэнарыяў рэалізацыі плана змоўшчыкаў ён і іншыя прыводзілі прыклады лёсаў кіраўнікоў дзяржаў іншых краін, якіх зверглі сілавым шляхам і нават забілі. Фядута прыводзіў прыклад з забойствам Прэзідэнта Егіпта Анвара ас-Садата, забітага на парадзе ў 1981 годзе. Таксама пры абмеркаванні лёсу Прэзідэнта Беларусі, фінансаванні і рэалізацыі перавароту ўдзельнікі прасілі Зянковіча як арганізатара, каб Фядута і Кастусёў пакідалі зум пры абмеркаванні такіх пытанняў у мэтах іх бяспекі, бо яны знаходзіліся ў Рэспубліцы Беларусь і разумелі, што гэта злачынства. Фядута таксама падчас допыту адзначыў, што яны дапускалі ў выніку сваіх дзеянняў магчымасць надыходу крывавых наступстваў, грамадзянскай вайны і гэтак далей. Гэта значыць ён усведамляў наступствы ў поўнай меры, нават ставіўся да лёсаў звычайных людзей абыякава.

Аляксандр Фядута заявіў, што ніхто з падсудных не адмаўляе сапраўднасці прадстаўленых відэа-, фота- і аўдыёзапісаў па справе. Паводле яго слоў, агульная працягласць матэрыялаў складае каля 20 гадзін. Ён хадайнічаў звяртацца да матэрыялаў толькі ў выпадку неабходнасці. У прыватнасці, суду было прадэманстравана відэа, на якім абвінавачаны Юрый Зянковіч у рэстаране абмяркоўвае змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Абвінавачанне зачытала стэнаграму гутаркі, дзе ён расказвае пра ўзброеныя атрады і склады са зброяй, якая збіралася на працягу некалькіх гадоў для сілавога захопу ўлады. Ён казаў аб падтрымцы з боку некаторых заходніх дзяржаў і адзначаў, што ў яго ёсць знаёмыя сілавікі ў ЗША.

Па словах Рамана Пратасевіча, якога дапыталі ў якасці сведкі па справе аб змове з мэтай захопу ўлады, абвінавачаныя прынялі рашэнне аб сілавым захопе ўлады, паколькі былі ўпэўненыя, што ніякіх іншых спосабаў змяніць уладу не засталося. «Розныя маршы і хаджэнні поўнасцю праваліліся. Яны бачылі варыянт у сілавым звяржэнні з удзелам арміі», — заўважыў Раман Пратасевіч.

Юрый Зянковіч выношваў задуму стварыць у Беларусі протаўрад і выбрацца прэзідэнтам. Ён звяртаўся па фінансавую дапамогу да Святланы Ціханоўскай. У прадэманстраванай на пасяджэнні перапісцы абвінавачаны скардзіўся на фінансавыя праблемы. Акрамя таго, абмяркоўваліся думкі па праекце Канстытуцыі. Некаторыя раздзелы прапаноўвалася адмяніць на пераходны перыяд, нешта прапаноўвалася дапоўніць. Ішла гаворка і пра ўсеагульную амністыю. На працягу 30-60 дзён пасля дня ікс прапаноўвалася вынесці новы праект Канстытуцыі на рэферэндум. У перапісцы Юрыя Зянковіча за студзень 2021 года ў чарговы раз агучвалася неабходнасць сілавога рашэння і агульнанацыянальнага дыялогу па трох пунктах: адстаўка дзеючага Прэзідэнта Беларусі, новыя выбары і вызваленне палітвязняў. На прадэманстраваным у судзе аўдыёзапісе Зянковіч заяўляў суразмоўніку, што ўдзельнікі злачыннай групы хочуць улады, а грошы не маюць вырашальнага значэння.

У судзе працягваецца вывучэнне рэчавых доказаў. Пасля прагледжанага фрагмента адной з зум-канферэнцый дзяржаўны абвінаваўца апытаў абвінавачанага Рыгора Кастусёва. Па словах абвінавачанага, ён не прысутнічаў на канферэнцыі на працягу ўсяго часу яе правядзення і падключаўся толькі час ад часу. Тым не менш, паводле прадэманстраваных судом фрагментаў відэазапісу, Рыгор Кастусёў браў актыўны ўдзел у абмеркаванні і ў цэлым разумеў, пра што ідзе гаворка. У прыватнасці, абвінавачаны наракаў на тое, што фінансаванне размяркоўваецца нераўнамерна. Паводле яго слоў, значная частка сродкаў, што выдзяляюцца на дзяржаўны пераварот, застаецца ў тых беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Да беларусаў, якія жывуць у сваёй краіне, адзначыў Рыгор Кастусёў, даходзіць не больш за 10 % фінансаў. Разам з тым, згадвалася праблема з недахопам фінансавання. Па словах удзельнікаў, яны разлічвалі, што сродкі могуць выдзеліць ЗША ці Еўропа.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».