Вы тут

Заробкі педагогаў, падтрымка маладых і прэстыж прафесіі. Якія яшчэ пытанні хвалююць работнікаў галіны?


За шэсць месяцаў бягучага года прававымі інспектарамі працы Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі было арганізавана 46 прыёмаў, на якіх прынята 119 чалавек, разгледжаны 63 звароты, дадзена больш за 2,5 тысячы кансультацый.


За першае паўгоддзе імі праведзены 75 праверак і 173 маніторынгі. Выяўлена і ліквідавана 955 парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб працы. Па патрабаванні прафсаюза яго членам было выплачана 374 602 рублі. Па просьбах работнікаў былі складзены 20 працэсуальных дакументаў, у тым ліку 11 — у судовыя органы, 9 заяў у камісію па працоўных спрэчках. З удзелам прафсаюза разгледжаны 3 іскавыя заявы. 26 працоўных спрэчак былі вырашаны на карысць работніка без звароту ў суд. Тры чалавекі адноўлены на рабоце, у тым ліку адзін — праз суд. Гэтыя і іншыя лічбы агучыла на V пленуме Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі яго старшыня Таццяна ЯКУБОВІЧ. Яна падкрэсліла, што прафсаюзныя юрысты, як і раней, гатовыя бясплатна дапамагчы ў вырашэнні праблемы канкрэтнага чалавека.

Увага — калектыўнаму дагавору

Апошнім часам прафсаюз ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам адукацыі працуе над прывядзеннем актаў заканадаўства ў адпаведнасць з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Усяго за першае паўгоддзе прафсаюзам разгледжаны 63 праекты.

«І прафсаюз, і міністэрства зацікаўленыя ў павышэнні дабрабыту работнікаў галіны, — запэўніла Таццяна Якубовіч. — Ініцыіруючы ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у праекты заканадаўчых актаў, напрыклад, у інструкцыю аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў, «сотую» пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, тыпавыя штаты і нарматывы колькасці работнікаў устаноў адукацыі, мы разумеем, што ў сувязі з негатыўным уплывам санкцый у цэлым у цяперашні час ёсць пэўныя цяжкасці. У сувязі з гэтым на месцах неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу практычнай рэалізацыі Плана мерапрыемстваў, накіраваных на сацыяльную падтрымку работнікаў ва ўмовах санкцыйнага ціску на нашу краіну, які быў зацверджаны рашэннем прэзідыума Савета ФПБ у маі бягучага года: гэта паўната і своечасовасць выплаты заработнай платы, адпускных, працаўладкаванне вызваленых работнікаў у сувязі з аптымізацыяй галіны, аказанне матэрыяльнай дапамогі членам прафсаюза пры іх звальненні ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі і г. д. Санкцыі ўплываюць на ўзровень жыцця работнікаў і іх сем'яў. І мы павінны падтрымаць нашых членаў прафсаюза. У кожнай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі створаны касы ўзаемадапамогі. Калі няма сродкаў у «пярвічцы», накіроўвайце заяву ў вышэйстаячую арганізацыю. Наш прафсаюзны прынцып салідарнасці павінен спрацоўваць на 100 працэнтаў! Прафсаюзнаму актыву на месцах неабходна сачыць за сітуацыяй вельмі ўважліва, каб рэальна бачыць і разумець, хто, дзе і ў якой дапамозе мае патрэбу. Трэба ўважліва ставіцца да запытаў людзей».

Таццяна Якубовіч праінфармавала, што шэраг ініцыятыў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўвайшоў у дапрацаваны праект закона, які прадугледжвае змяненні адносна Працоўнага кодэкса, у тым ліку звязаныя з аплатай сацыяльных водпускаў, устанаўленнем выхаднога дня для праходжання дыспансерызацыі, які будзе работнікам аплачвацца.

«Адна з прыярытэтных задач прафсаюза — калектыўна-дагаворная работа: наяўнасць калектыўнага дагавора ў кожнай арганізацыі, яго ацэнка на прадмет адпаведнасці пагадненням больш высокага ўзроўню, сістэматычны аналіз вынікаў яго выканання, недапушчальнасць выключэння з іх асобных нормаў. Увогуле якасць калектыўных дагавораў і пагадненняў павінна быць пад нашай пастаяннай увагай», — падкрэсліла старшыня галіновага прафсаюза. Яна канстатавала, што адзначаецца станоўчая тэндэнцыя па ўключэнні нормаў, якія паляпшаюць прававое становішча работнікаў — членаў прафсаюза ў параўнанні з заканадаўствам. Так, напрыклад, дадатковыя працоўныя і сацыяльна-эканамічныя гарантыі для моладзі прадугледжваюць 99,5 працэнта калектыўных дагавораў ад іх агульнай колькасці. Такая ж колькасць дагавораў прадугледжвае меры матэрыяльнага і маральнага стымулявання сем'яў да нараджэння дзяцей, адраснай сацыяльнай падтрымкі ветэранаў, якія не працуюць, пенсіянераў, удзелу наймальніка і прафсаюзнай арганізацыі ў змяншэнні кошту пуцёвак на санаторна-курортнае аздараўленне работнікаў арганізацый.

Адзін з паказчыкаў прэстыжнасці галіны — узровень аплаты працы яе работнікаў. У бягучым годзе чатыры разы пераглядаўся памер базавай стаўкі, які прымяняецца для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. З 1 мая ён складае 210 рублёў. З 1 студзеня ў два разы быў павялічаны памер аднаразовай выплаты на аздараўленне — як правіла, пры выхадзе ў працоўны водпуск. Настаўнікам, выкладчыкам, якія выконваюць функцыі класнага кіраўніка, куратарам вучэбнай групы ўстаноўлена надбаўка ў памеры 100 працэнтаў базавай стаўкі.

«Трэба адзначыць, што дасягнутыя змены пазітыўна адбіліся на суадносінах сярэдняй заработнай платы асобных катэгорый работнікаў галіны да сярэдняй па краіне. Так, па выніках студзеня — чэрвеня суадносіны сярэднямесячнай заработнай платы ў адукацыі склалі 70,5 працэнта да гэтага паказчыка па краіне (у 2021 годзе — 67,1 працэнта), у тым ліку ў педагагічных работнікаў — 82,3 працэнта (у 2021 годзе — 76,9 працэнта): у настаўнікаў — 89,6 працэнта (у 2021 годзе — 80,3 працэнта), у выхавальнікаў дашкольнай адукацыі — 63,1 працэнта (у 2021 годзе — 62,5 працэнта).

Жыллёвае пытанне

Старшыня Пухавіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза адукацыі і навукі Таццяна ШАВЕЛЬ падзялілася сваім бачаннем сітуацыі ў галіне і вопытам замацавання ў сістэме адукацыі маладых спецыялістаў:

— Падмуркам для рэалізацыі прынцыпу сацыяльнага партнёрства служаць пагадненне і калектыўны дагавор. Важна, калі яны маюць практычны характар і актуальны стан, а для гэтага патрабуецца карпатлівая праца, якая вымагае інтэлектуальных і часавых выдаткаў з боку кіраўнікоў і прафсаюзных лідараў.

Безумоўна, праблемнае поле заўсёды і ўсіх прымушае працаваць. Мы часта гаворым аб замацаванні педагагічных кадраў. У 2013 годзе гэты паказчык складаў у нас 38,5 працэнта. Дарэчы, гэта быў самы нізкі паказчык у Мінскай вобласці на працягу дзесяцігоддзя.

Сумесна пакрокава мы ўкаранялі новыя льготы, прэферэнцыі і гарантыі для маладых спецыялістаў. Ім, напрыклад, робяцца выплаты да трох базавых велічынь пры прадстаўленні дагавора найму жылога памяшкання, аказваецца матэрыяльная дапамога на ўладкаванне. Сёлета 33 маладыя педагогі атрымліваюць такую кампенсацыю.

Як вынік, з маладых спецыялістаў, якія прыбылі на работу ў Пухавіцкі раён у 2020 годзе, на сённяшні дзень працягваюць працаваць 91,7 працэнта. Прыемна адзначыць, што 86,3 працэнта з іх — пухаўчане. Каб захаваць кадравы састаў, неабходна дайсці да кожнага чалавека, аказаць пасільную дапамогу і ў вырашэнні жыллёвага пытання. Падзялюся станоўчым вопытам. У 2013 годзе па ініцыятыве райкама прафсаюза ў нас быў створаны кааператыў «Настаўнік» і пабудаваны дом на 60 сем'яў. Важна адзначыць, што за час яго будаўніцтва ў кожнай другой сям'і нарадзілася дзіця.

Мы не стаім на месцы, узаемадзейнічаем з арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна і выкарыстоўваем рэсурс інтэрнатаў. Так, у 2021 годзе 27 маладым спецыялістам па хадайніцтве ўпраўлення адукацыі і райкама прафсаюза былі выдзелены пакоі і блокі для пражывання ў інтэрнатах. Пра што часцей за ўсё гавораць людзі? Цытую: «Было б правільна адшукаць магчымасці льготнага крэдытавання для маладых спецыялістаў пры ўмове іх работы ва ўстановах адукацыі рэгіёнаў не менш за дзесяць гадоў. Але ў гэты тэрмін не павінен уключацца перыяд водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў». Заўважу, што сёння ў нашым раёне настаўнікаў матэматыкі, старэйшых за 55 гадоў, — 48,3 працэнта ад агульнай колькасці, а настаўнікаў фізікі, старэйшых за 55 гадоў, — 53,6 працэнта.

Кадравае забеспячэнне галіны

Удзел у пленуме прафсаюза ўзяў міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ, які спыніўся ў сваім выступленні на сацыяльна-эканамічных пытаннях і задачах, што стаяць перад галіной. Закранаючы тэму заробкаў у сістэме адукацыі, міністр канстатаваў, што найбольш вострым дадзенае пытанне з'яўляецца для выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі. Разам з Міністэрствам фінансаў вядзецца сур'ёзная работа ў гэтым напрамку. І магчыма, што да пачатку новага навучальнага года іх заробкі ўсё ж такі павысяцца...

Міністр падкрэсліў, што праграмай урада на перыяд да 2025 года прадугледжана павышэнне памеру аплаты працы педагагічных работнікаў да 100 працэнтаў ад сярэдняга заробку па краіне: у настаўнікаў — да 106 працэнтаў, а ў прафесарска-выкладчыцкага саставу — да 150 працэнтаў:

— Настаўнікі ўжо выйшлі на лічбу 89,6 працэнта ад сярэдняга заробку па краіне. У прафесарска-выкладчыцкага саставу цяпер 122 працэнты, а павінны выйсці на 150. Мы зможам дасягнуць гэты паказчык толькі нарошчваннем экспарту адукацыйных паслуг. Перад намі пастаўлена задача выканання экспарту на ўзроўні 103 працэнты ў параўнанні з папярэднім годам. Калі мы яе выканаем, то зможам выйсці на 135-140 працэнтаў ад сярэдняга заробку па краіне. Рэзервы бачым у развіцці дыстанцыйнага навучання, у першую чаргу, у магістратуры. Летась укараненне дыстанцыйных формаў навучання ў магістратуры дазволіла зарабіць дадаткова 17 мільёнаў долараў.

Асобна міністр спыніўся на праблеме кадравага забеспячэння галіны.

— За апошнія гады мы выйшлі на добрыя лічбы замацавання на першым рабочым месцы педагагічных кадраў пасля двухгадовай адпрацоўкі па размеркаванні (амаль 80 працэнтаў па краіне). Гэта сведчыць аб тым, што ўмовы, якія ствараюцца на першым рабочым месцы, адпавядаюць патрэбам маладых спецыялістаў. Але ў нас ёсць не толькі лідары (так, у Мінскай вобласці на працягу апошніх трох гадоў на першым рабочым месцы застаецца больш за 90 працэнтаў маладых педагогаў), але і антылідары. У сталіцы гэты паказчык складае ўсяго 62 працэнты. А куды сыходзяць яшчэ амаль 40 працэнтаў выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў? Добра, калі ў іншую ўстанову адукацыі, а не ўвогуле з галіны. Я быў сёлета на размеркаванні настаўнікаў пачатковай адукацыі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, цікавіўся, чаму мінчане і жыхары абласных цэнтраў выбіраюць для размеркавання райцэнтры? Высветлілася, што дзяўчаты едуць услед за мужам, напрыклад, калі той — ваенны. Заўважу, што 30 працэнтаў выпускнікоў педуніверсітэта на момант заканчэння навучання ўжо звязаныя сямейнымі вузамі (між іншым, у медыцынскіх універсітэтах гэты паказчык складае ўсяго 1-3 працэнты). Дык давайце праводзіць больш сумесных мерапрыемстваў паміж педуніверсітэтам і ВНУ сілавых ведамстваў, — пажартаваў міністр. — І сем'і будуць больш актыўна стварацца, і рэгіёны атрымаюць дэфіцытных спецыялістаў — усім карысць. А сямейны педагог будзе прапагандаваць у школе не толькі нацыянальныя, але і сямейныя каштоўнасці...

Андрэй Іванец праінфармаваў, што ўжо распрацавана дарожная карта па ўдасканаленні дзейнасці педагагічных класаў. «Цяпер 33 працэнты выпускнікоў профільных класаў выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці, але ў рэгіянальныя ВНУ ідзе недастатковая іх колькасць. Таму, пакуль педкласы ў рэгіёнах будуць працаваць ухаластую або толькі на Мінск, яны не дачакаюцца маладых спецыялістаў. Упэўнены, што ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для эфектыўнай работы педагагічных класаў. А ў наступным навучальным годзе адкрыюцца новыя магчымасці. Ужо падрыхтаваны праект Палажэння аб правядзенні ўніверсітэцкіх алімпіяд, пераможцы якіх змогуць паступаць у ВНУ, якая праводзіла алімпіяду, без экзаменаў. Пад іх адводзіцца да 15 працэнтаў ад кантрольных лічбаў набору ў ВНУ. А для востра запатрабаваных спецыяльнасцяў мы ўвогуле такія абмежаванні не будзем устанаўліваць. І калі рэгіёну патрэбныя, напрыклад, настаўнікі фізікі, матэматыкі, — не ўпускайце такую магчымасць», — заўважыў міністр.

Дарэчы, у наступным навучальным годзе пройдзе першы Рэспубліканскі фестываль-конкурс «Педагагічны дэбют», накіраваны на выяўленне і падтрымку маладых таленавітых педработнікаў. Ён будзе праходзіць у чатырох намінацыях: «Малады дырэктар установы агульнай сярэдняй адукацыі», «Малады загадчык установы дашкольнай адукацыі», «Малады настаўнік» і «Малады выхавальнік установы дашкольнай адукацыі». Удзельнічаць у ім змогуць маладыя педагогі ва ўзросце да 31 года са стажам работы на пасадзе не больш як пяць гадоў.

І яшчэ адну магчымасць анансаваў Андрэй Іванец. Ён паведаміў, што ў БДПУ сумесна з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі быў распрацаваны дыстанцыйны гадавы курс павышэння кваліфікацыі, разлічаны на выпускнікоў непедагагічных спецыяльнасцяў, якія прыйшлі працаваць у сістэму адукацыі. Каб тыя без адрыву ад асноўнай дзейнасці маглі атрымаць педагагічны складнік і тыя веды, якіх ім не хапае, а пазней ва ўстаноўленым парадку павышаць сваю кваліфікацыю. Дырэктар, што прыняў на работу, напрыклад, выпускніка хімфака ці біяфака, зможа накіраваць заяўку ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі з хадайніцтвам прыняць работніка яго арганізацыі на дыстанцыйны курс. Навучанне будзе бясплатным, але з такім работнікам будзе заключацца кантракт на пэўны тэрмін, які стане гарантыяй, што той, адвучыўшыся, не сыдзе... Не сакрэт, што сёння хапае людзей з дыпломам аб педагагічнай адукацыі і шчырым нежаданнем працаваць у школе. Але ёсць і зусім іншыя прыклады, якія натхняюць, бо наяўнасць дыплома ў рабоце з дзецьмі — насамрэч, зусім не галоўнае...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД і Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».