Вы тут

Маладая гродзенка стала ахвярай незвычайнага дарожнага здарэння


Гэта драматычная гісторыя пачалася два гады таму, у канцы жніўня 2020 года. Амаль увесь гэты час ішоў судовы разбор.

Сама па сабе фабула здарэння здаецца неверагоднай. На гарадской вуліцы каля святлафора ўзрываецца кола грузавога аўтамабіля. Выбух настолькі моцны, што лопаецца шкло ў акне тралейбуса, які стаіць побач. Асколкі разлятаюцца па салоне, раняць некалькі чалавек, але больш за іншых — 25-ці гадовую Аліну (імя зменена).


Фота аўтара (фота носіць ілюстрацыйны характар).

Сітуацыя, шчыра скажам, нестандартная. І магчыма, не мела б такога цеснага разгляду, калі б не сур'ёзныя наступствы для пасажыркі, жыццё якой кардынальна змянілася ў выніку паездкі.

— Раптоўна адчула рэзкі ўдар злева. Мяне развярнула і вынесла выбуховай хваляй на другое сядзенне. Я адчула моцны звон у вушах, нічога не бачыла. Схапілася за галаву і жахнулася, бо людзі ў тралейбусе закрычалі. А я ніяк не магу зразумець, што здарылася, ад шоку не магу самастойна выйсці з тралейбуса. Падумала, што ў тое месца, дзе сядзела, урэзалася фура. Кружылася галава, адчувала сябе, як у вакууме. Нейкі мужчына вынес мяне з тралейбуса і пасадзіў на траву. З тралейбуса прынеслі мае рэчы, у тым ліку тэлефон. У гэты час па твары цякла кроў. Людзі сказалі, што на твары асколкі шкла. Хтосьці выклікаў хуткую дапамогу, хтосьці выціраў кроў сурвэткамі, — расказала Аліна падчас суда.

Пад'ехала хуткая дапамога і забрала дзяўчыну ў бальніцу. У гэты момант ёй здалося, што ўсё цяжкае ўжо адбылося. Але аказалася, не так. У машыне яна не змагла расплюшчыць вочы. Хірург папярэдзіў, што будзе дзве аперацыі — спачатку зашыюць усе раны, а потым мікрахірургі зоймуцца вачыма.

Першая аперацыя доўжылася паўтары гадзіны, было зроблена звыш 20 швоў на твары, шыі і галаве. Другая аперацыя ішла яшчэ тры гадзіны. З вока дасталі асколак, якім выбіла частку райка. Ніхто не даваў станоўчых прагнозаў адносна захавання зроку на траўміраваным воку.

У такім становішчы дзяўчына сустрэла сваё 25-цігоддзе, якое планавала адзначыць у Санкт-Пецярбургу. Грошы, сабраныя на паездку, пайшлі на лячэнне. Аперацыю па замене хрусталіка, пластыку радужнай абалонкі ёй рабілі ў платнай клініцы ў Мінску. Гэта была чацвёртая па ліку аперацыя. На месцы лазернай карэкцыі рубцоў з'явіліся ярка-чырвоныя шрамы. Але самым сур'ёзным наступствам стала поўная страта зроку на левым воку.

Праз некалькі месяцаў Аліне аформілі пенсію па інваліднасці — далі трэцюю групу без устанаўлення працэнта непрацаздольнасці. Хоць тое неабходна для атрымання страхавых выплат.

Дзяўчына пераехала ў прыгарад да бацькоў, змяніла работу. Яна прызналася, што ад бясконцых паходаў у паліклініку, аналізаў, аперацый вельмі стамілася, згубіла прагу да жыцця. Прыходзіцца вучыцца жыць па-новаму, пераадольваць не толькі фізічныя пакуты, але і маральныя. Да болі далучаўся і выгляд пакалечанага твару, страта зроку, з чым прыйдзецца мірыцца ўсё жыццё. Асаблівы жах выклікаюць паездкі ў грамадскім транспарце.

Аліна звярнулася ў суд па кампенсацыю як маральнай, так і матэрыяльнай шкоды.

Як паясніла суддзя Наталля Шышко, згодна з Пастановай Пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 28.09.2000 года, маральная шкода падлягае кампенсацыі ва ўсіх выпадках, калі дзеянні парушаюць асабістыя правы грамадзяніна альбо маюць на іх замах. У адпаведнасці з артыкулам 152 ГК Рэспублікі Беларусь грамадзянін мае права патрабаваць ад парушальніка грашовую кампенсацыю названай шкоды.

Кампенсацыя маральнай шкоды здзяйсняецца незалежна ад віны таго, хто нанёс гэту шкоду, у выпадках, калі шкода прычынена жыццю альбо здароўю грамадзяніна крыніцай павышанай бяспекі.

Юрыдычныя асобы і грамадзяне, дзейнасць якіх звязана з павышанай бяспекай для навакольных (выкарыстанне транспартных сродкаў, механізмаў, электрычнай энергіі, выбуховых рэчаў, моцных ядаў, будаўнічая дзейнасць і іншае) абавязаны кампенсаваць шкоду, нанесеную крыніцай павышанай бяспекі, калі будзе даказана, што шкода ўзнікла з прычыны непераадольнай сілы (арт. 948 ГК РБ).

Прасцей кажучы, той, хто адказны за небяспечны механізм, павінен адказаць за шкоду, якую гэты механізм нанёс.

Дзяўчына заявіла памер кампенсацыі за маральную шкоду ў суме 30 тысяч рублёў. А таксама 4 тысячы 171 рубель за медыцынскія паслугі. Пазней Аліна павялічыла памер кампенсацыі да 50 тысяч рублёў. Іск быў адрасаваны кіроўцу МАЗа і тралейбуснаму ўпраўленню.

Дзяржінспекцыя правяла праверку, у ходзе якой было ўстаноўлена, што выбух адбыўся з-за разгерметызацыі вонкавага кола МАЗа. Па выніках праверкі была распачата крымінальная справа. Падазраваным прызнаны кіроўца. Але праз паўгода следства прыпынілі ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства. Устанавіць асобу, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага, у дадзеным выпадку не ўяўлялася магчымым, бо здарэнне не можа быць кваліфікавана як дарожна-транспартнае.

А між тым, разгляд судовай справы Аліны працягваўся. Дзяўчына расказала, што праз месяц у яе скончыліся грошы, а бальнічны падаўжаўся.

Суд палічыў неабходным прыцягнуць да судовай справы і страхавыя кампаніі.

У адпаведнасці з Грамадзянска-працэсуальным кодэксам дапускаецца працэсуальнае саўдзельніцтва, па якім іск можа быць прад'яўлены да некалькіх адказчыкаў. Паколькі ісцец атрымала траўму ў выніку няшчаснага выпадку падчас паездкі ў грамадскім транспарце, а Гродзенскім тралейбусным упраўленнем заключаны дагавор абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі, страхавыя кампаніі варта прыцягнуць да ўдзелу ў дадзенай справе ў якасці суадказчыка, — пракаментавала сітуацыю Наталля Шышко.

Страхавыя кампаніі абодвух транспартных сродкаў выплацілі Аліне ў агульнай суме 13,2 тысячы рублёў. У страхавой кампаніі пералічылі ўсе лекавыя сродкі, якія падлягаюць выплатам згодна з іх выкарыстаннем. Усяго атрымалася больш за 10 найменняў. Яшчэ 286 рублёў выдаткавана на лазерную аперацыю, 1450 рублёў — на імплантаў. У спіс не ўвайшло тое, што не пацверджана дакументальна. Улічваўся і той факт, што пацярпелая выбірала медустанову сама, а не была туды накіравана. У гэтым выпадку выплаты не вяліся.

Што датычыць кіроўцы грузавіка, ён прызнаў іск часткова. Патрабаванні аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды не прызнаў, бо лічыць, што гэтыя страты кампенсуюць страхавыя выплаты. У судзе выступіў з просьбай зменшыць памеры іску са спасылкай на матэрыяльнае становішча, наяўнасць непаўналетніх дзяцей і аказаную раней дапамогу. Кіроўца настойваў на тым, што яго віны ў здарэнні няма.

Суд задаволіў іск Аліны часткова. З кіроўцы на кампенсацыю маральнай школы вырашана спагнаць 30 000 рублёў плюс часткова затраты на медыцынскія паслугі і юрыдычную дапамогу. Агульная сума склала 31 130 рублёў.

А вось тралейбусны парк, згодна з рашэннем суда, не можа быць прыцягнуты да адказнасці, таму і кампенсацыі плаціць не павінен. Справа ў тым, што здарэнне не прызнана дарожна-транспартным, а кваліфікуецца як няшчасны выпадак.

Аб чым гэтая гісторыя? Магчыма, аб болі і хаджэнні па пакутах звычайнай гараджанкі, на месцы якой мог аказацца любы іншы. А яшчэ аб кіроўцах, чые транспартныя сродкі раптоўна становяцца небяспечнымі для навакольных. І гэта той форс-мажор, якога пры належнай эксплуатацыі аўтамабіля ўсё ж такі можна было пазбегнуць...

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Форс-мажор падчас паездкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».