Вы тут

Парады для лічбавай гігіены. Забяспечыць ахову асабістых даных у Інтэрнэце можа сам чалавек


Геалакацыя, указаная на фотаздымку. Копія пашпарта, дасланая на электронную пошту. Адкрыты профіль у сацыяльных сетках, дзе змешчана шмат прыватнай інфармацыі. Гэтыя і іншыя рэчы, якія часта пакідае гаспадар усіх падобных звестак, з'яўляюцца вялізнай крыніцай, з якой зламыснікі могуць поўнымі вёдрамі чэрпаць інфармацыю. Што можна зрабіць самастойна, каб паменшыць паток збору і апрацоўкі інфармацыі пра сябе, расказалі ў Нацыянальным цэнтры аховы персанальных даных (НЦАПД).


Геалакацыя сочыць за табой!

Існуюць простыя і дзейсныя механізмы аховы, якія па сілах выконваць кожнаму, упэўненыя ў Цэнтры.

Найперш, не трэба ўказваць пра сябе празмерна шмат асабістай інфармацыі, накшталт месца жыхарства, асабістага нумара мабільнага тэлефона, метак геалакацыі на фотаздымках.

Неабходна вытрымліваць сеткавую гігіену, то-бок выкарыстоўваць ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне і антывірусы, а таксама прыдумваць складаныя паролі.

Калі вы афармляеце чарговую картку на зніжкі ў краме ці рэгіструецеся на нейкім сайце, варта вывучыць палітыку канфідэнцыяльнасці адпаведнай арганізацыі. Не лішнім будзе і пачытаць пра свае правы, якія даюцца Законам аб ахове персанальных даных, каб ведаць, як іх рэалізоўваць на практыцы, параіла Вольга ШЫБКО, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыйных паслуг і сувязяў з грамадскасцю НЦАПД:

— Часта людзі ўказваюць на здымках месцы, дзе гэтыя фота былі зробленыя. Аднак мала хто задумваецца, што па метцы геалакацыі на фотакартцы, зробленай па месцы жыхарства чалавека, можна высветліць дом, дзе жыве асоба, якая апублікавала фота ў сеціве. А ці заўважалі вы, што калі карыстаецеся сацсеткамі, знаходзячыся ў пэўным раёне горада, да вас на тэлефон прыходзіць кантэкставая рэклама, якая дэманструе найбліжэйшыя ад вас рэстараны, салоны прыгажосці і іншыя ўстановы? Гэта не супадзенне, а вынік збору вашых даных навігацыі ў інтэрнэце і геалакацыі.

Адключайце функцыю вызначэння месцазнаходжання ў сваім браўзеры і мабільным тэлефоне. Карыстацца ёю варта толькі пры неабходнасці, калі трэба некуды дабрацца.

Копія пашпарта: неабходнасць ці не

Пашпарт грамадзяніна — дакумент, што пацвярджае асобу чалавека. Персанальныя даныя, якія ён утрымлівае, — важныя і канфідэнцыяльныя звесткі. Тое ж самае датычыцца і копіі пашпартных даных, якія чалавека часта просяць прадставіць. Прасіць прад'явіць дакумент, які пацвярджае вашу асобу, — гэта адно, а патрабаваць копію пашпарта і захоўваць яе — зусім іншае. У шэрагу выпадкаў копія проста непатрэбная.

— Копію пашпарта могуць папрасіць у банку для набыцця крэдыту, падчас нейкіх працэдур у падатковых органах, афармлення візы, пастаноўкі на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Ва ўсіх гэтых выпадках з прававога пункту гледжання прад'яўленне копіі пашпарта апраўданае, — заўважыла спецыяліст.

Недапушчальна прасіць копію пашпарта пры працаўладкаванні, пры аказанні (атрыманні) паслуг, вяртанні тавару, для пацвярджэння асобы. Ва ўсіх гэтых выпадках дастаткова прад'явіць (проста паказаць) пашпарт.

— Адсылаючы фота свайго дакумента, напрыклад, для аднаўлення доступу да старонак у сацыяльных сетках, трэба быць уважлівымі. Складана прадугледзець, дзе апынецца фота вашага пашпарта і як вашы персанальныя даныя будуць абароненыя, — падкрэсліла Вольга Шыбко. — Асобы, якія займаюцца зборам пашпартных даных, павінны гарантаваць іх бяспечную апрацоўку і ахову, у тым ліку недапушчальнасць іх траплянне ў рукі трэціх асоб (акрамя выпадкаў, калі тое дапускаецца заканадаўствам).

Перш чым аддаваць копію свайго пашпарта ці пагаджацца на тое, каб яе зрабілі, высветліце, якой нормай закона кіруецца асоба, зацікаўленая ў зборы такой інфармацыі і якая просіць яе ў вас.

Фільтруйце настройкі прыватнасці

Ствараючы ў сацыяльных сетках адкрыты профіль і публікуючы ў ім свае імя, прозвішча і імя па бацьку, мы самі робім свае персанальныя звесткі агульнадаступнымі. Сцерці інфармацыю пра сябе з сацсетак можна, толькі выдаліўшы акаўнт. Аднак нават пасля таго вашы даныя нейкі час яшчэ будуць захоўвацца ў data-цэнтры, папярэдзілі ў НЦАПД.

— Сацыяльныя сеткі збіраюць мноства інфармацыі не толькі з вашага профілю, а таксама звесткі пра вашы дзеянні ў сеціве: пераходы па старонках, лайкі, рэпосты, — растлумачыла Вольга Шыбко. — Ствараючы профіль у сацсетцы, карыстальнік прымае пагадненне аб канфедыцыяльнасці, часта нават не чытаючы яго. А яшчэ — пакідае настройкі прыватнасці, якія ўстаноўлены па ўмаўчанні. Гэта спрыяе таму, што сацыяльныя сэрвісы гадамі назапашваюць мноства даных, якія датычацца канкрэтнага чалавека. Вось і атрымліваецца, што сістэма часам ведае пра асобу больш, чым яе сваякі і сябры.

Спецыялісты Цэнтра раяць аддаць увагу настройкам прыватнасці профілю пры рэгістрацыі ў сацсетках, а таксама выдаліць частку інфармацыі, якая была раней змешчана на вашых старонках. Варта памятаць: не публікуйце ў сацсетцы тое, што не гатовыя расказаць незнаёмым.

1,5 мільёна незаконных звестак

Закон аб ахове персанальных даных запрацаваў дзевяць месяцаў таму. Літаральна днямі ён быў перакладзены на англійскую мову і змешчаны на англамоўнай версіі сайта https://cpd.by/en/glavnaya-englіsh/. Выконваючы юрыдычны пераклад, эксперты асаблівую ўвагу ўдзялілі правільнай і дакладнай падачы нарматыўнага прававога акта, што вельмі важна для адзінства яго разумення і трактавання, падкрэслілі ў Цэнтры.

— Пераклад, несумненна, будзе садзейнічаць прыцягненню ўвагі замежнай аўдыторыі да ствараемых у Беларусі ўмоў па ахове персанальных даных людзей, а таксама развіццю супрацоўніцтва нашага Цэнтра з органамі і арганізацыямі па ахове правоў суб'ектаў персанальных даных у замежных дзяржавах, — упэўнены дырэктар НЦАПД Андрэй ГАЕЎ. — З улікам ведання юрыдычных сістэм, умення аперыраваць нарматыўнымі фармулёўкамі на практыцы, эксперты пастаянна ўзаемадзейнічаюць з аналагічнымі нашаму Цэнтру органамі ў іншых краінах, і перапіска часта вядзецца на англійскай мове. На замежнай мове за час існавання Цэнтра прыйшлося неаднаразова накіроўваць і патрабаванні ўладальнікам сацыяльных сетак і сайтаў аб выдаленні з іх рэсурсаў незаконна апублікаванай інфармацыі пра беларускіх грамадзян.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?