Вы тут

Чэргі на граніцы


Зоя ездзіць у замежныя шоп-туры шмат гадоў, з гэтага і жыве. Цяпер вось пасля даволі працяглага перапынку зноў вярнулася да справы. Так выйшла, што са сталай работай у яе не складваецца. І на прадпрыемствах працавала, у скуры індывідуальнага прадпрымальніка пабыла, зноў вярнулася да свайго «купі-прадай». Яна чалавек па натуры рухавы, камунікатыўны, ёй няцяжка зматацца за мяжу хоць бы два разы на тыдзень, астатні час — вольная птушка.


Апошнім часам ездзяць разам з мужам машынай. Як бачу яе, дык Зоя ўсё вохкае, што цяжка стала перасякаць граніцу. Чэргі неверагодныя, прастойваць трэба, здараецца, ледзь не суткі. Але ж наш чалавек кругом выйсце знойдзе. Некаторы час таму папулярнай стала паслуга чакальніка, казалі, што сто рублёў можна было зарабіць за суткі таму, хто проста трымае чаргу для некага. Потым з'явілася паслуга платнага браніравання часу заезду ў пункт пропуску. Яна, вядома, вельмі пільна сочыць за зменамі правілаў у гэтым кірунку. І вось у Зоі новая нагода для роспачы: адмянілі і тое браніраванне, і за электронную чаргу трэба плаціць. «Што ж гэта робіцца, калі тут парадак які будзе!?» — карцінна заломвае рукі яна, імітуючы галашэнне. Ведаю, што такім чынам непапраўная аптымістка Зоя толькі напрошваецца на размову.

Раю ёй ставіцца да ўсяго крыху па-філасофску: так будзе не заўсёды. Ды і было так не заўсёды, у сэнсе бывала і горай. Напрыклад, у пачатку 1990-х, калі нашы людзі толькі пачалі актыўна ездзіць за мяжу, тыднямі стаялі. Яна не верыць, і нядзіўна: ёй жа і сарака яшчэ няма. Абяцаю прынесці і паказаць свой рэпартаж у газеце той пары і, на здзіўленне, хутка яго знаходжу ў кабінеце сярод старых папер. У сакавіцкім нумары газеты за 1992 год сама з цікавасцю чытаю дашчэнту забытыя радкі: «У аграмаднай каляі аўтобусаў, якія чакаюць свайго часу на пад'ездзе да Варшаўскага моста, сваё жыццё. За шэсць-сем сутак шмат чаго спатрэбіцца чалавеку. Прадпрымальныя брастаўчане не мінулі гэтым скарыстацца ды паціху зарабляюць на жыццё. Турыст, як правіла, чалавек не бедны альбо не зусім бедны. Можна з яго і ўзяць.

Піва, пэпсі, фанта прадаюцца амаль афіцыйна. Нейкі лядашчы мужчынка выставіў на крыху паламанай скрыні, нібы на прылаўку, узоры прадукцыі: піва — 20 рублёў, напіткі — па чырвонцы (цэны 1992 года. — С. Я.). Побач п'янаватая кабета з-пад крыса прадае гарэлку па 300 рублёў. А што, выгадна. У камерцыйнай краме яна па 150 за пляшку, навар някепскі. Для «замежных» кліентаў — асаблівы сервіс. Украінскім, расійскім турыстам стараюцца прадаць яшчэ даражэй.

Рухавыя бабулі-пенсіянеркі збіраюць тару каля аўтобусаў. Тыя, хто зусім асвоіўся, заходзяць прама ў аўтобус, як, напрыклад, Настасся Іванаўна. Яна, здаецца, не прапускае ніводнага аўтобуса, адчыняе дзверы і гукае: «Сынкі, бутэлькі ёсць?» Вадзіцелі з ёй прыветныя. «Не, Іванаўна, у нас ужо забралі». Збярэ бабуля за некалькі гадзін дзве сумкі тары — глядзіш, ужо рублёў 30-40 мае.

Тут можна купіць усё. Можна купіць і чаргу, калі грошы ёсць, а марнаваць час у чаканні не хочацца. Каштуе гэта ад 10 да 20 тысяч у залежнасці ад таго, колькі засталося да запаветнай сеткі, то-бок самой мытні.

Нічога дзіўнага. Калі парадак не падтрымліваецца звонку, ён устанаўліваецца стыхійна знутры. Тут свае законы, даволі жорсткія, не раўнуючы, як на зоне: б'юць шкло машын, б'юць твары, сварацца па дробязях. Такое ўражанне, што за тыдзень антысанітарных ды і наогул антычалавечых умоў людзі пачынаюць дзічэць. На гэтым участку дарогі выпіваецца спіртнога, відаць, болей, чым ва ўсім астатнім горадзе. Бліжэй да вечара цвярозымі застаюцца, як падаецца, толькі аўтобусы. Турысты ходзяць літаральна сінія. Хістаюцца з боку на бок нават «вольныя» гандляры. Кажуць, раней нецвярозых кіроўцаў міліцыя ў выцвярэзнік адпраўляла. Цяпер на гэта рукой махнулі. Калі хто ўжо зусім выглядае «аўтапілотам», таварыш спераду альбо ззаду машыну падгоніць.

Гэта ўсё разам з брудам і смеццем, атмасферай, пакрытай трохпавярховымі мацюкамі, нагадвае ці то звалку, ці якую фантасмагорыю з суперсучаснага кіно.

Можна, вядома, сказаць, што ніхто нікога не прымушае гібець на той граніцы. Толькі савецкія людзі добраахвотна ахвяруюць сябе на падобныя выпрабаванні, пры гэтым за немалыя грошы. І ўсё-такі шкада гэтых людзей. Тыя, хто пры ўладзе і вельмі багатыя, не стаяць на мяжы. Для іх ёсць свой калідор. Для астатняга народу — толькі абяцанні калі-небудзь стварыць нармальныя ўмовы. Пастаіш нямытым і няголеным шэсць дзён, дык і купіш пляшку за 300 рублёў....»

Зоя прачытала тэкст, з якога прыведзена каля трэці, цалкам, памаўчала і прамовіла: «Усё-такі парадку зараз болей». Яно, вядома, так. Але ж у многія выхадныя гэтага года па дарозе ў вёску даводзілася бачыць вялізныя чэргі грузавых фур, якія кіраваліся на пераход Казловічы. Часам, паводле звестак з сеціва, чэргі расцягваліся на дзесяць і больш кіламетраў. А гэта ж не турысты, а вадзіцелі, якія вязуць патрэбныя з абодвух бакоў граніцы тавары. І думаеш: чаму людзі ўвесь час удасканальваюць справу адгароджвання межамі, сценамі, крыўдамі, непаразуменнем? Калі ўжо пачнецца зваротны працэс?

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».