Вы тут

Як спаганяюць запазычанасці ў розных краінах свету


Вымусіць чалавека вярнуць доўг, калі ён не хоча аддаваць грошы, — справа цяжкая. У тым ліку і для тых, чыя работа непасрэдна заключаецца ў гэтым самым спагнанні запазычанасці, то-бок для судовых выканаўцаў. У розных краінах іх паўнамоцтвы адрозніваюцца: дзесьці даўжнікоў, як малых дзяцей, угаворваюць, а дзесьці і з пагрозамі фізічнага ўздзеяння да неплацельшчыка прыйдуць. У кожнай дзяржаве створаны спецыяльныя службы, якія забяспечваюць выкананне актаў судоў і іншых органаў, а прававыя мадэлі прымусовага выканання розныя. Пра некаторыя асаблівасці работы судовых выканаўцаў карэспандэнту «Звязды» расказалі спецыялісты.


Фота: pixabay.com

Скокі ў акно і пагроза сякерай

Судовых выканаўцаў нярэдка сустракаюць лаянкай, і гэта ў лепшым выпадку, так што па адным яны да даўжнікоў не прыходзяць — небяспечна. Рабочы дзень у гэтых службовых асоб таксама ненармаваны і непрадказальны: часта прыходзіцца вартаваць даўжніка каля дома зранку ці позна ўвечары, а, здараецца, і выманьваць з жылля хітрасцю. Неплацельшчыкі проста не хочуць уцяміць, што самі загналі сябе ў такое становішча, калі прыходзіцца хавацца ды бегаць, і толькі ў іх сілах змяніць сітуацыю, лічыць намеснік начальніка аддзела прымусовага выканання Гомельскага раёна Марына Кудзелька:

— Ёсць у нас адзін даўжнік, у дачыненні да якога заведзена выканаўчая справа па некалькі неаплачаных невялікіх штрафах за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення. Афіцыйна ён не працаўладкаваны, ніякай дапамогі ці пенсіі не атрымлівае, у аддзел да нас па павестках не з'яўляецца. Судоваму выканаўцу застаецца толькі адно — трапіць да яго дадому, каб праверыць маёмасны стан даўжніка. Гэта неад'емная частка прымусовага вядзення. Дык мы да яго год хадзілі — дамафону няма, дзверы ніхто не адчыняе. А ў адзін з візітаў убачылі, што наш даўжнік падстаўляе лесвіцу пад акно кватэры на першым паверсе і «ўваходзіць» дадому. Так увайшлі і мы. У жыллі, акрамя смецця, нічога не аказалася, таму прыйшлося скласці акт аб немагчымасці здзяйснення выканаўчага дакумента і ўручыць даўжніку рэквізіты для аплаты запазычанасці.

Здараюцца і больш анекдатычныя сітуацыі. У аднаго з даўжнікоў, да якога ўдалося трапіць судовым выканаўцам, перыметр пакоя быў цалкам застаўлены бутэлькамі. Неплацельшчык так спужаўся, што тару арыштуюць і забяруць у кошт доўгу, што заплаціў штраф.

А аднойчы даўжнік, які адмаўляўся плаціць доўг, а ў кватэры меў і мікрахвалевую печ, і тэлевізар, пагражаў сякерай разбіць тэхніку, каб «не дасталася нікому». А ўсё таму, што судовыя выканаўцы патлумачылі: гэтую маёмасць неабходна арыштаваць у лік спагнання доўгу — згодна з патрабаваннямі заканадаўства аб выканаўчым вядзенні.

Спецыялісты ўгаворвалі, што арыштаваную маёмасць можна будзе перадаць на захоўванне самому даўжніку, які ў далейшым сам жа зможа і рэалізаваць яе, напісаўшы адпаведную заяву. У адказ неплацельшчык патлумачыў, што ўся тэхніка належыць яго дзяўчыне, з якой яны тут жывуць, і пачаў шукаць гарантыйныя талоны і чэкі. Не знайшоўшы, выскачыў з акна другога паверха і ўцёк. Праўда, назаўтра прыйшоў у аддзел прымусовага выканання і часткова кампенсаваў суму запазычанасці.

Спагнанне да свята і хітрыкі «празрыстай мяжы»

Зразумела, што ўгаворваць неплацельшчыкаў і бегаць за імі месяцамі — не задача судовых выканаўцаў. Для дзейснага ўплыву на даўжнікоў у Беларусі працуюць меры прымусовага характару. Так, згодна з артыкулам 60 закона «Аб выканаўчым вядзенні», судовы выканаўца мае права на тэрмін да выканання патрабаванняў выканаўчага дакумента забараніць даўжніку рабіць пэўныя дзеянні, якія перашкаджаюць выкананню гэтага дакумента. Напрыклад, забараніць неплацельшчыку карыстацца яго маёмасцю ці ўстанавіць межы карыстання гэтай маёмасцю, падзялілася намеснік начальнік аддзела арганізацыі і кантролю прымусовага выканання ўпраўлення прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама Таццяна Данько:

— Калісьці ў мяне на выкананні знаходзілася выканаўчае вядзенне аб спагнанні даволі вялікай сумы доўгу — каля 20 тысяч рублёў — з адной фізічнай асобы на карысць іншай. Я вырашыла прыняць у дачыненні даўжніка такую меру ўздзеяння, як забарона здзяйсняць юрыдычна значныя здзелкі са сваёй кватэрай. Апошні нідзе афіцыйна не працаваў, аднак штодня ўпрошваў мяне адмяніць абмежаванне. Высветлілася, што ён хацеў прадаць кватэру і ўжо заключыў дагавор з рыэлтарскай арганізацыяй на рэалізацыю маёмасці. Пасля ён збіраўся выехаць з краіны, забыцца на даўгі і пачаць новае жыццё. У выніку кватэра была прададзена пад маім кантролем ва ўзаемадзеянні з рыэлтарамі, а неабходныя сродкі — пералічаны спагнанніцы доўгу. Дарэчы, гэта было перад 8 Сакавіка, што было жанчыне ўдвая прыемна.

Як відаць, якія абмежавальныя меры ні прымай, даўжнікі заўжды імкнуцца іх абысці. Вось і неплацельшчык з Гомельшчыны, у дачыненні якога было заведзена дзевяць выканаўчых вядзенняў, вырашыў збегчы ад даўгоў у Бангладэш, расказала начальнік аддзела прымусовага выканання Рэчыцкага раёна Святлана Лапата:

— Адносна гэтага даўжніка была прынята мера аб абмежаванні права выезду за мяжу Беларусі. Тым не менш неплацельшчык вырашыў усіх ашукаць і з'ехаць у Бангладэш да сваякоў праз Расію. Зразумела, на мяжы паўстала праблема, якая гучала «у вас даўгі — не выпусцім з краіны!». Даўжнік спрабаваў знайсці іншае выйсце, аднак, акрамя як угаварыць сваякоў пакрыць яго запазычанасць, нічога не прыдумаў. Абмежавальную меру пасля гэтага адмянілі. І ён спакойна з'ехаў у Бангладэш.

«Празрыстай мяжой» паміж Беларуссю і Расіяй даўжнікі пэўны час актыўна карысталіся, каб выехаць такім чынам з радзімы туды, куды яны хацелі. Аднак пасля падпісання міжурадавых пагадненняў паміж Беларуссю і Расіяй магчымасць выезду ў трэція краіны грамадзянам Саюзнай дзяржавы, чыё права на выезд часова абмежавана, была выключана.

У Беларусі — абмежаванні

У Беларусі сістэма прымусовага вядзення цалкам дзяржаўная, і судовыя выканаўцы маюць шмат паўнамоцтваў. Яны могуць забараніць даўжніку карыстацца тэлефонам і інтэрнэтам, забараніць выезд за мяжу, пазбавіць права кіраваць аўто і наведваць гульнявыя ўстановы і ўстанавіць іншыя абмежаванні да пагашэння доўгу, расказала Крысціна Обухава, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама:

— Даўжнікам дасылаюць СМС-апавяшчэнні і электронныя лісты аб тым, што ў дачыненні да іх заведзена выканаўчае вядзенне, пра якое (а таксама пра свае даўгі) яны могуць даведацца ў рэестры запазычанасцяў на сайце Мінюста.

Сіла і зброя

Работнікі Федэральнай службы судовых прыставаў у Расіі маюць досыць шырокія паўнамоцтвы, аналагічныя беларускім. Аднак ім, апроч таго, дазволена прымяняць фізічную сілу і (або) агнястрэльную зброю, калі іншыя меры ўздзеяння не прынеслі чаканага выніку. Напрыклад, калі даўжнік намагаецца ўцячы, ці яго трэба суправадзіць у суд, паведаміла Крысціна Обухава.

Прыватны судовы выканаўца і дадатковыя функцыі

Сістэма спагнання даўгоў у Францыі пераважна прыватная. Паўнамоцтвы прымусовых выканаўцаў тут выконваюць асобы, якія атрымалі ад дзяржавы ліцэнзію на гэты від дзейнасці, і робяць гэта самастойна.

Статус судовага выканаўцы ў Францыі рэгламентуецца ад 2 лістапада 1945 года, хаця некаторыя змены ў сістэму выканаўчага вядзення ўносіліся ў 1992-м.

— Судовы выканаўца ў гэтай краіне выступае і службовай асобай, якая звязана з адпраўленнем правасуддзя, і свабодным прафесіяналам, якому дзяржава дэлегавала функцыі выканання рашэнняў па грамадзянскіх справах, вынесеных судамі, — расказала спецыяліст. — Разам з паўнамоцтвамі судовы выканаўца атрымлівае ад дзяржавы манаполію на шэраг юрыдычных дзеянняў: уручэнне павестак і апавяшчэнняў, выкананне рашэнняў суда, складанне актаў, якія маюць доказнае значэнне.

У функцыі французскіх судовых выканаўцаў уваходзяць і тыя, што не звязаны з прымусовым выкананнем судовых рашэнняў. Гэта, у прыватнасці, паведамленне аб прынятых судовых рашэннях, аказанне юрыдычных кансультацый і дастаўка судовых павестак (актаў, судовых і пазасудовых дакументаў). Па даручэнні суддзі судовыя выканаўцы могуць таксама высвятляць факты, неабходныя для належнага разгляду судом пэўнай спрэчкі (напрыклад, аб ступені завяршэння будаўніцтва аб'екта ці парадку правядзення агульнага сходу акцыянераў).

Права на пазбаўленне волі

Вяртаннем даўгоў у Фінляндыі займаюцца прыставы, дзейнасць якіх рэгулюецца Канстытуцыяй. Гэта асобная структура нароўні з праваахоўнымі органамі, устройства якой вельмі падобнае да расійскай.

— У работнікаў органаў прымусовага выканання няма іншых абавязкаў, акрамя прымусовага вядзення. Затое больш ніякі орган у краіне не мае права прымаць прымусовыя меры для спагнання доўгу, — заўважыла Крысціна Обухава. — Прыватныя фірмы па спагнанні даўгоў могуць увогуле толькі дасылаць лісты з патрабаваннем вярнуць доўг. А вось у судовых выканаўцаў ёсць функцыя, звязаная з выкананнем пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.