Вы тут

Сёлета ў Беларусі адпачыла і аздаравілася 370 тысяч дзяцей


Гэта на 25 тысяч больш у параўнанні з мінулым годам. Спецыялісты адзначаюць, што попыт на дзіцячыя пуцёўкі ў лагеры вялікі, прычым з кожным годам ён расце. І гэта не дзіўна, бо такі адпачынак цікавы не толькі дзецям, але і бацькам — дзякуючы дзяржаўнай кампенсацыі, дапамозе наймальнікаў і прафсаюзаў часта даплаціць з уласнай кішэні за пуцёўку трэба ўсяго 10 % ад яе кошту. Мяркуецца, што на наступны год у дзіцячых лагерах пабывае каля 390 тысяч юных беларусаў.


Попыт цалкам задаволены

— Падыходзіць да завяршэння летняя аздараўленчая кампанія 2022 года. У гэтым годзе быў вельмі высокі попыт на дзіцячае аздараўленне. Кампанія прайшла ў планавым парадку. На яе правядзенне дзяржавай было выдаткавана больш за 57 мільёнаў рублёў з рэспубліканскага бюджэту. З іх 55 мільёнаў 700 тысяч — на патанненне кошту пуцёўкі ў аздараўленчыя і спартыўныя лагеры, 1 мільён 100 тысяч — на набыццё пуцёвак для льготных катэгорый дзяцей і 600 тысяч — на аказанне дапамогі ў падрыхтоўцы аздараўленчых лагераў да работы, — расказаў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай.

У лагерах гэтым летам аздаравіліся 370 тысяч дзяцей, у тым ліку 155 тысяч — ва ўстановах з кругласутачным знаходжаннем і 216 — у дзённых. Пуцёўкі атрымалі ўсе ахвотныя. Асаблівая ўвага — дзецям-інвалідам, дзецям-сіротам, якія засталіся без апекі. Усяго летам аздароўлена 11,7 тысячы дзяцей-сірот, якія засталіся без апекі, 4,8 тысячы дзяцей-інвалідаў. Пры гэтым дзеці-інваліды накіроўваліся ў аздараўленчыя лагеры з даступным асяроддзем і ўсімі неабходнымі ўмовамі па іх медыцынскім суправаджэнні.

Аздараўляліся ў Беларусі і дзеці з суседніх краін. Традыцыйна юныя расіяне па розных праграмах наведвалі беларускія дзіцячыя рэабілітацыйна-аздараўленчыя цэнтры — «Жамчужына», «Надзея», «Ждановічы», «Ветразь». Сёлета тут аздаравілася каля 4 тысяч дзяцей і падлеткаў.

Яшчэ адзін важны сацыяльны праект — аздраўленне дзяцей украінскіх бежанцаў. У розных рэгіёнах краіны сёлета за кошт Беларускага Чырвонага Крыжа і ЮНІСЕФ адпачыла 87 дзяцей з Украіны.

— З імі працавалі псіхолагі. Зносіны з нашымі дзецьмі вельмі дапамаглі ім у аднаўленні псіхалагічна, каб яны больш спакойна сябе адчувалі і ўмацавалі здароўе. У кожнай вобласці колькасць дзяцей вар'іравалася: дзесьці — 8, дзе — 12, недзе — 16. У Мінску, дапусцім, 12 дзяцей у «Гарызонце» былі аздароўлены, — адзначыў Аляксандр Цай.

Сёлетняя аздараўленчая кампанія адметная і асаблівай увагай да грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Сумесна з МНС, МУС, Міністэрствам абароны было арганізавана 480 ваенна-патрыятычных лагераў, дзе адпачыла каля 18 тысяч дзяцей.

— Да такіх лагераў была вялікая цікавасць. Дзеці наведвалі месцы баявой славы, музеі і мемарыялы, праводзіліся лінейкі з уздымам дзяржаўнага сцяга і выкананнем гімна. Такім чынам дзеці засвойвалі традыцыйныя каштоўнасці беларускага народа. Праходзіла і спецыяльная падрыхтоўка, пачынаючы ад ранішняй зарадкі, заканчваючы вывучэннем страявой падрыхтоўкі, наведваннем ваенных часцей і знаёмствам з тэхнікай, — расказаў Аляксандр Цай.

Вялікая ўвага — бяспецы дзяцей. Спецыялісты праводзілі маніторынг кожнай змены, у тым ліку ў галіне выканання санітарна-эпідэміялагічных нормаў. Надзвычайных сітуацый у гэту аздараўленчую кампанію не зафіксавана.

— Адпрацаваны часовыя метадычныя рэкамендацыі па прафілактыцы COVІD-19. Яны аслаблены ў параўнанні з мінулым годам, аднак усё роўна практыкавалася тэрмаметрыя, дыстанцыраванне пры пражыванні, харчаванні і падчас масавых мерапрыемстваў, не праводзіліся бацькоўскія дні, але былі сустрэчы з бацькамі на адкрытым паветры. Такім чынам, аздараўленчая кампанія прайшла ў рэжыме санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту, — рэзюмаваў Аляксандр Цай.

Летам падпрацоўвалі 78 тысяч школьнікаў і студэнтаў

Для многіх падлеткаў перыяд летніх канікул — час не толькі адпачынку, але і магчымасць зарабіць свае першыя грошы. Гэтым летам амаль 78 тысяч старшых школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў былі часова працаўладкаваны.

— Служба занятасці ва ўсіх рэгіёнах аказвае садзейнічанне ў працаўладкаванні. Як правіла, найбольшая актыўнасць прыпадае на канікулярны перыяд. Для аказання дапамогі ў працаўладкаванні школьнікам і студэнтам служба занятасці заключыла з наймальнікамі больш за 1800 працоўных дагавораў. З падтрымкай дзяржавы, фонду сацыяльнай абароны ў рамках рэалізацыі праграмы «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» ажыццяўлялася фінансаванне мерапрыемстваў часовай занятасці. З дапамогай службы занятасці ў перыяд з чэрвеня да жнівўня часова працаўладкавалі амаль 27 тысяч навучэнцаў. А з пачатку года — больш за 33 тысячы, — расказала начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Дакуніна.

Яна адзначыла, што прыярытэтнае права на часовае працаўладкаванне давалася моладзі з няпоўных, шматдзетных, малазабяспечаных сем'яў, непаўналетнім, якія стаяць на ўліку ў камісіях па справах непаўналетніх. Прапаноўваліся, як правіла, лёгкія віды работ: азеляненне тэрыторый, кур'ерская дзейнасць, выраб швейнай і сувенірнай прадукцыі. На забеспячэнне гэтага кірунку з бюджэту было накіравана больш за 5 мільёнаў рублёў. На год гэта лічба складае больш за 7,5 мільёна рублёў.

— Да летняга перыяду служба занятасці сфарміравала ў адкрытым доступе пералік арганізацый, якія гатовы прыняць летам моладзь. На сёння звыш тысячы наймальнікаў гатовы прыняць моладзь на работу. Найбольшая актыўнасць, канешне, прыпадае на летнія месяцы, у той жа час школьнікі і студэнты могуць падпрацоўваць і ў вольны ад вучобы час. Інфармацыя для працаўладкавання маецца на партале дзяржаўнай службы занятасці, — падкрэсліла Алена Дакукіна. — У чэрвені-жніўні за кошт сродкаў наймальнікаў было працаўладкавана звыш 8,5 тысячы моладзі.

Нагадаем, што працоўную дзейнасць, згодна з заканадаўствам, можна пачынаць з 14 гадоў. Непаўналетнія могуць выконваць лёгкія віды работ, якія не нясуць урон здароўю, не парушаюць навучальны працэс, і толькі з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў. Навучэнцы агульнаадукацыйных і прафесійна-тэхнічных устаноў ва ўзросце 14—16 гадоў падчас канікул могуць працаваць не больш за 4 гадзіны 36 хвілін і 7 гадзін ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў.

Алена КРАВЕЦ

Фото: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.