Вы тут

Да болю ў пячонках. Ці можна самому зразумець, што час лячыцца надышоў?


Калі верыць амерыканскім урачам, штогод толькі ў ЗША ад цырозу печані гіне амаль 50 тысяч чалавек. У нас цыроз печані ўваходзіць у першую дзясятку сярод прычын смерці. Чаму ўзнікае гэтая грозная хвароба, як яе пазбегнуць і ці можна павярнуць працэс назад, мы разбіраліся з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гарбанніджадам.


— Доктар Гумен, спачатку давайце вызначымся, якія функцыі выконвае печань і навошта яна нам?

— Печань — самая вялікая залоза ў нашым арганізме, і ў яе вельмі шмат функцый. Яна выконвае столькі работы, што без яе наш арганізм не выжыў бы. Усе рэчывы, якія назапашваюцца ў кішэчніку, акрамя тлушчаў, праходзяць праз печань. Яна абясшкоджвае таксіны, удзельнічае ў абмене цукру і ва ўтварэнні некаторых вітамінаў, назапашвае глікаген, выпрацоўвае жоўць, вызначае, дзе тыя ці іншыя хімічныя злучэнні мусяць назапашвацца і куды накіроўвацца. І гэта толькі павярхоўны пералік.

Чаму гэту залозу назвалі печанню? Лічыцца, што ў ёй самая высокая тэмпература — амаль 40 градусаў. І калі кроў праз яе праходзіць, таксама грэецца. Таму ад слова «печ» і пайшла назва.

— Растлумачце, як рэчывы з кішэчніка трапляюць і праходзяць праз печань.

— Праз варотную вену, гэта буйны вянозны ствол. Ён збірае кроў ад усіх няпарных органаў брушной поласці — страўніка, селязёнкі, кішэчніка, падстраўнікавай залозы, акрамя ніжняй трэці прамой кішкі. І гэтая кроў праходзіць праз печань — у гадзіну праз яе прапампоўваецца каля 90 літраў! І дадзеная залоза «вызначае», што пакінуць, што назапасіць, што нейтралізаваць, што знішчыць.

— І менавіта печань нейтралізуе эфект некаторых лекаў?

— Так. Бо яна мае ўласцівасць навучацца. Калі ёй штосьці не падабаецца, яна тое рэчыва нейтралізуе. Але спачатку ў маленькай колькасці. Калі рэчыва працягвае паступаць, то печань навучаецца яго нейтралізоўваць, і з кожным разам робіць тое ўсё больш і больш актыўна. Таму людзям, якія прымаюць пэўныя лекі, з часам павялічваюць дозу, бо талерантнасць да іх з часам павышаецца. І доктар ведае, які працэнт бярэ на сябе печань, таму мяняе дазіроўку прэпарату, каб ён мог прайсці праз такі бар'ер.

Тое ж самае датычыцца і алкаголю. З часам для дасягнення пэўнай ступені ап'янення яго патрабуецца больш і больш. Бо кожны раз печань усё лепш разумее, як яго нейтралізаваць.

Часам печань можа адно хімічнае злучэнне пераўтвараць у іншае. І для вытворчасці лекаў гэта вельмі важна. Была сумная гісторыя, калі ў Германіі фармацэўтычны канцэрн шырока рэкламаваў прэпарат для заспакаення цяжарных жанчын, а ў выніку нарадзілася вялікая колькасць дзяцей з недаразвітымі верхнімі і ніжнімі канечнасцямі. Бо гэты прэпарат, калі праходзіў праз печань, ператвараўся ў рэчыва, што шкодзіла развіццю плода.

— Ці церпіць сама печань ад такой дзейнасці?

— Безумоўна, калі яна выратоўвае наш арганізм, то ахвяруе сабой. Часам, калі таксічныя рэчывы доўга паступаюць у арганізм, няважна, у маленькай ці вялікай колькасці, яны пашкоджваюць клеткі нашай печані, і мы гэта называем фіброзам ці цырозам. Калі з фіброзам можна яшчэ неяк пазмагацца, то цыроз — амаль незваротны працэс.

— Як згаданы працэс адбываецца?

— Любыя таксічныя рэчывы, якія праходзіць праз варотную вену, могуць пашкодзіць клеткі печані — гепатацыты. Пры гэтым у печані ёсць і іншыя клеткі — зорчатыя. Калі нармальныя клеткі печані разбураюцца, зорчатыя пачынаюць замяшчаць іх фібрознай і рубцовай тканкай. І сама гэта тканка выклікае запаленчы працэс. А ён, у сваю чаргу, узбуджае зорчатыя клеткі, і яны яшчэ больш выпрацоўваюць фібрознай тканкі. У выніку печань не выконвае свае функцыі. Адсюль павялічваецца яе памер, пагаршаецца фільтрацыя і адбываюцца рэчы, якія выклікаюць ланцуговую рэакцыю. Таму лепш, каб такі працэс не пачынаўся, бо яго складана спыніць.

— Як праяўляецца цыроз печані?

— Калі пачынаюцца змяненні ў структуры тканак печані, змяншаецца ўзровень бялку — альбуміну. Калі ўявіць печань як фільтр, то каб вадкасць прайшла праз яго, патрэбна порыстая структура. Чым больш забіваюцца «поры» ў печані, тым большы патрэбны ціск, каб праштурхнуць кроў. Таму калі ў печані пачынае ўтварацца злучальная тканка, фільтрацыя ўскладняецца, павялічваецца ціск у варотнай вене. Адпаведна, ён павялічваецца ў селязёнцы. Таму падае ўзровень трамбацытаў. Нізкі ўзровень альбуміну і трамбацытаў (і тыя, і іншыя задзейнічаны ў згусальнасці крыві) вядзе да пагаршэння ўласцівасці згусальнасці крыві. І ўсе іншыя фактары згусальнасці пагаршаюцца.

Дрэнна абясшкоджваецца білірубін, з-за чаго ў выніку развіваецца жаўтуха. У людзей з цырозам печані жоўтая скура і вочныя склеры. Пасля пачынаецца жоўцекамянёвая хвароба — ланцужок запушчаны і праблемы ўзнікаюць адна за другой. Камяні ў жоўцевым пузыры прыводзяць да запалення ў дванаццаціперснай кішцы, падстраўнікавай залозе і ў выніку вядуць да цукровага дыябету. Таму людзі, якія доўга носяць камяні ў жоўцевым пузыры, у выніку атрымліваюць цукровы дыябет ці парушэнне талерантнасці да глюкозы. І пасля выдалення камянёў цукровы дыябет застанецца — гэта хвароба на ўсё жыццё. Таму своечасова іх выдаляць вельмі важна.

Пасля змяншаецца вага — чалавек моцна худзее. Пачынаецца асцыт — назапашванне вадкасці ў брушной поласці. Гэта прыводзіць да яшчэ больш нізкага ўзроўню альбуміну, і тут яшчэ больш пачынаюць «пацець» сасуды, яшчэ больш вылучаецца з іх вадкасці. Вадкасць, якая знаходзіцца ў брушной поласці, пачынае сціскаць унутраныя органы. Яны пачынаюць горш працаваць, што ў выніку можа прыводзіць да поліарганнай недастатковасці і нават да хранічнай нырачнай недастатковасці. Гэта выклікае павелічэнне ўзроўню аміяку ў нашым арганізме, што разам з падзеннем мачавіны вядзе да атручэння галаўнога мозга і энцэфалапатыі. Такія людзі горш разумеюць, не адчуваюць болевага сіндрому.

За кошт таго, што павялічваецца ціск ў варотнай вене, пачынаюцца адкрывацца шунты. Гэта злучэнні паміж сасудамі, якія ў норме мусяць быць закрытымі і кроў праз іх не праходзіць. Калі за кошт вялікага ціску шунт адкрываецца, адбываецца скід вянознай крыві туды, куды не трэба. Гэта вядзе да варыкознага пашырэння вен у брушной поласці. Мы называем гэты сіндром «галава мядузы».

Яшчэ горш, калі здараецца варыкознае пашырэнне вен стрававода. Падчас гастраскапіі ў такога пацыента мы бачым гронкі, як на варыкозных нагах. І яны могуць кроватачыць. А паколькі людзі з цырозам маюць парушэнні згусальнасці крыві, то такі крывацёк вельмі цяжка спыніць. Уводзіцца спецыяльны зонд, які прыціскае вену, і крывацёк спыняецца. Але калі знімаецца зонд, крывацёк паўтараецца, і людзі ад яго гінуць. Па статыстыцы, 50 % пацыентаў паміраюць пасля другога крывацёку.

У пацыентаў з цырозам развіваецца лёгачная гіпертэнзія, бо мяняецца структура тканак лёгкіх, і кроў пачынае дрэнна праходзіць праз іх. І пры гэтым левыя перадсэрдзе і жалудачак, каб праганяць кроў праз лёгкія, пачынае працаваць з напружаннем, што можа скончыцца сардэчнай недастатковасцю, інфарктам міякарда, спыненнем сэрца.

— Колькі па часе развіваецца цыроз печані і колькі чалавек з ім можа пражыць?

— Ён развіваецца не за адзін і не за два дні, а дастаткова доўга. І ў кагосьці можа прывесці да смерці менш чым за год, у некага — праз некалькі гадоў.

Каварства хваробы ў тым, што на пачатковай стадыі яе дастаткова цяжка дыягнаставаць. Не існуе спецыфічных аналізаў на цыроз. Звычайна дадзенае захворванне мы дыягнастуем, калі ўжо маюцца сур'ёзныя наступствы, бачныя ў тым ліку на УГД. Мяняюцца многія паказчыкі ў біяхімічным аналізе крыві — АЛТ, АСТ, шчолачная фосфатаза, узровень білірубіну. Але яны сведчаць, што працэс актыўна ідзе. Праўда, на стадыі фіброзу з гэтым яшчэ можна пазмагацца.

У мяне быў пацыент, які здаваў аналізы АЛТ, АСТ, шчолачную фосфатазу, каб паглядзець, можа ён яшчэ ўжываць алкаголь ці ўжо не. Калі гэтыя паказчыкі змененыя, адмова ад алкаголю не так ужо і паўплывае. Таму лепш да гэтага не даводзіць.

Каб вызначыць, фіброз ці цыроз, урач бярэ пункцыю печані ці робіць такое даследаванне, як эластаграфія, калі вымяраецца шчыльнасць печані. У норме для хірурга печань па шчыльнасці мусіць быць, як язык. Калі яна больш цвёрдая, там ёсць неспрыяльныя змены.

Людзі, у якіх развіваецца цыроз печані, пастаянна адчуваюць агульнае недамаганне, дэпрэсіўны стан, слабы апетыт, у іх зменены стул, пякотка, сверб скуры. Аднак гэта тыя сімптомы, якія многія могуць у сябе знайсці і яны часта звязаныя з іншымі захворваннямі. Не кожнае абследаванне пакажа, што такі стан звязаны з няправільнай работай печані. Калі маецца цыроз, звычайна ў такіх пацыентаў даўно былі розныя скаргі.

— Што знішчае нашу печань? Як зразумець, што мы ўжываем шмат таксінаў?

— Печань нейтралізуе шмат таксінаў, але яна і аднаўляецца. Нават калі хірург з нейкай прычыны адрэжа вялікі кавалак печані, то яна «адрасце». Увогуле печань мае дастаткова вялікі рэсурс.

Яе пашкоджанне адбываецца ў двух выпадках. Першы — калі ў наш арганізм паступае яд, які блакуе яе работу і пачынае знішчаць. Найчасцей такое адбываецца пры атручэнні грыбамі і часта патрабуе перасадкі печані.

Другая прычына — алкаголь. У нашай цывілізацыі, асабліва ў славян, дзе выкарыстанне алкагольных напояў адбываецца з любой нагоды, сярод прычын цырозу печані ён займае першае месца. Калі спіртное ў невялікай колькасці паступае ў арганізм, наша печань спраўляецца са сваёй задачай. Але калі яно паступае пастаянна і ў немалой колькасці, рэсурсы печані вычэрпваюцца. Адпаведна, клеткі печані пачынаюць гінуць. Якая колькасць алкаголю прывядзе да хваробы, сказаць складана, гэта індывідуальна. Ёсць людзі, якія на працягу жыцця шмат п'юць, і печань з горам напалам спраўляецца. Нельга сказаць, што яна не церпіць, але арганізм яшчэ можа функцыянаваць. А ёсць людзі, якія пасля ўжывання невялікай колькасці алкагольных напояў непрацяглы тэрмін — напрыклад, пілі ў адпачынку — атрымліваюць цыроз печані.

Акрамя таго, цыроз можа быць звязаны з прыёмам некаторых прэпаратаў вялікімі дозамі пры цяжкіх захворваннях.

— Напрыклад, калі пры анкалагічных захворваннях прызначаюць цяжкую хіміятэрапію...

— Тут з дзвюх бед мы выбіраем меншую. Або мець здаровую печань і памерці праз паўгода, або мець дрэнную печань і пражыць яшчэ пяць гадоў.

Да цырозу, дарэчы, можа прыводзіць і вірусная паталогія — гепатыт В і С. У групе рызыкі наркаманы і людзі, якія вядуць хаатычнае палавое жыццё. Вірус можа трапіць і праз пераліванне крыві, і праз раны, і праз палавыя кантакты.

— Што можа аблегчыць жыццё з цырозам печані?

— Тут нельга праводзіць самалячэнне і варта звярнуцца да доктара. Займаецца такімі пацыентамі гастраэнтэролаг, ён прызначае дыету. Найперш трэба зменшыць ужыванне солі аж да нуля. Пры пэўных відах цырозу патрэбнае павышанае ўжыванне бялку, дзесьці ўмеранае. Вельмі шкодна есці вялікімі порцыямі, яны мусяць быць маленькімі, але частымі. Неабходна выключыць з рацыёну газіраваныя і энергетычныя салодкія напоі — гэта звязана з цукрам, які яны ўтрымліваюць. Вельмі добра сябе зарэкамендавала капуста брокалі. Прычым карысная не апрацаваная тэрмічна, а ў выглядзе смузі. Раніцай нашча рэкамендуецца выціскаць лімон і разбаўляць яго вадой, піць за паўгадзіны да сняданку. Прычым костачкі лімона таксама рэкамендуецца разжоўваць.

Ёсць яшчэ прэпараты, якія маюць агульную назву гепатапратэктары, але не варта чакаць ад іх цудаў. Калі цыроз печані пачаўся, карысць ад іх, як ад тушэння пажару шклянкай вады. Але вось калі ўрач прызначае сур'ёзныя прэпараты, то для аблягчэння работы печані прызначаюцца і гепатапратэктары.

— А што падыдзе для прафілактыкі?

— Ужываць смузі з брокалі і піць нашча разведзены лімонны сок нікому не пашкодзіць. Ну і прымаць гепатапратэктары пры сур'ёзным лячэнні. Таксама важна ўсведамляць, што калі мы займаемся лячэннем печані ці прафілактыкай, то нават невялікая колькасць алкаголю зводзіць на нішто ўсе нашы старанні. Увогуле, калі ёсць магчымасць пазбягаць алкагольных напояў, лепш ёю не грэбаваць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».