Прайшло шмат часу, пакуль здзейснілася гэта важная падзея. Да свята Дзень маці афіцыйна дадалося свята Дзень бацькі, які мы будзем адзначаць 21 кастрычніка.
Дзіцяці аднолькава патрэбныя і важныя як мама, так і тата. Вядома, дзяўчынкі больш цягнуцца да маці, спасцігаючы поруч з ёю ўсе жыццёвыя прамудрасці, а хлопчыкі — да бацькі. Яны шмат чаму вучацца ў яго, пераймаючы станоўчыя прыклады, стараюцца быць падобнымі на тату. А той, адчуваючы адказнасць, імкнецца апраўдаць давер.
Сям'я, дзе ёсць абое бацькоў, — шчаслівая. У такой сям'і маці не турбуецца за будучыню сваіх дзяцей. Яна ведае, што не адна, а з ёю побач надзейны абаронца і апора — не толькі для яе, але і для дзяцей. Калі маці адсутнічае ў сям'і па якой-небудзь уважлівай прычыне, то бацька цалкам бярэ на сябе яе абавязкі: гатаванне ежы, мыццё, уборку, перажыванне за дзяцей, бяссонныя ночы і трывожныя дні ў час хвароб і г. д. І ўсё гэта таты рабілі і робяць, не чакаючы якойсьці пахвалы. Проста разумеюць, што так трэба.
Шмат чаго залежыць ад бацькі. Гэта не толькі маральная, душэўная падтрымка, але і матэрыяльная. Муж і бацька — гэта здабытчык. Чым больш ён зарабляе і прыносіць у сям'ю, тым надзейней яе дабрабыт. Бо дзеці патрабуюць вялікіх затрат: на харчаванне, адзенне, абутак, лекі, заняткі ў гуртках, правядзенне вольнага часу і г. д. І сапраўдны муж і бацька бярэ на сябе ўсе гэтыя задачы і стараецца іх вырашаць.
Калі ж мужчына сыходзіць з сям'і, то гэта, на маю думку, у асноўным, слабы, бязвольны чалавек, які не справіўся са сваімі задачамі і абавязкамі, спужаўся цяжкасцяў, захацеў лёгкага «прыгожага» жыцця, аказаўся дрэнным бацькам і мужам. Такі чалавек, па-мойму, не заслугоўвае ні любові, ні павагі...
Іншая справа — бацькі сапраўдныя. Вось для іх — Бацькоў з вялікай літары — і аб'яўлена 21 кастрычніка святам Дзень бацькі. І гэта цалкам заслужана. Бо, калі адзначаецца свята Дзень маці, то праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы, сустрэчы, дзе маці віншуюць, гавораць ім словы падзякі, уручаюць узнагароды. Дораць кветкі, адзначаюць іх заслугі. А таты толькі сціпла назіраюць за ўсім гэтым, быццам яны тут ні пры чым. Ну, а цяпер усё стала на свае месцы. Уявіце сабе такога тату, якога таксама будуць прылюдна хваліць за яго неацэнны ўклад у выхаванне дзяцей. Гэта яго акрыліць, надасць новых сіл, энергіі, стымулу. Станоўчы зарад, штуршок на далейшыя добрыя справы. І ён яшчэ больш будзе старацца апраўдаць ускладзеныя на яго надзеі і давер сваіх дзяцей, жонкі і дзяржавы.
Хачу пажадаць усім татам горда несці званне бацькі і сваімі ўчынкамі і справамі даказваць, што справядліва заслужылі сваё свята.
Таццяна ЧЭКЕД
г. Гомель
Абарона вачэй і модны аксесуар.
Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.