Вы тут

Знакаміты ўраджэнец добрушскай зямлі Уладзімір Пракапцоў пра свае каардынаты жыцця. Інтэрв’ю


Вераснёвую цішыню Палесся разбіў вокліч соцень галасоў — 3-4 верасня праходзіць XXIX Дзень беларускага пісьменства ў Добрушы. Спакойныя вулачкі «беларускай Венецыі» запоўнілі натоўпы цікаўных з фотаапаратамі і кніжкамі на подпіс. На два дні ўся ўвага прыкавана да сціплага раённага цэнтра і яго старажытных ваколіц. Бадай, лепшай нагоды, каб пагутарыць са знакамітым ураджэнцам гэтых мясцін Уладзімірам Пракапцовым, жывапісцам і генеральным дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея, і не прыдумаць.


Уладзімір Пракапцоў. Фота Дзмітрыя Казлова.

— Уладзімір Іванавіч, вы нарадзіліся ў вёсцы Жгунская Буда, што за дзесяць кіламетраў ад Добруша. Раскажыце пра сваю малую радзіму.

— Раней, калі я вучыўся ў школе, дзе працавала настаўніцай мая маці, вёска наша была вельмі вялікая. Школа лічылася васьмігадовай, а дзяцей у ёй навучалася так многа, што толькі ў першых чатырох класах, уявіце сабе, заняткі праходзілі ў дзве змены!

Быў час, Жгунская Буда налічвала каля 800 двароў. Усё гэтае хараство падзялялася рэчкай на дзве паловы. На адным беразе жылі стараверы, а на другім — праваслаўныя. У 1970–1980-я гады ўсё перамяшалася. Ды старавераў усё роўна пражывала шмат, у іх і царква свая мелася — стараверская. Яе, праўда, зачынілі, а яшчэ пазней разабралі. У часы майго дзяцінства, памятаю, там быў склад. Малыя, мы лазілі на званіцу і забіралі дахаты галубоў.

Значна пазней на базе будынка сельсавета стараверскую царкву ўсё ж такі аднавілі. Так што наша вёска вызначалася, так бы мовіць, вельмі моцнай стараверскай суполкай. Зрэшты, яны і цяпер там жывуць. Як жывуць дагэтуль у Жгунскай Будзе і мая маці (дарэчы, ёй нядаўна споўнілася 96 гадоў), дзве мае сястры.

— Як у гады вашага дзяцінства мог бавіць час маленькі хлопчык у Жгунскай Будзе? І ці быў увогуле ў яго вольны час?

— Як такога вольнага часу амаль і не было. На вёсцы ж усе з малога ўзросту працуюць, дапамагаюць бацькам. Каб не падводзіць сваіх, мы таксама дапамагалі па гаспадарцы. Рана навучыліся касіць, хадзіць за плугам, бульбу капаць, хадзілі з дарослымі і на загатоўку сена... Словам, амаль усю работу па гаспадарцы выконвалі дзеці.

«Памяці Максіма Багдановіча», 1985 г.

Нас у сям’і было пяцёра. Старэйшы брат, на жаль, у васьмігадовым узросце патануў. Сярэдняя сястра таксама памерла, засталіся дзве сястры і я. Мы ўсе работы выконвалі, як тое было заведзена. Ды, акрамя бацькоў, нас выхоўвала вуліца. Разумееце, вёска 60-х гадоў зусім не такая, як цяперашняя. Паколькі людзей жыло шмат, дзеці былі прывучаны да таго, што ўсіх ведаць немагчыма. І мы віталіся з кожным, знаёмы гэта быў чалавек ці не…

Калі ўсё ж выдавалася вольная хвілінка, мы вельмі любілі катацца на веласіпедах. Асабліва пасля дажджу па вялікіх лужынах. У мяне нават ёсць карціна, таму прысвечаная. Хацеў напісаць, як на веласіпедзе еду па гэтых лужынах, але зрабіў просты пейзаж, прысвечаны менавіта такому стану прыроды і майму дзяцінству. Хадзілі мы і на рэчку, але не днямі гэта доўжылася, натуральна. 

— Добруш — наколькі важная ў вашым жыцці каардыната?

— Пасля вясковай васьмігодкі я пайшоў у Добрушскую сярэднюю школу № 2 імя Фёдара Кухарава. Там правучыўся яшчэ два гады — скончыў дзявяты і дзясяты класы. Згадваюцца палескія зімы майго дзяцінства, яны былі такія снежныя... Сумёты да кален дасягалі. Замятала вуліцы, транспарт не хадзіў.

У Добрушскім раённым краязнаўчым музеі ў 2008 годзе была адкрыта мастацкая галерэя з маімі работамі. Экспазіцыя складаецца не толькі з маіх, але і з карцін сяброў. Калегі часта дораць мне свае работы, і ў пэўны момант іх назбіралася столькі, што не было куды дзяваць. Таму частку я перадаў у Добрушскі музей. Сярод іх і работы знакамітых мастакоў ёсць: Уладзіміра Хадаровіча, Валянціна Савіцкага, Уладзіміра Тоўсціка ды іншых. Трэба сказаць, вельмі салідная калекцыя.

Кожны год я ахвярую туды як мінімум адзін свой твор. Акрамя таго, захоўваюцца ў музеі і палотны сына Паўла, ён таксама малюе. Хаця асноўная частка калекцыі — гэта, канешне, карціны, знайшлося ў ёй месца і некаторым асабістым рэчам. Напрыклад, мантыі ганаровага прафесара Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава…

«Пасля дажджу на вуліцы майго дзяцінства», 1997 г.

— Дзень беларускага пісьменства — гэта ў першую чаргу свята кнігі. Цікава, а якія кнігі чытае генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага?

— Чытаю ўсё, што трапляецца на вочы, але, натуральна, у першую чаргу выданні па тэме мастацтва. Гляджу навінкі: некаторыя мне дораць, некаторыя з музеяў перадаюць. Чытаю і сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. З задавальненнем сачу за творчасцю калег: Віктара Шніпа, напрыклад, Людмілы Рублеўскай... Словам, стараюся чытаць, быць у курсе літаратурных падзей.

«Рака часу. Добрушскі краявід», 2021 г.

— У такім разе на якіх кнігах вырас Уладзімір Пракапцоў?

— Паколькі маці была настаўніцай пачатковых класаў, у нашай бібліятэцы захоўвалася шмат кніг, прычым самых розных. Сярод мастацкіх у першую чаргу згадваецца «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна. Памятаю «Як гартавалася сталь» Мікалая Астроўскага. Я нават хадзіў за сем кіламетраў у суседнюю вёску да мамінай сяброўкі, каб узяць у яе гэтую кніжку. 

Успомніўся эпізод з восьмага класа... Па заданні настаўніцы мы вучылі «Слуцкіх ткачых» Максіма Багдановіча на памяць. А настаўніца ў нас была вельмі крэатыўная, і яна кажа: «Ну, хто верш праспявае, таму стаўлю высокую адзнаку». Потым, калі ўжо пераехаў у Мінск, пазнаёміўся асабіста з нашымі літаратурнымі патрыярхамі: гэта і Максім Танк, і Ніл Гілевіч, і Янка Брыль…

— А з Шамякіным былі знаёмы? 

— Канешне! Ён, дарэчы, мне падпісаў кнігу, і я яе падарыў Добрушскаму музею. Мы вельмі часта бачыліся каля Ленінскай бібліятэкі. Сустракаліся на сходах пісьменнікаў, ён тады быў фігурай вельмі ўплывовай.

Пашчасціла мець блізкія зносіны і з маладымі аўтарамі, пачаткоўцамі, якія сёння ўжо сталыя пісьменнікі з імем. Некаторы час працаваў загадчыкам аддзела культуры ЦК камсамола, і праз мяне праходзіла шмат творцаў. Дык вось, існавала такая цікавая форма работы — у Каралішчавічах быў дом Саюза пісьменнікаў, куды кожны год прыязджалі літаратары-пачаткоўцы з усёй краіны, каб узяць удзел у пісьменніцкіх лабараторыях (як мы б іх сёння назвалі).

«У бацькоўскім садзе», 2003

Абласныя аддзяленні Саюза пісьменнікаў прысылалі з раёнаў сваіх пачаткоўцаў (у гэтай ролі пабывалі і Віктар Шніп, і Леанід Галубовіч, і Ірына Багдановіч), а вопытныя пісьменнікі з імі працавалі: з паэтамі, скажам, працавалі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Максім Танк, з празаікамі — Іван Чыгрынаў, Янка Брыль, Васіль Быкаў... Як педагогі, яны шліфавалі майстэрства юных літаратараў — вялікая школа. І рабілася гэта не таму, што хацелі заціснуць, кантраляваць. Наадварот — у такіх вядомых патрыярхаў было чаму павучыцца.

На жаль, усе гэткія актыўнасці сышлі ў нябыт са з’яўленнем інтэрнэту і новых камунікацыйных сродкаў. Інтэрнэт неяк «растрачвае» людзей, яны нібыта растаюць у сетцы. Хаця, прызнацца, я назіраю сёння і адваротныя тэндэнцыі. Напрыклад, мяркуючы па нашым музеі, у людзей зноў з’явілася вялікая цяга да жывых экскурсій. Гэта тое, што яшчэ дзесяць гадоў назад, здавалася, знікла зусім. Але ж не! Столькі ахвотных, што нават усіх задаволіць немагчыма. Людзі хочуць, каб быў жывы музейны работнік. Нешта ж, значыць, у іх трымціць!

Гутарыў Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».