Вы тут

Чорнае багацце Сінявокай. Тарфяныя брыкеты, сушонка, грунты і... касметыка


 Беларусь займае трэцяе ў свеце месца па аб'ёмах здабычы торфу, запасы якога ў краіне ацэньваюцца ў больш як чатыры мільёны тон. Сёлета плануецца нарыхтаваць да 2,5 мільёна тон. Як здабываецца торф і што з яго вырабляюць, расказалі і паказалі эксперты энергетычнай сферы.


Віталь Неспляк.

Вузкакалейка і буякі

Сезон у торфаздабытчыкаў пачынаецца ў маі. Каб распачаць яго, патрэбна тры-чатыры дні без дажджоў. Сёлетні сезон быў няпросты: месяц амаль нічога не здабывалі з-за празмерных дажджоў, аднак дзякуючы пнеўматычнаму спосабу (з дапамогай спецыяльнай машыны, якая нагадвае вялізны прамысловы пыласос) двухдзённы цыкл для нарыхтоўкі торфу скарацілі да аднадзённага. Праз змяненне клімату канец сезона прыпадае ўжо і на верасень, аднак чым хутчэй нарыхтуеш прадукт, тым раней пяройдзеш да рамонтных работ на палях, калі яшчэ не пачаліся дажджы, расказаў Віталь Неспляк, дырэктар філіяла «Віцебскторф» прадпрыемства «Віцебскаблгаз»:

— Віцебскае тарфяное прадпрыемства працуе з 1956 года, калі тут здабывалі толькі кавалкавы торф. У 70-х гадах мінулага стагоддзя збудавалі брыкетны завод магутнасцю 100 тысяч тон, хаця здабывалі каля 600 тысяч тон, якія ўжываліся для сельскай гаспадаркі і электра- і цеплазабеспячэння. У 2000-х гадах прадпрыемства стала эканамічна немэтазгодным і ў 2007-м было далучана да «Віцебскаблгаза». Тады экспартавалася прадукцыі на 400 тысяч долараў, а летась паставілі ўжо больш як на 4,5 мільёна. Асноўныя краіны для экспарту зараз — Расія і Турцыя. Буйныя партыі накіравалі ў Кітай, пробныя — ва Узбекістан, вядзём перамовы з Арменіяй. За час работы распрацавана 500 гектараў палёў — цяпер іх 1000.

На палях здабычы торфу.

На рэкультываваных пасля здабычы торфу палях спецыялісты вырошчваюць буякі. Такі вопыт распачаты сумесна з вучонымі Акадэміі навук і Батанічнага саду. З 2010 года вопытная работа пачалася, і цяпер у торфапрадпрыемства тры тысячы кустоў на трох гектарах. З часам, магчыма, выйдуць на прамысловы ўзровень і, акрамя прыроднага торфу, змогуць прапанаваць пакупнікам і натуральную ягаду.

— Такім чынам, палі занятыя, не абаронены ад узгаранняў, даюць эканамічны прыбытак праз ягады, так што гэта беражлівае выкарыстанне тэрыторый. Новых палёў пакуль не будуем.

100 тарфяных рэцэптаў

Спецыялісты «Віцебскторф» нарыхтоўваюць тарфяную прадукцыю грунтавой групы, якая выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы і спажыўцамі для вырошчвання раслін. Гэта прэміяльны сегмент не толькі беларускага рынку, але і міжнароднага, заўважыла Вольга Пруднікава, намеснік міністра энергетыкі:

— Акрамя непаліўнай групы, «Белпаліўгаз» вырабляе і торф паліўнай групы, які выкарыстоўваецца для дыверсіфікацыі паліўна-энергетычнага балансу краіны, каб выйсці на прагнозныя паказчыкі энергетычнай незалежнасці. Сёння чарговы раз змянілася кан'юнктура ў тым ліку і міжнароднага рынку. З аднаго боку, папулярная аднаўляльная энергетыка: сонца, вецер, вада, драўніна. Аднак і мясцовыя віды паліва ў выглядзе паліўнай тарфяной групы таксама сталі папулярныя ва ўсім свеце.

Вольга Пруднікава.

Тарфяныя брыкеты пастаўляюцца ў асноўным на цэментныя заводы, насельніцтву і іншым арганізацыям. Новы від прадукцыі «Белпаліўгаз» — тарфяная сушонка, дзякуючы якой замяшчаецца вугаль, што імпартуецца. Покрыўныя грунты для вырошчвання грыбоў спрабуюць вырабляць у «Брэстаблгазе». А ў перспектыве разглядаюць стварэнне касметычнага напрамку, бо торф утрымлівае мноства мікраэлементаў, карысных для арганізма, дадала яна.

На прадпрыемстве «Віцебскторф» тарфагрунты вырабляюць з 1986 года. Цяпер тут больш за 60 найменняў, а ўвогуле тарфяная прадукцыя «гатуецца» звыш як па 100 рэцэптах. Карысны субстрат вырабляюць з кампанентаў верхавога торфу, куды ўносяць удабрэнні і дабаўкі.

Тысячагадовыя карчы таксама ідуць у справу.

— Кіслотнасць яго 2,5, няма ні патагенаў, ні грыбкоў, ні зелля. Яго выкарыстоўваюць на патрэбы сельскай гаспадаркі, але не як раней — для паляпшэння ўрадлівасці глебы, а на вытворчасць сілкавальных грунтоў, высадку ў лясных гаспадарках раслін з закрытай каранёвай сістэмай, — агучыў Віталь Неспляк.

На заводзе па перапрацоўцы верхавога фрэзернага торфу ў аграгарадку Крулеўшчына атрыманая на палях сыравіна ачышчаецца ад дамешкаў. Для розных грунтоў неабходны пэўны склад торфу, які вырабляецца індывідуальна пад кожную культуру.

— На лініі змешвання атрыманыя розныя фракцыі торфу змешваюцца з іншымі інгрэдыентамі, дадаюць перліт, пры неабходнасці, мінеральныя ўгнаенні. Пасля ўсё паступае ў змешвальнік і ўпакоўваецца ў біг-бойлы па шэсць кубоў.

Тарфяныя грунты.

Для спажыўцоў гатовыя грунты прапануюцца ва ўпакоўках ад пяці да 55 літраў. У іх можна высаджваць насенне і паліваць, ніякіх дадатковых рэчываў не патрэбна. Асобна прадаюць пакеты па 100 літраў, якія прызначаны спецыяльна для паляпшэння структуры глебы.

Шматступеньчатая тэхналогія

Адно з радовішчаў філіяла плошчай 70 гектараў, дзе здабываюць верхавы, разны і павышанай ступені раскладання торф, — «Жураўлёўскае». Да яго ад завода па вузкакалейцы 13 кіламетраў, плюс пяць кіламетраў так званых часовых шўляхоў, якія «раскладваюцца» па палях у залежнасці ад месца здабычы сыравіны. Тут здабываюць 68 тысяч тон торфу, і яго запасаў хопіць яшчэ на 60 гадоў работы, расказаў дырэктар.

Тарфянік «Жураўлёўскае» цягнецца на пяць кіламетраў. Для будаўніцва часовых шляхоў на палях і ацяплення спецыялісты выкарыстоўваюць драўляныя тысячагадовыя карчы, якія сустракаюцца ў зямлі падчас здабычы торфу. З падрыхтаванай да здабычы паверхні радовішча штогод здымаюць каля 10 сантыметраў слою. На «Жураўлёўскім» глыбіня карыснага слою выкапняў дасягае шасці метраў.

Як кажа дырэктар, тарфянік пачынаецца з каналаў. Тут працуе замежны каналакапальнік, які мясцовыя спецыялісты «паставілі на 12 колаў», каб ён мог працаваць з трактарам «Беларус». Цяпер мадэрнізаваны агрэгат замяняе чатыры экскаватары. Штогод плошчы карчуюць і рыхтуюць да прафілявання.

Торф бывае розны.

— Мы сабралі ў сябе ўсе тэхналогіі і з улікам імпартных аналагаў і ўласных асаблівасцяў зрабілі тэхналагічнае абсталяванне для работы на палях. Каб забяспечыць сцёк вады, выкарыстоўваюць броўкарэзы. Гэтыя агрэгаты — аналагі фінскага, якія мадэрнізаваны спецыялістамі нашага філіяла і вырабляюцца ў Беларусі. Прычым па кошце яны ўдвая таннейшыя за замежныя, — паказаў тэхніку ў рабоце дырэктар. — Профіль паверхні карты павінен забяспечваць ухіл, таму сетка разлічана такім чынам, каб уся паверхневая вада накіроўвалася ў водапрыёмнік.

Верхавы торф здабываецца па шматступеньчатай тэхналогіі. Каб атрымаць якасныя залежы, выкарыстоўваюцца пасіўныя прэс-барабаны. Гэтая тэхніка аналагічная латвійскім агрэгатам і дазваляе атрымліваць торф кавалкамі. Яны далей не падвяргаюцца ніякаму тэхналагічнаму ўздзеянню, выбіраюцца пнеўмамашынамі і ідуць на перапрацоўку.

Упакаваныя грунты.

Наступная машына — разбівалка — таксама цалкам распрацавана айчыннымі спецыялістамі. Яна пераварочвае торф, каб ён хутчэй падсыхаў, што павялічвае вытворчасць працы ўдвая. Спецыяльны камбайн, які робіць валок, на гумавай хадзе, — яшчэ адна створаная беларусамі машына, якая пакуль працуе толькі на палях віцебскіх торфаздабытчыкаў. Дзякуючы ўсім гэтым агрэгатам і тэхналогіям можна атрымліваць прадукт нізкай вільготнасці і большага аб'ёму, рэзюмаваў Віталь Неспляк.

Здабыча разнога торфу — працэс працаёмкі. Дзякуючы мадэрнізацыі завода ў 2018 годзе, спецыялісты навучыліся не толькі здабываць некранутыя залежы, але і перапрацоўваць. Закрытая структура захоўвае ўсе карысныя ўласцівасці торфу, і яго вільгацеёмістасць у тры-чатыры разы большая, чым у здабытага фрэзерным спосабам.

— Разны торф — аснова прафесійнага рынку. Усе грунты, якія мы прадаём насельніцтву, 10 % — менавіта разны торф, нягледзячы на тое, што яго сабекошт утрая вышэйшы, — падкрэсліў дырэктар філіяла. — Здабываем торф і высокай ступені раскладання, выкарыстоўваючы ўсе магчымасці, якія ёсць у радовішча.

Ірына СІДАРОК 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».