Вы тут

Як пазбегнуць сутыкнення з дзікай жывёлай на аўтадарозе


Дарожна-транспартныя здарэнні, прычынай якіх з'явіліся выхады дзікіх жывёл на праезную частку аўтамабільных дарог, — з'явы, на жаль, нярэдкія. Для дзікіх жывёл яны, як правіла, заканчваюцца гібеллю, а ў выпадках сутыкнення з буйнымі капытнымі (зубр, лось, высакародны алень, кабан, казуля) могуць мець вельмі негатыўныя наступствы для аўтамабіляў і, на жаль, для кіроўцаў і пасажыраў.


На працягу першага паўгоддзя Дзяржаўнай інспекцыяй зарэгістравана 1470 фактаў ДТЗ з удзелам паляўнічых жывёл нармаваных відаў, у выніку якіх загінула 1496 жывёлін.

Па відавой структуры загінулых жывёл, як і ў мінулым годзе, у большасці выпадкаў фіксаваліся факты гібелі ў выніку ДТЗ казулі (1066 асобін, 71,2 працэнта ад агульнай колькасці жывёл) і лася (344 асобіны, 23 працэнты), што абумоўлена асаблівасцямі біялогіі (паводзін), а таксама больш высокай іх колькасцю (133 тысячы асобін казулі і 47 тысяч асобін лася) ва ўгоддзях у параўнанні з іншымі відамі дзікіх капытных жывёл. Акрамя таго, у выніку ДТЗ у першай палове бягучага года загінулі 33 асобіны высакароднага аленя (2,2 працэнта), 49 асобін дзіка (3,3 працэнта), а таксама чатыры бабры (0,3 працэнта).

У гэтым годзе адзначаецца зніжэнне колькасці фактаў ДТЗ з удзелам паляўнічых жывёл у параўнанні з 2021 годам на 11,8 працэнта, што можа быць звязана са зніжэннем аўтамабільнага трафіку на рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах, а таксама больш суровымі ўмовамі зімы і зацяжной вясной.

Найбольш няўдалымі ў адносінах да ДТЗ з удзелам дзікіх капытных жывёл з'яўляюцца рэспубліканскія аўтамабільныя дарогі: М-6 (Е-30) Мінск — Гродна — граніца Рэспублікі Польшча (Брузгі), М-2 Мінск — Нацыянальны аэрапорт Мінск, М-1 (Е-30) Брэст (Казловічы) — Мінск — граніца Расійскай Федэрацыі, М-4 Мінск — Магілёў, М-5 Мінск — Гомель, М-8 (Е-95) граніца Расійскай Федэрацыі (Езярышча) — Віцебск — Гомель — граніца Украіны (Новая Гута).

Дзікія жывёлы выходзяць на аўтадарогі па розных прычынах. Часцей за ўсё — пры сезонных зменах месцапражыванняў, а таксама ў пошуку месцаў кармлення. Некаторых дзікіх жывёл (як правіла капытных) прыцягваюць раскіданыя дарожнымі арганізацыямі пясчана-солевыя сумесі, многія дзікія птушкі знаходзяць на абочынах дарог дробныя каменьчыкі, неабходныя для стрававання. Часам дзікія жывёлы выходзяць на асфальт проста пагрэцца і абсохнуць ад расы (зайцы, лісіцы і інш.), бо тэмпература асфальту звычайна вышэйшая за тэмпературу паветра. Нярэдка дзікія жывёлы выбягаюць на аўтадарогі, ратуючыся ад драпежнікаў ці паляўнічых сабак.

У большасці выпадкаў сутыкненняў з дзікай жывёлай можна пазбегнуць.

  • Калі на шляху руху аўтамабіля або на абочыне аўтадарогі з'явілася дзікая жывёла, неабходна неадкладна зменшыць хуткасць да ўзроўню, калі можна імгненна спыніцца. Дзікія жывёлы не ў стане ацаніць хуткасць аўтамабіля, у выніку чаго можа адбыцца сутыкненне.
  • Таксама кіроўцам трэба памятаць, што дзікія жывёлы найбольш актыўныя ў цёмны час сутак, таму з надыходам змяркання трэба праяўляць павышаную пільнасць і выбіраць адпаведны хуткасны рэжым.
  • Павышаную небяспеку ўяўляюць участкі аўтамабільных дарог з блізкаразмешчанай драўняна-хмызняковай расліннасцю.
  • Калі лось, алень, заяц ці іншая дзікая жывёла ў начны час апынаецца ў святле фар, то пужаецца ад асляплення: цемра за межамі святла ўспрымаецца як сцяна, і жывёла, як правіла, пачынае кідацца, не бачачы нічога, акрамя асветленага ўчастка дарогі і фар. У такой сітуацыі варта спыніцца, выключыць святло фар (але пакінуць уключанымі габарытныя агні), уключыць аварыйную светлавую сігналізацыю, тым самым даць жывёле час адаптавацца да цемры і пакінуць дарогу.
  • Захаванне Правілаў дарожнага руху, у тым ліку ўстаноўленага хуткаснага рэжыму, прыняцце кіроўцам адпаведных мер у зоне дзеяння папераджальнага знака «Дзікія жывёлы» дасць магчымасць пазбегнуць аварыйных сітуацый, звязаных з раптоўным з'яўленнем дзікіх жывёл на аўтамабільных дарогах.

Акрамя таго, нагадалі ў Дзяржінспекцыі, у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства, пры выяўленні грамадзянамі ва ўгоддзях, у тым ліку на дарогах, параненых, траўміраваных, хворых або загінулых дзікіх жывёл забараняецца самавольна здабываць іх, разбіраць або перамяшчаць (транспарціраваць) іх тушы або часткі туш, выкарыстоўваць прадукцыю (мяса, шкуру, рогі і інш.). Аб выяўленні тушы дзікай жывёлы неабходна паведаміць па тэлефоне 102.

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота з сайта Дзяржінспекцыі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.