Вы тут

«Лішнія» метры на могілках: правіла і выключэнне


У рэдакцыю газеты прыйшло пісьмо ад жыхара Віцебска Мікалая Карповіча. Іх з сястрой маці была пахавана ў 1989 годзе на могілках у Мазурыне (прыгарад Віцебска). Па заканадаўстве таго часу, на адно пахаванне адводзілася пяць квадратных метраў, і, па словах Мікалая Якаўлевіча, дарослыя дзеці абгарадзілі бардзюрам адведзены даглядчыкамі кавалак зямлі. Праз 30 гадоў высветлілася, што замест адведзеных пяці метраў заняты 16,34 — уся свабодная зямля паміж дзвюма іншымі магіламі.


Летась Мікалай з сястрой вырашылі замяніць стары помнік маці на новы, амаль за 700 рублёў ён быў выраблены ў лістападзе на прыватным прадпрыемстве, дзе знаходзіўся на захоўванні да вясны 2022 года. Калі брат з сятрой звярнуліся да даглядчыка могілак па дазвол замяніць надмагільную пліту, атрымалі адказ, што пакуль межы ўчастка не будуць пасунутыя ў адпаведнасці з нормамі, або пакуль не будуць зарэзерваваныя (гэта значыць, выкупленыя) «лішнія» метры, помнік ставіць не дазваляецца. Гэта было сказана Мікалаю Якаўлевічу вусна. Тады ён разам з сястрой звярнуўся ў Віцебскі гарвыканкам, на што кіраўніцтва горада пісьмова адказала: іх участак, абнесены бардзюрам у 90-я гады мінулага стагоддзя, складае 16,34 квадратных метра, што перабольшвае бясплатна адведзеную пад пахаванне зямлю на 11 з лішнім квадратаў. Рэзерваванне «лішніх» метраў на могілках у іх выпадку каштуе 1814, 4 рубля (пяць базавых велічынь за «квадрат»). У афіцыйным адказе гарвыканкама адзначана і тое, што адказны за Мазурынскія могілкі орган — Віцебскі спецыялізаваны камбінат грамадзянскага аблугоўвання — забарон на правядзенне работ па добраўпарадкаванні дадзенага ўчастка не выдаваў.

На спецкамбінаце пацвердзілі, што непасрэдна да іх кіраўніцтва з гэтым выпадкам ніхто не звяртаўся, а адказ горада складзены па нормах закона, гэта значыць, ён носіць хутчэй агульны, чым канкрэтны характар. Зараз на адзіночнае пахаванне бясплатна адводзіцца 2,5 квадратных метра, на двухмеснае — пяць квадратных метраў, тыя ўчасткі, якія не адпавядаюць гэтым памерам, павінны быць прыведзены ў парадак (маецца на ўвазе дэмантаж агароджы, якая захоплівае «лішнія» метры) або зарэзерваваны. Гэта працэдура ўяўляе сабой разавы плацёж без права на льготы, але пасля вынясення прадпісання, якое камбінат выдае пасля заявы на рэзерваванне, у грамадзян ёсць тры месяцы, каб сабраць неабходную суму.

Пахаванне 1989 года, пра якое сказана ў рэдакцыйным пісьме, старое, і работнікі спецкамбіната прызналіся журналісту, што намеру зносіць усталяваныя 30 гадоў таму бардзюры ў прадпрыемства няма. Кіраўніцтва спецкамбіната гатова паставіцца да сітуацыі з разуменнем. Па заканадаўстве, з 1948 года да 1 ліпеня 1990-га на адну магілу бясплатна адводзілася пяць квадратных метраў, пазней памер на адзіночнае пахаванне зменшаны ўдвая. Значыць, на агароджаным участку члены сям'і спачылай жанчыны маюць права яшчэ на адно бясплатнае месца, а за трэцяе трэба заплаціць каля 400 рублёў.

Сапраўды, па правілах, для замены помніка неабходна прывесці ўчастак у адпаведнасці з нормамі закона, але работнікі спецкамбіната запэўнілі журналіста, што не стануць перашкаджаць правядзенню работ у гэтым канкрэтным выпадку. Арганізацыя, якая будзе праводзіць работы па добраўпарадкаванні, павінна паведаміць даглядчыку могілак аб тэрмінах. Пры жаданні члены сям'і могуць быць пахаваны ў межах адной агароджы, бо ў старыя пахаванні, як правіла, не ўціскаюць новыя.

Іншая справа з новымі могілкамі, як, напрыклад, у іншым прыгарадзе Віцебска — Капцях. Апошнім часам паўстала даволі сур'ёзная праблема недахопу месцаў для пахаванняў. Змены ў Законе Рэспублікі Беларусь № 55-3 «Аб пахаванні і пахавальнай справе» ад 04.01.2021 запусцілі хвалю незадаволенасці сярод насельніцтва — пасля інвентарызацыі адведзеных участкаў высвятляецца, што захопленыя «лішнія» метры каштуюць нямала. А ў некаторых выпадках на адну магілу прыходзіцца 40 квадратных метраў абгароджанай тэрыторыі.

З пісьмамі, падобнымі на тое, якое даслаў у рэдакцыю Мікалай Карполвіч, да кіраўніцтва спецкамбіната і гарвыканкама звяртаюцца масава. Рэгулярна — з нараканнямі на вялікія сумы за зямлю, але часцей насельніцтва ўсведамляе маштаб праблемы і, калі лічыць неабходным, рэзервуе метры побач з магіламі блізкіх — за год у Віцебску ўжо зроблена звыш 1500 рэзерваванняў.

Для жыхароў буйных гарадоў месца для вялікіх сямейных пахаванняў заўсёды каштавала немалых грошай, з часам гэта праблема толькі абвастраецца. Такая заканамернасць сусветнага быцця.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.