Вы тут

Цуд з касічкамі, непераможны мядзведзь, адчайны мушкецёр


Алімпійскія перамогі не маюць тэрміну даўніны. Але чым далей застаюцца ў гісторыі Алімпійскія гульні, тым цікавей іх успамінаць. Бо гэта сапраўдная жывая гісторыя спорту, гісторыя кожнай краіны. Сёлета адзначаецца 50-годдзе ХХ летніх Алімпійскіх гульняў у Мюнхене. У той алімпіядзе прынялі ўдзел больш за сем тысяч спартсменаў з 121 краіны. Спаборніцтвы праводзіліся ў 23 відах спорту па 195 дысцыплінах (на папярэдніх Гульнях у Мехіка — па 172). Гэтыя Алімпійскія гульні пабілі рэкорды папярэдніх Алімпіяд: рэкордная колькасць краін-удзельніц, больш за ўсё ўдзельнікаў, максімальная на 1972-і год колькасць рэкордаў. Першае месца ў агульнакамандным заліку заняла каманда СССР. Савецкія спартсмены заваявалі 50 залатых медалёў, 27 сярэбраных і 22 бронзовых медалёў. Сярод алімпійскіх чэмпіёнаў 1972 года — дзевяць беларусаў. Прапаноўваем успомніць самыя яркія перамогі той Алімпіяды. 


Беларускія грацыі

У Мюнхене ў гісторыю сусветнай спартыўнай гімнастыкі назаўсёды ўвайшло «цуда з касічкамі». Менавіта так замежныя журналісты называлі беларускую спартсменку Вольгу Корбут, якая стала сапраўднай сенсацыяй тых гульняў. Гімнастка, якой на той момант было ўсяго 17 гадоў, прадэманстравала ўнікальныя трукі на брусах і на бервяне. Яна першай выканала найскладанейшы элемент на брусах названы «пятлёй Корбут». Сёння гэты элемент забаронены для паказу на афіцыйных спаборніцтвах, паколькі прызнаны занадта траўманебяспечным. З Мюнхена Вольга Корбут вярнулася з трыма залатымі медяламі: у камандным першынстве, на бервяне і ў вольных практыкаваннях, таксама ў яе актыве — «серабро» на брусах. 

Высокі ўзровень савецкай школы спартыўнай гімнастыкі паказалі і іншыя беларускія гімнасткі. На плячах Антаніны Кошаль ляжала вялікая адказнасць — першай выходзіць на памост у вольных практыкаваннях. Менавіта яна павінна была задаць настрой для каманднага поспеху. Спартсменка справілася з пастаўленай задачай і каманда Савецкага саюза стала пераможцам у камандных спаборніцтвах. Сапраўдным сімвалам элегантнасці і артыстызму на памосце стала Тамара Лазаковіч. У Мюнхене яна заваявала «золата» ў камандных спаборніцтвах, «серабро» ў практыкаваннях на бервяне і дзве «бронзы» ў мнагабор’і і вольных практываннях. Гімнастка пакарыла ўсіх выдатнай тэхнікай і дакладнасцю рухаў. 

Спартыўныя дуэлі

На алімпійскую вышыню ў Мюнхене падняліся і беларускія фехтавальчшыкі. Двухразовая чэмпіёнка Гульняў 1968 года Алена Бялова ў 1972 годзе стала трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай. У Германіі яна заваявала «золата» ў камадным першынстве. У камандным заліку спаборніцтваў на рапіры алімпійскай чэмпіёнкай стала яшчэ адна беларуска — Таццяна Самусенка. 

У 1972 годзе беларус Віктар Сідзяк пакарыў усіх, хто сачыў са спборніцтвамі шаблістаў. На Алімпіядзе ў Мюнхене ён стаў першым савецкім шаблістам, які заваяваў залаты медаль ў асабістым першынстве. Была магчымасць стаць чэмпіёнам і ў камандным заліку. Але перашкодзіла сапраўдная драма. У першым крузе спаборніцтваў каманда Віктара Сідзяка перамагла італьянцаў. Але сам Віктар атрымаў сур’ёзную траўму — шабляй яму паранілі вока. Траўма была настолькі сур’ёзнай, што спатрэбілася аператыўнае ўмяшальніцтва. Дактары катэгарычна настойвалі не працягваць спаборніцтвы. Але было вырашана, што Віктар выступіць пад трэцім нумарам — будзе пачынаць і заканчваць сустрэчу. На дарожку савецкі спартсмен выйшаў з павязкай на воку, яно не балела, але фехтаваць так было нязручна. У першым жа баю Віктар Сідзяк прайграў 4:5 саперніку, якому ніколі не ўступаў. Нібыта па ланцугу пачалі прайграваць усе астатнія спартсмены. Савецкая каманда заняла другое месца камандных спаборніцтваў. 

У турніры па веславанні байдарак-двоек фаварытамі лічыліся спартсмены з Венгрыі, ГДР і Аўстрыі. Аднак у савецкага экіпажа Мікалая Гарбачова і Віктара Картасюка былі іншыя планы. На дыстанцыі 1000 метраў яны з адрывам 0,7 секунды перамаглі сапернікаў з Венгрыі. Беларус Гарбачоў і грузін Картасюк яшчэ раз пацвердзілі высокі ўзровень савецкіх весляроў. А Мікалай Гарбачоў працягнуў вельмі прыемную для беларускага веславання традыцыю — з кожных Алімпійскіх гульняў прывозіць залатыя медалі. 

Насуперак прыметам і чаканням

На адкрыцці Алімпійскіх гульняў 1972 года знамяносцам Савецкай каманды быў на той момант ужо двухразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь. Існуе павер’е, што знамяносцам на Гульнях не шанцуе. Але не ў выпадку з вялікім барцом. Па сваёй традыцыі ён лёгка разабраўся з усімі сваімі сапернікам. А ў паўфінале яго чакаў амерыканец Крыс Тэйлар, якога журналісты называлі «сакрэтным шкафам». Выдвігаліся тэорыі, што амерыканцы спецыяльна адкормлівалі свайго спартсмена па ўнікальнай методыцы, наб нарэшце «заваліць рускага мядзведзя». Для разумення: Аляксандр Мядзведзь важыў каля 110 кілаграмаў, а Крыс Тэйлар — амаль 200. Гледачы былі ўражаны магутнасцю Тэйлара. Але гэта не дапамагло яму. Хуткі і вопытны Мядзведзь зрабіў імгненную падсечку і гара з прозвішчам Тэйлар рухнула на дыван. Пад апладысменты гледачоў трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь пацалаваў салёны ад поту дыван. І сышоў з яго вялікім і непераможным. 

Цана трох секунд

У тое, што стварылі на Алімпійскіх гульнях у Мюнхене савецкія баскетбалісты, цяжка паверыць і праз 50 гадоў. Упершню ў гісторыі была абыграна непераможная амерыканская каманда. Ды яшчэ як! За тры секунды. Значны ўклад у гэтую сенсацыйную перамогу ўнёс і ураджэнец Гродна — Іван Ядзешка. На апошняй хвіліне фінальнага матчу СССР—ЗША на табло былі 48:49. Але савецкія баскетбалісты парушылі правілы, амерыканцы атрымалі права на штрафныя кідкі. За тры секунды да канца гульні вынік становіцца 50:49. Іван Ядзешка ўкідвае мяч ад свайго кальца. Гучыць фінальная сірэна. Амерыканцы святкуюць чарговую алімпійскую перамогу. Але зусім не святочны настрой каля судзейскага століка. Арбітр-секундаметрыст, катэгарычна адмаўляўся падпісваць пратакол, паколькі па яго хранометры гульня была спынена на тры секунды раней. Звязана гэта было з тым, што адлік часу ўключылі ў той момант, калі Іван Ядзешка аддаваў пас, а не ў момант дотыку мяча гульцом, які прымае перадачу, як таго патрабуюць правілы. Суддзю — хранаметрыста падтрымаў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі баскетбола (ФІБА) Абдэль Манейм Уабі. Каманды вяртаюцца на пляцоўку. Іван Едзешка праз усю пляцоўку аддае ідэальны пас Аляксандру Бялову, які закідвае мяч у карзіну. Алімпійскімі чэмпіёнамі ўпершыню становяцца савецкія баскетбалісты, сярод якіх і беларус Іван Ядзешка. 

«Вочы ў яго былі сумныя»

Нягледзячы на свае перамогі і радасць чэмпіёнаў, Алімпійскія гульні 1972 году сталі самымі трагічнымі ў гісторыі алімпійскага руху. Арганізатары ўсімі сіламі стараліся правесці гэтыя Гульні дыяметральна супрацьлегла сумна знакамітым Гульням 1936 году ў Берліне. У Мюнхене панавала дружалюбная нефармальная атмасфера. У алімпійскай вёсцы атлеты дабіраліся да сталовай, да месца пражывання без прад’яўлення пропускаў. Некаторыя маглі спакойна пералезці праз плот пад усмешкі няўзброеных ахоўнікаў. У 4.30 гадзін раніцы 5 верасня праз плот алімпійскай вёскі пералезлі восем чалавек у спартыўных касцюмах. На жаль, гэта былі не атлеты. Тэрарысты палестынскай арганізацыі «Чорны верасень» праніклі ў павільён № 31 алімпійскай вёскі і захапілі ў якасці заложнікаў некалькіх членаў дэлегацыі Ізраіля. Аперацыя па вызваленні заложнікаў была праведзена няўдала. Усе 11 чалавек загінулі. 

Баварская паліцыя, і вайсковы спецпрыз ФРГ дзейнічалі вельмі непрафесійна. Упершыню на Алімпіядзе пралілася кроў. На цэнтральным стадыёне была праведзена жалобная цырымонія. Раздаваліся прапановы спыніць Гульні. Але надзвычайная сесія Міжнароднага алімпійскага камітэта вырашыла працягваць спаборніцтвы. Алімпіяда была даведзена да канца, але, не чакаючы яе заканчэння, члены ізраільскай зборнай, якія выжылі, вярнуліся на радзіму на тым жа самалёце, што і труны з іх забітымі таварышамі па камандзе.

Сярод загінулых ізраільскіх спартсменаў быў барэц грэка-рымскага стылю Марк Славін. У маі 1972 года ён разам з сям’ёй пераехаў з Мінска ў Ізраіль. На Алімпіяду ён адабраўся ў 18 гадоў, у такім жа ўзросце і загінуў. «Мы сустракаліся з Маркам у алімпійскай вёсцы. Ён у мяне пра Мінск шмат распытваў, цікавіўся, як горад. Вочы ў яго былі вельмі сумныя. А 5 верасня ён загінуў», — успамінаў знакаміты беларускі цяжкаатлет Валерый Шарый. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».