Вы тут

Таямніцы Падняпроўя ў Магілёўскім музеі этнаграфіі


Экспазіцыя «Зямлі роднай кругавод» прысвечана сялянскаму жыццю. Тут прадстаўлены прадметы народнага побыту і ўладкавання сельскіх дамоў, карціны і фатаграфіі сялян падчас працы і свят, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама самая вялікая калекцыя беларускіх касцюмаў з розных вёсак. 


Калі ўваходзіш у музей, адчуваеш асаблівую атмасферу. Цёмныя сцены, абабітыя дрэвам, прыглушанае святло і прыемная цішыня. Адразу трапляеш у свет, які так адрозніваецца ад звыклага, гарадскога, таго, што сустракае разнастайнымі фарбамі і навакольнай шумнай мітуснёй. У экспазіцыі адведзена асобнае месца кожнай частцы жыцця і працы сялян: хлебаробству, сяўбе льну і каноплі, пчалярству, рыбалоўству, збіральніцтву, ткацтву. 

Ільнаводства прадстаўлена інструментамі, з дапамогай якіх сялянкі збіралі і апрацоўвалі лён, фатаграфіямі саміх сялянак падчас працы, а таксама апісаннем складанай, але вельмі цікавай справы. Падрабязна адлюстраваны і працэс атрымання мёду з шэрагам фатаграфій і скульптурай пчаляра. Чытаючы пра сялянскую працу, здзіўляешся, на што былі здольныя нашы продкі і як яны маглі ствараць столькі карысных рэчаў нават без дапамогі сучасных тэхналогій. Здаецца, сёння ў большасці людзей так бы не атрымалася, бо мы амаль усё робім з дапамогай электронных дэвайсаў і гаджэтаў. 

Асаблівая ўвага таксама надаецца багатаму фальклору Прыдняпроўя і каляндарна-абрадавым святам, якія былі ўплецены ў сялянскае жыццё і мелі для жыхароў вялікае значэнне. Адпаведна народнаму светапогляду абрадава-земляробчы каляндар беларусаў пачынаўся вясной і заканчваўся зімой. 

Адным з самых цікавых свят з’яўлялася Купалле. У музеі яно прадстаўлена скульптурамі жанчын у кветкавых вянках і маляўнічымі краявідамі. На першай карціне дзяўчаты збіраюць купальскія зёлкі: багаткі, васількі, руту, браткі, а не толькі знакамітую папараць-кветку. На другой моладзь водзіць карагоды вакол вогнішча, а на трэцяй дзяўчаты плывуць па вадзе. Асобна прадстаўлена карціна, на якой маладыя закаханыя скачуць праз вогнішча. Лічылася, што агонь ачышчаў душу ад грахоў, здымаў хваробы, абараняў ад злых чар і дапамагаў ажыццявіць задуманае. 

З пачаткам і заканчэннем жніва былі звязаны зажынкі і дажынкі, якія захаваны на фотаздымках. Зажынкавыя абрады мелі на мэце аддзячыць «духам нівы» за хлеб, а ў аснове іх ляжалі рытуалы, якія праводзіліся каля апошніх жытніх каласоў. У дэталях прадстаўлены такія святы, як Спас, Тройца, Каляды, а таксама вясельная абраднасць беларусаў Падняпроўя. 

На другім паверсе музея наведвальнікаў чакае экспазіцыя «Магілёў губернскі», дзякуючы якой можна перамясціцца ў часе і пазнаёміцца з жыццём ужо больш сучаснага горада. У экспазіцыі — карціны і фатаграфіі Магілёва XVIII–XIV стагоддзяў, партрэты вядомых асоб, макеты горада і розных архітэктурных будынкаў, а таксама некалькіх тэматычных кампазіцый. Разглядаючы «Гандаль Ф. Ліберсана», зноў цалкам акунаешся ў мінулае і быццам становішся наведвальнікам казачнай крамы, у якой прадаюць самавары, грамафон, посуд і іншыя старадаўнія рэчы. Для поўнай дакладнасці не хапае толькі магчымасці ўвайсці ўнутр. Прыцягвае ўвагу і дваранская гасціная, дзе можна ўбачыць мэблю розных стыляў, мяккія крэслы, жаночы столік для рукадзелля, ломберны — для гульні ў карты, а таксама вялікі гадзіннік. Шпалеры, люстры і шторы добра ўпісваюцца ў агульны інтэр’ер, і ты міжволі параўноўваеш раскошу дваранскіх пакояў, у якіх кожнаму члену сям’і адводзіцца ўласны куток, з прастатой і цеснатой сялянскіх пакояў, якія бачыў раней. 

Яркім і насычаным выглядае і ваеннае жыццё Магілёва, якое прадстаўлена дакументамі, фатаграфіямі, карцінамі, макетамі і скульптурамі. Здалёку скульптура обер-афіцэра кватэрмайстра нагадвае жывога чалавека, і ты міжволі палохаешся, што ў музеі ёсць яшчэ адзін наведвальнік у яркім зялёным адзенні. На карцінах таксама пераважае зялёны і чорны. Першы — колер ваеннай формы, друг — колер коней і зброі, якой карысталіся ў той час. На жаль, да гэтай зброі нельга дакрануцца, але ўсё ж можна добра разгледзець. 

Наведванне музея выклікае жаданне больш уважліва вывучаць мінулае на¬шых продкаў і часцей цікавіцца гісторыяй, бо ў ёй хаваецца столькі жыццёвай мудрасці, пра якую мы ніколі не задумваліся. 

Валерыя ГАЎРУКОВІЧ

Фота аўтара і з сайта mogilewmuseum.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.