Вы тут

500 «дзіцячых» метраў на дарослым паўмарафоне


Больш за паўтары тысячы маленькіх спартсменаў пераадолелі 500-метровую дыстанцыю па трасе, на якой да гэтага спаборнічалі ў межах Мінскага паўмарафону за званне самых хуткіх аматары здаровага ладу жыцця. У адрозненне ад дарослых бегуноў, жаданы «медаль чэмпіёна» ад арганізатараў – кампаніі МТС і Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) – атрымаў кожны ўдзельнік дзіцячага забегу.


Унёсак у дабрачыннасць

Ладзіць дзіцячы забег, які праходзіць у межах Мінскага паўмарафону на дарослай трасе, стала традыцыяй для кампаніі МТС. Такім чынам малыя адчуваюць сябе часткай дарослай каманды, лічыць Марыя ПАЗНЯК, кіраўнік PR-групы кампаніі МТС:

— Дзеці з задавальненнем чакалі пачатку, і многія ўдзельнічалі і ў дарослым забегу, так што паўмарафон увогуле атрымаўся вельмі сямейны. Мерапрыемства штораз збірае тысячы дзяцей, якія хочуць стаць часткай маштабнай з'явы. А для бацькоў гэта цудоўная магчымасць натхніць малых і далей прытрымлівацца здаровага ладу жыцця.

Многія са спартсменаў былі апрануты ў футболкі з сімволікай праекта. Такую форму можна было атрымаць за данат — дабрачынны ўнёсак, які рабілі бацькі, рэгіструючы малога да ўдзелу ў забегу на сайце move4good.by, дзе, дарэчы, сабрана шмат карыснай інфармацыі пра спорт.

Атрыманыя сродкі ЮНІСЕФ накіруе на набыццё дапаможнага абсталявання для дзетак з інваліднасцю, каб яны маглі вучыцца ў звычайных школах, падкрэсліла Дар'я ЛЫСКАВЕЦ, каардынатар па развіцці партнёрства з бізнесам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ):

— Камусьці з малых патрэбна спецыяльная парта, камусьці — спецыяльнае крэсла, аднак далёка не ва ўсіх школах ёсць падобныя прыстасаванні. Летась, напрыклад, мы набылі спецыяльнае крэсла для дзяўчынкі з ДЦП, бо са звычайнага яна спаўзала. Плюс купілі спецыяльныя павелічальнікі, каб яна магла бачыць, — цяпер зможа пайсці ў восьмы клас. У падтрымку праекта беглі і вядомыя беларусы. Спадзяёмся, што на наступны год забег будзе яшчэ больш масавы.

Міхась – удзельнік двух забегаў.

Move4Good — дабрачынны інклюзіўны спартыўны праект ЮНІСЕФ, які падтрымлівае кампанія МТС. Ён распачаўся з анлайн-трэніровак, а кульмінацыяй стаў дзіцячы забег.

— Роўнае стаўленне да ўсіх дзетак, у тым ліку да малых з інваліднасцю, — важны крок на шляху да інклюзіўнага грамадства, дзе кожны адчувае сябе каштоўным і можа рэалізаваць свае правы і магчымасці нароўні з усімі. І мы вельмі рады, што так шмат людзей падтрымлівае развіццё інклюзіі ў Беларусі, — адзначыла Таццяна РАДАЧАЙ, прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі.

Вялікая сямейная каманда.

Паспець усюды

Нягледзячы на дажджлівае надвор'е і пранізлівы вецер, ахвотных паўдзельнічаць у забегу было шмат — спартсмены ледзьве ўмясціліся на старце насупраць галоўнай аркі стадыёна «Дынама». А ўнутры стадыёна перад забегам і пасля яго для дзетак працавалі забаўляльныя лакацыі ад арганізатараў, дзе малыя маглі паспрабаваць сябе ў якасці лёгкаатлетаў, праявіць здольнасці мастака і паказаць меткасць у гульнях.

Чатырохгадовы Дзіма і мама Света.

Самыя маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі, якім яшчэ не споўнілася шасці гадоў, прабеглі дыстанцыю разам з бацькамі. Чатырохгадовы Дзіма, напрыклад, з года займаецца спортам, кажа яго мама Святлана, якая разам з сынам прабегла 500-метровую дыстанцыю:

— Мы заўжды падтрымліваем спартыўныя мерапрыемствы, а гэтым разам захацелі далучыцца да працэсу інклюзіі — падтрымаць дзетак, якія абмежаваны ў магчымасцях.

Самыя маленькія.

А вось дзевяцігадовы Міхась паспеў за 42 хвіліны прабегчы пяцікіламетровую дыстанцыю на дарослым марафоне і паўдзельнічаць у дзіцячай 500-метроўцы. «Я бегаю пяць кіламетраў з 2018 года. Я абагнаў дзесяць тысяч дарослых!» — радасна падзяліўся хлопчык. «Мы беглі разам пяць кіламетраў, а ён мяне абганяў і крычаў «Мама, давай!» — пацвердзіла матуля Міхася.

Некаторыя прыходзілі на мерапрыемства цэлымі калектывамі. Прычым перш чым далучыцца да дзіцячага забегу, асобныя дарослыя паспелі прабегчы Мінскі паўмарафон. У адной з такіх вялікіх кампаній з калег, сяброў і сваякоў назбіралася, напрыклад, 40 дарослых і 12 дзетак.

Юныя асілкі.

— Спачатку мы прабеглі са сваімі супрацоўнікамі і навучэнцамі паўмарафон, а потым сям'ёй, разам з нашымі жонкамі і дзецьмі, вырашылі паўдзельнічаць і ў дзіцячым забегу. Надвор'е выдатнае, настрой цудоўны, — з імпэтам падзяліўся ўражаннямі адзін з удзельнікаў гэтай суполкі Юрый КАМЯНЕЦКІ. Ён паабяцаў, што на наступны год таксама абавязкова пабяжыць.

Вераніка ХІЛЬКЕВІЧ

Ірына СІДАРОК

Фота Ірыны СІДАРОК і кампанii МТС

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.