Вы тут

«Чомга-востраў» з'явіўся ў Мінску 


Адметнасць новай тэрыторыі ў раёне сталічнай вуліцы Карзюкі — экаадукацыйны комплекс «Чомга-востраў». Там можна не толькі выдатна адпачыць, але і пазнаёміцца з прадстаўнікамі мясцовай фаўны і флоры. На беразе ўстаноўлены шэзлонгі, абсталяваны пункт назірання за птушкамі, а па перыметры берагавой лініі — інфармацыйныя стэнды. На іх сабрана шмат цікавай і карыснай інфармацыі пра мясцовую флору і крылатую фаўну — крачак, крыжанак, лысух, чаек-рагатух, кулікоў, зімародкаў-чырванакніжнікаў, драчоў, малых чаек і, зразумела, самых адметных жыхарак вострава — чомг.


Коўра вялікая, ці чомга (Podіceps crіstatus), — буйная вадаплаўная птушка (даўжыня цела яе дасягае 50 см) з тонкай шыяй, падоўжанай, прамой дзюбай. Спіна ў яе буравата-рудая, жывот, шыя і галава белыя. У вясновым апярэнні на галаве ў чомгі вырастаюць два цёмныя пучкі пёраў, падобных да «вушак» і руды «каўнерык» вакол шыі. Узімку гэтых упрыгожванняў у птушак няма. Насяляе коўра сажалкі і азёры па ўсёй Еўразіі, акрамя самых паўночных абласцей.

Каб дапамагчы гэтым птушкам зрабіць іх пражыванне на Чыжоўскім вадасховішчы больш камфортным, зеленакласнікі са сталічных школ пад кіраўніцтвам дырэктара Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця, грамадскага эколага Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Руслана Шайкіна пабудавалі сваімі рукамі плывучы востраў.

Вадаплаўным і каляводным птушкам неабходны месцы адпачынку, куды яны могуць выйсці, перадыхнуць пасля водных працэдур, вывесці сваіх птушанят набрацца сіл. У прыродзе такімі аб'ектамі з'яўляюцца карчы, што тырчаць з вады, паваленыя бабрамі дрэвы і іншыя, то-бок неад'емныя часткі дзікай прыроды.

Але ў межах горада такіх месцаў звычайна бывае няшмат. Сталічныя службы, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, у тым ліку і вадасховішча, працуюць па прынцыпе «чысціня і парадак», што не заўсёды адпавядае жыццядзейнасці дзікай фаўны. Прыбіраюцца зламаныя дрэвы, чысцяцца берагі, скошваюцца зараснікі трыснягу і рагозу. І гэта шкодзіць птушкам і іншым жыхарам узбярэжжа.

Але, паводле слоў прадстаўнікоў Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця, апошнім часам службы Заводскага раёна сталіцы прыслухоўваюцца да меркаванняў экспертаў і імкнуцца вытрымаць баланс паміж інтарэсамі прыроды і парадкам у горадзе.

Зеленакласнікі на чале з Русланам Шайкіным вырашылі пайсці яшчэ далей. Калі не хапае прыродных месцаў для адпачынку птушак, можна іх стварыць самім у выглядзе плывучых астраўкоў, ды падалей ад берага, дзе адпачываюць жыхары Мінска ці гуляюць са сваімі хатнімі гадаванцамі, небяспечнымі для качак, лысух і чомг.

Падчас летніх палявых злётаў, якія праводзіліся сёлета на Чыжоўскім вадасховішчы, зеленакласнікі пабудавалі спачатку адзін невялікі
эксперыментальны востраў. Выкарыстоўвалі для гэтага спадручныя матэрыялы — паддоны з дрэва і пластыкавыя бутэлькі. Такое адразу ж спадабалася крылатым жыхарам вадасховішча: ужо на наступную раніцу там спачатку адпачывала матуля з качанятамі, потым ім на змену прыйшлі чайка-рагатуння, кулік, крачка і нават чырванакніжная малая чайка...

Паступова востраў рос, пашыралася і прастора для адпачынку птушак. Прычым кожную платформу стваралі са сваімі прыроднымі асаблівасцямі, каб розныя віды крылатых змаглі знайсці для сябе найбольш камфортнае месца.

Разам з новай абсталяванай экасцежкай плывучыя платформы для птушак сталі часткай экаадукацыйнага комплексу «Чомга-востраў», які афіцыйна адкрылі да Дня горада. Гэты падарунак у юбілейны год для Мінска — выдатнае месца для правядзення прыродных урокаў не толькі для зеленакласнікаў, але і для іншых сталічных жыхароў і гасцей горада. На спецыяльна абсталяваных пляцоўках можна паназіраць за вадаплаўнымі і іншымі птушкамі, прачытаць шмат новай і вельмі цікавай інфармацыі пра мясцовых насельнікаў — птушак, пазнаёміцца з раслінным светам узбярэжжа вадасховішча і проста адпачыць, прагуляцца ў зялёным раі разам з сябрамі.

Пра тое, наколькі важна знаёміцца са светам прыроды з дзяцінства, гаварылі і ўдзельнікі серыі палявых практыкумаў для педагогаў па праграме «Зялёныя класы беларускай сталіцы», якая на пачатку верасня прайшла на экаадукацыйным комплексе «Чомга-востраў». Настаўнікі вывучалі жывёльны і раслінны свет, сучасныя методыкі выкладання, выкарыстанне спецыяльных сродкаў для назірання за флорай і фаўнай, знаёміліся з асаблівасцямі правядзення заняткаў у прыродным акружэнні школ. Акрамя «Чомга-вострава», удзельнікі серыі практыкумаў наведалі найлепшыя экалагічныя сцежкі Мінска.


Падчас летніх злётаў зеленакласнікаў (палявых лагераў) у 2022 годзе на ўзбярэжжы Чыжоўскага вадасховішча аздараўленне атрымалі больш за 400 сталічных школьнікаў, якія цікавяцца прыродай і яе захаваннем.


Праект «Зялёныя класы беларускай сталіцы» накіраваны на падрыхтоўку новага пакалення мінчан, якія валодаюць высокім узроўнем экалагічнай культуры з самага ранняга ўзросту.

Зялёныя класы ствараюцца на базе ўстаноў адукацыі, размешчаных паблізу экалагічных сцежак сталіцы.

Першыя зялёныя класы пры падтрымцы Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя былі створаны ў пачатковай школе № 29 г. Мінска ў 2019 годзе. А сёння больш за 15 школ у Заводскім раёне сталіцы бяруць удзел у гэтым карысным і цікавым праекце.

Для атрымання статусу «зялёнага» неабходна, каб ва ўжо існуючым у школе класе 10 чалавек захацелі стаць зеленакласнікамі:

  • вывучаць прыроду праз раслінны і жывёльны свет краіны;
  • вучыцца паводзіць сябе ў прыродзе экалагічна, не наносячы ёй шкоды;
  • рабіць рэальны ўнёсак у ахову прыроды малой радзімы, беручы ўдзел у цікавых праектах;
  • падарожнічаць па запаведных мясцінах і экалагічных сцежках;
  • проста навучыцца атрымліваць задавальненне ад зносін з прыродай.

Інга ЗУБРЫЦКАЯ

Фота @zel.klass і mіnsknews.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».