Вы тут

Як у Беларусі заканадаўча абараняюць водныя рэсурсы


Нацыянальная стратэгія кіравання воднымі рэсурсамі да 2030 года скіравана на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання водных рэсурсаў для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту краіны ва ўмовах клімату, які мяняецца, а таксама стварэння ўмоў для захавання водных экасістэм. Прысваенне экастатусу рэкам і азёрам дазваляе сачыць за іх якасцю, а нарміраванне забруджвання сцёкавых вод спрыяе кантролю іх ачысткі. Што заканадаўча робіцца ў Беларусі для аховы водных рэсурсаў, расказалі эксперты воднай галіны.


Алена Грамадская, начальнік аддзела паверхневых вод Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, адзначае:

— Водная стратэгія навукова абгрунтаваная і ўзгоднена без заўваг 24-ма органамі дзяржкіравання. У яе межах ацэнены сучасны патэнцыял водных аб'ектаў і дынаміка водакарыстання за апошнія пяць гадоў. Аналіз дынамікі водакарыстання ўказвае на яго стабільнасць у краіне. Аднак плануецца павелічэнне здабычы вод з прыродных крыніц за кошт уводу ў эксплуатацыю і выхаду на праектную магутнасць шэрагу буйных прадпрыемстваў.

Сельская гаспадарка і нецэнтралізаваная пітная вада — у зоне рызыкі

У Воднай стратэгіі таксама прыводзяцца факты змянення клімату і магчымыя наступствы. Так, у краіне назіраецца спад узроўню грунтавых артэзіянскіх вод у сярэднім да 0,3 метра, аднак у паўднёвых раёнах Беларусі ён можа дасягаць аднаго метра, паведаміла спецыяліст:

— Паколькі са змяненнем клімату павышаецца верагоднасць наступлення малаводных перыядаў, павялічваецца рызыка змяншэння сцёку малых рэк пры зніжэнні ўзроўню вады і, магчыма, пагаршэнне якасці вады. Чакаецца рэзкая дыферэнцыяцыя па аб'ёме рачнога сцёку паміж паўночнай і паўднёвай часткамі краіны.

Дэфіцыт вады для прамысловасці ў краіне малаверагодны дзякуючы добрай забяспечанасці падземнымі водамі. Аднак можа існаваць пагроза для суб'ектаў гаспадарання, якія карыстаюцца водамі з паверхневых крыніц, напрыклад сельскай гаспадаркі. У зоне рызыкі можа аказацца і эксплуатацыя нецэнтралізаваных сістэм гаспадарча-пітнога водазабеспячэння ў населеных пунктах (з-за паніжэння ўзроўню грунтавых вод).

Ачыстка, паўторнае выкарыстанне, добраўпарадкаванне

Воднай стратэгіяй сфармуляваны праблемы кіравання воднымі рэсурсамі, якія патрабуюць вырашэння. Так, напрыклад, сельскагаспадарчыя землі — асноўная крыніца разгрупаванага забруджвання, паколькі праз змыў угнаенняў з палёў шкодныя рэчывы трапляюць у паверхневыя водныя аб'екты. Таму стратэгіяй прапануецца інвеставаць у сучасныя метады ачысткі сцёкавых вод. А паўторнае выкарыстанне ачышчаных сцёкавых вод — найбольш пажаданы варыянт для сельскагаспадарчага арашэння, рыбнай гаспадаркі, а таксама прымянення ў прамысловасці, абазначыла Алена Грамадская:

— Забеспячэнне воднай бяспекі краіны немагчыма без работы па інфармаванні і адукацыі насельніцтва. У першую чаргу неабходна падтрымліваць сацыяльныя праекты, скіраваныя на аднаўленне малых рэк, добраўпарадкаванне крыніц, забеспячэнне насельніцтва неабходнай інфармацыяй пра стан паверхневых водных аб'ектаў, арганізацыю тэматычных форумаў, семінараў, канферэнцый і выстаў.

У 2020 годзе ўступіла ў сілу пастанова Мінпрыроды аб пацверджанні экалагічных норм і правіл па добраўпарадкаванні паверхневых водных аб'ектаў. Дакументам прадугледжаны комплекс мерапрыемстваў, неабходных падчас такіх работ. Аднак асноўная яго мэта — скіраванасць на падтрымку паверхневых водных аб'ектаў у належым стане. Распрацоўваецца комплекс мерапрыемстваў у выпадку, калі па выніках даследаванняў іх стан не адпавядае добраму або выдатнаму экалагічнаму статусу.

— Крыніцы — найбольш уразлівыя да антрапагеннага ўздзеяння водныя аб'екты. Пры іх добраўпарадкаванні выключаецца стварэнне масавых месцаў адпачынку з доўгачасовым знаходжаннем. А таксама правядзенне бліжэй за 300 метраў работ любых механізмаў на зямлі, у тым ліку помпавага абсталявання, — нагадала прадстаўніца інстытута. — Добраўпарадкаванне крыніц у межах гідралагічных помнікаў прыроды павінна адбывацца ў адпаведнасці з рэжымам аховы і выкарыстання.

Ацэнка і прысваенне экастатусу

Практыка прысваення экалагічнага статусу (экастану) паверхневым водным аб'ектам у Беларусі пачалася ў 2014-м. А летась напрыканцы года запрацаваў новы метадычны дакумент Мінпрыроды «Парадак аднясення паверхневых водных аб'ектаў і іх частак да класаў экалагічнага стану (статусу)», які быў створаны ўзамен шасці дакументаў, што існавалі раней, паведаміла Марына Лемутава, намеснік начальніка службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамета:

— Падыходы да ацэнкі экастатусу паверхневых водных аб'ектаў засталіся ранейшыя, але былі дапрацаваны ў некаторых частках. Асноўны падыход — экастатус вызначаецца на падставе гідрабіялагічных паказчыкаў з выкарыстаннем гідрахімічных і гідрамарфалагічных. Гэтым паказчыкам паасобку прысвойваюцца класы экалагічнага стану.

Экалагічных класаў якасці пяць: выдатны, добры, здавальняльны, кепскі, вельмі кепскі. Для прысваення экалагічнага класа якасці рэкам выкарыстоўваюцца гідрабіялагічныя паказчыкі: макразаабентас (сукупнасць беспазваночных жывёл, якія насяляюць дно) і фітаперыфітон (спецыфічная экалагічная групоўка водарасцяў), а азёрам і вадасховішчам — фіта- і зоапланктон. Гідрамарфалагічныя паказчыкі характарызуюць стан рэчышча, берагоў, берагавых зон, пойм, і кожнаму з іх прысвойваюцца балы, патлумачыла спецыяліст.

Дапушчальнае забруджванне ў сцёкавых водах

У лютым 2022-га асобна быў выдзелены з агульнага ЭкаНіПа па экалагічнай бяспецы дакумент, якім вызначаюцца нарматывы скіду забруджвальных рэчываў у складзе сцёкавых вод. Для разліку дапушчальнага скіду выкарыстоўваюцца таксама інструкцыя, распрацаваная ў 2017-м. Гэтыя дакументы ўзаемадапаўняльныя, акрэсліла Кацярына ГАПАНОВІЧ, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі:

Кожны аб'ект гаспадарання мае сваю спецыфіку і асаблівасці, і гэта адлюстроўваецца на змесце забруджвальных рэчываў і, адпаведна, метадах, якія яны прымяняюць для ачысткі перад скідам у паверхневыя водныя аб'екты. Інструкцыя па нарміраванні скідаў дазваляе вызначыцца з пералікам забруджвальных рэчываў у складзе сцёкавых вод, для якіх устаноўлены пэўныя значэнні канцэнтрацыі. Калі ўстаноўленых значэнняў няма, спецыялісты мусяць разлічваць іх з улікам асіміляцыйнай здольнасці паверхневых водных аб'ектаў. Для гэтага выкарыстоўваюцца пэўныя характарыстыкі, якія можна вызначаць непасрэдна пры выездзе на аб'екты або выкарыстоўваючы даныя Дзяржаўнага воднага кадастра на сайце Мінпрыроды, дадала прадстаўніца Акадэміі навук.

Скід вод, у тым ліку ачышчаных, моцна ўздзейнічае на паверхневы водны аб'ект, таму ў Воднай стратэгіі сказана, што скід любых відаў сцёкавых вод павінен быць бяспечны. Такім чынам, нарміраванне скідаў — важная задача.

Што датычыцца прыватных участкаў і водных аб'ектаў, то, калі чалавек збіраецца рабіць на сваім участку копанку, праект на яе не трэба. Калі недзе ў іншым месцы — ён неабходны. Калі сядзібны ўчастак выходзіць да вадаёма, то, каб жыхарам зрабіць нешта на беразе, накшталт пірса ці пляжа, таксама неабходны ўзгоднены праект, удакладнілі эксперты.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».