Вы тут

Баскетбалісты зробяць крок у будучыню, а барцы пакажуць храбрасць


Нягледзячы на ўсе цяжкасці і несправядлівасці, беларускі спорт працягвае жыць і развівацца. І не перастае рыхтаваць спартыўны рэзерв, каб вярнуцца на міжнародную арэну яшчэ больш моцным і баяздольным. Праекты для дзяцей і падлеткаў даўно сталі неад'емнай часткай беларускага спорту. І спыніць іх правядзенне не можа нішто.


Галоўным спартыўным ноу-хау гэтай восені стала першая «Ліга храбрых», арганізаваная Беларускай федэрацыяй барацьбы і Прэзідэнцкім спартыўным клубам. Праект аб'яднаў тры віды барацьбы — вольную, грэка-рымскую і жаночую. Кожная вобласць прадстаўляе сваю каманду саставам па дзесяць спартсменаў 2007-2008 гадоў нараджэння (па адным у кожнай вагавой катэгорыі ў трох відах). У залік уключаюцца паядынкі ў трох відах барацьбы па выніках 30 схватак. Турнір праводзіцца па сістэме з прамым выбываннем. Арганізатары вырашылі праводзіць спаборніцтвы ярка і дынамічна — па суботах раз у два тыдні. Праект стартаваў 10 верасня, ужо адбыліся два чвэрцьфіналы. У першым каманда Магілёўскай вобласці аказалася мацнейшай за каманду Брэсцкай вобласці. Магілёўскія барцы першымі выйшлі ў паўфінал. У другім чвэрцьфінале прадстаўнікі Мінскай вобласці адолелі каманду Гомельскага рэгіёна. Такім чынам, у першым паўфінале сустрэнуцца магіляўчане і мінчане. Удзельнікі другога паўфіналу вызначацца пасля матча барцоў Віцебскай вобласці і гасцей з Масквы (8 кастрычніка) і сустрэчы паміж зборнай Мінска і камандай Гродзенскай вобласці (22 кастрычніка). Паўфінальныя баталіі намечаны на 5 і 19 лістапада, матч за трэцяе месца пройдзе 3 снежня, а пераможцы паўфінальных сустрэч 17 снежня паспрачаюцца за першае месца.

«Мы павінны зрабіць усё, каб вярнуць да барацьбы цікавасць нашых дзяцей. Гэта асноўная задача і мэты лігі. Масавы, дзіцячы спорт — аснова спорту найвышэйшых дасягненняў. Чым больш дзяцей будзе займацца барацьбой сёння, тым больш прафесіяналаў у нас будзе заўтра. Мы, дарослыя, павінны паказваць дзецям, што барацьба — гэта крута, гэта цікава, што ў барацьбе можна шмат чаго дабіцца, — адзначыў старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў.

Разам з новымі праектамі, паспяхова дзейнічаюць і традыцыйныя. Ужо не першы год выдатнай пляцоўкай для юных баскетбалістаў з'яўляюцца праекты «Крок у будучыню» і «Яе свет — яе правілы». Беларуская федэрацыя баскетбола праводзіць іх разам з Еўрапейскай федерацыяй. Як расказала генеральны сакратар — выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна, зусім хутка пачнуцца новыя сезоны праектаў: «Мы праедзем усю краіну і прагледзім усіх дзяцей 2011-2012 года нараджэння, якія ўжо некалькі гадоў займаюцца баскетболам. Спецыялістам важна ацаніць іх роставыя даныя, іх здольнасці, навыкі валодання мячом. Будзем падбіраць дзяцей, якія складаюць цікавасць ужо для прафесійнага баскетбола».

Яшчэ адной добрай спартыўнай традыцыяй з'яўляецца знакаміты турнір «300 талентаў для каралевы». Сёлета пачаўся ўжо восьмы сезон праекта, які адкрывае новыя імёны ў лёгкай атлетыцы. Спаборніцтвы традыцыйна праходзяць у чатыры этапы. Першы — папярэдняе тэсціраванне падчас школьных урокаў фізкультуры — праходзіць у гэтыя дні. Затым найбольш здольных атлетаў правераць на паўторным тэсціраванні на спартыўных базах абласцей і горада Мінска. Падчас вясенніх канікулаў пераможцы другога этапу правядуць спартыўныя зборы. І ў красавіку юных атлетаў чакае грандыёзны фінал. «Развіваючы юнацкі спорт, мы вырашаем задачы будучага здароўя нацыі. Бо ў дзіцячым узросце закладваецца падмурак будучага здароўя чалавека, яго будучага актыўнага жыцця. Таму тая работа, якая робіцца па развіцці дзіцяча-юнацкага спорту ў Беларусі, вельмі важная», — падкрэсліў старшыня БФЛА Іван Ціхан падчас адкрыцця ІІ Адкрытага абласнога турніру па лёгкай атлетыцы памяці Генадзя Валюкевіча. Спаборнцітвы прайшлі ў мінулыя выхадныя ў Ляхавічах.

Для таго каб знаёміцца са спортам і выхоўваць у сабе чэмпіёна мог кожны маленькі беларус, Прэзідэнцкі спартыўны клуб ініцыіраваў праект «Спорт для ўсіх». Днямі ў рамках дадзенага праекта ў Дзяржынску была адкрыта новая шматфункцыянальная варкаўт-пляцоўка. Сярод мноства сучасных трэнажораў былі і зоны для баскетбола. Новую пляцоўку адразу ж ацанілі выхаванцы мясцовай спартшколы. Ацанілі высока, без справы трэнажоры не застануцца.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».