Вы тут

Векапомнае. «Салдацкая пілотка»


Мы, вясковыя дзеці і падлеткі, пры страшнай фашысцкай акупацыі разам з дарослымі прайшлі праз усё тое жахлівае і незабыўнае, што выпала на долю мірнага насельніцтва Беларусі. Жылі ў пастаянным страху, галадалі і мерзлі, хаваліся ў лясах і балотах у час карных аперацый. Немцы білі па нас не толькі з вінтовак і аўтаматаў, а нават з кулямётаў, мінамётаў, самалётаў. Такое перажылі і мае родныя Пешкі.


Фота: pixabay.com

Дамоў вярталіся не ўсе

У маіх равеснікаў, як і многіх тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак па ўсёй Беларусі, быў яшчэ адзін, невыносны боль, яшчэ адно гора, ад чаго яны марнелі і сохлі, і нішто на свеце іх не радавала. Гэта калі пасля нашай Вялікай Перамогі не вярталіся дамоў іх бацькі...

Нашаму сябру Пецьку усе мы вельмі зайздросцілі. У яго была пілотка. Сапраўдная, такія насілі чырвонаармейцы, з агністай зорачкай, акуратная, амаль новая. Яе прынёс з вайны Пецькаў бацька — дзядзька Васіль. Праўда, дамоў ён вярнуўся пакалечаны, амаль не выходзіў з цеснай зямлянкі, дзе жыла ўся іх сям'я, але пра свае раны гаварыць не любіў.

У нашых Пешках, як і ў іншых паселішчах Бярозаўскага раёна, як і ва ўсёй Заходняй Беларусі з пачаткам вайны не паспелі правесці мабілізацыю. Вельмі ўжо моцны ўдар вераломна абрынула на прагранічныя расны гітлераўская Германія. 26 чэрвеня немцы з'явіліся ў нашай вёсцы і ў суседніх. Справа ў тым, што гэтыя паселішчы знаходзіліся ў лясной і балоцістай мясцовасці, яны не мелі ніякага стратэгічнага значэння для немцаў, вось тыя асабліва і не спяшаліся іх займаць. Падчас акупацыі многія пешкаўскія мужыкі і крэпкія хлопцы пайшлі ў партызаны, змагаліся з акупантамі да самага вызвалення Бярозаўскага краю ў ліпені 1944 года. І як толькі прыйшлі нашы, былыя пешкаўскія партызаны сталі франтавікамі. Сярод іх і бацька нашага сябра Пецькі.

У той дзень, як дзядзька Васіль заўчасна вярнуўся з вайны, мы, вясковыя хлапчукі, прыбеглі да іх у зямлянку. Вельмі карцела хутчэй убачыць, які ў нашага сябра бацька — чырвонаармеец. Мы засталі самае цікавае. Дзядзька распакоўваў свой салдацкі мяшок, даставаў тое-сёе. Кожнаму з нас даў па кавалачку цукру.

— А гэта, сыночак, табе, — сказаў. — Зусім новая чырвонаармейская пілотка. Давай прымерым.

Дзядзька акуратна надзеў пілотку Пецьку на галаву.

— Якраз падышла! — задаволена ўсклікнуў дзядзька.— Ну, Пецька, ты зараз крыху падобны на чырвонаармейца. Насі пілотку на здароўе, калі вырасцеш — пойдзеш у армію, даслужыш той час, які не даслужыў я. Мне, на жаль, не давялося сустрэць перамогу у Берліне, — дзядзька цяжка ўздыхнуў.

Нам стала вельмі шкада параненага дзядзьку Васіля, і мы паспяшаліся перавесці гутарку на іншую тэму.

— А мы ведаем, што Берлін — самы галоўны нямецкі горад, — дружна пахваліліся.

— Ага. Гэта нямецкая сталіца. З яе і прыйшла да нас страшная вайна, каб спаліць і нашы Пешкі, і многа іншых беларускіх вёсак і гарадоў, пазабіваць столькі невінаватых жанчын, дзяцей, старых.

Мы гулялі ў вайну

Так атрымалася, што ў дзвюх Пецькавых сяброў бацькоў на фронт не ўзялі. Вельмі хворыя былі гэтыя мужыкі, падарвалі сваё здароўе на цяжкай паднявольнай працы пры панскай Польшчы. Куды ім ваяваць пры такім здароўі? На фронце даўно быў бацька нашага сябра Санькі — дзядзька Мікалай. Яго вельмі чакала ўся сям'я: цётка Вера, Санька, дзве маленькія дачушкі.

Чакалі і мы, вясковыя падлеткі. Спадзяваліся, што прывязе сваім дзецям нейкія гасцінцы, і нас, канешне, пачастуе. Але самае цікавае — дзядзька Мікалай будзе пра вайну расказваць, як біў немцаў. У тым, што ён вельмі смелы салдат, не сумняваліся. Дзядзька Мікалай прыслаў з фронту дамоў фотакартку, дзе стаіць са сваімі баявымі таварышамі. На грудзях у дзядзькі ажно тры медалі, у лісце сваім напісаў, за што атрымаў гэтыя ўзнагароды. Надта захацелася нам, каб дзядзька Мікалай хутчэй вярнуўся дамоў — такі адважны чырвонаармеец з нашых Пешак. Ганарыцца будзем, што тут сказаць...

А пакуль мы гулялі ў сваю вайну...

Што прынёс паштальён?

Аднойчы мы ўбачылі, што да Санькавай зямлянкі павярнуў паштальён.

— Сань, відаць, твой бацька хутка з вайны прыйдзе! — весела крыкнуў Колька. — Паштальён пісьмо ад яго прынёс.

Мы ўсе дружна кінуліся да Санькавай зямлянкі. Але калі прыбеглі і адчынілі дзверы, спалохана змоўклі. Санькава маці працяжна галасіла, дзве яго сястрычкі таксама заходзіліся ў плачы. На лаўцы ляжала нейкая паперка. Мы схапілі яе, думалі, што гэта пісьмо ад Санькавага бацькі. І адразу зразумелі: гэта не пісьмо, бо Санькаў бацька пісаў на паперы алоўкам, а тут было надрукавана. Санька таксама заплакаў. Мы хацелі яго хоць крыху суцешыць, але суседка, якая была ў зямлянцы, сказала:

— Ідзіце, хлопчыкі, адсюль, ідзіце. Не трэба вам чуць гэты плач, вы яшчэ зусім малыя. Забаўляйцеся на вуліцы...

У той жа дзень мы даведаліся, што Санькаў бацька знік без вестак. Пешкаўцы цяжка ўздыхалі і вельмі шкадавалі ўсю Санькаву сям'ю. Мы не разумелі, што азначала «знік без вестак», але адчувалі: гэта зусім дрэнна. Дзядзька Мікалай можа і не вярнуцца дамоў з вайны...

На другі дзень Санька не прыйшоў да нас. І нам зусім не хацелася гуляць у вайну. Мы пайшлі да Санькі. Нашага сябра мы ўбачылі каля зямлянкі, ён няньчыў сястрычку. Мы спыталіся, чым можам дапамагчы. Папрасіў прынесці са студні вядро вады, што без затрымкі і зрабілі.

— Сань, можа, пойдзем разам з намі, табе лягчэй будзе, — нясмела прапанавалі.

— Не хачу. З сястрычкай трэба быць.

— Дык і сястрычку бяры з сабой.

— Нельга. Яна галодная і з раніцы плача. Можа ўпасці на вуліцы, што тады... Не магу яе пакінуць адну.

— Мо хай сястрычка з мамай падыдзе.

— Мамцы дрэнна, яна ляжыць і стогне. Ад яе не адыходзіць суседка цётка Марыя, — Санька ўсхліпнуў і працёр худзенькім кулачком свае вочы. Сястрычка глянула на яго і зноў заплакала.

Мы стаялі разгубленыя і не ведалі, што рабіць, чым падтрымаць нашага сябра ў такі цяжкі момант.

Хутка зноў сабраліся разам, бо ў колькі нарадзілася такая выдатная ідэя, што мы падтрымалі яе аднадушна. І каторы раз пераканаліся: нездарма Колька часта бывае нашым камандзірам, такі высокі давер заслугоўвае па поўным праве.

І вось мы зноў каля Санькавай зямлянкі, дзе ён няньчыць сястрычку.

— Сань, хочаш я аддам табе чырванаармейскую пілотку, — гаворыць Колька. — Я нашу яе ўжо доўга, панасі і ты, аж пакуль твой бацька з вайны не вернецца.

У Санькі загараюцца вочы, ён здзіўлена глядзіць на Кольку і ніяк не рэагуе на такую нечаканую прапанову.

— Ага, бяры, Сань, пілотку, — дружна падтрымліваем Кольку.

— Наш татка, мусіць, ніколі не прыйдзе дамоў, — ледзь не плачучы адказвае Санька.

— Чаму? — рашуча кажам мы ўсе. — Ён жа... Ён не забіты, а знік без вестак. Пэўна, жывы, толькі яго камандзір не ведае, дзе ён цяпер, можа, ад ран лечыцца.

— Бяры, Сань, — аддае хлопчыку сваю пілотку Колька. — Не хочаш назусім, дык аддасі мне, як толькі твой бацька прыйдзе дамоў — і пабачыш: прынясе табе чырвонаармейскую пілотку.

— Ну, калі так, дык можна, — згаджаецца Санька і беражна бярэ ў Колькі пілотку.

Мы вельмі ўзрадаваліся, што ў Санькі хоць крыху палепшыўся настрой. Перастала плакаць і яго замурзаная сястрычка. Яго бацька, на жаль, так і не вярнуўся з вайны...

Міхаіл ШЫМАНСКІ

Міхаіл Шыманскі — вядомы публіцыст і пісьменнік. Міхаіл Мікалаевіч прысвяціў журналістыцы больш як 70 гадоў. Працяглы перыяд працаваў і ў «Звяздзе». З-пад пяра заслужанага работніка культуры БССР, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва выйшла каля 30 кніг.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».