Рэгіёнам Міншчыны неабходны кваліфікаваныя кадры спецыялістаў, рабочых. Але часам вакантныя месцы так і застаюцца незапоўненымі. Многія выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў пасля абавязковай адпрацоўкі імкнуцца працаўладкавацца ў Мінску, у буйных гарадах. У Любанскім раёне таксама ёсць праблемы па замацаванні маладых кадраў. Але ў гэтым кірунку напрацаваны пэўны вопыт. Мясцовыя ўлады, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый мэтанакіравана вядуць работу з тым, каб як мага больш маладых людзей заставалася ў раёне.
Намеснік старшыні Любанскага райвыканкама Тамара Дамашэвіч адзначыла, што ў раёне пражываюць 4784 маладыя чалавекі. Гэта 16 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва. На Любаншчыне створаны неабходныя ўмовы для развіцця творчага, культурнага, фізічнага, навуковага патэнцыялу моладзі. Юнакоў і дзяўчат актыўна далучаюць да здаровага ладу жыцця. У раёне дзейнічае 88 фізкультурна-спартыўных аб'ектаў, дзе яны могуць загартоўвацца, спаборнічаць, мерацца сіламі. Шмат увагі аддаецца пытанням атрымання маладымі людзьмі прафтэхадукацыі, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і замацаванню маладых спецыялістаў. Яшчэ падчас вучобы ў школах вучні могуць абраць сабе спецыяльнасць і атрымаць першапачатковыя веды, паколькі ва ўстановах адукацыі дзейнічаюць спецыялізаваныя класы — сельскагаспадарчыя, педагагічныя, спартыўныя.
У гэтым годзе восем выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя медыцынскія ўстановы па мэтавым накіраванні, шмат хто выбраў педагагічныя ВНУ. У выніку ў калектывах абнаўляюцца кадры. Напрыклад, у сферы адукацыі замацоўваецца каля 80 працэнтаў спецыялістаў, большасць з іх у сельскай мясцовасці. Але, па словах Тамары Дамашэвіч, акрамя станоўчых момантаў работы з моладдзю, ёсць і праблемы. Не зусім задавальняе замацаванне маладых кадраў на сяле. Пасля абавязковай адпрацоўкі ў сельскай мясцовасці затрымліваецца тут толькі 54 працэнты спецыялістаў. Прычына ў адсутнасці паўнацэнных выхадных, а ў некаторых выпадках невысокая заработная плата. Калі пытанне з выхаднымі можна вырашыць, то заробкі залежаць ад эканомічнага і фінансавага стану суб'екта гаспадарання.
Шмат працуюць па замацаванні кадраў у Любанскай цэнтральнай раённай бальніцы. Пасля абавязковай адпрацоўкі тут застаецца ад 85 да 100 працэнтаў маладых спецыялістаў. Садзейнічае гэтаму вырашэнне жыллёвага пытання. Любань — адзін з райцэнтраў, які першым пачаў будаваць арэнднае жыллё ў Мінскай вобласці. Першы пяціпавярховік на 40 кватэр узвяла кампанія «Слаўкалій» Міхаіла Гуцэрыева. Сюды засяліліся сем'і, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і спецыялісты сацыяльнай сферы.
У 2018-м здалі пяцікватэрны арэндны дом для работнікаў бальніцы. У ім жывуць тры сям'і медыкаў і маладыя ўрачы. Адміністрацыя і прафсаюзны камітэт робяць усё неабходнае, каб маладыя спецыялісты адаптаваліся ў калектыве, матэряльна падтрымліваюць іх, за здымнае жыллё кампенсуюць затраты.
— Што тычыцца сельскай мясцовасці, то моладзь не вельмі ахвотна застаецца тут працаваць. Маўляў, не задавальняе інфраструктура, адсутнічае камфартабельнае жыллё. Стараемся накіроўваць у сельскія населеныя пункты маладых людзей, якія там нарадзіліся і закончылі навучальныя ўстановы па мэтавым накіраванні, — адзначыў галоўны ўрач ЦРБ Андрэй Амшарук.
Па яго словах, існуе таксама праблема з выдачай мэтавых накіраванняў. Напрыклад, кіраўнік можа выдаць і 15 дагавораў, але пры падачы дакументаў не ўсе абітурыенты іх паказваюць — толькі тыя юнакі і дзяўчаты, якія маюць намер працаваць у Любані. І гэтаму ёсць тлумачэнне. Студэнты ствараюць для сябе запасную пляцоўку. Спадзяюцца, што пры размеркаванні, магчыма, ім прапануюць работу ў Мінску, Салігорску або ў іншым буйным горадзе. Таму, на думку галоўнага ўрача, гэтае пытанне варта вырашаць на вышэйшым узроўні.
Зацікаўленасць маладых спецыялістаў у выніках працы ў руках кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, іх трэба вучыць, падказваць ім і даваць права на памылку. Адпаведна забяспечваць і жыллём, — лічыць старшыня Любанскага райвыканкама Валерый Мельнік.
Па яго словах, сёння зарплата для моладзі не стаіць на першым месцы. Адзін кіраўнік плаціць спецыялістам, напрыклад 1200 рублёў, а другі ў сярэднім — 600-700 рублёў плюс сацыяльны пакет. Як паказвае практыка, маладыя выбіраюць не ўзровень зарплаты, а перш за ўсё ўмовы працы. Гэта трэба ўлічваць у рабоце з моладдзю.
Старшыня Урэцкага сельвыканкама, дэпутат сельскага Савета Ядвіга Ярохіна:
— У Любанскім раёне наш сельсавет самы вялікі, тут налічваецца 3600 жыхароў, у тым ліку 544 маладыя людзі да 31 года, каля 200 з іх вучыцца ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Рабочай моладзі — больш як 180 чалавек. На тэрыторыі сельсавета працуюць каля 12 буйных арганізацый і прадпрыемстваў. Створана практычна 1500 рабочых месцаў, сітуацыя з працаўладкаваннем, занятасцю спрыяльная. Вядома, каб моладзь не пакідала сваю малую радзіму, трэба ствараць для яе камфортныя ўмовы не толькі працы, але і адпачынку, каб у вольны час было сябе чым заняць. У нас ёсць тры клубы, тры стадыёны, не хапае толькі варкаўтпляцовак і работнікаў культуры вузкага профілю, каб наладзіць, напрыклад, работу драматычнага, танцавальнага гурткоў.
Наша моладзь заўсёды займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Маладыя людзі падтрымліваюць традыцыі інтэрнацыяналізму, патрыятызму.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота БелТА
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.