Вы тут

Ядзерная бяспека і радыяцыйны кантроль


Што адбываецца на аб'ектах выкарыстання атамнай энергіі? Што робіцца з крыніцамі іанізуючых выпраменьванняў? Што дзеецца на чарнобыльскіх тэрыторыях? Адказы на ўсе гэтыя і іншыя пытанні Дзяржатамнагляд штогод у адкрытым доступе змяшчае на сваім сайце ў тэматычным аглядзе, прысвечаным стану ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў Беларусі. Сёлета ўпершыню падрыхтвана не толькі інтэрнэт-версія агляду (71 старонка), але і запланаваны невялікі тыраж да друку. Пра што распавядае свежы вераснёўскі дакумент, расказалі эксперты.


Фота аўтара.

Добраахвотны абавязак

Дзяржатамнагляд разглядае названы дакумент як абавязак перад насельніцтвам і грамадскасцю краіны, якія маюць права валодаць такімі звесткамі і аналізаваць іх.

— У дакументах Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) ёсць палажэнні (і Беларусь іх цалкам падзяляе), што інфармацыйная дзейнасць рэгулюючага органа моцна ўплывае на забеспячэнне бяспекі. Яе ўздзеянне можна супаставіць нават з тэхнічнымі аспектамі ядзерных установак, — падкрэсліў Алег СОБАЛЕЎ, кансультант Дзяржатамнагляда. — Штогадовыя агляды, прысвечаныя стану ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў Беларусі, якія рыхтуюцца з 2014 года, — толькі маленькая частка інфармацыйнай работы. Дзяржатамнагляд адносна бяспекі мае цэлую інфармацыйна-камунікацыйную стратэгію. Дзякуючы рабоце, якую мы вядзём сумесна са сродкамі масавай інфармацыі, у грамадскай свядомасці ўкараняецца думка, што бяспека на АЭС — прыярытэт нумар адзін. Усе разумеюць ролю і функцыю рэгулюючага органа і іншых арганізацый, якія забяспечваюць ядзерную і радыяцыйную бяспеку. Нядаўна ў Палаце прадстаўнікоў быў прыняты ў другім чытанні праект закона аб рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі. Палажэнні дакумента падымаюць на належны ўзровень інфармацыйную дзейнасць у дадзенай сферы.

Заканадаўчая аснова, моцны рэгулюючы орган для рэгулявання і ліцэнзавання, навука, падрыхтоўка кадраў, аварыйная гатоўнасць і рэагаванне — усё гэта складовыя часткі інфраструктуры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, без якой работа ядзерных аб'ектаў немагчымая ў прынцыпе. Таму важна расказваць не толькі пра аб'екты, але і іх інфраструктуру, дадаў спецыяліст.

Ядзерная інфраструктура

Агляд стану ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў краіне за 2021 год падрыхтаваны Дзяржатамнаглядам сумесна з Дэпартаментам па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Міністэрствам аховы здароўя, Мінпрыроды і Цэнтрам па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы, расказала Кацярына ШМЯЛЁВА, намеснік начальніка ўпраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі Дзяржатамнагляда.

— Сёлетні агляд у пэўнай ступені ўнікальны. Ён складаецца з дзвюх частак, першая з якіх прысвечана якраз фарміраванню і развіццю інфраструктуры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, што адбывалася ў краіне на працягу 15 гадоў. Пры гэтым спецыялісты абапіраліся на рэкамендацыі МАГАТЭ. У першай частцы дакумента таксама гаворыцца пра дзейнасць рэгулюючага органа — Дзяржатамнагляда.

Яна нагадала пра паслядоўнае ўдасканаленне нацыянальнага заканадаўства, развіццё ядзернага права, удасканаленне падыходаў да нагляднай дзейнасці, выбудоўванне дзейсных сістэм ліцэнзавання і дазвольнай дзейнасці.

Навукова-тэхнічная падтрымка рэгулюючай дзейнасці ад 17 арганізацый, якія адказваюць у тым ліку і за падрыхтоўку кадраў для галіны, — яшчэ адзін элемент інфраструктуры. Таксама, як і сістэма забеспячэння аварыйнай гатоўнасці і рэагавання, забеспячэнне краінай міжнародных абавязацельстваў у сферы бяспекі. За гэты час сфарміраваўся і пул з сотні экспертаў, якія маюць права праводзіць экспертызу бяспекі ў галіне выкарыстання ядзернай энергіі. Падрабязнае апісанне ўсіх элементаў таксама прадстаўлена ў першай частцы агляду.

Хоць з моманту аварыі на ЧАЭС прайшло ўжо 36 гадоў, важнымі і актуальнымі застаюцца пытанні гарантавання радыяцыйнай бяспекі насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі. Цяпер гэта 25,5 тысячы км2 — больш за 12 % агульнай плошчы Беларусі, дадала Кацярына Шмялёва:

— У аглядзе таксама прадстаўлена кароткая даведка аб функцыянаванні Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. У першай частцы ёсць раздзел аб рабоце дзяржаўнага дазіметрычнага рэгістра. Прыведзены звесткі пра дозы апраменьвання персаналу; дозы, атрыманыя пры правядзенні медыцынскіх даследаванняў; дозы, атрыманыя насельніцтвам на забруджаных тэрыторыях.

Крыніцы выпраменьвання

У другой частцы агляду змешчана інфармацыя пра стан бяспекі на аб'ектах выкарыстання атамнай энергіі і ў арганізацыях, якія ў сваёй дзейнасці прымяняюць крыніцы іанізуючага выпраменьвання.

У Беларусі звыш 1700 арганізацый, якія эксплуатуюць больш за 24 тысячы крыніц іанізуючага выпраменьвання. 80 % з іх выкарыстоўваюцца ў медыцыне (у асноўным гэта рэнтгенаўскія дыягнастычныя апараты), расказала Ірына ТКАЧОНАК, начальнік аддзела арганізацыі нагляду за радыяцыйнай бяспекай крыніц іанізуючага выпраменьвання Дзяржатамнагляда:

— Такія крыніцы прымяняюцца таксама ў прамысловасці і навуцы. Гэта гама-ўстаноўкі, радыеізатопныя прылады. Усё часцей прымяняюцца яны і для надгляду. У метро, напрыклад, гэта рэнтгенаўскія ўстаноўкі для надгляду багажу і тавараў. На пунктах мытнага кантролю — вялікія інспекцыйна-надглядныя паскаральныя комплексы для надгляду транспартных сродкаў. Крыніцы іанізуючага выпраменьвання класіфікуюцца па пяці ступенях радыяцыйнай небяспекі. Сувымерна з імі праводзяцца і надглядныя меры. Аб'екты, якія правяраюцца, пры гэтым падзяляюцца на тры групы рызыкі: высокую (аб'екты гэтай групы правяраюцца раз на год ці два), сярэднюю (раз на тры ці пяць гадоў) і нізкую (раз на чатыры ці сем гадоў).

Штогод праводзіцца каля 150 планавых праверак, а таксама прафілактычныя і папераджальныя меры ў форме абследаванняў, нарад, размоў з прадстаўнікамі суб'ектаў, якія правяраюцца. На сайце Дзяржатамнагляда штоквартальна змяшчаецца інфармацыя з тыпавымі парушэннямі, выяўленымі падчас праверак (за тры, шэсць, дзевяць і дванаццаць месяцаў). А таксама чэк-лісты — кантрольныя спісы пытанняў са спасылкамі на нарматыўна-прававыя акты, з тлумачэннямі і магчымасцю рабіць паметкі, удакладніла спецыяліст:

— Дзяржатамнагляд вядзе адзіную дзяржаўную сістэму ўліку і кантролю крыніц іанізуючага выпраменьвання. Існуе працэдура пастаноўкі і зняцця з уліку крыніц у гэтай сістэме. Выдаюцца дазволы на ўвоз і вываз з Беларусі пэўных відаў такіх крыніц. Разглядаюцца дакументы аб прадаўжэнні тэрміну эксплуатацыі закрытых крыніц іанізуючага выпраменьвання, праекты вываду з эксплуатацыі найбольш небяспечных крыніц і аб'ектаў. У аглядзе ёсць падрабязная інфармацыя пра вынікі нагляду за радыяцыйнай бяспекай крыніц у 2021 годзе.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.