Вы тут

Новы драмтэатр адкрыў сезон прэм’ерай «Лялечны дом»


Адна з найбольш запатрабаваных у свеце п’ес сусветнага класіка Генрыка Ібсена нарэшце завітала і на мінскія падмосткі. За сцэнічнае ўвасабленне тэксту нарвежскага драматурга — тэксту, да якога ў розныя часы падступаліся такія гіганты тэатральнай рэжысуры, як Усевалад Меерхольд, Барыс Бабачкін і Інгмар Бергман, — дзякаваць трэба маладому пастаноўшчыку Арцёму Пінчуку (ён жа адвакат Хельмер у новай інтэрпрэтацыі). Спектакль стаў для рэжысёра трэцім у кар’еры.


Прыватны павераны Крогстад (Эдуард Вайніловіч) і Нора (Надзея Анцыповіч).

Добрым тонам лічыцца разглядаць класічную п’есу праз прызму феміністычнай тэорыі — у такім ракурсе тэкст яе разумеецца як своеасаблівы маніфест за свабоду жанчын ад мужчынскага (ці, праўдзівей, сямейнага, бытавога) прыгнёту. Сёй-той нават адважваецца называць «Лялечны дом» у ліку «найбольш істотных феміністычных работ» у гісторыі літаратуры. Генрык Ібсен, аднак, хаця і не абвяргаў такога погляду, але настойваў, што тэкст яго значна шырэйшы і адзінаю тэмаю не абмяжоўваецца, што яго варта трактаваць як гісторыю эмансіпацыі, ды не проста жаночай, а эмансіпацыі асобы. 

Відаць, з гэтай прычыны стваральнікі найноўшай пастаноўкі вырашылі некаторыя акцэнты ў арыгінале (рускі пераклад Ганны і Пятра Ганзеных) пераставіць такім чынам, каб трохі збавіць сацыяльны пафас ды падкрэсліць шматграннасць і глыбіню п’есы. На першы погляд, унесеныя імі змены істотна ні на што не ўплываюць, але асмелімся з тым не пагадзіцца. Паказальным становіцца фінал спектакля, у якім Нора не знікае за кулісамі, як робіць яна ў большасці існуючых інсцэніровак і экранізацый, а, наадварот, выходзіць на авансцэну. Ды апошняе, што чуе гледач, — гэта не стук дзвярыма, а прагны, поўны надзеі на светлую будучыню ўдых — і святло ў зале згасае. 

Здавалася б, дробязь, а якая ўплывовая!.. Акрамя рэдкіх правак падобнага роду, на шляху да гледача ібсенаўскі тэкст прайшоў і праз непазбежныя скара¬чэнні, прадыктаваныя сучаснымі стандартамі працягласці. Тое, праўда, не выратавала яго ад іншай праблемы: залішняй літаратурнасці, шматслоўнасці рэплік. Зразумейце правільна, гэта ні ў якім разе не заклік адмовіцца зусім альбо, барані божа, перапісваць сусветнага класіка. Так, мы маем справу з рэпертуарным тэатрам і каб цягацца моваю з такім пісьменнікам, майстрам драматургіі патрэбны адвага, не меншага маштабу талент ды вельмі высокія кампетэнцыі. А дзе ж іх сёння ў неабходнай колькасці ўзяць? 

Агучаная праблема вартая абмеркавання хаця б таму, што ўплывае на якасць пастаноўкі. Мова ў арыгінале мудрагелістая, слухаць, як яна «вы¬кульваецца» з вуснаў сучаснікаў, — папросту ненатуральна. Але з тым лёгка прымірыцца (XIX ст.), працягласць рэплік — вось перашкода. Спрабуючы ўсімі сіламі, чаго б тое ні каштавала, угнацца за часам, акцёры (асабліва гэта тычыц¬ца выканаўцаў галоўнай ролі Надзеі Анцыповіч і Ксеніі Харашкевіч, на чыіх плячах большая частка тэксту) выпаль¬ваюць свае рэплікі амаль што аўтамат¬нымі чэргамі. То не варта было б нешта ў рабоце з класічнымі тэкстамі змяніць? Так, пытанне да тэатраў увогуле, але, пагадзіцеся, ёсць над чым задумацца. 

Зрэшты, усе спрэчныя моманты нівеліруюцца цудоўнымі сцэнаграфіяй і работай з мізансцэнай. Жадаючы падкрэсліць «лялечнасць» жыцця галоўнай гераіні, стваральнікі выносяць на сцэну адпаведную бутафорыю (уласна лялькі) і вядомым чынам выбудоўваюць харэаграфію герояў (яны то зусім застываюць, калі з імі перастаюць «гуляць» і дзеянне пераходзіць у іншы пакой, то рэзка зрываюцца з месца). Больш за тое, усе па-скандынаўску сціплыя дэкарацыі, мяркуем, павінны выяўляць той самы «лялечны домік» у прамым значэнні гэтых слоў: усе сценкі празрыстыя, рассоўныя, а пакоі мяняюцца месцамі... 

Карціну дапаўняе светлавы рысунак актуальнай пастаноўкі. Уладзіславам Рыхтэрам (мастак па святле) прароблена вельмі тонкая праца, якая здзіўляе сваёй прастатой і далікатнасцю. Курыраваў працэс Арцём Пінчук, таксама мастак-пастаноўшчык. Яго акцёрскую партыю на сцэне хацелася б вылучыць асобна. У выкананні Пінчука адвакат Хельмер, муж галоўнай гераіні Норы (у другім складзе ролю выконвае Аляксей Карпец), па нашым сціплым мер¬каванні, проста-такі вярнуў на сцэну магію. Яго фінальны акорд, працяглы эпізод сямейнай спрэчкі ў канцы спектакля, — па-сапраўднаму моцнае завяр¬шэнне відовішча! 

Мікіта ШЧАРБАКОЎ 

Фота Аляксея МОЛЧАНА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.