Вы тут

Шостае пачуццё ў версіі № 6, альбо Каго не зацягваюць у нябыт?


Якая крохая была дзяўчынка... Жорсткі падман перажыць не здолела. Каханы аказаўся не тым чалавекам, для яго гэта была ўсяго толькі гульня, якая абярнулася трагедыяй. Але смерць — гэта пачатак іншага жыцця не толькі для яе, бо, усвядоміўшы віну, ён не зможа проста так хадзіць па зямлі... Гісторыя, якіх безліч. Нездарма кажуць, што ў мастацтве даўно адлюстравана ўсё і нават больш. Таму што ў балеце «Жызэль» зямное жыццё перакрыжоўваецца з тонкім светам нябачных зданяў: душы віліс (дзяўчын, якія памерлі нявестамі) і на гэтым свеце пераследуюць тых, хто пакрыўдзіў пяшчотнае сэрца. Але калі хто скажа, што так не бывае, то толькі таму, што не глядзеў «Жызэль» Адольфа Адана.


Салісты Людміла Хітрова і Эвэн Капітэн распавялі пра захапленне, радасць, горыч, страту розуму і жыцця і пакуты пакаяння настолькі драматычна, што стварылі нейкую містыку на сцэне. Хоць яна і была першапачаткова закладзена аўтарамі балету — найперш праз шматлікія сімвалы і метафары, зашыфраваныя ў дзеі, але праз выканаўцаў галоўных партый нешта ледзь улоўнае мог адчуць нават той, хто на балет прыйшоў упершыню і не ведае, у чым асаблівасць і рамантызм «Жызэлі». А гэта кранальная і тонкая гісторыя дзвюх душ, паміж якімі існуе сувязь нават тады, калі яны ўжо належаць розным светам — кожнай неабходна перараджэнне. Адной — праз дараванне, другой — праз пакаянне. Гэта мала толькі станцаваць. Трэба стаць носьбітам містыкі, якую нясе ў сабе мастацтва. І тады ў фінале застаецца галоўнае: цуд, які ўдалося стварыць артыстам. Здавалася, што яны таксама перарадзіліся праз тое самае шостае пачуццё, якое дазваляе перадаваць няўлоўнае...

Гэта спектакль, які павінен быць у кожным тэатры. Ён і быў у рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі з 1953 года, перыядычна абнаўляючыся. Папярэдняя пастаноўка была ажыццёўлена дзесяць гадоў таму. І вось Ігар Колб, які напрыканцы мінулага сезона стаў галоўным балетмайстрам тэатра, прадставіў шостую версію «Жызэлі» ў Беларусі.

Класічная харэаграфія — па ўзоры славутага Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу, дзе Ігар Колб яшчэ нядаўна выходзіў на сцэну ў партыях Альберта і Ганса. Тут рухі, якія ён памятае і адчувае целам. На гэта і быў разлік — зрабіць перанос спектакля, які прайшоў праз час з ХІХ стагоддзя ад харэографаў Жана Каралі і Марыуса Пеціпа. Але ж нават у класічнай версіі пастаноўшчык можа знайсці шляхі для самавыяўлення. У дадзеным выпадку гаворка хутчэй пра сцежкі. А яны хоць і прыхаваныя, але ідуць у некалькіх кірунках, што дазволіла зрабіць палатно спектакля больш складаным.

Па-першае, быў знойдзены музычны фрагмент, які не выкарыстоўваўся раней. Але з дапамогай кампазітара Вячаслава Кузняцова, які зрабіў партытуру, фрагмент увайшоў у мызыку Адана, і ў выніку першы акт узбагаціла па-дэ-дэ сялянскага вяселля. Так, можна было і без яго. Але наша разуменне трагедыі Жызэлі ўдакладняецца: пабачыўшы чужое шчасце, яна больш востра адчуе сваё няшчасце. Бо гледачу трэба паверыць: дзяўчаты сапраўды могуць памерці з-за кахання... Дырыжор Мікалай Калядка прапанаваў лічыць сусветнай прэм'ерай выкананне гэтага фрагменту.

Па-другое, першы акт прысвечаны жыццю і максімальна насычаны жывой энергіяй. Яе выпраменьваюць героі, якія не ўпісаны ў лібрэта. Сялянскае вяселле выязджае на сцэну на поні з вазком. Шляхетнае паляванне суправаджаюць дзве гончыя. Так, гледачы ў захапленні. Але сутнасць не толькі ў самім факце, колькі ў акцэнце на жывой прыродзе гэтага свету. Каб больш выразным было адчуванне іншага свету — памерлых дзяўчат. І калі вясёлыя дзяўчаты падзяляюць пару Жызэлі і Альберта танцам, выбудаваным у форме крыжа, разумееш, што лёс скажа сваё слова ў другім акце.

Тут пануюць вілісы на чале з Міртай, якая нібыта паўстае з магілы. І па-трэцяе, нерэальны (на нашу думку) свет дапамагаюць стварыць тэхнічныя знаходкі, якія тут выкарыстоўваюцца вельмі эфектна: дзяўчаты ў белым устаюць з-пад зямлі, пралятаюць над ёю. Паветра — іх стыхія. Таму паветраныя танцы балерын, якія нібыта лунаюць — ціха плывуць на пуантах, завісаюць у скачках. Так жа бязважка распраўляюцца з Гансам, які разбурыў прыгожую казку закаханай Жызэлі. Так жа чароўна — не паспрачаешся, што заслужана — вырашаюць пакараць Альберта. І лёгка, амаль пакорліва адступаюць перад каханнем дзяўчыны, якая за яго просіць... Незрадма чароўная ноч, калі, згодна з паданнем, вілісы выходзяць з цемры, грае водбліскамі святла — сімвала жыцця і зямнога, і вечнага.

Балет «Жызэль» паводле задумы аўтараў прасякнуты сімваламі (кветкі, крыжы, дарогі, званы), пра якія абавязкова захочацца даведацца больш, а потым паспрабаваць іх прыкмеціць і звязаць паміж сабой — тады карціны яднаюцца, і гісторыя двух сэрцаў успрымаецца больш выразна. Яна не казачная (да чаго могуць схіляюць дэкарацыі) — яна трагічная і велічная адначасова. Разумеючы гэта, пільна ўглядаешся ў тое, што робяць, як кантактуюць і танцуюць артысты. Бо нават мова танца тут трымаецца на метафарах. Само па сабе гэта прыгожа ў класічным варыянце, але ён патрабуе дасканаласці ад усіх, хто выходзіць на сцэну (а ў другім складзе чакае сустрэча з маладымі беларускімі артыстамі ў галоўных ролях ). Але якая Жызэль і які Альберт у нас ужо ёсць!..

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?