Вы тут

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Рэбрышча палілі двойчы


Вёска Рэбрышча знаходзіцца прыкладна за пяць кіламетраў на захад ад вёскі Чудзенічы, якая стаіць на старой шашы Астрашыцкі Гарадок — Лагойск. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут пачыналася партызанская зона, і немцы заходзілі сюды звычайна толькі падчас карных аперацый супраць партызан. Трагедыя ў Рэбрышчы здарылася 3 ліпеня 1943 года...


Незадоўга да гэтага завяршылася карная аперацыя «Котбус», якая працягвалася цэлы месяц. Нацыстам не ўдалося знішчыць партызан каля возера Палік, як планавалася. Народныя мсціўцы змаглі з мінімальнымі стратамі выйсці з акружэння і зноў сталі праводзіць дыверсіі на дарогах. Асобы батальён Дырлевангера вярнуўся на месца дыслакацыі ў Лагойск і заняўся сваёй звыклай справай — знішчэннем вёсак разам з людзьмі. Кожны дзень эсэсаўцы з асобага батальёна выязджалі ў баявы дазор або, як яны гэта называлі, «штрайф» (ням. Streіf): патрулявалі дарогі і спальвалі асобныя населеныя пункты каля Лагойска. Гэта былі лакальныя акцыі фашыстаў, загад на іх правядзенне не выяўлены.

У канцы чэрвеня 1943 года разам з жыхарамі былі спалены шматлікія лагойскія вёскі: 22 чэрвеня — Аўгустова, 23 чэрвеня — Ніўкі і Баравыя, 25 чэрвеня — Кандратавічы і Мошчанка, 27 чэрвеня — Кузевічы і Дабрэнява, 28 чэрвеня — Мішкавічы, 29 чэрвеня — Старынкі, Сілічы, Лабуншчына, пасёлак Чудзенічы і хутар Шавейшчына. Сваю крывавую працу нацысты выконвалі без адпачынку. Не паспелі патухнуць пажары ад спаленых падчас гэтай карнай аперацыі хат, як немцы пачалі новую акцыю каля Лагойска.

Помнік спаленым жыхарам вёскі Рэбрышча.

Аперацыя «Гюнтэр»

Карная аперацыя пад кодавай назвай «Гюнтэр» праводзілася з 2 да 7 ліпеня 1943 года. Яна ахапіла Мінскі, Валожынскі і Лагойскі раёны. Удзел у ёй прымалі 2-і паліцэйскі полк Грыпа, пяхотны полк пад камандаваннем фон Гольца, батальён СС Дырлевангера і 11-ы матарызаваны ўзвод жандармерыі. Асаблівую ўвагу акупанты надавалі прачэсванню лясных масіваў Рудня і Манылы — там знаходзіліся базы партызанскіх атрадаў. Разам з тым немцы забіралі ў насельніцтва скаціну, збожжа, прадукты харчавання, а таксама вывозілі людзей у рабства ў Германію.

Падчас аперацыі «Гюнтэр» карнікі прачэсвалі месцы меркаванага знаходжання партызанскіх лагераў. Народныя мсціўцы ўмела сыходзілі з-пад удараў карнікаў, а мірныя жыхары ратаваліся ў лясах і балотах, але не ва ўсіх гэта атрымлівася — у многіх сем'ях
выхоўваліся малыя дзеці, шмат было хворых і нямоглых: яны не маглі сысці разам з усімі і заставаліся ў вёсках у надзеі на літасць карнікаў. Толькі тыя не шкадавалі ні старых, ні дзяцей — забівалі і спальвалі ўсіх, хто трапляў на вочы. Гэтая невялікая па часе і ахопе тэрыторыі карная аперацыя, як і ўсе папярэднія, пакінула пасля сябе папялішчы на месцы спаленых вёсак і чорныя галавешкі ад хат. Такі лёс напаткаў і лагойскую вёску Рэбрышча.

Уцяклі ў лес

Да вайны з Рэбрышча ішла прамая дарога па лесе на вёску Гайна. Яе і перакрылі партызаны, спілаваўшы дрэвы і паваліўшы іх на дарогу. Гэта ўзлавала і на нейкі час затрымала карнікаў, а тым часам большасць жыхароў паспела ўцячы з вёскі, але не ўсе — пакінутых чакала жудасная доля. Аднавіць падзеі таго дня дапамаглі тыя, хто цудам застаўся ў жывых.

Жыхарка Рэбрышча Марыя Качан, якая змагла пазбегнуць расправы карнікаў.

З успамінаў жыхаркі Рэбрышча Марыі Канстанцінаўны Качан: «Падчас вайны мы з мамай жылі недалека ад Рэбрышча ў вёсцы Весніно. У Весніно выганялі ўсіх людзей на выган, але нікога тады не забілі. Пагражалі, што за сувязь с партызанамі будуць расстрэльваць. Патрымалі людзей і адпусцілі. Мая мама, Муравіцкая Вера Іванаўна, была ў партызан сувязной, шыла ім адзежу. Яе арыштавалі ў Лагойску, калі яна паехала мяняць пашпарт. Паліцаі пазналі маму і выдалі немцам, указаўшы, што яна звязаная з партызанамі. Мамінага брата Хведара таксама арыштавалі. Казалі, што іх пасадзілі ў машыну і павезлі пад Малінаўку, у роў, там і расстралялі. Дзядуля наш хадзіў уначы туды, раскопваў магілы — знайшоў свайго сына і мужа сястры, а маму не знайшоў. Нас прывезлі ў Рэбрышча да сям'і Мурашка — яны нашы далёкія сваякі, у іх сваіх дзяцей не было. У вёсцы людзей мала было — баяліся. Большасць знаходзілася ў лесе: і днявалі, і начавалі там».

У адзін з дзён у Рэбрышча прыйшлі карнікі. Жыхары вёскі маглі іх не ўбачыць, аднак акупанты падпалілі па дарозе свінарнік, які знаходзіўся каля лесу. Ён загарэўся, вяскоўцы, хто мог, уцяклі ў лес. Марыя Качан разам са сваякамі таксама. Вось што яна расказвала: «Мы далёка ў лес уцяклі, а там дзядзькавы стрыечныя сёстры лазілі на дрэвы. Крысціна Муравіцкая — дэпутатам была, працавала на трактары — залезла на хвойку і кажа: «Ужо нашы хаты гараць». Гэта было каля абеду. Людзі ўцяклі хто куды. Тых, хто застаўся, сагналі ў хату Пятра Качана і спалілі. Яны не ўцяклі, бо не паверылі, што будуць паліць, таму і засталіся ў сваіх хатах. У Васілеўскіх спалілі маці, цётку і дзяцей. Ад вёскі засталіся адны галавешкі. Родзічы пахавалі загінулых. Калі спалілі Рэбрышча, то мы ў Тукалаўцы ў дзядзькавай сястры жылі. У апошнюю блакаду, перад вызваленнем, дзядзька Барыс Мурашка выкапаў яму на полі, нас туды пасадзіў, дошкамі закрыў і засыпаў зямлёй. Поле над нашым сховішчам узараў і забаранаваў. Сядзелі там, душна было, цётка палачкай пратыкала зямлю, каб дыхаць было чым. Цэлую ноч сядзелі, чулі як немцы гергеталі, але наша месца не заўважылі. Так мы і засталіся жывыя».

Мяркуючы па гэтых ўспамінах, падпольшчыкаў з Весніно расстралялі ў красавіку 1943 года — менавіта тады немцы мянялі пашпарты ў Лагойску. А месца іх пахавання знаходзіцца ў пяшчаным кар'еры ўрочышча Іванаўшчына. У гэтым месцы 30 жніўня 1941 года нацысты расстралялі яўрэйскае насельніцтва Лагойска і мястэчка Гайна, а потым на працягу ўсіх гадоў акупацыі расстрэльвалі партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў раёна. Зараз там стаіць помнік ахвярам генацыду. 30 жніўня 2022 года на месцы расстрэлу мясцовых жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці прайшла цырымонія перапахавання астанкаў больш чым тысячы ахвяр. Аб месцы жудаснай трагедыі сведчыць памятны знак.

Спалілі ўсіх, хто застаўся ў вёсцы

Засталася ў жывых і жыхарка Рэбрышча Вера Мітрафанаўна Качан (Сарока). Той жудасны дзень, калі не стала яе вёскі, жанчына памятала да апошняга. Запісана з яе слоў: «Як палілі нашу вёску, то паўцякалі ўсе, а хто з людзей застаўся, усіх спалілі. Немцы ішлі па вёсцы, заходзілі ў хаты. У каго з жыхароў былі дзеці ў Германіі, то яны клалі фотакарткі на стол: гэтым самым паказвалі немцам, што дзеці служаць ім, але яны ўсё роўна іх забівалі. Нічога не дапамагло — спалілі ўсіх, хто быў у вёсцы. Я ўцякла з братам, нас там шмат было. Мы прыбеглі ў Кандратавічы, ляжалі там на могілках, а потым пайшлі ў Прудзішча — там быў партызанскі раён».

Яшчэ адзін сведка гэтай трагедыі — жыхар Рэбрышча Мікалай Мітрафанавіч Сарока — расказаў наступнае: «З нашай вуліцы ўсе выратаваліся, мама мая таксама. Пачалі ўцякаць, як убачылі, што запалілі свінаферму. Мы пасвілі кароў у полі пад Кандратавічамі. Прыбег Касоўскі і сказаў: «Хлопцы, за мной». Мы прыйшлі да моста і паселі ў рове. Мы бачылі і чулі, як людзі крычалі. Каровы былі з намі ў гэтым рове — як усё адчувала скаціна. Ноч халодная была, так я да каровы прытуліўся і заснуў. Раніцай маці па нас прыйшла: яна ў бярэзніку, за гарой, сядзела. Усё спаленае было ў Рэбрышчы. Вёску не акружалі: ішлі па вуліцы і палілі. Чуткі пайшлі, што ў каго дзеці ў Германіі, таго чапаць не будуць. Гэта спецыяльна зрабілі, каб людзі былі дома...»

У кожнага жыхара Рэбрышча — свая гісторыя выратавання. Аб тым, як атрымалася выжыць у той страшны дзень, расказала Зінаіда Фёдараўна Кручонак: «Мы жылі каля лесу. Многія ўцяклі. У сваёй хаце засталася маміна цётка, бабуліна сястра. Яна была ўпэўнена, што хаты не будуць паліць. Дарэмна... Мама наша таксама хацела застацца ў хаце: думала, што, можа, дзяцей малых пашкадуюць. Добра, што сёстры яе адгаварылі, сказалі забіраць дзяцей і ісці за імі — жыццё даражэй. Так яно і выйшла».

Умяшаліся партызаны

У партызанскіх мемуарах таксама засталіся ўспаміны аб гэтай карнай акцыі. У той час каля лагойскіх вёсак Бабры, Стайкі, Янушкавічы базіраваліся шматлікія разведгрупы, якія збіралі разведданыя аб варожых войсках у Мінску. Разведчыкі са спецгруппы ЦШПР маёра Сцяпана Казанцава, якая дыслацыравалася каля вёскі Сярпішчына Лагойскага раена, вярталіся акурат з задання. Да лагера дайсці не паспелі. Разведчык Хведар Соманаў успамінаў:

«Калі злева ад нас, у раёне вёскі Прыселкі, пачулася аўтаматная перапалка, а справа гітлераўцы падпалілі вёску Рэбрышча, у невялікім перелеску, дзе мы знаходзіліся, сабралася многа людзей — не толькі з гэтых, але і з іншых навакольных населеных пунктаў. Людзі сцішыліся, не рухаліся, не размаўлялі, каб нічым не выдаць сябе. І ўсё ж фашысты адкрылі па нашым лесе кулямётны агонь. Ад страху, ад жаху закрычалі дзеці, замітусіліся жанчыны, ва ўсю моц зараўлі параненыя каровы. Здавалася, выратавання нікому не будзе: ці многа часу трэба, каб прыйсці сюды і дабіць усіх да адзінага? Але гэтага часу, гэтых паўтара-двух дзясяткаў хвілін, хапіла, каб тыя з нас, у каго была зброя, па маёй камандзе змаглі дабегчы да ўзлеску, бліжэй да палаючай вёскі Рэбрышча, і адтуль адкрыць агонь па бакавой ахове карнага атрада, а значыць, выклікаць агонь на сябе. Не зразумеўшы, што адбываецца, у перастрэлку адразу ўвязаліся іншыя варожыя падраздзяленні. Сляпы агонь, як нярэдка бывала, распаўсюджваўся направа і налева, узмацняўся, рос. А жыхары, сабраныя ў пралеску, скарыстаўшыся гэтым, развярнулі коней і памчаліся ў процілеглы бок, у лясны масіў, напярэдадні з канца ў канец прачэсаны карнікамі...» Атрымліваецца, партызаны, якія выпадкова тут апынуліся, своечасова адцягнулі ўвагу карнікаў і далі магчымасць людзям уцячы.

Мікалай Сарока — яшчэ адзін сведка трагедыі.

Дакументы абвінавачваюць

У Нацыянальным архіве захаваліся дакументы аб спаленні вёскі Рэбрышча. Так атрымалася, што ў гады вайны яе палілі двойчы — спачатку саму вёску, а потым шалашы, у якіх хаваліся мясцовыя жыхары. З пратакола допыту сведкі Васілеўскага Іосіфа Іванавіча: «... У нашай вёсцы немцы не стаялі, па даносе здраднікаў яны прыбылі з Лагойска, Гайны і Астрашыцкага Гарадка. Адначасова чалавек каля пяцісот немцаў акружылі вёску і пачалі яе паліць з усіх бакоў. Былі спалены 62 жылыя хаты з падворнымі пабудовамі і асабістай маёмасцю жыхароў. Пасля пажару засталіся толькі 3 хаты. Пры пажары насельніцтва спрабавала абараніць пабудовы ад агню, але немцы іх расстрэльвалі, кідалі ў агонь жывымі, не лічачыся нават з грудным дзіцем. У адну адрыну немцы сагналі дваццаць аднаго чалавека — старых і жанчын з груднымі дзеткамі. Расстралялі, а потым спалілі. Сярод спаленых былі:

1. Васілеўская Ганна, 51 год (мая жонка).

2. Васілеўская Вольга, 40 га-
доў, са сваім сямімесячным сынам.

3. Качан Сцяпан, 57 гадоў.

4. Тэлецкая Надзея, 40 гадоў, з чатырма дзецьмі ад чатырох да 10 гадоў.

5. Качан Наталля, 60 гадоў.

6. Кручонак Надзея, 39 гадоў, з трыма дзецьмі ад трох да дзевяці гадоў.

7. Кручонак Настасся, 17 гадоў.

8. Касоўскі Міхась, 48 гадоў, са сваім дзевяцігадовым сынам, якога расстралялі пры спробе ўцячы.

9. Сарока Юрый, 65 гадоў.

10. Тылецкі Пётр, 35 гадоў.

11. Качан Кастусь, 61 год.

Пасля расправы з мірнымі жыхарамі немцы сагналі з вёскі пяць кароў, двух коней і з'ехалі. Другі раз карнікі напалі на Рэбрышча праз адзін-два месяцы. Жыхары, якія ўцалелі падчас першай карнай акцыі гітлераўцаў, туліліся ў шалашах. Траіх жанчын выцягнулі з шалашоў і расстралялі. Сярод іх былі Марыя Макейчык (65 гадоў) і Тадора Макейчык (50 гадоў), а таксама мясцовая жыхарка па прозвішчы Міхаль (45 гадоў). Усе пабудовы, якія былі на месцы ўжо спаленай вёскі, знішчылі. Аднак пасля вайны населены пункт здолеў адрадзіцца, паўстаць з попелу».

Пасля вайны ў памяць аб загінулых аднавяскоўцах у Рэбрышчы ўстанавілі помнік. Ён стаіць на ўскрайку вёскі — у тым жа месцы, дзе спалілі жыхароў. Побач — помнік двум чырвонаармейцам, якія загінулі ў Рэбрышчы падчас вайны. Іх пахавалі мясцовыя жыхары. Імёнаў вайскоўцаў яны не ведалі, але пахаванне даглядалі. Дагэтуль чырвонаармейцы застаюцца невядомымі салдатамі.

Сёння ўсё менш застаецца сведак тых трагічных падзей, але памяць народная жыве. Тыя, каму пашчасціла выжыць, са слязамі на вачах успамінаюць ваеннае ліхалецце і не перастаюць паўтараць: «Людзі, не дапусціце вайны!» Яны ведаюць, што гэта такое, таму жадаюць для сваіх дзяцей і ўнукаў, для ўсіх беларусаў, жыць на сваёй зямлі пад мірным небам.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ

Фота аўтара і з адкрытых крыніц

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».