Вы тут

Паразіты часцей за ўсё заводзяцца ў крупах, сухафруктах і муцэ. Як засцерагчы ежу ад кухонных «дыверсантаў»?


Здараецца, што з бакалейнымі таварамі з крамы ў дом трапляюць няпрошаныя госці: жукі, кляшчы і матылькі. Часам шкоднікі пранікаюць у кватэру праз адчыненыя вокны ўлетку або «прыязджаюць» з дачы разам з ураджаем. У іх могуць быць розныя смакавыя перавагі, афарбоўка, памеры, у некаторых ёсць крылы, што дазваляе бесперашкодна пашыраць тэрыторыю пражывання. І ёю становяцца шафы з крупамі, мукой і іншымі прадуктамі, якім пасля такіх «гасцей» адна дарога — на сметнік. Як змагацца з гэтымі хатнімі шкоднікамі, расказала ўрач па медыцынскай прафілактыцы Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ганна Родзіч.


Фота: pixabay.com

Усе разнавіднасці паразітаў валодаюць надзвычайнай пладавітасцю, самка адкладвае яйкі проста ў прадукты: зерне, сухары, сухафрукты. Мука або крупы, дзе адклалі яйкі «дыверсанты», выглядае гэтак жа, як і незаражаная. Таму яе спакойна рэалізоўваюць праз гандлёвую сетку, бо спачатку праблема незаўважная, аж пакуль казуркі не пачнуць выбірацца са сваіх коканаў. Хоць, трэба прызнаць, на гэтай стадыі іх калоніі ўжо дастаткова шматлікія, яйкі адкладзеныя ў запас і прадуктовым запасам пагражае сур'ёзная небяспека. Як выратаваць харчовыя запасы і прадухіліць далейшае нашэсце?

— У любым выпадку пачаць давядзецца з утылізацыі заражаных прадуктаў. Трэба старанна агледзець усе крупы, чай, муку і сухафрукты. Калі ўпакоўка не распакавана, гэта не азначае, што яна не пашкоджана жучкамі. Многія разнавіднасці шкоднікаў здольныя пранікаць нават у самыя маленечкія шчыліны. Правільным будзе выкінуць не толькі заражаныя, але і ўвогуле ўсе адкрытыя ўпакоўкі. Нават калі вы пакуль не заўважылі ў іх жыўнасці, яна, хутчэй за ўсё, ужо адклала ў адкрытыя пакеты свае яйкі, — тлумачыць Ганна Родзіч.

Ужываць у ежу і нават пакідаць у хаце заражаныя прадукты нельга. Пры выяўленні слядоў жыццядзейнасці шкоднікаў сапсаваны прадукт неадкладна выкідваецца. Бо экскрэменты і хіцінавыя лускавінкі шкоднікаў для многіх з нас з'яўляюцца моцнымі алергенамі. Пры найменшым падазрэнні на заражэнне бакалею неабходна спакаваць у герметычны пакет і неадкладна вынесці ў смеццевы кантэйнер. Тыя прадукты, якія выглядаюць некранутымі, можна падвергнуць спецыяльнай апрацоўцы.

— Найперш гэта ўздзеянне нізкіх тэмператур. Бакалею раскладваюць па невялікіх пакетах і адпраўляюць у маразільную камеру на 3-4 гадзіны. Пасля прадукты фасуюць у апрацаваныя ёмістасці. Выкарыстоўваецца і высокатэмпературная апрацоўка. Высыпце змесціва тонкім пластом на бляху і пастаўце ў духоўку на 20 хвілін пры 50 °C. Мікрахвалеўка таксама дапаможа пазбавіцца ад жучкоў. Крупу насыпаюць у ёмістасць тонкім пластом, прыбіраюць у печ і выстаўляюць рэжым максімальнай магутнасці на пару хвілін, — раіць урач.

Барацьба са шкоднікамі павінна быць комплекснай. Важна вызваліць кухонныя шафы і прапыласосіць паліцы, куты і шчыліны. Гэта дапаможа сабраць усіх жучкоў і лічынак. Вымыйце з мылам усе кантэйнеры і банкі з-пад бакалеі, перш чым паставіць іх назад. Дарэчы, для захоўвання выкарыстоўвайце шкляныя, пластыкавыя ці металічныя кантэйнеры, якія шчыльна зачыняюцца. Свірнавыя шкоднікі здольныя прабірацца ў самыя маленькія шчыліны. Усё вакол пратрыце вільготнай анучай з мыйным сродкам, затым растворам сталовага воцату з вадой (у прапорцыі 1:1) і вытрыце насуха.

У шафах павінен застацца слабы, ледзь улоўны воцатны пах. Не забудзьцеся працерці прастору за шафамі і падлогу пад шафкай. Пах воцату не падабаецца шкоднікам, і яны паспяшаюцца пакінуць непрыемнае месца.

— Для наступнага адпужвання на паліцах можна раскласці травы і спецыі з ярка выяўленым водарам: разеткі гваздзікі, сцяблінкі лаванды або яе эфірны алей на ватцы, мяту, лаўровы ліст, піжму, лупіны цытрусавых. Чаргуйце іх і змяняйце, каб выветрыць водар, — кажа Ганна Родзіч.

Калі ёсць месца ў халадзільніку, падсушаную фасолю і сухія грыбы, крупы ці іншую бакалею рэкамендуецца трымаць там.

Кожныя 3-6 месяцаў рабіце рэвізію на кухні і ў кладоўцы. Не захоўвайце непатрэбныя ці пратэрмінаваныя прадукты, выкідвайце іх (крупу аддавайце птушкам). Чым даўжэй вы захоўваеце муку і крупы, тым большая верагоднасць, што ў іх завядуцца шкоднікі. Пры куплі звяртайце ўвагу на дату расфасоўкі і вытворчасці: запасы неабходна цалкам выкарыстоўваць на працягу 2-4 месяцаў. Найлепшая парада ў гэтым выпадку: набывайце столькі, колькі змяшчаецца ў герметычны слоік для захоўвання.

Трымайце кухню і кладоўку ў чысціні, адразу прыбірайце любую разлітую або рассыпаную ежу, аддаючы асаблівую ўвагу шчылінам. Чым даўжэй на кухні застаюцца крошкі, тым большая верагоднасць, што яны прывабяць якіх-небудзь паразітаў. Перыядычна адсоўвайце халадзільнік і працірайце падлогу ў цяжкадаступных месцах.

Калі ж, нягледзячы на прынятыя меры, праблема са шкоднікамі харчовых запасаў узнікае рэгулярна, выклікайце на дом спецыяліста са службы па барацьбе з насякомымі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.