Вы тут

Тры дні — і паліва на двары. Пра санітарныя высечкі, ландшафтныя біятопы і нарыхтоўку дроў


Сёлета Беларусь тройчы сутыкалася з моцнымі вятрамі, якімі было пашкоджана 4,4 мільёна млн м3. Гэтая лічба супастаўная з пашкоджаннямі лясоў у 2016 годзе, калі ў Смалявіцкім раёне бура палажыла 4,5-4,7 млн м3. Тады наступствы ліквідавалі цягам палутара гадоў. Сёлетнія бураломы леснікі павінны ліквідаваць аператыўна, каб захаваць тэхнічную якасць драўніны. У межах акцыі «Адновім лясы разам» з 8 па 22 кастрычніка Міністэрства лясной гаспадаркі мае на мэце аднавіць лясы ў Магілёўскай вобласці, якія былі пашкоджаны прыроднай стыхіяй. Тут плануюць засадзіць лесам каля 640 пашкоджаных гектараў. Сёлета ў краіне пасадзяць таксама каля 40 тысяч гактараў новага лесу. Пры гэтым з набыццём дроў у краіне праблем няма — два-тры дні — і паліва на двары, запэўнілі ў Мінлясгасе.


Дровы «дзяржаўныя» і «прыватныя»

Сітуацыю з дровамі, як сведчаць леснікі, яны ўзялі на ручное кіраванне яшчэ напачатку года, памятаючы пра мінулагодні вопыт вялікіх чэргаў па гэтае паліва ў лясгасах і гартопах. Таму ў сярэднім па Беларусі насельніцтва сёлета чакала прывозу не больш за два-тры дні. Практычна суткі — для тых, хто згодны на любы прыродны склад дроў (пераважна хваёвыя), да тыдня — для жадаючых набыць паколатыя дровы ці пэўных ліставых парод, расказаў Аляксандр Драгун, першы намеснік міністра лясной гаспадаркі:

— З рэалізацыяй дроў няма складанасцяў. Мы заўжды маем стратэгічны недатыкальны запас каля мільёна кубічных метраў драўніны, каб аператыўна задаволіць дадатковы попыт на драўніну ў краіне, калі ён узнікне. Пэўны запас сфарміраваны з тых жа бураломных лесасек. Ільготы на кошт паліва маюць уладальнікі паліўных кніжак (вясковыя жыхары з прапіскай — пастаяннай рэгістрацыяй). Па прэйскуранце — таксама недорага, у залежнасці ад пароды дрэва, і таго, ці сечаныя паленні.

Сапраўды, калі права на льготы ў цябе ёсць, то дровы не здаюцца дарагімі. Прывяду лічбы ў адным з раёнаў краіны. Мясцовыя жыхары, якія маюць паліўныя кніжкі, згодна з нарматывам, могуць набыць на зіму па субсідзіруемым кошце 2,7 м3 дроў і 2,4 тоны брыкету. Калі чалавек адмаўляецца ад торфу, ён можа ўзяць ажно 4,9 м3 дроў коштам 225 рублёў. Да цаны паліва дадаецца і кошт дарогі на яго прывоз (калі не забіраеш сам). Для мясцовых гэтыя кіламетры таксама субсідзіруюцца, і калі сельсавет забяспечвае прывоз, на кошт гэта істотна не ўплывае.

Тыя, у каго льгот няма, мусяць плаціць напоўніцу. Розніца атрымліваецца важкая. Адзін кубаметр сечаных дроў, набытых у гартопе па вольным кошце (для тых, хто не мае пастаяннай рэгістрацыі на вёсцы), абыйдзецца ў 98,66 рубля, плюс выдаткі на дарогу (каля 90 рублёў) — у выніку чатыры «кубы» абыдуцца амаль у 500 рублёў. А ў «прыватніка» можна той жа аб'ём (кошт дарогі закладзены ў суму) купіць за 340 рублёў. Такая розніца атрымліваецца з-за таго, што прыватнікі часта прадаюць дровы, ссечаныя незаконна, а лясгас нарыхтоўвае драўніну легальна, упэўнены Аляксандр Драгун:

— У дзяржаве існуе такоя паняцце, як «дробны водпуск драўніны на корані», і мы актыўна прыцягваем да гэтага людзей. Яны могуць прыйсці ў лясніцтва, напісаць заяву і атрымаць 50 м3 лесу для нарыхтоўкі (праўда, не паўсюль). Пры гэтым ім трэба заплаціць зарплату работнікам, аддаць падаткі, так што і выніковы кошт не будзе меншы за лясгасны... А вось калі пілаваць лес нелегальна з мінімальнымі затратамі, то можна дазволіць сабе прадаваць танней.

Натуральны адпад — гэта норма

Лес — гэта не парк, і наяўнасць пэўнага адпаду ў лесе — норма, засяродзіў ўвагу першы намеснік міністра:

— Мы часам сутыкаемся з такім падыходам, што любое дрэва, якое ўпала ў лесе, ці стаіць нахіленае або засохшае, павінна тэрмінова быць прыбранае. Аднак калі мы пачнём выбіраць з лесу ўсю такую драўніну, — лес перастане быць лесам. Такое паняцце, як натуральны адпад, ніхто не адмяняў, і ён павінен быць. У нас ёсць рэкрэацыйна-аздараўленчыя лясы, якія прадугледжаны для адпачынку людзей, і іх мы прыбіраем у першую чаргу. А ёсць прыродаахоўныя лясы, рэдкія тыповыя ландшафтныя біятопы, 17 % лясоў знаходзяцца пад пэўнымі прыродаахоўнымі абмежаваннямі.

На ўборку паваленых бурай дрэў накіроўваюцца толькі найбольш вопытныя работнікі, якія маюць допускі з пункту гледжання аховы працы, падкрэсліў прадстаўнік Мінлясгасу, адказваючы на пытанне, чаму б звычайным беларусам таксама не дапамагчы ў расчыстцы завалаў і не нарыхтаваць сабе такім чынам дроў:

— Каб чалавек узяў бензапілу і зваліў дрэва правільна, не забіўшы самога сябе, існуе спецыяльнае навучанне, некаторых вучаць нават па некалькі гадоў. А звычайны чалавек хіба ведае, як спілаваць сухое дрэва ў лесе, каб не нашкодзіць сабе? І нават тыя дрэвы, што ўжо ляжаць, — як вы іх прывезяце? Для гэтага неабходна спецыяльная тэхналогія і тэхніка.

Не патрывожыць чорнага бусла

У студзені-лютым пацярпела амаль 28 тысяч гектараў лясоў і каля мільёна м3 драўніны. Падчас ліквідацыі наступстваў гэтай стыхіі моцныя сакавіцкія вятры дадаткова пашкодзілі 11,5 тысячы гектараў (300 тысяч м3). Напачатку мая і чэрвеня прайшоў самы масавы ветравал на 37,5 тысячах гектараў (2,7 мільёна м3). Практычна палова з пацярпелага лесу хваёвыя, і столькі ж — ліставыя, нагадаў першы намеснік міністра:

— Суцэльныя санітарныя высечкі мы павінны былі скончыць да 1 верасня, уборку ад захламленасці і правядзенне выбарачных санітарных высечак — да 1 лістапада. Актыўныя работы ўжо завершаны. Непрыбранымі засталося толькі 87 гектараў, і на тое ёсць прычыны. Лесапавалы ёсць і на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях, і ў месцах, якія адносяцца да біятопаў, дзе забаронены суцэльныя санітарныя высечкі. Быў павалены лес і ў ахоўнай зоне месцажыхарства чорнага бусла, таму чакалі, пакуль скончыцца перыяд яго гнездавання.

Сярод цяжкасцяў, з якімі дадаткова сутыкнуліся леснікі падчас ліквідацыі наступстваў стыхіі, — цяжкадаступнасць мясцін праз іх забалочанасць і аддаленасць ад пад'ездных шляхоў, а таксама засеяныя палі вакол лесу. З тэрыторый у 10 тысяч гектараў, якія падлягаюць суцэльным саніарным высечкам, 7,5 тысячы (2,4 мільёна м3) — у Магілёўскай вобласці, дадаў спецыяліст.

25 мільёнаў новых дрэў

Цяпер задача — максімальна хутка правесці лесааднаўленне на пацярпелых плошчах. І адна з мэт акцыі «Адновім лясы разам» — паказаць звычайным людзям праблему пашкоджання лясоў моцнымі вятрамі, каб яны таксама паўдзельнічалі ў рабоце і ўбачылі, у якіх умовах працавалі леснікі ўвесь год, у тым ліку на цяжка даступных участках, акрэсліў Аляксандр Драгун:

— Мы прыкладаем максімум намаганняў, каб пасля рубак лесу ачысціць гэтыя ўчасткі, убраць усе вываратні і стварыць умовы для якаснай пасадкі новых лясоў. Сёння плошча лесакультурнага фонду на ветравальна-бураломных участках — больш за пяць тысяч гектараў, 3,9 тысячы гектараў з якіх — на Магілёўшчыне. Да 1 чэрвеня 2024 года неабходна пасадзіць лес на ўсіх пашкоджаных тэрыторыях, а гэта 25 мільёнаў саджанцаў.

На пашкоджаных участках спатрэбіцца 43 % сасны, 36 % — елак, каля 11 % — дуба чарэшчатага, каля 7 % — алешыны чорнай і менш як па 3 % іншых ліставых дрэў. Вядома, такіх запасаў у лясгасаў той жа Магілёўшчыны няма, таму дапамогуць суседзі. Віцебская вобласць плануе, напрыклад, перадаць каля мільёна саджанцаў дубоў, Брэсцкая — каля 300 тысяч елак.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.