Вы тут

Нацыянальнаму гербарыю – 100 гадоў! Навошта патрэбен і хто можа папоўніць яго фонды?


У Інстытуце эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі адзначаюць юбілей нацыянальнага Гербарыя. Збор раслін, які налічвае каля 300 000 узораў, у 2002 годзе атрымаў статус нацыянальнага набытку Беларусі. Менавіта ў гэтым гербарыі флора нашай краіны прадстаўлена найбольш поўна. З дня яго стварэння прайшло 100 гадоў.


Тут захоўваюцца зборы лішайнікаў, сасудзістых раслін, грыбоў, мохападобных, водарасцяў Беларусі, карпалагічная (складаецца з пладоў розных раслін) і палеабатанічная (складаецца з раслінных рэшткаў, знойдзеных археолагамі пры правядзенні старажытных раскопак) калекцыі. Таксама прадстаўлены багатыя зборы з Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны, узоры з Каўказа, Далёкага Усходу, з Сібіры, Сярэдняй Азіі, Заходняй Еўропы, Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі, Амерыкі і нават з Аўстраліі і Афрыкі.

Варта адзначыць, што кожны год гербарная калекцыя папаўняецца прыблізна 2-3 тысячамі экзэмпляраў. У асноўным, вядома, намаганнямі супрацоўнікаў лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін, але ўдзельнічаюць у гэтым і іншыя работнікі інстытута, і шараговыя грамадзяне, і замежныя калегі. На жаль, старадаўніх гербарных лістоў у калекцыі не вельмі шмат. Збіралі ўзоры флоры на тэрыторыі Беларусі пачынаючы з XVIII стагоддзя. Але, на жаль, тысячы экзэмпляраў раслінных збораў у выніку перамяшчэнняў апынуліся за мяжой.

Навошта патрэбен гербарый дзікіх родзічаў?

Адна з актуальных задач пры фарміраванні гербарыя — збор насення дзікарослай травы — родзічаў культурных раслін. Ён праводзіцца паралельна са складаннем самога гербарыя. Спачатку насенне збіраюць у палявых умовах, а затым высушваюць, пакуюць і перадаюць у Нацыянальны банк насення генетычных рэсурсаў раслін Рэспублікі Беларусь у горадзе Жодзіна, дзе яны закладваюцца на доўгачасовае захоўванне ва ўмовах глыбокай замарозкі.

— Гербарый дзікіх родзічаў служыць своеасаблівым пашпартам, які пацвярджае правільнасць сабранага матэрыялу, — падкрэслівае старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча і куратар калекцыі сасудзістых раслін Гербарыя інстытута Аркадзь Скуратовіч.

У чым жа яго каштоўнасць? Дзякуючы збору такога матэрыялу можна атрымаць новыя айчынныя сарты. Работа па іх вывядзенні не спыняецца, таму гербарый дзікіх родзічаў патрэбен заўсёды. Існуюць і дэкаратыўныя, і ліставадэкаратыўныя, і кветкавадэкаратыўныя расліны, і калі атрымліваць гібрыды культывуемых і дзікарослых, а затым шмат-шмат разоў паўтараць гэтую працэдуру, то можна вывесці новы сорт.

Культурная флора і яе важнасць

Паводле слоў Аркадзя Скуратовіча, як і калі з’явілася, а таксама як развівалася дзікарослая флора, беларускія вучоныя вывучаюць ужо на працягу стагоддзя, культурнай жа флоры пакуль удзялялі мала ўвагі. Для гэтага трэба займацца гербарызацыяй раслін, якія растуць на прысядзібных ці дачных участках. Менавіта кветкаводы дапамагаюць спецыялістам вывучаць флору. Навукоўцам важна даследаваць не вузкаспецыялізаваныя калекцыі асобных відаў і родаў, напрыклад флёксаў або цюльпанаў, а відавую разнастайнасць раслін.

— Неабходна займацца зборам і культывуемых раслін. У часы Савецкага Саюза паступленне любога насення сур’ёзна кантралявалася дзяржавай, а нешматлікія турысты, якія выязджалі за мяжу, баяліся правозіць забароненае да перамяшчэння праз мяжу насенне, паколькі быў жорсткі каранцінны і мытны кантроль. Цяпер жа амаль кожны, вяртаючыся дадому, прывозіць з сабой нешта новае і не заўсёды бяспечнае для беларускай прыроды, — адзначае старшы навуковы супрацоўнік.

І ў якасці прыкладу прыводзіць адзін з відаў сямейства макавых, прадстаўнікі якога добра вядомыя нам па найярчэйшым узоры — маку снатворным. А таксама нагадвае, што вырошчванне яго ў Беларусі забаронена.

— Апошнія гады на ўчастках стаў з’яўляцца сваяк маку — меканопсіс, — распавядае Аркадзь Мікалаевіч. — Усе яго віды растуць высока ў гарах (Гімалаі, Непал). У яго вельмі прыгожыя кветкі памерам 10-12 см, а пялёсткі блакітнага колеру. Яго завезлі ў нашу краіну мясцовыя кветкаводы. У аднаго з іх меканопсіс цвіў год-два і знік, а потым раптам вырас за цяпліцай. Выявілася, што ў гэтага віду ёсць інвазійны патэнцыял.

Цікава, што практычна ў кожнай вобласці ёсць кветкаводы, якія дапамагаюць вучоным вывучаць культурную флору. 

— Летась на адным участку нам пашчасціла ўбачыць сапраўдны язмін. Уяўляеце, тры зімы адзімаваў і выжыў, а гэта значыць, што ён можа расці ў адкрытым грунце. Да гэтага мы лічылі, што ён расце толькі ў пакаёвай культуры. Дарэчы, тое, што ў нас у Беларусі называюць язмінам, насамрэч гэта чубушнік, — кажа навуковец.

Дапамагчы можа кожны!

Любы жыхар Беларусі можа зрабіць унёсак у стварэнне нацыянальнага гербарыя. Парада: выязджаючы на прыроду, звяртайце ўвагу на навакольныя расліны. Калі нейкая з іх здасца незвычайнай і вы не бачылі яе раней, зрэжце невялікую частку і прывязіце дадому. Загарніце ў газету, змесціце паміж дзвюма кардонкамі і перавяжыце вяроўкай. Абавязкова падпішыце, дзе, калі і кім расліна была сабрана або сфатаграфуйце яе, каб былі бачныя адметныя прыкметы, а затым патэлефануйце ў Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча (адрас: г. Мінск, Акадэмічная, 27) па тэл. 8 (017) 354-20-15 і паведаміце аб знаходцы.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Фота аўтара

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».