Вы тут

«Зялёная школа» ў Нясвіжы вучыць дзяцей карыстацца дабротамі цывілізацыі


Усіх нас з дзяцінства вучаць выключаць за сабой святло і закручваць да канца кран. А вы ведаеце, чаму гэтых нескладаных правіл так важна прытрымлівацца? Бо некаторыя ж могуць сказаць: «Я ж за гэта плачу, магу сабе дазволіць». Але справа нават не столькі ў эканоміі сямейнага бюджэту. На тое, каб у нашых дамах была электрычнасць і чыстая вада, трацяцца прыродныя рэсурсы, запасы якіх, на жаль, не бясконцыя. Як школа вучыць дзяцей карыстацца гэтымі дабротамі цывілізацыі, расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Нясвіжа Ніна ХРУШЧ.


Работа па ўдзеле ў праекце на атрыманне статусу «Зялёная школа» была арганізавана ў гэтай установе адукацыі ў 2019 годзе. Галоўным ініцыятарам выступіла яго дырэктарка Зоя Маляр.

Цікава, што яшчэ ў 1991-м, калі Зоя Мікалаеўна была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, тут пачалося фарміраванне базы па экалагічнай адукацыі і выхаванні. Напрыклад, былі створаны дэндрарый прадстаўнікоў мясцовай флоры і экзотаў, гадавальнік дэкаратыўных і лекавых раслін, пасаджаны сад. Таксама ландшафт школы папоўніўся альпінарыем, ракарыямі і іншымі дэкаратыўнымі кампазіцыямі, а таксама з’явіўся экалагічны кабінет. У 1998-м сярэдняя школа № 4 стала апорнай у раёне па экалагічнай адукацыі і выхаванні.

Гэта шматгадовая і мэтанакіраваная дзейнасць педагогаў, навучэнцаў і бацькоў і прывяла ўстанову адукацыі да ўдзелу ў адукацыйным праекце «Зялёныя школы».

Кожны з нас можа зрабіць нешта карыснае для паляпшэння экалагічнай абстаноўкі там, дзе ён жыве. І школьнікі нярэдка паказваюць прыклад дарослым. Так, у сярэдняй школе № 4 восенню і зімой актыўна праходзіць акцыя «Зімуючыя птушкі». Вучні пачатковых і сярэдніх класаў разам з бацькамі робяць кармушкі для птушак і гатуюць кармавыя сумесі.

Тут арганізаваны рэгулярны падкорм птушак. З гэтай мэтай навучэнцы старэйшых класаў распрацавалі напамінкі «Чым карміць? Каго карміць?» і «Як правільна карміць птушак зімой: можна і нельга», а таксама інфармацыйны буклет «ЧЫМ і НАВОШТА карміць птушак зімой» і распаўсюджваюць іх сярод навучэнцаў іншых ступеняў адукацыі, бацькоў і мясцовага насельніцтва.

Вясна — час правядзення акцый «Пасадзі дрэва» і «Сустракаем птушыных сяброў». Разам з бацькамі і педагогамі вучні высаджваюць саджанцы дрэў і кустоў на прышкольнай тэрыторыі. А таксама на занятках аб’яднання па інтарэсах «Тэхнічная творчасць» майструюць шпакоўні і сінічнікі.

Па кірунку «Энергазберажэнне» актыўна дзейнічае школьны энергапатруль. Дзеці выдаюць тэматычныя інфармацыйныя плакаты, напамінкі і ўлёткі, а таксама абсталёўваюць інфармацыйныя стэнды ў класах і фае. Праводзіцца ў школе і цыкл заняткаў «Вада ў нашым жыцці». Так рэалізуецца напрамак «Водазберажэнне». Навучэнцы старшых класаў распрацавалі памяткі па рацыянальным выкарыстанні вады і яе зберажэнні і распаўсюджваюць іх сярод вучняў, педагогаў, работнікаў гаспадарчых службаў. Арганізавана таксама работа атрадаў «Блакітны патруль».

Арганізоўваюцца майстар-класы па навучанні раздзельнаму збору адходаў «Давайце разбяромся разам» і «Раздзяляючы — памнажай!». Традыцыйнымі сталі агульнашкольны конкурс-выстава «Другое жыццё старых рэчаў» і выстава творчых работ з другаснай сыравіны «Палёт фантазіі». Таксама штогод праводзіцца агульнашкольны конкурс па зборы другсыравіны «Мы — беражлівыя» па наступных намінацыях: «Папяровы БУМ» (збор макулатуры), «Паляванне на пластык» (збор ПЭТ-бутэлек) і «Батарэйка OFF» (збор адпрацаваных элементаў харчавання).

Па мінімізацыі забруджвання атмасфернага паветра ў жылым раёне, дзе знаходзіцца ўстанова адукацыі, школьнікі, педагогі і бацькі вясной займаюцца добраўпарадкаваннем школьнай тэрыторыі, высаджваюць саджанцы дрэў і кустоў, разбіваюць новыя кветкавыя клумбы, рэканструююць кветнікі, якія ўжо ёсць на прышкольнай тэрыторыі.

Педагогі і навучэнцы арганізавалі сярод мясцовага насельніцтва шмат інфармацыйных экалагічных мерапрыемстваў: экалагічны фестываль «ЭкаФэст», экалагічны карнавал «Эка-мода», інфармацыйную пляцоўку «Экалагічны БэгАрт» па стварэнні і роспісе шопераў з папяровых пакетаў і іншыя. Юныя эколагі-экскурсаводы праводзяць для ахвотных экскурсіі па экалагічных сцежках «Культурныя расліны саду» і «Лекавыя расліны школьнага двара».

Ужо сталі звыклымі выступленне агітбрыгады «Мы — сябры прыроды» юных эколагаў школы № 4 на раённых семінарах і форумах, правядзенне майстар-класаў і арганізацыя тэматычных экалагічных пляцовак на раённых і абласных мерапрыемствах.

Узнагароды

— Па выніках работы па праекце за 2019/2020 навучальны год нашай установе адукацыі прысвоены статус «Зялёная школа» і выдадзены дыплом ІІІ ступені. У 2021 годзе мы занялі 1-е месца ў абласным дыстанцыйным экалагічным конкурсе «Чэлендж#Зялёным школам — зялёнае святло». А ў 2021-2022 навучальным годзе працавалі над заданнямі праекта для атрымання дыплома ІІ ступені, — дзеліцца заслугамі школы Ніна Хрушч.

Паводле яе слоў, сяброўства з прыродай і клопат аб ёй пачынаюцца з першага класа. Уся дзейнасць па экалагічным выхаванні пераплятаецца з задачамі, пастаўленымі на іншых уроках — чытанні, музыкі, працоўнага навучання, матэматыкі, а таксама на занятках у аб’яднаннях па інтарэсах, падчас пазакласных мерапрыемстваў. Гэтаму спрыяюць і экскурсіі па школьнай экалагічнай сцежцы, і наведванне кабінета экалогіі, і ўдзел у агульнашкольных і класных конкурсах і мерапрыемствах, і догляд кветак у класных кабінетах і рэкрэацыях, і правядзенне тэматычных дзён, месячнікаў (Зялёны дзень у Зялёнай школе, Месячнік энергазберажэння, Дэкада экалагічных ведаў і інш.).

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Друкуецца ў часопісе «Родная прырода»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.